Панядзелак, 05 Красавік 2021 09:20

10 жніўня 2021 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Арсенція Гаўрылавіча Юхнаўца (1916–1944), Героя Савецкага Саюза (1944)

Арсенцій Гаўрылавіч Юхнавец нарадзіўся 10 жніўня 1916 г. у вёсцы Бераснёўка Барысаўскага павета Мінскай губерні (цяпер Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і. Атрымаў пачатковую адукацыю, працаваў трактарыстам у Бягомльскай МТС.

 

У 1938 г. Арсенцій Юхнавец прызваны ў Чырвоную армію. Удзельнік вызваленчага паходу Чырвонай арміі 1939 г. у Заходнюю Беларусь.

У Вялікую Айчынную вайну на фронце з 1941 г.: вадзіцель, франтавы разведчык, артылерыст. Удзельнік абароны Масквы, Курскай бітвы. Летам 1943 г. удзельнічаў у Арлоўскай стратэгічнай наступальнай аперацыі. За вызваленне в. Дудзінка Дзмітраўскага раёна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Летам 1944 г. — памочнік камандзіра ўзвода 378-га знішчальнага процітанкавага палка 70-й арміі 1-га Беларускага фронту. Вызначыўся ў Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі. У наступальным баі за авалоданне горадам Брэстам узяў у палон 26 гітлераўцаў.

Старшына А. Г. Юхнавец у час разведкі праціўніка 26 ліпеня 1944 г. каля в. Беразуўка (на паўночны ўсход ад г. Бяла-Падляскі, Польшча) захапіў у палон трох яфрэйтэраў і даставіў іх у штаб палка. Яго дакладныя разведданыя дапамаглі паспяхова авалодаць вёскай. 27 ліпеня 1944 г. выявіў варожую аўтакалону і ўмела карэкціраваў агонь савецкай артылерыі. У выніку было знішчана 30 машын з грузам, каля 150 гітлераўцаў.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25 верасня 1944 г. А. Г. Юхнаўцу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».

А. Г. Юхнавец загінуў 20 жніўня 1944 г. пры вызваленні Польшчы, на подступах да Варшавы. Пахаваны ў населеным пункце Множ (Польшча). Яго імем названы вуліцы ў г. п. Бягомль і г. Докшыцы, Бераснёўская базавая школа, на якой устаноўлена мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Юхнавец Арсенцій Гаўрылавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Минск, 2004. Т. 18, кн. 1. С. 222.
  2. Юхновец Арсентий Гаврилович // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биографический справочник. Минск, 2015. С. 153.
  3. Юхновец Арсентий Гаврилович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 700.
  4. Юхнавец Арсенцій Гаўрылавіч // Памяць. Докшыцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2004. С. 377.
  5. Юхнавец Арсенцій Гаўрылавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 283.
  6. Юхнавец Арсенцій Гаўрылавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 154.
  7. Юхнавец Арсенцій Гаўрылавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне,
    1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 648.
  8. Юхновец Арсентий Гаврилович // Герои Советского Союза : краткий биогр. словарь : в 2 т. Москва, 1988. Т. 2. С. 825.
  9. Юхновец Арсентий Гаврилович // Их именами названы... : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 704.
  10. Юхновец Арсентий Гаврилович // Навечно в сердце народном. 2-е изд., доп. и испр. Минск, 1977. С. 515.
  11. Юхнавец Арсенцій Гаўрылавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 518.
  12. Цярохін, С. Ф. Радзіма Юхнаўца Арсенція Гаўрылавіча / С. Ф. Цярохін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць. Мінск, 1985. С. 245.
  13. Телеш, В. Н. Мой прадед, Юхновец Арсентий Гаврилович, — Герой Советского Союза / В. Н. Телеш // Материалы научно-практической конференции «Локальная живая память» в рамках работы белорусско-германской выставки «Лагерь смерти Тростенец: история и память». Минск, 2017. С. 25–28.
Чытаць 722 разоў