Серада, 07 Красавік 2021 12:03

5 верасня 2021 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Віталя Вольскага (Віталя Фрыдрыхавіча Вольскага-Зэйдэля; 1901–1988), пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры БССР

Віталь Фрыдрыхавіч Вольскі-Зэйдэль нарадзіўся 5 верасня 1901 г. у г. Пецярбургу ў сям’і служачага. Атрымаў добрую адукацыю ў гімназіі, ведаў 5-6 моў, захапіўся ідэямі сацыялізму, уключыўся у рэвалюцыйны рух. З 1918 г. працаваў на заводзе, у гарадской гаспадарцы. З 1919 г. у Чырвонай арміі, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне на Заходнім фронце, дайшоў да Варшавы. Служыў у пагранічных войсках і органах УНК у Мінску. Хацеў заняцца літаратурнай творчасцю, таму звольніўся са службы.

 

Беларускае друкаванае слова Віталю Вольскаму трапіла ў рукі ў 1920 г., а першым вершам па-беларуску быў верш Якуба Коласа «Нёман», першай кнігай — зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок» (1917). Вельмі захапіўся беларускай мовай, пачаў збіраць фальклор. Скончыў Камуністычны ўніверсітэт імя У. І. Леніна (1927). Шмат працаваў, часта выступаў у рабочых клубах, на розных дыспутах, на абмеркаваннях мастацкіх выставак і тэатральных спектакляў.

Працаваў на розных пасадах ва ўстановах культуры і адукацыі Беларусі.
У 1932–1936 гг. — дырэктар Інстытута літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР. Кандыдат філалагічных навук (1934). Удзельнічаў у першым з’ездзе савецкіх пісьменнікаў (Масква, 1934), з таго часу член Саюза пісьменнікаў СССР. Звольнены з пасады дырэктара і выключаны з партыі за «недастатковую барацьбу з ворагамі народа». У час Вялікай Айчыннай вайны жыў у Маскве, працаваў у газетах, часопісе «Беларусь». У
1948–1954 гг. — навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры АН БССР.

Літаратурную дзейнасць Віталь Вольскі пачаў у 1926 г. Даследаваў народную творчасць і старажытную рукапісную літаратуру беларускіх татараў — кітабы. Аўтар кніг: «Праблемы беларускай савецкай драматургіі» (1934), «Эдуард Самуйлёнак: жыццё і творчасць» (1951), «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры эпохі феадалізму» (1958). Адзін з аўтараў дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), падручніка для 9–10-га класаў «Беларуская савецкая літаратура» (1948–1954).

Аўтар п’ес для дзяцей: «Цудоўная дудка» (1938), «Дзед і жораў» (1939), «Несцерка» (1940), «Машэка» (1946). Напісаў сцэнарыі дакументальна-краязнаўчых фільмаў «Белавежская пушча» (1946), «Бярэзінскі запаведнік» (1965). У розныя гады п’есы В. Вольскага паспяхова ставіліся на сцэне нават за мяжой — у Балгарыі, Германіі, Польшчы, Манголіі, Кітаі. Брэсцкі тэатр лялек двойчы ставіў спектакль паводле п’есы «Дзед і жораў» (1968, рэжысёр А. Сярогін, мастак Л. Доўбуш; 1994, рэжысёр Д. Нуянзін, мастак М. Данько).

Пісьменнік аб’ездзіў усе запаведныя куткі Беларусі, пабываў у афрыканскіх і арабскіх краінах, у Францыі, Швецыі і інш. У 1961 г. пабываў у Заходняй Афрыцы — Сенегал, Гвінея, Бераг Слановай Косці. Напісаў кнігі мастацка-краязнаўчых нарысаў і апавяданняў «Па лясных сцежках» (1948), «У лясах над Бярозай» (1955), «Чайкі над Нараччу» (1959), «Падарожжа па краіне беларусаў» (1968), «Кніга падарожжаў» (1971), «Дзень добры, Бяроза!» (1984) і інш. Аўтар характарызуецца як дапытлівы краязнавец, падарожнік, дасведчанасць і зацікаўленасць якога раскрываюцца ва ўзаемаадносінах з прыродай. За любоў да прыроды Віталя Вольскага называлі «беларускім Прышвіным».

У 1966–1970 гг. здзейсніў падарожжы па Беларускім Палессе. Яго маршрут пачаўся ад Пінска і яго наваколіц, пралёг цераз Лунінец, Кажан-Гарадок, Лахву, Столін, Давыд-Гарадок на ўсход да Мазыра. Віталь Фрыдрыхавіч раздумваў над вялікімі пераўтварэннямі на Палессі, якія прынесла Савецкая ўлада — новыя фабрыкі і заводы, асушэнне балот, змяненні ў побыце палешукоў. Літаратара прываблівалі легенды, паданні, гістарычныя падзеі, пытанні этнаграфіі, тапаніміка. Але найбольш яго займала прырода, рэкі Піна, Прыпяць, Гарынь, сустрэчы з птушкамі і жывёламі.

