Чацвер, 15 Ліпень 2021 16:40

2021 г. — 65 гадоў з дня адкрыцця Дома культуры чыгуначнікаў Брэсцкага аддзялення чыгункі (1956)

Дом культуры чыгуначнікаў Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі быў створаны ў 1948 г. У 1956 г. адкрыты ў перабудаваным памяшканні кінатэатра па вул. Кіжаватава, 9/1, які быў уладкаваны ў будынку былога касцёла, закрытага на пачатку 1950-х гг. Касцёл Сэрца Іісуса быў пабудаваны ў 1932 г. па праекце брэсцкага архітэктара Юзафа Баранскага.

 

У Доме культуры меліся: глядацкая зала на 365 месцаў, лекцыйная зала на 157 месцаў, пакоі для заняткаў гурткоў. Дзейнічалі вакальны і танцавальны калектывы, дзіцячы танцавальны ансамбль «Вясёлка», драматычны і лялечны тэатры, народны ўніверсітэт культуры с факультэтамі «Кінамастацтва нашых дзён» і «Музычныя веды», пяць аматарскіх аб’яднанняў, бібліятэка з кніжным фондам больш за 80 тыс. экзэмпляраў. У 1986 г. у 17 калектывах і гуртках мастацкай самадзейнасці займаліся каля 800 чалавек.

У 2010–2011 гг. была праведзена рэканструкцыя будынка ДКЧ. Глядацкая зала зроблена на 300 месцаў, адрамантаваны фае і гардэробная, харэаграфічная зала, памяшканні для гуртковай работы. Дырэктар ДКЧ — Фёдар Аляксеевіч Мазоль, заслужаны дзеяч культуры Беларусі (2000), выпускнік Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, вакаліст (тэнар), мастацкі кіраўнік народнага вакальнага ансамбля «Фартуна».

Неўзабаве Дом культуры ўвайшоў у склад Культурна-спартыўнага цэнтра Брэсцкага аддзялення чыгункі. Намеснікам дырэктара КСЦ па культурна-масавай рабоце, загадчыкам ДКЧ стала Ганна Уладзіміраўна Сенькавец.

Найстарэйшым калектывам ДКЧ з’яўляецца народны тэатр, які быў заснаваны ў 1946 г., з 1961 г. мае званне «народнага». Арганізатар і першы кіраўнік Аляксей Максімавіч Самараў. З 1973 г. кіруе тэатрам Уладзімір Паўлавіч Сусько. У рэпертуары пастаноўкі беларускай нацыянальнай драматургіі, рускай і замежнай класікі, савецкіх аўтараў.

Харавая капэла была створана ў 1954 г. Мікалаем Іосіфавічам Шошчыцам, якой ён кіраваў на працягу дваццаці гадоў. Выдатны хормайстар удастоены звання «Заслужаны артыст БССР» (1963), сярэбранага медаля ВДНГ СССР (1964). У 1960 г. капэла атрымала ганаровае званне «народны калектыў». У 1974–1982 гг. кіраўніком была заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1997) Ганна Сцяпанаўна Пячонкіна, потым — заслужаны работнік культуры Беларусі (1989) Мікалай Іванавіч Трафімук. У 1990 г. салісту Анатолію Міхайлавічу Маліцкаму прысвоена званне «Заслужаны работнік культуры БССР».

У рэпертуары харавой капэлы былі апрацоўкі беларускіх і рускіх народных песень, песень народаў свету, беларускіх і савецкіх кампазітараў. Лаўрэат і дыпламант рэспубліканскіх і ўсесаюзных конкурсаў і фестываляў самадзейнага мастацтва. З канцэртамі капэла выступала ў Маскве (1962, 1964, 1979), Украіне, Літве, Эстоніі, Польшчы, Чэхаславакіі, ГДР, Італіі.

Пад кіраўніцтвам рэжысёра Уладзіміра Мікалаевіча Яшчука, які працаваў дырэктарам ДКЧ дзевятнаццаць гадоў, дзейнічаў народны маладзёжны эксперыментальны тэатр-студыя «Зеркало». Калектыў здзейсніў шэраг цікавых пастановак: «Чернобыльская молитва» (2004), «Диоген» (2006), «Другая смерць Жаны ДАрк» (2011), «Поезд в вечность» (2014) і інш. Лаўрэат абласных і рэспубліканскіх фестываляў тэатральнага мастацтва.

