Серада, 16 Чэрвень 2021 11:56

23 мая 2021 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Лукіча Верхаўца (1931–2003), дзяржаўнага дзеяча, выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь

Уладзімір Лукіч Верхавецнарадзіўся 23 мая 1931 г. у вёсцы Літвінкі Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1937 г. паступіў у польскую школу, скончыў два класы. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР вучыўся ў рускай школе.

 

Ваеннае ліхалецце і пасляваенная разруха наклалі суровы адбітак на дзіцячыя гады хлопца. З кастрычніка 1943 да красавіка 1944 г. разам з маці і сястрой знаходзіўся ў сямейным лагеры партызанскага атрада імя Чарнака. Валодзя рана далучыўся да працы: разам з дарослымі нарыхтоўваў на зіму сена, працаваў у полі. І ўсёй душой цягнуўся да ведаў. Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў аднавіў вучобу. У 1951 г. скончыў СШ № 2 г. Кобрына. Вучоба яму давалася лёгка, любімымі прадметамі былі матэматыка, фізіка, захапляўся гісторыяй, літаратурай. Адразу пасля заканчэння дзесяцігодкі паступіў у Брэсцкі настаўніцкі інстытут імя А. С. Пушкіна на аддзяленне фізікі і матэматыкі.

У інстытыце Уладзімір Верхавец быў паспяховым студэнтам,ужо на першым курсе заявіў аб сабе як аб выдатнай асобе. Вучобу спалучаў з актыўнай грамадскай дзейнасцю: з’яўляўся намеснікам сакратара камсамольскага бюро курса, працаваў пазаштатным лектарам абкама ЛКСМБ, арганізоўваў розныя мерапрыемствы, вечары адпачынку, спартыўныя спаборніцтвы.

Аднагодкі бачылі ў ім годнага маладзёжнага лідара. З 1953 г. Уладзімір Верхавец на камсамольскай рабоце ў Брэсцкай вобласці: інструктар Брэсцкага абкама, Давыд-Гарадоцкага райкама, першы сакратар Жабінкаўскага райкама, другі, першы сакратар Брэсцкага абкама ЛКСМБ.

А далей была партыйная праца. Уладзімір Лукіч плённа працаваў спачатку ў Столінедругім сакратаром райкама КПБ (1962), затым з 1963 г. сакратаром парткама Драгічынскага вытворчага калгасна-саўгаснага ўпраўлення. У студзені 1965 г. у сувязі з аднаўленнем райкамаў партыі, абраны першым сакратаром Драгічынскага райкама КПБ.

Як перспектыўнага кіраўніка яго накіроўваюць на вучобу ў Маскоўскую вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС. Пасля заканчэння ВПШ у чэрвені 1970 г. У. Л. Верхавец выбраны першым сакратаром Кобрынскага райкама КПБ. Пад яго кіраўніцтвам Кобрынскі раён выйшаў на траекторыю ўстойлівага развіцця, мацнела эканоміка прадпрыемстваў і сельгасарганізацый, пераўтваралася сацыяльная сфера.

У сакавіку 1971 г. Уладзіміра Лукіча выбіраюць сакратаром Брэсцкага абкама КПБ па ідэалогіі і даручаюць курыраваць гуманітарны блок. На гэтай пасадзе У. Л. Верхавец шмат зрабіў карыснага ў галіне росквіту культуры, захавання і прымнажэння помнікаў гісторыі Брэстчыны. Просты і даступны, ён уяўляў сабой узор кіраўніка новай фармацыі. Працаздольнасць, тонкі гумар, смеласць і рашучасць у абароне сваіх прынцыпаў і поглядаў — гэтыя якасці адзначалі і цанілі ў кіраўніку ўсе, хто разам з ім працаваў.

У студзені 1980 г. указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР У. Л. Верхавец назначаны старшынёй Дзяржаўнага камітэта БССР па прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Па 1988 г. працаваў на гэтай пасадзе і праявіў сябе мудрым настаўнікам, умелым арганізатарам. За гэты перыяд у сістэме ПТА рэспублікі было пабудавана каля 400 аб’ектаў, у т. л. 26 навучальных комплексаў, 45 навучальных карпусоў, 40 майстэрняў, 54 грамадска-бытавыя корпусы, 40 інтэрнатаў, 48 жылых дамоў, спартыўны комплекс «Працоўныя рэзервы», рэспубліканскі Дом тэхнічнай творчасці прафтэхадукацыі.