У кастрычніку 1970 г. у часопісе «Маладосць» з’явіліся «Падарожныя замалёўкі». Гэта былі мастацкія запісы пра Лунінец, Лунін, Кажан-Гарадок, Столін, Давыд-Гарадок, Мазыр і іншыя вёскі і гарады Палесся. У 1971 г. выдаў кнігу краязнаўчых нарысаў «Палессе», у якую былі сабраны ўражанні ад паездак па Беларускім Палессі. Кніга выклікала вялікую цікавасць у краязнаўцаў. Другое выданне кнігі «Палессе» выйшла ў 1974 г.

Віталь Фрыдрыхавіч быў чалавекам роўным, добразычлівым. Сябраваў з Янкам Маўрам, Петрусём Броўкам, Пятром Глебкам, Кузьмой Чорным, Кандратам Крапівой. Пражыўшы доўгае жыццё, не страціў прагі да пазнання свету, захаваў бадзёрасць, аптымізм, жаданне творча працаваць.

В. Ф. Вольскі-Зэйдэль узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», медалямі. Заслужаны дзеяч культуры БССР (1971). Памёр 22 жніўня 1988 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Творы В. Вольскага

  1. Несцерка : песа / Віталь Вольскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. – 7с. – (Бібліятэка школьніка).
  2. Падарожжа па краіне беларусаў : нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2006. – 31с.
  3. Падарожжа па краіне беларусаў : нарысы : [для сярэд. і ст. шк. узросту] / Віталь Вольскі. – Мінск : Юнацтва, 1997. – 240 с. – (Школьная бібліятэка).
  4. Дзень добры, Бяроза! : апавяданнi / Віталь Вольскі. – Мінск : Юнацтва, 1984. – 206 с.
  5. Месяц за месяцам : [для мал. і сярэд. шк. узросту] / Віталь Вольскі ; мастак У. С. Піменаў. – Мінск : Народная асвета, 1979. – 159 с. : іл.
  6. Лёс Дункана : аповесць / Віталь Вольскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. – 23с.
  7. Месяц за месяцам : каляндар беларускай прыроды : ля мал. шк. узросту/ Віталь Вольскі ; алюнкі А. Зяневіч і У. Піменава]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1975. – 95 с. : іл.
  8. Палессе : [краязнаўчыя нарысы/ Віталь Вольскі ; [мастак В. Тарасаў]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1974. – 31с.
  9. Кніга падарожжаў : выбранае / Віталь Вольскі ; [уступны артыкул Я. Герцовіча]. – Мінск : Беларусь, 1971. – 534 с.
  10. Палессе : [краязнаўчыя нарысы/ Віталь Вольскі.  Мінск : Беларусь, 1971.  18с.
  11. Под небом Африки : пер. с белорус. / В. Ф. Вольский. – Минск : Беларусь, 1969. – 192 с.
  12. Три путешествия в страну белорусов : книга о Белоруссии : [для сред. шк. возраста] / В. Ф. Вольский ; ил. А. Николаева. – Москва : Детская литература, 1967. – 222 с. – (Ты по стране идешь).
  13. Старонкі нашай гісторы: кніга для чытання па гісторыі БССР у пачатковай школе / Віталь Вольскі ; пад рэд. Л. С. Абецадарскага. – Мінск : Народная асвета, 1966. – 167 с.
  14. Эль Махрыб : [нарысы] / Віталь Вольскі ; малюнкі У. Лося. – Мінск : Беларусь, 1965. – 103 с., [3] л. іл.
  15. Родной край : повести, рассказы, очерки : ля сред. шк. возраста/ В. Ф. Вольский ; пер. с белорус. И. Бурсова и П. Кобзаревского ; вступ. ст. Я. Мавра ; худож. В. Тихонович.  Минск : Беларусь, 1964. – 494 с. : ил.
  16. П’есы / В. Ф. Вольскі. – Мінск : Дзяржвыд БССР, 1962. – 254 с.
  17. Родны край / В. Ф. Вольскі. – Мінск : Дзяржвыд БССР, 1961. – 386 с.
  18. Чайкі над Нараччу : [нарысы] / Віталій Вольскі. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя дзіцячай і юнацкай літаратуры, 1959. – 134 с.
  19. Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры эпохі феадалізма / Віталій Вольскі. – Мінск : Дзярж. вуч.-пед. выд-ва, 1958. – 163 с.
  20. Фінкель, У. Шолам-Алейхем / Уры Фінкель ; пераклад з яўр. мовы і апрацоўка В. Вольскага. – Мінск : Дзяржвыд БССР, 1958. – 149 с.
  21. На бабровых азёрах : [апавяданні] / Віталій Вольскі. – Мінск : Дзярж. выд-ва БССР, Рэдакцыя дзіцячай і юнацкай літ-ры, 1957. – 113 с.
  22. Эдуард Самуйлёнак : жыцце і творчасць / Віталій Вольскі ; Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва. – Мінск : Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1951. – 116 с.
  23. Нікалай Гастэла / Віталь Вольскі.  Мінск : Дзяржвыд БССР, 1946.  46 с.
  24. В лесах над Припятью : [разделы из книги «Палессе»] / Виталий Вольский // Знамя юности. 1973. 2 мая ; 6 мая.
  25. Падарожныя замалёўкі : [з паездкі па Беларускім Палессі] / Віталь Вольскі // Маладосць. 1970. № 10. С. 66–104.