Цяпер на базе Дома культуры чыгуначнікаў працуюць народны ансамбль песні і танца «Брэстчанка» (кіраўнік Іван Уладзіміравіч Філіпюк; 19 чэрвеня 2019 г. адбыўся юбілейны вечар да 50-годдзя калектыву), дзіцячы ансамбль народнага танца «Каралінка» (кіраўнік Іван Станіслававіч Траццяк), якія раней належалі іншым установам горада. Актыўна працуюць узорная вакальная студыя «Фантазія», цыркавая студыя «Оранжевое солнце», групы, у якіх дзяцей вучаць ігры на класічнай гітары альбо скрыпцы, эстраднаму танцу.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Дом культуры железнодорожников // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 405.
  2. Дом культуры железнодорожников // Брест : энцикл. словарь. Минск, 1987. С. 202.
  3. Театр народный Дома культуры железнодорожников // Брест : энцикл. словарь. Минск, 1987. С. 351.
  4. Хоровая капелла народная Дома культуры железнодорожников // Брест : энцикл. словарь. Минск, 1987. С. 375–376.
  5. Брэсцкі народны тэатр Дома культуры чыгуначнікаў / Р. М. Бакіевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 499.
  6. Брэсцкая народная харавая капэла Дома культуры чыгуначнікаў / Т. М. Курыла // Энцыклапедыя культуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 487.
  7. Тэатральны калектыў Дома культуры чыгуначнікаў // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 591–592.
  8. Харавая капэла Дома культуры чыгуначнікаў // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 592.
  9. Маліцкі Анатолій Міхайлавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 627.
  10. Шляжко, Н. Под сводами «весны» : [в ДК железнодорожников прошёл конкурс театральной самодеятельности «Театральная весна», посвящённый 1000-летию Бреста/ Наталья Шляжко // Брестский вестник. 2019. 23 мая (№ 21). С. 19.
  11. Шепелевич, И. Пути-дороги песни : юбилейный творческий вечер Фёдора Мозоля : [в ДК железнодорожников] / Ирина Шепелевич // Брестский курьер. 2017. 27 апреля (№ 18). С. 20.
  12. Федоренко, Ю. Яркие краски «Театральной весны» : [на сцене Культурно-спортивного центра Брестского отделения прошёл фестиваль искусств «Театральная весна»] / Юрий Федоренко // Железнодорожник Белоруссии. 2016. 20 апреля (№ 29). С. 1, 5.
  13. Аввакумов, А. Не уставать нести добро : [о 50-летии народного театра Брестского ДК железнодорожников] / Анатолий Аввакумов // Заря. 2011. 17 декабря. С. 8.
  14. Хомiч, I.Iнсталяцыi з цiшынi : [пра спектакль «Другая смерць Жаны Д’Арк» народнага тэатра-студыi «Люстэрка» ДК чыгуначнiкаў, рэжысёр У. Яшчук] / Iна Хомiч // Брестский курьер. 2011. 31 марта (№ 31). С. 10.
  15. Дмитриева, Л. Территория талантов : [о работе ДК железнодорожников, где проходит ремонт, по рассказу директора Фёдора Мозоля/ Лариса Дмитриева // Вечерний Брест. 2011. 21 января. С. 5.
  16. Дмитриева, Л. «Дорога железная как ленточка тянется...» : [о празднике День железнодорожника в отремонтированном ДК железнодорожников/ Лариса Дмитриева // Вечерний Брест. 2010. 4 августа. С. 9.
  17. Дмитриева, Л. «Веселые стрелочники» : [о работе Брестского ДК железнодорожников, который открылся после ремонта/ Лариса Дмитриева // Вечерний Брест. 2010. 30 июля. С. 7.
  18. Столяров, И. Хранители традиций : [о работе Брестского ДК железнодорожников/ Иван Столяров // Заря. 2008. 29 ноября. С. 5.
  19. Коновалюк, В. Страсти «Беспокойного» вулкана : [о директоре ДК железнодорожников г. Бреста Владимире Ящуке] // Заря. 2007. 28 июня. С. 19.
  20. Тихон, А. Разговор о театре и смысле : [о народном молодёжном театре «Зеркало» ДК железнодорожников,руководитель В. Н. Ящук] / Анатолий Тихон // Брестский вестник. 2007. 29 марта. С. 11.
  21. Пракаповiч, М. Яд акцёрства у кожным з нас : [народнаму тэатру Брэсцкага ДК чыгуначнікаў — 60 год] / Мікола Пракаповіч // Вечерний Брест. 2007. 2 февраля. С. 8.
  22. Гопша, А. Будет ли «культ» культуры? : [о деятельности и проблемах ДК железнодорожников г. Бреста и областного театра кукол/ Александр Гопша // Брестский вестник. 2006. № 15. С. 6.
  23. Корнелюк, Т. «Зеркало» не будет кривым : [об экспериментальном молодёжном театре «Зеркало» ДК железнодорожников,руководитель В. Ящук/ Татьяна Корнелюк, Наталья Свинтилова // Вечерний Брест. 2003. 22 октября. С. 3.
  24. Григорчук, А. «Служу я делу, а не лицам» : [о творческом вечере режиссёра, певца, директора ДК железнодорожников Владимира Ящука] / А. Григорчук // Брестский курьер. 1998. 26 марта. С. 17.
  25. Ящук, В. «Чтобы не быть палкой в огороде и подсолнухом на оперной сцене» : [режиссёр театрального коллектива ДК железнодорожников о своей работе] / Владимир Ящук ; беседовала С. Новаковская // Брестская кульер. 1997. 29 мая. С. 17.
  26. Комаров, А. Слушайте свое сердце : [о спектакле «Шишок» «Маленького театра» ДК железнодорожников, режиссёр В. Ящук// Брестский курьер. 1997. 1–7 мая. С. 17.
  27. Аввакумов, А. Полвека перед огнями рампы : [о народном театре Брестского ДК железнодорожников] / А. Аввакумов // Заря. 1996. 14 декабря.
  28. Дрик, Л. Не хватает Марфушки : [о новом коллективе «Маленький театр» при ДК железнодорожников, режиссёр В. Ящук] / Л. Дрик // Вечерний Брест. 1996. 11 октября. С. 8.
  29. Поталый, А. Как «звучал» день рождения : [о праздновании 40-летия народной капеллы Брестского ДК железнодорожников] / А. Поталый // Заря. 1994. 24 декабря.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 501 разоў