Аўторак, 19 Люты 2013 10:19

2013 г. – 35 гадоў з часу заснавання (1978) біялагічнага заказніка рэспубліканскага значэння “Баранавіцкі”

Бiялагiчны заказнік “Баранавіцкі” размешчаны ў Івацэвіцкім і Баранавіцкім раёнах, на паўднёвым захадзе ад Баранавiч.

{gcontent}Створаны ў 1978 годзе (пастанова Савета Мiнiстраў БССР № 252 ад 22 жнiўня 1978 г.) для забеспячэння прыродных ўмоў роста лекавых раслін. “Баранавіцкі” – адзін з самых вялікіх заказнікаў Брэсцкай вобласці (напачатку меў 32800 га) і знаходзіцца на трэцім месцы пасля “Белавежскай пушчы” і “Выганашчанскага”. Пераўтвораны ў 1998 годзе, яго плошча паменшылася. На 2006 год плошча заказнiка складала 29019 га. Заказнік “Баранавіцкі” адносіцца да “другога пакалення” заказнікаў краіны, асноўнай мэтай якіх было не толькі захаванне прыродных багаццяў. Баранавіцкі лясгас (Ляснянскае, Бярозаўскае, Мілавідскае і Дабрамысленскае лясніцтва) з’яўляецца адным з асноўных землекарыстальнікаў “Баранавіцкага”.

Заказнік “Баранавіцкі” мае неафіцыйны статус аднаго з самых праблематычных заказнікаў ў краіне па колькасці і маштабах супярэчнасцяў, змешчаных у “Палажэнні аб заказніку і практыцы прыродакарыстання”. Згодна з Палажэннем аб заказніку пералік ахоўных лекавых раслін ўключае: ядловец, ландыш, брусніцу, арніку горную, чабор, чарніцы, святаяннік. У Палажэнні аб заказніку прыводзіцца канкрэтны пералік забароненых формаў дзейнасці: асушванне, рубкі і г.д.

У рэальнасці забароненыя мерапрыемствы, зыходзячы са спецыфікі мясцовых умоў і асаблівасцяў біялогіі названых лекавых раслін, у большасці выпадкаў, нават тэарэтычна не маглі паўплываць на папуляцыі ахоўных раслін. Праблемы “Баранавіцкага” і іншых 11 батанічных заказнікаў лекавых раслін рэспубліканскага значэння (на стан 1996 г.) у Беларусі трэба разумець шырэй.

Па фатальным збегу абставінаў пасля Чарнобыльскай катастрофы шэсць з дванаццаці заказнікаў лекавых траў апынуліся ў арэале шчыльнага забруджвання доўгажывучымі радыёнуклідамі. Іх існаванне ў статусе заказнікаў лекавых раслін, гэта значыць крыніц лекаў для чалавека, у бліжэйшыя дзясяткі гадоў уяўляецца не толькі неплацежаздольным, але і антыгуманным. Слонімскі заказнік знаходзіцца ў 5–10 км ад арэала з шчыльнасцю радыёактыўнага забруджвання 1/5 Кі/км2. У 20-ці км ад Баранавіцкага заказніка знаходзіцца Маўчадскі і Талевіцкі арэалы цэзія-137 з шчыльнасцю 1/5 Кі/км2 .

У дачыненні да хімічных паветраных забруджванняў тапаграфічныя межы “Баранавіцкага” вылучаны няўдала. Заказнік па канфігурацыі выцягнуты з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Менавіта ў гэтым кірунку па сярэдзіне заказніка паралельна праходзяць тры дарогі трансеўрапейскага паведамлення (а ў Брэсцкай вобласці гэта самыя інтэнсіўныя транспартныя камунікацыі) – аўтамагістраль Брэст – Мінск (“алімпійка”), аўтадарога Кобрын – Дзяржынск (“старая Маскоўская дарога”), чыгунка Брэст – Мінск. Праходзяць тут акрамя мясцовых яшчэ дзве аўтадарогі рэспубліканскага значэння.

Найбольш важная сучасная экалагічная функцыя “Баранавіцкага” – бар’ерная: буйны лясны масіў зніжае аб’ёмы атмасферных забруджванняў і ў цэлым аздараўляе санітарна-экалагічную сітуацыю ў Баранавіцкім густанаселеным транспартна-прамысловым вузле.

