Серада, 07 Красавік 2021 11:56

8 снежня 2021 г. — 30 гадоў з дня сустрэчы лідараў Беларусі, Расіі і Украіны ў Белавежскай пушчы (1991), на якой была ўтворана Садружнасць Незалежных Дзяржаў

У Дзяржаўнай запаведна-паляўнічай гаспадарцы «Белавежская пушча» летам 1957 г. ва ўрочышчы Віскулі (Шарашоўскі сельсавет Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці) пачалося будаўніцтва ўрадавай паляўнічай сядзібы «Віскулі». Узводзілі «паляўнічы дом» па загадзе Першага сакратара ЦК КПСС М. С. Хрушчова. Будаўніцтва даручылі міністру прамысловага будаўніцтва БССР І. М. Жыжалю. Галоўны інжынер будоўлі — Уладзімір Іванавіч Гардзецкі з будтрэста № 8 г. Брэста. Нагляд за будаўніцтвам вёў першы сакратар Брэсцкага абкама КПБ П. М. Машэраў.

 

Працавалі на будоўлі да 800 чалавек, работы вяліся часам без выхадных і ў тры змены, закончылі ў снежні 1957 г. Узвялі некалькі будынкаў, дзе маглі адпачываць кіраўнікі СССР і замежныя госці. У асноўным трохпавярховым будынку было каля 20 нумароў, побач чатыры асобныя невялікія драўляныя катэджы, лазня, гаспадарчыя пабудовы. Непадалёк, ля в. Засімавічы пад Пружанамі, знаходзіўся ваенны аэрадром, які дазваляў прымаць і грамадзянскія самалёты. У Віскулях была наладжана ўрадавая сувязь, але ўмоў для важных міжнародных перамоў не было.

На восень 1991 г. у Савецкім Саюзе склалася няпростая палітычная сітуацыя: пасля спынення дзейнасці КПСС 11 рэспублік аб’явілі аб выхадзе з Саюза. Для Беларусі была вельмі складаная эканамічная сітуацыя — не было ні грошай, ні крэдытаў, ні даверу да ўлады, а неабходна закупіць нафту і газ. З мэтай вырашэння эканамічных пытанняў была назначана сустрэча ў Дзяржаўным нацыянальным парку «Белавежская пушча». Дырэктарам парка быў Сяргей Сяргеевіч Балюк, якому за тыдзень было даручана падрыхтавацца да важнай сустрэчы: расчысціць ад снегу дарогі, сабраць егераў, прагрэць будынкі і інш.

7 снежня 1991 г. у Белавежскую пушчу накіраваліся Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч, Прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Барыс Ельцын. На аэрадроме «Засімавічы» сустракалі лідараў краін прэм’ер-міністр В. Ф. Кебіч, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Віктар Іванавіч Бурскі, старшыня Пружанскага райвыканкама Сяргей Васільевіч Тарасевіч. Па традыцыі хлеб-соль дарагім гасцям паднеслі дзве дзяўчыны. Хлеб быў спечаны ў кандытарскім цэху рэстарана ў Пружанах.

Дырэктарам рэзідэнцыі «Віскулі» быў Сцяпан Іосіфавіч Мартысюк, у штаце каля 30 чалавек: прыбіральшчыцы, сантэхнікі, качагары, шафёры. З прэзідэнтамі прыехалі дзясяткі памочнікаў, экспертаў, юрыстаў, размясцілі больш за 150 гасцей з вялікай цяжкасцю. Б. М. Ельцын і Л. М. Краўчук пасяліліся ў люксах. Беларуская дэлегацыя заняла два катэджы. Частку прыехаўшых размясцілі ў гасцініцы ў в. Камянюкі Камянецкага раёна. Не хапала памяшканняў для нарад і перамоў, для падрыхтоўкі дакументаў. Кармілі ўсіх прысутных работнікі рэстарана в. Камянюкі. Ахову рэзідэнцыі здзяйсняў беларускі бок сіламі мясцовай міліцыі і КДБ, але былі яшчэ 8 украінскіх супрацоўнікаў спецслужбаў і 20 расійскіх.

Журналістаў прадстаўлялі дырэктар БЕЛТА Якаў Аляксейчык, журналіст Вадзім Біцан, тэлеаператар Уладзімір Андронаў, карэспандэнт «Народнай газеты» Валерый Драздоў, фотакарэспандэнт Агенцтва друку «Навіны» Юрый Іваноў.

Кіраўнікі дэлегацыі Украіны (Л. М. Краўчук і В. П. Фокін), якая прыбыла першай, пакуль не прыехаў Б. М. Ельцын, паспелі выйсці на паляванне на дзіка, а марозы стаялі моцныя: ніжэй за –20. Да 11 гадзін чакалі прылёту Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, але ён застаўся ў Маскве. Вечарам а 19-й гадзіне была наладжана вячэра, на якой павіншавалі Леаніда Макаравіча Краўчука з абраннем на пасаду Прэзідэнта Украіны (абраны 1 снежня 1991 г.). Для застолля з Мінска былі прывезены шэф-повар, афіцыянты. Царыла сугуба афіцыйная абстаноўка, усе прытрымліваліся кансерватыўнага партыйнага этыкету. За сталом былі выказаны асноўныя прынцыповыя пункты будучага пагаднення аб лёсе СССР.

