Серада, 07 Красавік 2021 12:00

3 мая 2021 г. — 230 гадоў з дня прыняцця Канстытуцыі Рэчы Паспалітай (1791), помніка сусветнай прававой гісторыі

У канцы 1780-х гг. польска-літоўская эліта пачала рыхтаваць рэформу дзяржаўнага ўладкавання Рэчы Паспалітай. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі прасоўваў сярэднюю шляхту, ствараў новую эліту, стаў асноўным аўтарам новага закона. Стваралася Канстытуцыя з 6 кастрычніка 1788 г. — з першага дня работы Вялікага (Чатырохгадовага) сейма (1788–1792) у Варшаве. Адзін з аўтараў тэксту Канстытуцыі — палітычны дзеяч Юльян Урсын Нямцэвіч, радавы маёнтак якога знаходзіўся ў в. Скокі пад Брэстам.

 

На сейме ўтварылася даволі шматлікая група патрыятычна настроеных дэпутатаў, якой, нягледзячы на супраціўленне кансерватыўных сіл, удалося правесці шэраг неабходных для краіны пастаноў. 3 мая 1791 г. быў прыняты дакумент пад назвай «Ustawa rządowa» («Дзяржаўны закон») — асноўны закон, па сутнасці канстытуцыя. Заклаўшы асновы канстытуцыйнай манархіі ў Рэчы Паспалітай, Канстытуцыя 3 мая стала першым у Еўропе і другім у свеце (пасля Канстытуцыі ЗША) дэмакратычна прынятым асноўным законам краіны.

Канстытуцыя абвяшчала суверэннасць Рэчы Паспалітай як унітарнай дзяржавы, ліквідавала падзел яе на Карону і Вялікае Княства Літоўскае, але кароль захаваў і тытул вялікага князя літоўскага. У веданні ВКЛ захавалася судаводства, свой скарб, роўнае прадстаўніцтва ў сейме і яго камісіях. Месцам правядзення сеймаў вызначана Варшава, але яны маглі адбывацца раз у тры гады ў Гароднi, гэта значыць на тэрыторыі Беларусі.

Канстытуцыя была падпісана пяццю прадстаўнікамі ВКЛ на чале з князем Казімірам Сапегам, потым адобрана на большасці сеймікаў ВКЛ. Але Канстытуцыя стваралася для палякаў — відавочны яе польскі характар. У канцы ХVIII ст. ВКЛ ужо не мела элементаў самастойнай дзяржаўнасці і выглядала як польская правінцыя. Многія пытанні ўзаемаадносін Кароны і ВКЛ у Канстытуцыі не былі ясна агавораны. Сейм 20 кастрычніка 1791 г. прыняў закон «Узаемная гарантыя двух народаў», у якім адлюстраваны ўступкі літоўскай шляхты ў імя ўзмацнення Рэчы Паспалітай. Па думцы многіх беларускіх гісторыкаў, Канстытуцыя 3 мая прывяла б да знішчэння беларускай нацыі.

Канстытуцыя абвясціла нязменнасць кардынальных правоў, захавала карпаратыўнасць і адзінаўладдзе за шляхецкім саслоўем, шляхецкія правы і прэрагатывы абвяшчала непарушнымі. Грамадзянскія свабоды пашыраліся на прывілеяваныя станы шляхты, духавенства, чыноўнікаў. Адначасова рабіліся ўступкі жыхарам гарадоў дзяржаўнай юрысдыкцыі, у ліку якіх асабістая недатыкальнасць, права набыцця зямлі, шляхецтва, заняцця адміністрацыйна-судовых і царкоўных пасад.

Дэкларавала апеку права і ўрада над феадальна-залежнымі сялянамі. Абвяшчала свабоду веравызнанняў з захаваннем дзяржаўнасці за каталіцтвам. Епіскапы пераведзены на дзяржаўнае ўтрыманне. Заканадаўчая ўлада аддадзена двухпалатнаму сейму (палата дэпутатаў і сенат), выканаўчая — каралю і радзе з 6 міністраў, падначаленых сейму. У сейме скасоўвалася «лібертум вета» і ўсе пастановы павінны былі прымацца большасцю галасоў.

