Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 07 Красавік 2021 12:13

2021 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Віктара Францавіча Чарнавокага (1951–2009), мастака, педагога

Віктар Францавіч Чарнавокі нарадзіўся ў 1951 г. у вёсцы Тальмінавічы Ляхавіцкага раёна ў сялянскай сям’і. З дзяцінства любіў маляваць. Аднойчы яго малюнак «Бярозавы гай, асветлены сонцам» перамог у конкурсе «Пионерской правды» i дванаццацігадовы аўтар атрымаў пуцёўку ў піянерскі лагер «Артэк». Затым наведваў гурток малявання ў раённым Доме піянераў, куды дабіраўся на веласіпедзе за 12 км.

 

Аднак не адразу Віктар Чарнавокі змог стаць мастаком. Па настаянні бацькі, які марыў, каб сын стаў старшынёй калгаса, спачатку скончыў факультэт землеўпарадкавання Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Працаваў інжынерам-інспектарам дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага кантролю ў Горках і Ляхавічах, скончыў вышэйшыя архітэктурныя курсы ў Маскве. Па яго праекце пабудавалі манумент воінскай славы на ўездзе ў Ляхавічы.

Праз год Віктар Чарнавокі паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. У час вучобы быў прызваны ў Савецкую армію, заканчваў інстытут завочна. Працаваў у Брэсце на розных пасадах: метадыстам абласнога навукова-метадычнага цэнтра культуры, мастаком у «Брэстгандальрэкламе», выкладаў у Брэсцкім педагагічным інстытуце імя А. С. Пушкіна і інжынерна-будаўнічым інстытуце, кіраваў студыяй у абласным Палацы піянераў.

Потым вырашыў вярнуцца ў Ляхавічы і здзейсніць мару дзяцінства. Віктару Чарнавокаму прадаставілі невялікае памяшканне пад творчую майстэрню. Тут ён задумаў стварыць дзіцячы гурток выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. 10 верасня 1989 г. студыя выяўленчага мастацтва пад назвай «Апалон» прапісалася пры раённым Доме культуры. Займаліся ў ёй каля 50 дзяцей. У 1994 г. студыя была ўдастоена ганаровага звання «народны калектыў». Тут заўсёды панавала лёгкая і творчая атмасфера, было камфортна і ўтульна.

Маючы два дыпломы ВНУ, Віктар Францавіч працягваў вучыцца. Закончыў магістратуру Нацыянальнага інстытута адукацыі, па методыцы выкладання напісаў дысертацыю «Нетрадыцыйныя формы, метады і спосабы інтэнсіўнага навучання выяўленчаму мастацтву вучняў гімназіі». Мастак-педагог вышэйшай катэгорыі, адзін з першых у краіне магістр педагагічных навук.

Па ініцыятыве В. Ф. Чарнавокага, які сваімі ідэямі захапіў кіраўніцтва раёна, у 2004 г. быў арганізаваны міжнародны конкурс юных мастакоў «Зямля i людзi: учора, сёння, заўтра». На першы конкурс у Ляхавічы прыслалі каля 2000 работ з 20 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі. Журы конкурсу ўзначаліў народны мастак Беларусі Гаўрыіл Вашчанка. Былі вызначаны 400 работ — пераможцаў у розных намінацыях. У 2007 г. на другі конкурс прыйшлі больш за 3000 работ.

У 2007 г. дзіцяча-юнацкай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Апалон» прысвоена ганаровае званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Асноўнымі кірункамі дзейнасці студыі з’яўляюцца: фарміраванне мастацкай культуры дзяцей і падлеткаў, выяўленне і развіццё іх творчых здольнасцей, эстэтычнае выхаванне.

Рэгулярна арганізуюцца выставы работ навучэнцаў студыі «Апалон» у Ляхавічах, Баранавічах, Брэсце. Навучэнцы студыі пастаянна ўдзельнічаюць у прэстыжных фестывалях і конкурсах, атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды. Вышэйшыя ўзнагароды былі атрыманы ў краінах Еўропы, а таксама ў Японіі, Канадзе, Кітаі. Многія выпускнікі студыі звязалі свой лёс з мастацтвам, сталі спецыялістамі ў галіне культуры, архітэктуры і дызайну.

