Аўторак, 03 Жнівень 2021 09:38

25 жніўня 2021 г. — 475 гадоў з часу першага згадвання в. Павіцце ў пісьмовых крыніцах (Кобрынскі раён; 1546)

Вёска Павіцце (або Повіць) Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці мае багатую гісторыю, адлічвае сваё існаванне ад ХVI ст. Першае згадванне ў пісьмовых крыніцах — 25 жніўня 1546 г., сяло Паветцы Палескага ключа Ратненскага павета Каралеўства Польскага.

 

Верагодна, паселішча існавала задоўга да пісьмовага згадвання. Край знаходзіўся ў складзе Кіеўскай Русі да другой паловы XI ст., а потым увайшоў у Валынскае княства, з 1199 г. — у Галіцка-Валынскае княства. У 1385 г. гэтая тэрыторыя апынулася ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Старажылы распавядаюць, што ў старажытныя часы сяло было размешчана ва ўрочышчы «Мистечко», дзе знаходзяць асколкі глінянага посуду: за Арэхаўскім каналам, на ўзвышаным месцы злева ад дарогі Павіцце – Дзівін.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) сяло знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі, у Валынскай губерні. Трэба адзначыць, што Павіцце размяшчалася па-за вялікіх дарог, заставалася ў баку ад шляху Кобрын – Ковель, таму не падвяргалася нападу заваёўнікаў — татараў, шведаў, французаў. Транспартнай артэрыяй для жыхароў быў Арэхаўскі канал, які пабудаваны ў 1905 г.

У 1915 г. Кобрыншчына была акупіравана германскімі войскамі, многія жыхары сталі бежанцамі. Па ўмовах Брэсцкага міру (1918) паўднёвая частка Брэстчыны ўвайшла ў склад Украінскай Народнай Рэспублікі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) значныя часткі Беларусі і Украіны аказаліся пад уладай Польшчы. Павіцце — у Лелікаўскай гміне Камень-Кашырскага павета Палескага ваяводства. У асноўным у вёсцы пражывалі ўкраінцы, было 309 дамоў, 1651 жыхар. У 1930-я гг. у вёсцы працавалі школа, вячэрнія курсы, чытальня, тэатральны і харавы гурткі.

У 1939 г. Павіцце было сярод вызваленых раёнаў Заходняй Беларусі, якія далучыліся да БССР. Павіцяне ў 1940 г. звярталіся ў Брэсцкі аблвыканкам з просьбай далучэння вёскі да Украінскай ССР, але ім адмовілі. З 15 студзеня 1940 г. Павіцце ў Дзівінскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12 кастрычніка 1940 г. — цэнтр сельсавета. У Павіццеўскім сельсавеце большасць жыхароў былі ўкраінцамі, некалькі сем’яў палякаў, беларусаў-усходнікаў, 57 яўрэяў. Налічвалася 301 двор, 2328 жыхароў, маторны млын, пачатковая школа, магазін.

У Вялікую Айчынную вайну з Павіцця на фронт пайшлі 137 чалавек, з іх 72 загінулі. У першыя дні акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі яўрэяў, некалькі актывістаў. Навакольныя лясы і балоты спрыялі дыслакацыі партызанскіх атрадаў, іх тут было нямала. А яшчэ ў лясах заселі бандэраўцы, украінскія нацыяналісты, ад якіх мясцовае насельніцтва пакутавала не толькі падчас вайны, але і некалькі гадоў пасля.

Партызанскія атрады, якія злучыліся з Чырвонай арміяй у красавіку 1944 г., былі расфарміраваны, многія партызаны сталі чырвонаармейцамі. Пасля адыходу немцаў (ліпень 1944 г.) на нейкі час у Павіцці было безуладдзе, УПА запоўніла бліжэйшыя вёскі сваімі фарміраваннямі. З-за вялікага ўплыву УПА сфарміраваць у Павіцці і Лелікава сельскія Саветы не было магчымасці. Для барацьбы з бандэраўцамі былі прыцягнуты буйныя сілы, нягледзячы на тое, што на франтах працягваліся кровапралітныя баі. У Павіцці размясцілі гарнізон войскаў МДБ, быў сфарміраваны знішчальны батальён з мясцовага насельніцтва, які ўзначаліў старшы лейтэнант дзяржбяспекі А. Чумак.

Паступова мірнае жыццё наладжвалася. У 1947 г. у вёсцы працавалі хата-чытальня, бальніца, сямігадовая школа. У 1949 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас імя Будзённага. У сувязі з узбуйненнем раёнаў у жніўні 1959 г. Павіццеўскі сельсавет увайшоў у склад Кобрынскага раёна. Паводле перапісу 1959 г. Павіцце налічвала 1732 жыхары, у 1970 г. — 2244 жыхары.