Сярод раслін лясной фармакапеі заказніка ў найбольшай меры выкарыстоўваецца чарніца. Біялагічныя ўраджаі чарніцы ўсё ж тут параўнальна невысокія. Дадзеныя па нарыхтоўках чарніцы ды і многіх іншых лекавых раслін, менавіта з тэрыторыі заказніка адсутнічаюць. Але і наяўныя дадзеныя Брэсцкага ВЛГА па нарыхтоўках на ўсёй плошчы Баранавіцкага лясгаса ў параўнанні з аналагічнымі дадзенымі суседніх “незаказных” лясгасаў адлюстроўваюць надзвычай сціплае значэнне Баранавіцкага заказніка.

Разам з тым, ягаднікі і грыбныя месцы “Баранавіцкага” інтэнсіўна выкарыстоўваюцца насельніцтвам Баранавіч і іншых населеных пунктаў. У дні паспявання дароў лесу штодня ўгоддзі “Баранавіцкага” наведваюць да 3–4 тыс. чалавек. Па грыбных рэсурсах, асабліва па восеньскіх грыбах, Баранавіцкі лясгас ў Брэсцкай вобласці з’яўляецца абсалютным рэкардсменам. Аднак, радыяцыйны і хімічны кантроль дзікарослай прадукцыі, сабранай для асабістага спажывання, вельмі нізкі і да таго ж не заўсёды даступны.

У ландшафтным дачыненні ў Баранавіцкім заказніку абсалютна пераважаюць мурожныя хвойнікі, у асноўным – культуры пасляваеннай пасадкі. На другім месцы па значнасці – ельнікі.

Абiтаюць 22 вiды млекакормячых, 138 вiдаў птушак, 19 – амфiбiй i рэптылiй, 202 – насякомых. Сярод раслін і грыбоў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублiкi Беларусь тут выяўлены: дзераза баранец, арніка горная, чына горная, канюшына люпінавая, лінея паўночная, лілея кудраватая, вясёлка звычайная (усяго 13 вiдаў). Адзначаны месцапражыванні жывёл, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублiкi Беларусь: сыч махнаногі, барадатая няясыць, чорны бусел, зімародак звычайны, рысь еўрапейская, пераліўніца вялікая, блакітная ордэнская стужка, соня арэшнікавая. На тэрыторыі заказніка размешчаны два такавішчы глушцоў.

Заказнiк “Баранавiцкi” – аб’ект экалагiчнага турызму. 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Вялеська Таццяна Славаўна, гал. бiблiёграф

{/gcontent}

  1. Барановичский // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 1. С. 193–194.
  2. Баранавiцкi // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 1996. Т. 2. С. 294.
  3. Биологический (ботанический) заказник республиканского значения “Барановичский” // Особо охраняемые природные территории Брестской области. Брест : Облтипография, 1997. С. 42–45.
  4. Федотов, В. Ботанический заказник “Барановичский” / В. Федотов // Родная прырода. 2007. № 8. С. 17.
  5. Хвалей, Я. Сведкi стагоддзяў : [заказнiк “Баранавiцкi”] / Я. Хвалей // Родная прырода. 2005. № 7. С. 11.
  6. Ахоўныя жывёлы Беларусі / рэд.-скл.: Н. М. Сямашка. Мiнск : Беларуская савецкая энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1984. 114 с.
  7. Ахоўныя прыродныя тэрыторыі і помнікі прыроды Беларусі / рэд.-скл.: В. К. Мазоўка, Н. М. Сямашка. Мiнск : Беларуская савецкая энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1985. 109 с.
  8. Ахоўныя расліны Беларусі / рэд. Б. М. Прусакова. Мiнск : Выд-ва “Беларуская савецкая энцыклапедыя імя П. Броўкі”, 1983. 109 с.
  9. Красная книга Республики Беларусь : редкие и находящиеся под угрозой исчезновения виды диких животных / гл. ред.: Г. П. Пашков [и др.]. Минск : БелЭн, 2004. 320 с.
  10. Красная книга Республики Беларусь : редкие и находящиеся под угрозой исчезновения виды дикорастущих растений / гл. редкол.: Л. И. Хоружик (предисл.) [и др.]. Минск : БелЭн, 2005. 456 с.
  11. http://brestoblast.ru/zakazniki/biologicheskij-(botanicheskij)-zakaznik-respublikanskogo-znacheniya-baranovichskij

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2602 разоў Апошняя змена Пятніца, 15 Студзень 2021 11:05