Віктар Францавіч быў чалавекам незвычайнай творчай энергетыкі, яго мэтанакіраванасць садзейнічала ажыццяўленню многіх задумак. Мастак ад Бога, ён ствараў цікавыя і заўсёды розныя работы з дапамогай акварэльных і алейных фарбаў. Да яго цягнуліся дзеці, як да чалавека з вялікім добрым сэрцам. Ажаніўся позна, уласных дзяцей не было, усе душэўныя сілы аддаваў выхаванцам. У канцы 1990-х гг. яшчэ ўзначаліў мастацкае аддзяленне Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў. Лаўрэат гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Лаўрэат прэміі «Берасцейская зорка» ў намінацыі «Культура» (2001).

В. Ф. Чарнавокі заўчасна памёр 16 красавіка 2009 г. Справа яго жыцця — дзіцячая студыя «Апалон» працягвае сваю дзейнасць, паспяхова абараніла званне заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Ляхавіцкая заслужаная аматарская дзіцяча-юнацкая студыя выяўленчага мастацтва «Апалон» / І. І. Татарыновіч // Культура Беларусі : эніцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2014. Т. 5. С. 208.
  2. Ляховичская заслуженная любительская детско-юношеская студия изобразительного и декоративно-прикладного искусства «Аполлон» / Н. В. Горохович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 56–57.
  3. Валасюк, Л. Ляхавіцкі Апалон Віктар Чарнавокі / Лявон Валасюк // Непрыдуманыя партрэты :мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 132–133, 279.
  4. Чарнавокi, В. Месца сустрэчы не мяняецца : [пра аб’яўленне III Мiжнароднага конкурсу юных мастакоў «Зямля i людзi: учора, сёння, заўтра»] / Вiктар Чарнавокi // Ляхавiцкi веснiк. 2008. 22 лiстапада. С. 3.
  5. Чарнавокi, В. Камуфляжны сюжэт : [пра ўдзел выхаванцаў заслужанай студыi «Апалон» у праекце «Дзецям аб армii»] / Вiктар Чарнавокi // Ляхавiцкi веснiк. 2008. 8 мая. С. 3.
  6. Чарнавокi, В. Такое яркае жыццё : [пра II Мiжнародны конкурс юных мастакоў «Зямля i людзi: учора, сёння, заўтра»] / Вiктар Чарнавокi // Ляхавiцкi веснiк. 2008. 12 сакавіка. С. 4.
  7. Чарнавокi, В. «Мы не iмкнемся ўцiснуць дзiця ў стандартныя рамкi вучня...» / Вiктар Францавiч Чарнавокi ; гутарыла Тамара Савiч // Ляхавiцкi час. 2007. 8 лiстапада.
  8. Савiч, Т. Выстава з працягам : [пра мастацкую студыю «Апалон» i яе кiраўнiка В. Ф. Чарнавокага/ Тамара Савiч // Ляхавiцкi час. 2007. 25 кастрычнiка. С. 3.
  9. Клунiна, А. Заслужаны «Апалон»! : [пра заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь студыю «Апалон» Ляхавiцкага ГДК,кiраўнiк В. Ф. Чарнавокi/ Аксана Клунiна // Заря. 2007. 25 октября. С. 17.
  10. Черноокий, В. Ф. Что видят и рисуют дети / Виктор Францевич Черноокий ; беседовала Наталья Соломянко // Ляхавiцкi час. 2007. 6 верасня.
  11. Каваленка, I. Народнаму «Апалону» пасуе вызначэнне «заслужаны» / Iван Каваленка // Ляхавiцкi веснiк. 2007. 30 чэрвеня. С. 8.