Украіна не хацела заставацца ў складзе СССР, таму дэлегацыя адмовілася ад працы над дакументам. Пасля вячэры расіяне і беларусы сабраліся ў катэджы В. Ф. Кебіча. Спачатку дакумент распрацоўваў Сяргей Міхайлавіч Шахрай, потым ініцыятыву ўзяў на сябе Ягор Цімуравіч Гайдар. Працавалі амаль усю ноч, затым некаторыя адправіліся ў лазню, толькі а 6-й гадзіне раніцы разышліся спаць.

8 снежня а 10-й гадзіне пачалася непасрэдная работа над праектам саюза новых незалежных дзяржаў. За сталом былі шасцёра: Барыс Ельцын і Генадзь Бурбуліс (Расія), Станіслаў Шушкевіч і Вячаслаў Кебіч (Беларусь), Леанід Краўчук і Вітольд Фокін (Украіна). Старшыня КДБ Беларусі Эдуард Шыркоўскі інфармаваў Маскву аб тым, што адбываецца ў пушчы.

Высокія кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны ад імя дзяржаў — заснавальніц Саюза ССР канстатавалі, што Савецкі Саюз як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне, падпісалі Пагадненне аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Надрукавала гэты гістарычны дакумент сакратар-машыністка адміністрацыі ДНП «Белавежская пушча» Яўгенія Андрэеўна Пацейчук на машынцы «Оптима». Сталы для ўрачыстага падпісання паставілі ў вестыбюлі перад сталовай, выніковы дакумент быў падпісаны ў 14 гадзін 17 хвілін. Пасля падпісання С. С. Шушкевіч, як гаспадар, па спецсувязі пазваніў М. С. Гарбачову. Ужо ў час іх размовы па другім апараце Б. М. Ельцын пазваніў прэзідэнту ЗША Джорджу Бушу, іх гутарку перакладаў міністр замежных спраў Расіі Андрэй Козыраў.

На развітальным банкеце прысутнічалі 45 чалавек. Першай, пасля 16-й гадзіны, пакінула Белавежскую пушчу дэлегацыя Украіны, каля 23 гадзін вылецела дэлегацыя Расіі, а беларусы выехалі ў Мінск раніцай 9 снежня. Рэзідэнцыя «Віскулі» засталася ў гісторыі як месца, дзе быў разбураны СССР.

«Белавежскае пагадненне» не пакідала месца для саюзнай формы дзяржаўнага ўладкавання на тэрыторыі СССР. Прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў кваліфікаваў дзеянні кіраўнікоў трох рэспублік як антыканстытуцыйныя. 21 снежня ў Алма-Аце (Казахстан) кіраўнікі 11 рэспублік далучыліся да СНД у якасці яго заснавальнікаў на раўнапраўных пачатках. 25 снежня на шпілі Крамлёўскага палаца быў спушчаны сцяг СССР. 25 млн рускіх людзей апынуліся за мяжой — у былых саюзных рэспубліках, дзе падняліся нацыяналісты-русафобы.

