Панядзелак, 21 Чэрвень 2021 09:08

12 мая 2021 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Дзмітрыя Кузьміча Барысава (1911–1975), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, ганаровага грамадзяніна г. Кобрына

Дзмітрый Кузьміч Барысаў нарадзіўся 12 мая 1911 г. у вёсцы Ясенкі Тульскай губерні (цяпер Тульскай вобласці). Працаваў машыністам урубавай машыны на шахце ў г. Анжэра-Суджанску Кемераўскай вобласці, на Кузбасе. У 1929 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію.

 

Вялікую Айчынную вайну Дзмітрый Барысаў сустрэў пад горадам Сумы ў складзе 20-й арміі. У гады вайны займаў высокія камандныя пасады. З ліпеня 1941 па ліпень 1943 г. служыў начальнікам штаба зенітнага дывізіёна.

У верасні 1943 г. Д. К. Барысаў назначаны камандзірам 1282-га армейскага зенітнага артылерыйскага ордэна Кутузава палка. У ходзе Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі гэты полк у складзе 38-й артылерыйскай брыгады 61-й арміі вёў баі за Кобрын, які быў вызвалены 20 ліпеня 1944 г. У ліку іншых дванаццаці воінскіх фарміраванняў, якія вызвалялі горад, 1282-му палку пад камандаваннем Д. К. Барысава было прысвоена ганаровае найменне «Кобрынскі».

Палкоўнік Д. К. Барысаў удзельнічаў у наступных бітвах:Беларуская стратэгічная наступальная аперацыя,Днепрапятроўская франтавая наступальная аперацыя, Кіеўская стратэгічная наступальная аперацыя, Варшаўска-Познаньская наступальная аперацыя, Берлінская стратэгічная наступальная аперацыя. Вайну закончыў у Берліне.

У 1974 г. Д. К. Барысаву было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Кобрына». Дзмітрый Кузьміч прыязджаў у наш горад на святкаванне 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (1974) і ў знак глыбокай падзякі перадаў свае сямейныя рэліквіі на пастаяннае захоўванне ў Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А. В. Суворава.

У фондах музея захоўваецца гістарычны здымак, на якім адлюстраваны момант перадачы пісталета «маўзер» дырэктару музея А. М. Мартынаву. Прадмет гэты ўнікальны і як узор стралковай зброі і, безумоўна, адметны тым, што гэта асабістая зброя ветэрана, з якой ён вызваляў Кобрын. У музеі таксама экспануецца ваенны кіцель Дзмітрыя Кузьміча, яго ўзнагароды, фатаграфія.У музейным фондзе захоўваюцца ўспаміны Д. К. Барысава, у якіх даюцца звесткі аб ходзе баявых дзеянняў у гістарычныя ліпеньскія дні, прыводзяцца прозвішчы воінаў-вызваліцеляў нашага горада.

Дзмітрый Кузьміч служыў у арміі да 1956 г., пасля адстаўкі жыў у Маскве, дзе і памёр у жніўні 1975 г. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Аляксандра Неўскага, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, дзевяццю медалямі.

Намаганнямі бібліятэкара ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава Л. І. Курашовай музей доўгія гады падтрымлівае сувязь з ветэранамі і іх сваякамі. За апошнія гады Кобрын некалькі разоў наведвалі члены сям’і Д. К. Барысава. У 2010 г. прыязджала дачка героя — Ганна Дзмітрыеўна. У 2014 г. напярэдадні 70-годдзя вызвалення Кобрына наш горад наведала сям’я ўнучкі ветэрана, Ірыны Аляксандраўны Барысавай, з Масквы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Борисов Дмитрий Кузьмич // Почетные граждане белорусских городов / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 30.
  2. Ганаровыя грамадзяне горада Кобрына. Барысаў Дзмітрый Кузьміч // Імі ганарыцца Кобрыншчына. Ганаровыя грамадзяне кобрынскага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2020. С. 10–11.
  3. 110 гадоў з дня нараджэння Д. К. Барысава (1911) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 11.
  4. Камінскі, М. І. Кобрынскія вайсковыя часці / М. І. Камінскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 270.
  5. Кирилюк, Л. Легендарный маузер в кобринском музее : [личное оружие участника освобождения Кобрина, почётного гражданина г. Кобрина Д. К. Борисова стало «героем» выставки одного предмета в военно-историческом музее им. А. В. Суворова] / Лилия Кирилюк // Кобрин-информ. 2021. 13 мая (№ 19). С. 19.
  6. Кирилюк, Л. Страницы истории : [в рамках проекта Брестского областного краеведческого музея, посвящённого Дню Победы и Международному дню музеев, музей им. А. В. Суворова представил на выставке гимнастёрку и брюки Д. К. Борисова] / Лилия Кирилюк // Кобрин-информ. 2021. 13 мая (№ 19). С. 23.
  7. Курачук, С. Д. История кобринского края в лицах : [страница совместного проекта Кобринской центральной районной библиотеки и газеты «Кобрин-информ» посвящена почётным гражданам города Кобрина] / страницу подготовила Светлана Курачук // Кобрин-информ. 2021. 25 марта (№ 12). С. 4 : фот.
  8. Курашова, Л. Посетить город, который освобождал дед : [сотрудники музея принимали в своих стенах внучку Д. К. Борисова, командира 1282-го зенитно-артиллерийского полка, одного из освободителей Кобрина] / Лидия Курашова // Кобрынскi веснiк. 2014. 26 лiпеня. С. 4.
  9. Курашова, Л. Московские гости на кобринской земле : [в канун 70-летия освобождения Кобрина сотрудники военно-исторического музея им. А. В. Суворова принимали в своих стенах внучку Д. К. Борисова,одного из освободителей нашего города] / Лидия Курашова // Кобрин-информ. 2014. 24 июля.С. 7.
  10. Курашова, Л. «Здешняя земля начинена осколками мин и снарядов, обильно полита кровью наших солдат…» : [воспоминания участников освобождения Кобрина от фашистской оккупации, в т. ч. воспоминанияД. К. Борисова] / Лидия Курашова // Кобрынскі веснік. 2014. 19 ліпеня. С. 3.
  11. Дзмітрый Кузьміч Барысаў // Кобрынскі веснік. 2002. 20 ліпеня.C. 2.
  12. Бялова, М. Тых дзён не змоўкне слава : святкаванне 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Кобрыне : [у мітынгу ўдзельнічаў Д. К. Барысаў] / М. Бялова ; фота В. Калеснікава // Камуністычная праца. Кобрын, 1974. 2 ліпеня. С. 2.
  13. На святкаванне... : [інфармацыя аб прыездзе ў Кобрын Д. К. Барысава] / фота В. Калеснікава // Камуністычная праца. Кобрын, 1974. 29 чэрвеня. С. 1.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 578 разоў