  12. Чарнавокi, В. «Зямля i людзi: учора, сёння, заўтра» : [пра арганiзацыю II Мiжнароднага конкурсу дзiцячых малюнкаў] / Вiктар Чарнавокi // Ляхавiцкi веснiк. 2007. 10 студзеня. С. 4.
  13. Мазiна, Г. Аб чым марыць «Апалон»? / Галiна Мазiна // Народная трыбуна. 2006. 24 чэрвеня. С. 1, 4.
  14. Чарнавокi, В. Ф. «Апалон» — не толькi грэчаскi бог / Вiктар Францавiч Чарнавокi ; гутарыла Алiна Лапiч // Ляхавіцкі веснік. 2005. 10 снежня. С. 4.
  15. Чопко, М. Пусть будет каждый день неповторимым... : [о руководителе народной изостудии «Аполлон» В. Ф. Чернооком из г. Ляховичи/ Мария Чопко // Заря. 2004. 13 ноября. С. 5.
  16. Воробей, Е. Студия «Аполлон» изменила статус : [о народной художественной студии «Аполлон»,руководитель В. Черноокий/ Елена Воробей // Ляхавіцкі час. 2004. 4 лістапада.
  17. Капачова, А. Узлёты «Апалона» : [пра народную мастацкую студыю «Апалон»у Ляхавiчах,кiраўнiк В. Ф. Чарнавокi/ Алена Капачова // Народная трыбуна. 2004. 30 кастрычніка. С. 4.
  18. Корзун, А. «Аполлон» объявляет международный конкурс / Алла Корзун // Ляхавiцкi час. 2004. 15 лiпеня.
  19. Воробей, Е. «Аполлон» приглашает : [о подготовке I Международного конкурса юных художников «Земля и люди: вчера, сегодня, завтра» по инициативе народной студии «Аполлон»] / Елена Воробей // Ляхавiцкi час. 2004. 13 лютага. С. 5.
  20. Чарнавокi, В. «Яшчэ ў школе мяне называлi «антысаветчыкам» / Вiктар Францавiч Чарнавокi ; падрыхтавала С. Любанец // Ляхавіцкі час. 2003. 14 лютага. С. 5.
  21. Бельмач, С. Вернiсаж «Апалона» : [пра выставу народнай мастацкай студыi «Апалон» у Брэсце, кiраўнiк В. Ф. Чарнавокi] / Святлана Бельмач // Ляхавіцкі веснік. 2002. 13 красавіка.
  22. Черноокий, В. Ф. Если звёзды зажигают, значит, это кому-нибудь нужно / Виктор Францевич Черноокий ; беседовала И. Мухаревская // Intex-press. Барановичи, 2001. 8 февраля. С. 4.
  23. Зоркі запальваюцца не толькі на небе : [В. Ф. Чарнавокі атрымаў прэмію «Берасцейская зорка»] // Ляхавіцкі веснік. 2001. 27 студзеня. С. 1–2.
  24. Чарнавокі, В. Ф. Зоркі запальваюцца не толькі на небе / Вiктар Францавіч Чарнавок; гутарыў І. Цімафееў // Ляхавіцкі веснік. 2001. 21 студзеня. С. 2.
  25. Чарнавокi, В. «Карнавал казак» : [пра дзейнасць народнай студыi выяўленчага мастацтва «Апалон»] / Вiктар Чарнавок// Ляхавіцкі веснік. 2000. 8 студзеня.
  26. Чарнавокi, В. Пра нашых мастакоў ведаюць у Баранавiчах. I ў Мюнхене таксама / Вiктар Чарнавокi // Ляхавiцкi веснiк. 1998. 31 кастрычніка.
  27. Архипова, А. Главный бог «Аполлона» : [об открытии выставки Ляховичской народной детской студии изобразительного искусства «Аполлон» в Брестском общественно-культурном центре] / Ада Архипова // Заря. 1998. 3 февраля.
  28. Чарнавокі, В. На конкурс — у Францыю / Віктар Чарнавокі // Ляхавіцкі веснік. 1996. 26 сакавіка.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 816 разоў