На працягу першага года Канстытуцыя перавыдавалася некалькі разоў агульным тыражом 20–30 тыс. экзэмпляраў. З мэтай абароны рэформы і выканання Канстытуцыі была створана арганізацыя «Сябры Канстытуцыі», у якую ўвайшлі дэпутаты сейма, і якую лічаць першай палітычнай партыяй. У гонар Канстытуцыі прагрэсіўная шляхта ўстанавіла каля 300 помнікаў-калон. Зараз на Беларусі захаваліся 12 такіх помнікаў, у т. л. у Антопалі і Бездзежы Драгічынскага раёна, Магілёўцах і Поланску Пружанскага раёна. Некаторыя прыпісваюць да іх калоны ў вёсках Вістычы і Скокі Брэсцкага раёна.

Магнаты супрацьстаялі праекту Канстытуцыі з самага пачатку, прасілі Кацярыну ІІ умяшацца і аднавіць іх прывілеі. З гэтай мэтай яны сфарміравалі Таргавiцкую канфедэрацыю, якая сабралася ў студзені 1792 г. у Санкт-Пецярбургу. Існаванне канфедэрацыі супала з часам барацьбы манархаў Еўропы з Французскай рэвалюцыяй. Канфедэрацыя крытыкавала Канстытуцыю як «рассадник демократических идей». У маі ў межы Рэчы Паспалітай уступіла армія Расіі.

