Панядзелак, 07 Чэрвень 2021 12:37

25 мая 2021 г. — 130 гадоў з дня нараджэння Карпа Каленікавіча Кузько (1891–1941), удзельніка нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, грамадскага дзеяча

Карп Каленікавіч Кузько нарадзіўся 25 мая 1891 г. у вёсцы Угляны Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Не маючы зямлі, паступіў працаваць на лесапільны завод у Пашуцкай Будзе, вёсцы на мяжы Белавежскай пушчы.

 

У час польскай акупацыі Заходняй Беларусі Карп Кузько ўключыўся ў нацыянальна-вызваленчы рух. Вясной 1925 г. на Камянеччыне быў абраны раённы камiтэт Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Члены партыі ўзначальвалі барацьбу працоўных супраць нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту. 1 мая 1925 г. у Камянцы прайшоў Першамайскі мітынг, паліцыя жорстка разагнала людзей, 12 чалавек былі збіты і арыштаваны. У пачатку 1926 г. паліцыя арыштавала 47 камуністаў і камсамольцаў.

У 1926 г. Карп Кузько ўступіў у КПЗБ. Вызначыўся выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі. Пераходзіў мяжу з СССР, дастаўляў і распаўсюджваў сярод насельніцтва палітычную літаратуру. У 1927–1932 гг. — сакратар Камянецкага падпольнага райкама КПЗБ. Чатыры разы арыштоўваўся польскай паліцыяй, судамі ў Брэсце, Баранавічах, Пінску і Кобрыне прысуджаўся да зняволення. У кастрычніку 1937 г. на партыйнай канферэнцыі, якая праходзіла ў в. Баяры, абраны сакратаром Камянецкага падпольнага райкама КПЗБ. 11 сакавіка 1938 г. быў зноў арыштаваны, змешчаны ў Кобрынскую турму.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР К. К. Кузько разам з іншымі былымі членамі КПЗБ удзельнічаў у арганізацыі Савецкай улады на Камянеччыне. Быў абраны дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі, які адбыўся 28 кастрычніка 1939 г. у Беластоку. У прынятай дэкларацыі аб дзяржаўнай уладзе абвяшчалася ўстанаўленне на Заходняй Беларусі ўлады Саветаў дэпутатаў працоўных. 15 студзеня 1940 г. былі створаны Камянецкі і Высокаўскі раёны.

Карп Каленікавіч грамадскія інтарэсы заўсёды ставіў вышэй сваіх асабістых. Не змог стварыць сям’ю, бо лічыў найпершым сваім абавязкам клапаціцца аб шчасці іншых.

23 чэрвеня 1941 г. Камянец быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны К. К. Кузько ўдзельнічаў у стварэнні падпольнага райкама КПБ(б). У жніўні 1941 г. схоплены фашыстамі, пасля двухтыднёвых катаванняў расстраляны ў лесе ля в. Клепачы.

У Клепачоўскім лесе нямецка-фашысцкімі акупантамі былі расстраляны яшчэ 11 савецкіх актывістаў: сакратар сельсавета Фама Іванавіч Кунц, дэпутат сельсавета Канстанцін Кузьміч Кунц, Дзмітрый Арсенцьевіч Кунц, інспектар райфінаддзела Павел Сямёнавіч Мацюхевіч, камсамолец, калгасны трактарыст Павел Паўлавіч Мацюхевіч, старшыня сельсавета Еўдакім Іванавіч Ніжнік, участковы міліцыянер Павел Матуска, міліцыянер Піліп Варфаламеевіч Смалюк, дэпутат сельсавета Купрыян Сямёнавіч Кудзелька, Пётр Андрэевіч Магірка, Васіль Нічыпаравіч Міневіч.

У снежні 1978 г. у в. Рэчыца побач з помнікам-бюстам дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі Сямёна Андрэевіча Дубовіка ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар падпольнага райкама КПЗБ. У тым жа годзе імем К. К. Кузько названа вуліца ў Камянцы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладз
iмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Яфімовіч, У. Прафесійны рэвалюцыянер / У. Яфімовіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 194–195.
  2. Кузько Карп Каленікавіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 299.
  3. Яфімовіч, У. Гады барацьбы і надзей : [барацьба за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне ў 1921–1939 гг.] / У. Яфімовіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 149–156.
  4. Кузько Карп Каленикович // Их именами названы... : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 331.
  5. Могила советских активистов : [д. Клепачи; биография К. К. Кузько] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии, Брестская область. Минск, 1990. С. 228–229.
  6. Слесарук, Т. А. Братская могила советских воинов, памятник землякам : [д. Речица; мемориальная доска в честь Каменецкого подпольного райкома КПЗБ] / Т. А. Слесарук, М. Н. Козловская // Свод памятников истории и культуры Белоруссии, Брестская область. Минск, 1990. С. 236–237.
  7. Магіла савецкіх актывістаў : [в. Клепачы] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 208.
  8. Слесарук, Т. А. Брацкая магіла савецкіх воінаў, помнік землякам : [в. Рэчыца; мемарыяльная дошка ў гонар Камянецкага падпольнага райкама КПЗБ] / Т. А. Слесарук, М. М. Казлоўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 2013–2014.
  9. Вуліцы С. А. Дубовіка, К. К. Кузько і Я. Р. Пякарскага ў Камянцы : рашэнне выканкома пасялковага Савета народных дэпутатаў // Ленінец. Камянец, 1978. 16 снежня.
  10. Валодзін, Я. Рэвалюцыйная, баявая і працоўная слава : адкрыццё помніка-мемарыяла ў Рэчыцы / Я. Валодзін ; фота В. Замулкі // Ленінец. Камянец, 1978. 7 снежня.
  11. Лібяроўская, Т. Д. Героі не паміраюць : усё жыццё подзвіг : [архіўная даведка пра дзейнасць К. К. Кузько] / Т. Д. Лібяроўская, Г. В. Церабунь // Ленінец. Камянец, 1977. 1 кастрычніка ; 4 кастрычніка.
  12. Яфімовіч, У. Ушанаваць памяць героя : [К. К. Кузько] / У. Яфімовіч, Н. Гарагляд // Ленінец. Камянец, 1977. 4 кастрычніка.
  13. Яфімовіч, У. Вечна жывы : [верш, прысвечаны памяці К. К. Кузько] / У. Яфімовіч // Ленінец. Камянец, 1977. 4 кастрычніка.
  14. Іваноў, В. Бюст С. А. Дубовіку і мемарыяльная дошка К. К. Кузько : [пра помнік-мемарыял, які будзе ўстаноўлены ў в. Рэчыца] / В. Іваноў // Ленінец. Камянец, 1977. 15 верасня.

Чытаць 650 разоў