У. Л. Верхавец з вялікім жаданнем выязджаў ва ўсе рэгіёны Беларусі, у навучальныя ўстановы, імкнуўся быць бліжэй да педагогаў, навучэнцаў, выслухоўваць іх меркаванні, прапановы. Ініцыіраваў укараненне комплекснага метадычнага забеспячэння вучэбнага працэсу, удасканаленне форм і метадаў навучання. Было ўкаранёна вытворчае навучанне па метадзе «майстар-майстэрня». Сталі праводзіцца конкурсы прафесійнага майстэрства па многіх прафесіях. У 1984 г. увёў вучнёўскую форму ва ўсіх вучылішчах рэспублікі.

Прафтэхадукацыя Беларусі пачала каціравацца на саюзным узроўні. Высокія вынікі беларускіх педагогаў былі адзначаны пераходным Чырвоным сцягам Дзяржаўнага камітэта па прафтэхадукацыі СССР. 20 вучылішчаў атрымалі прэміі ВЦСПС, два — прэміі Ленінскага камсамола. Рэгулярна праводзіліся конкурсы тэхнічнай і мастацкай творчасці навучэнцаў, лепшыя экспанаты дэманстраваліся на ВДНГ СССР.

З 1988 па 1992 г. У. Л. Верхавец з’яўляўся прадстаўніком Дзяржкамадукацыі СССР у Анголе (г. Луанда). Метадыст вышэйшай катэгорыі з 1994 па 2002 г. працаваў памочнікам рэктара Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі.

Выдатны кіраўнік, ініцыятыўны арганізатар, творчы педагог У. Л. Верхавец валодаў дарам прадбачання, умеў бачыць перспектыву, адчуваць людзей, што стала асновай яго кіраўніцкай дзейнасці. У яго характары адчувалася шчырасць, спагадлівасць, паважанае стаўленне да людзей.

Уладзімір Лукіч двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1980–1990). Узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам «Знак Пашаны», шасцю медалямі, Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2001). Атрымаў ганаровае званне «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь».

Да канца сваіх дзён Уладзімір Лукіч не парываў сувязі з Брэстчынай, сваёй малой радзімай Кобрыншчынай. Яго сэрца перастала біцца 2 чэрвеня 2003 г., пахаваны на Усходніх могілках г. Мінска.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Кобрынскай цэнтральнай
раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна,
гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

  1. Верховец Владимир Лукич / Е. С. Фалей // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 229–230.
  2. Верхавец Уладзімір Лукіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 451.
  3. Верховец Владимир Лукич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 111.
  4. Верхавец Уладзімір Лукіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С 123–124.
  5. Системе профессионально-технического образования 60 лет : история, воспоминания, актуальные проблемы / [В. Ф. Бакштаев, И. И. Быданов, В. Л. Верховец и др.] ; Республиканский институт профессионального образования. – Минск : РИПО, 2000. – 484, [1] с., [4] л. ил.
  6. Величко, В. П. Петр Машеров. Беларусь — его песня и слава / Владимир Павлович Величко. – Минск : Мастацкая літаратура, 2018. – 151 с. – Из содерж.: В. Л. Верховец. С. 46, 127.
  7. Ардэнаносцы : Верхавец Уладзімір Лукіч // Па працы — пашана : біябібліяграфічны даведнік/ Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 38–39 : фат. (Імёны на карце Кобрыншчыны). 
  8. 90 гадоў з дня нараджэння У. Л. Верхаўца (1931) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 13.
  9. Хорошко, Н. С. Просветитель и гуманист : [очерк к юбилею В. Л. Верховца] / Николай Хорошко // И светится жизнь : очерки и рассказы / Николай Хорошко. Брест, 2010. Кн. 2. С. 48–51.
  10. Клюйко, А. І зноў вясна, і зноў май... : [да 90-годдзя з дня нараджэння У. Л. Верхаўца] / Ала Клюйко // Настаўніцкая газета. 2021. 20 мая. С. 14.
  11. Величко, В. Жизненные версты Владимира Верховца / Владимир Величко // Заря. 2011. 24 мая. С. 5.
  12. Хорошко, Н. Просветитель и гуманист : [очерк к юбилею В. Л. Верховца/ Николай Хорошко // Заря. 2001. 22 мая. С. 2.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 708 разоў