У 1793 г. адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Прусіі адышлі спрадвечныя польскія землі — Гданьск, Торунь, Познань. Да Расіі адыходзілі не польскія землі, а цэнтральная частка Беларусі і Правабярэжная Украіна. У Гароднi адбыўся надзвычайны сейм Рэчы Паспалітай, на якім 23 лістапада 1793 г. была скасавана Канстытуцыя 3 мая і прынята новая. Але падзеі ў Рэчы Паспалітай развіваліся так хутка, што палажэнні новай Канстытуцыі не былі рэалізаваны, адбыўся чарговы падзел краіны (1795), у выніку якога ўся тэрыторыя Беларусі апынулася ў Расійскай імперыі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Канстытуцыя 3 мая 1791 / Я. К. Анішчанка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 598.
  2. Канстытуцыя 3 мая 1791 ; Канстытуцыя 1793 / Яўген Анішчанка // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2007. Т. 2. С. 34–35.
  3. Канстытуцыя 3 мая 1791 / Яўген Анішчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 88–89.
  4. Канстытуцыя 3 мая 1791 / І. А. Юхо // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 5. С. 387–388.
  5. Конституция Речи Посполитой : (извлечения) // История Беларуси в документах и материалах. Минск, 2000. С. 103–108.
  6. Ковальски, Е. С. Ч. Становление и развитие конституционной государственности в Польше: историко-правовое исследование : диссертация ... кандидата юридических наук : 12.00.01 / Ковальски Ежи Сергей Чеславович ; Санкт-Петербургский юридический институт. – Санкт-Петербург, 2009. – 369 с.
  7. Чудаков, М. Ф. Констиутция Речи Посполитой 3 мая 1791 года : государственно-правовая характеристика : учебно-метод. пособие / М. Ф. Чудаков. – Минск : Академия управления при Президенте Республики Беларусь, 2005. – 37 с.
  8. Чудаков, М. Ф. Конституционный процесс в Беларуси (1447–1996 гг.) / М. Ф. Чудаков. – Минск : Академия управления при Президенте Республики Беларусь, 2004. – 327 с.
  9. Несцярчук, Л. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі : манарх, асветнік, мецэнат / Леанід Несцярчук. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2011. – 300 с. : іл. – Са зместу: Прыняцце Канстытуцыі 3 мая. С. 154–156. Абарона Канстытуцыі 3 мая. С. 154–156.
  10. Дёмина, Е. Е. Конституционное право Беларуси в период Речи Посполитой / Е. Е. Дёмина // Актуальные проблемы правовых, экономических и гуманитарных наук : [материалы VII междунар. науч. конф.]. Минск, 2017. Ч. 1. С. 13–14.
  11. Скороход, И. Г. О памятниках Конституции Речи Посполитой 3 мая 1791 г. / И. Г. Скороход // Статут Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага 1588 г.: да 430-годдзя выдання : зб. навук. арт. па матэрыялах канф. Мінск, 2018. С. 223–225.
  12. Альфред, С. А. Конституция Речи Посполитой 1791 г. / С. А. Альфред // Избирательное право Республики Беларусь : пособие / С. А. Альфред. Минск, 2008. С. 52–56.
  13. Аніпяркоў, В. В. Стварэнне і дзейнасць Таргавіцкай канфедэрацыі на землях Вялікага Княства Літоўскага (май 1792 г.  верасень 1793 г.) : аўтарэферат дысертацыі ... кандыдата гістарычных навук / Аніпяркоў Вадзім Вадзімавіч. Мінск, 2010.  23 с.
  14. Аніпяркоў, В. Крытыка Чатырохгадовага сойма ў праграмных дакументах Таргавіцкай канфедэрацыі / Вадзім Аніпяркоў // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мінск, 2013. Вып. 28. С. 52–59.
  15. Бардах, Ю. Канстытуцыя 3 мая і «Узаемныя Заручыны Абодвух Народаў» 1791 г. / Ю. Бардах // Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага / Ю. Бардах. Мінск, 2002. С. 364–408.
  16. Марозава, С. В. Апошні сейм Рэчы Паспалітай / С. В. Марозава // Памяць. Гродна : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 126–130.
  17. Інеўска, Э. Калоны Славы ў гонар Канстытуцыі 3 траўня : [каталог на беларус., рус. і пол. мовах] / Эльжбета Інеўска. – Мінск : Галіяфы, 2017. – 53 с. : іл.
  18. Короткевич, В. Б. Мемориальная колонна : [д. Бездеж] / В. Б. Короткевич // Свод памятников истории и культуры Белоруссии, Брестская область. Минск, 1990. С. 164.
  19. Помнік гісторыі : [аб рамонце мемарыяльнай калоны ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 г. у в. Поланск] // Раённыя будні. Пружаны, 2020. 18 лістапада. С. 5.
  20. Хадыка, А. Свята забытай Канстытуцыі / Аляксей Хадыка // Новы час. 2015. 8 мая (№ 18). С. 16.
  21. Рубашевский, Ю Одна дата — на все времена : [о лекции научного сотрудника Института истории Польской академии наук Адама Данильчика в Генеральном консульстве Республики Польша в Бресте, посвящённой Конституции Речи Посполитой 3 мая 1791 г.] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2013. 1–2 мая. С. 7.
  22. Дмитрачков, П. В составе Речи Посполитой : из истории развития государственности на белорусских землях (вторая половина ХVI–ХVIII вв.) / Петр Дмитрачков // Беларуская думка. 2009. № 7. С. 51–59.
  23. Грыцкевіч, А. Канстытуцыя 3 траўня 1791 г. і Беларусь // Анатоль Грыцкевіч // Наша слова. 2002. 7 траўня. С. 2.
  24. Юхо, Я. Канстытуцыя 3 мая і паўстанне Касцюшкі / Я. Юхо // Навіны Беларускай акадэміі. 1994. 8 ліпеня. С. 3.
  25. Першая еўрапейская Канстытуцыя і яе лёс // Чырвоная змена. 1993. 12 кастрычніка.
  26. Грыцкевіч, В. Два погляды на адну Канстытуцыю / Валянцін Грыцкевіч // Полымя. 1993. № 9. С. 178–192.
  27. Сіўчыкаў, У. Траўня трэці дзень / У. Сіўчыкаў // Бярозка. 1993. № 5. С. 24–25.
  28. Шалькевіч, В. Ф. Ацэнкі Канстытуцыі 3 мая 1791 года ў грамадска-палітычнай думцы Беларусі ХIХ стагоддзя / В. Ф. Шалькевіч // Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Серыя 3, Гісторыя. Філасофія. Эканоміка. Права. 1991. № 3. С. 70–72.
  29. Макарова, Т. И. Конституция Речи Посполитой 3 мая 1791 г. : (к 200-летию принятия) / Т. И. Макарова // Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Серыя 3, Гісторыя. Філасофія. Эканоміка. Права. 1991. № 2. С. 55–58.
  30. Дубровский, А. Первая в Европе : [участие в принятии Конституции 1791 г. приняли послы из Пинска П. Ширма и М. Бутримович] / А. Дубровский // Пінскі веснік. 1991. 6 мая.
  31. Грачухіна, С. Яе віталі і на Беларусі / С. Грачухіна, А. Мальдзіс // Літаратура і мастацтва. 1991. 3 мая. С. 16.
Чытаць 1140 разоў