20–21 снежня 2011 г. у Белавежскай пушчы (в. Камянюкі) адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «20 год без СССР: СНД – Еўразійскі Саюз». Прынялi ўдзел палітолагі, экс-палітыкі, эксперты з 14 краін — Расіі, Германіі, Грэцыі, Польшчы, Францыі і інш.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Шарапа, А. В. Садружнасць Незалежных Дзяржаў / А. В. Шарапа // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 79.
  2. Гарэлік, Я. Р. Белавежскія пагадненні 1991 / Я. Р. Гарэлік // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 381.
  3. Горелик, Я. Р. Беловежские соглашения 1991 / Я. Р. Горелик // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 2. С. 253.
  4. Віскулі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 303.
  5. Віскулі // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4, кн. 2. С. 498.
  6. Кебич, В. Ф. Беловежский гамбит / Вячеслав Францевич Кебич. – Минск : Торгово-финансовый союз «БТФС», 2013. – 335 с., [2] л. ил. – Из содерж.: Вискули: если б снова начать... С. 15–53.
  7. Шушкевич, С. С. Моя жизнь, крушение и воскрешение СССР / Станислав Станиславович Шушкевич. – Москва : РОССПЭН, 2012. – 471 с.
  8. Грибенчук, С. Тайны Беловежской пущи : это было при нас / Степан Грибенчук, Анатолий Полонский. – Брест : Брестская типография, 2003. – 260 с. : ил.
  9. Полонский, А. Резиденция в Беловежской пуще : заметки человека из «Радиофакта» / Анатолий Полонский. – Брест : Управление по печати, 2002. – 233 с.
  10. Содружество Независимых Государств: десять лет спустя. – Минск, 2001. – 288 с.
  11. Класкоўская, Л. Станіслаў Шушкевіч : пуцявіна лёсу / Людміла Класкоўская, Аляксандр Класкоўскі. – Мінск : Полымя, 1994. – 175 с.
  12. Алексейчик, Я. Уроки перемен : [о своей работе в БЕЛТА] / Яков Алексейчик // Беларуская думка. 2018. № 9. С. 35–41.
  13. Мартысюк, С. І. У эпіцэнтры віскулёўскіх падзей : [гутарка з былым камендантам рэзідэнцыі «Віскулі»] / Сцяпан Іосіфавіч Мартысюк ; гутарыла Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2018. 31 сакавіка. С. 6.
  14. Стрелец, М. Беловежское соглашение: 25 лет спустя : [о создании Содружества Независимых Государств] / Михаил Стрелец // Брестский вестник. 2016. 8 декабря (№ 49). С. 6 : фот.
  15. Цапков, В. СССР, последний год : заметки непостороннего / Валерий Цапков // Брестский курьер. 2016. 8 декабря (№ 50). С. 7.
  16. Коновалов, М. Воспоминания о Вискулях : как охраняли генсеков в Беловежской пуще / М. Коновалов // Аргументы и факты в Белоруссии. 2014. 22 января (№ 4). С. 32.
  17. Алексейчик, Я. Дикобразы на ветру / Яков Алексейчик // Директор. 2012. № 1. С. 5255.
  18. Жыццё пасля... СССР : [фрагменты выступленняў на канферэнцыі «20 гадоў без СССР: СНД – Еўразійскі Саюз» у Віскулях] / падрыхтаваў Уладзіслаў Кулецкі // Звязда. 2011. 24 снежня. С. 7.
  19. Лосич, П. 20 лет без СССР: между прошлым и будущим : [о международной научной конференции «20 лет без СССР: СНГ – Евразийский Союз» / Павел Лосич // Заря. 2011. 22 декабря. С. 1, 4.
  20. Мартысюк, С. И. Вискули: как это было : [рассказ бывшего руководителя резиденции «Вискули»] / Степан Иосифович Мартысюк ; записал Евгений Литвинович // Заря. 2011. 8 декабря. С. 1, 6.
  21. Іваноў, Ю. Віскулі : як гэта было : [успаміны фотакарэспандэнта АПН па Беларусі] / Юрый Іваноў // Мастацтва. 2011. № 10. С. 48–49.
  22. Джукич, С. Беловежская драма : [о книге сербского дипломата Сречко Джукича «Тайны Беловежской Пущи. Вискули — последний день СССР»; выдержки из книги] / Сречко Джукич // Международная жизнь. 2010. № 11. С. 147–162.
  23. Палонскі, А. Рэзідэнцыя : [з гісторыі ўрадавага паляўнічага комплексу ў Віскулях] / Анатоль Палонскі // Народная трыбуна. 2007. 8 снежня (№ 49). С. 10.
  24. Семакоў, В. Крушэнне імперыі, ці Як развалілі СССР / Вячаслаў Семакоў // Народная трыбуна. 2006. 9 снежня. С. 4.
  25. Лещенко, В. «Империя», которой не стало : [к 15-летию распада СССР] / Виктор Лещенко // Народная газета. 2006. 8 снежня.
  26. Кравченко, П. Беларусь на распутье : записки дипломата и политика : [воспоминания о встрече в Вискулях] / Петр Кравченко // Народная воля. 2006. 30 сентября.
  27. Данилов, А. Н.  Вискули: пятнаднать лет после распада СССР / А. Н. Данилов // Социология. 2006. № 4. С. 35.
  28. Дмуховский, М. Беловежские тайны : почему сюда всех так тянет? / Мечислав Дмуховский // Советская Белоруссия. 2003. 12 декабря. С. 16–17 (приложение: Собеседник).
  29. Бабич, М. Д. Михаил Бабич: «В Вискулях опасались предательства» : [беседа с бывшим офицером службы охраны Премьер-министра Республики Беларусь В. Ф. Кебича] / Михаил Дмитриевич Бабич ; [беседовала] Мария Эйсмонт // Народная воля. 2001. 12 снежня.
  30. Лыч, Л. Віскулі : [да 10-годдзя СНД] / Леанід Лыч // Народная воля. 2001. 11 снежня. С. 2.
  31. Алексейчик, Я. Холодный декабрь в Вискулях / Яков Алексейчик // 7 дней. 2001. 8 декабря (№ 49). С. 3, 11.
  32. Семаков, В. Вискулёвские тайны : как это было / Вячеслав Семаков // Заря. 2001. 4 декабря ;декабря ; 8 декабря.
  33. Альгерчик, В. Дом Хрущёва, в котором развалили СССР / Владимир Альгерчик // Беларускі час. 2000. 6 студзеня. С. 7.
  34. Альгерчик, В. Дом, в котором развалили СССР / Владимир Альгерчик // Транспортный вестник. 1999. 4 декабря. С. 8.
  35. Последний день СССР : [подборка материалов о событиях в Вискулях в 1991 г.] // Огонёк. 1996. 8 декабря (№ 49).

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 668 разоў