 

Аб жыцці і творчасці В. Вольскага

  1. Вольскі (сапр. Вольскі-Зэйдэль) Віталь Фрыдрыхавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 269.
  2. Вольскі (сапр. Вольскі-Зэйдэль) Віталь Фрыдрыхавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2011. Т. 2. С. 389.
  3. Вольскі (сапр. Вольскі-Зэйдэль) Віталь Фрыдрыхавіч / Дз. У. Стэльмах // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2002. Т. 1. С. 223.
  4. Віталь Вольскі // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. Мінск, 1994. С. 108–109.
  5. Вольскі Віталь / Л. М. Гарэлік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўні  : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 2. С. 44–50.
  6. Вольскі (сапр. Вольскі-Зэйдэль) Віталь Фрыдрыхавіч / С. С. Лаўшук // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 676.
  7. Вольскі, В. Ф. Аўтабіяграфія / Віталі Фрыдрыхавіч Вольскі // Пяцьдзесят чатыры дарогі : аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. Мінск, 1963. С. 102–112.
  8. Вольскі Віталь Фрыдрыхавіч. Па дарогах Палесся : з кнігі В. Ф. Вольскага «Палессе» // Памяць. Лунінецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1995.
    С. 638–644.
  9. Шарапава, А. В. Вывучэнне творчасці Віталя Вольскага ў кантэксце вучэбнай дысцыпліны «Дзіцячая літаратура»: тэарэтычны і жанравы аспекты / А. В. Шарапава // Беларуская літаратура ў культурнай прасторы сучаснага грамадства. Мінск, 2016. С. 210–214.
  10. Панізовіч, І. «Чалавек — толькі частка ўсяго жывога...» : [пра ўрок-гасцёўню, прысвечаны 40-годдзю аповесці В. Вольскага «Лёс Дункана»] / І. Панізовіч // Настаўніцкая газета. 2018. 3 лютага. С. 14.
  11. Панізовіч, І. Па старонках аповесці «Лёс Дункана» : [літаратурная гасцёўня, прысвечаная 110-й гадавіне з дня нараджэння Віталя Вольскага] / Інеса Панізовіч // Бібліятэка прапануе. 2011. № 9. С. 24–26.
  12. Рагаўцоў, В. Вербальныя сродкі стварэння камічнага ў камедыі «Несцерка» Віталя Вольскага / Васіль Рагаўцоў // Роднае слова. 2011. № 9. С. 34–36.
  13. Марціновіч, А. Двойчы з першапраходцаў : [да 110-годдзя з дня нараджэння В. Вольскага] / Алесь Марціновіч // Літаратура і мастацтва. 2011. 16 верасня. С. 1.
  14. Трафімчык, А. Песы для дзяцей Віталя Вольскага як зява беларускай літаратуры / Анатоль Трафімчык // Роднае слова. 2009. № 6. С. 2022
  15. Малашук, Н. А. Урок пазакласнага чытання па кнізе В. Вольскага «Падарожжа па краіне беларусаў» / Н. А. Малашук // Беларуская мова i лiтаратура. 2008. № 4. С. 40–47.
  16. Савіч, М. З пачуццём любві : [пра кнігу В. Вольскага «Палессе»] / С. Савіч // Беларусь. 1972. № 3.
  17. Малашевский, В. «Палессе» : [о книге В. Вольского «Палессе»] / В. Малашевский // Заря. 1971. 25 марта.
  18. Гіль, М. Да новых сустрэч, Палессе! : [пра кнігу В. Вольскага «Палессе»] / М. Гіль // Літаратура і мастацтва. 1971. 19 сакавіка.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 3594 разоў