У 1999 г. в. Павіцце — цэнтр саўгаса «Арэхаўскі». Дзейнічалі лясніцтва, камбінат бытавога абслугоўвання, бальніца, аптэка, ветучастак, аддзяленне сувязі, Дом культуры, бібліятэка, сталовая, сярэдняя школа, 6 магазінаў. У вёсцы 767 двароў, 1982 жыхары.

У 2011 г. в. Павіцце набыла статус аграгарадка. Вяскоўцы працуюць у сельгаспрадпрыемстве «Сяльгас-Павіцце», Павіццеўскім лясніцтве. Дзейнічаюць тры фермерскія гаспадаркі «Залатая рыбка», «Жоўтая лілея» (займаюцца рыбаводствам) і «Павіцьеўскае» (асноўны від дзейнасці — бульбаводства), некалькі індывідуальных прадпрымальнікаў. Працуюць аддзяленне банка, пошта, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, дзіцячы сад – сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, 4 магазіны, кафэ. Не закрывалі ў вёсцы лазню, што цяпер рэдкасць. Аддаленае ад раённага цэнтра, Павіцце жыве сваім спакойным, размераным жыццём. На 1 студзеня 2021 г. пражывала 1300 чалавек.

У Павіцці з павагай ставяцца да старых звычаяў і традыцый, але адчувальныя да новага. Вёска адметная сваёй моваю, у якой элементы як беларускай, так і рускай, украінскай, польскай моў. Свята-Прачысценская царква (1911) уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Маюцца тры помнікі ахвярам, партызанам і воінам Вялікай Айчыннай вайны.

Вядомыя ўраджэнцы: Уладзімір Дзехцярук, паэт, пісьменнік; Уладзімір Кузіч, ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэнаў «Знак Пашаны» і Працоўнага Чырвонага Сцяга; Сцяпан Кузіч, партыйны дзеяч; Арсень Цецярук, архітэктар, самадзейны паэт і кампазітар. З 2014 г. прысвойваецца званне «Ганаровы грамадзянін аграгарадка Павіцце Кобрынскага раёна», цяпер 9 чалавек удастоены гэтага звання.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Павіцце // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 11. С. 470.
  2. Павіцце // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4, кн. 2. C. 175.
  3. Повитье // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 242.
  4. Павіцце // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 7. С. 590.
  5. Князева, В. М. Павіцце / В. М. Князева // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 599.
  6. Земля и люди Повитья / автор текста Н. С. Васюк ; редактор П. Н. Тишук. – Брест : [б.  и.], 2014. – 43 с.
  7. Заслужаныя работнікі Беларусі : Кузіч Уладзімір Рыгоравіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 429.
  8. Известные люди. Кузич Владимир Григорьевич // Азбука моей малой родины : 505-летию д. Стригово посвящается / под ред. С. Д. Курачук. Кобрин, 2018. С. 13.
  9. Кузич Владимир Григорьевич // Кто есть Кто в Республике Беларусь : справочное издание / под ред. И. В. Чекалова. Минск, 2005. Т. 2. С. 186.
  10. Павіццеўская Прачысценская царква / Г. А. Лаўрэцкі // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 11. С. 470.
  11. Повитьевская церковь Рождества Богородицы // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 242243.
  12. Мароз, В. В. XII стагоддзе. Павіцце / В. В. Мароз // Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. Мінск, 2018. С. 177178.
  13. Об учреждении звания «Почетный гражданин аг. Повитье Кобринского района» и утверждении Положения о порядке присвоения звания «Почетный гражданин аг. Повитье Кобринского района» : решение Повитьевского сельского исполнительного комитета, 31 октября 2014 г., № 115. Повитье, 2014.
  14. Д. Повитье, центр сельсовета. Братская могила партизан и жертв фашизма. Братская могила партизан и жертв фашизма. Памятник землякам.Пречистенская церковь // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 261–262.
  15. Помнікі архітэктуры. Вёска Павіцце, цэнтр сельсавета. Прачысценская царква (1911). Помнік архітэктуры псеўдарускага стылю ў эклектыцы // Гісторыка-культурная спадчына Кобрыншчыны / Аддзел культуры Кобрынскага райвыканкама ; склад. Ю. А. Барысюк. Баранавічы, 2001. С. 12.
  16. Тетерук, А. Ноктюрн Полісся : [песня на словы А. Тетерука, Т. Сергійчука] / Арсень Тетерук // Справа. Мінск, 2015. Вып. 2. С. 232.
  17. Ширко, В. Стриговские горизонты : документальная повесть о заслуженном работнике сельского хозяйства Республики Беларусь В. Г. Кузиче / Василь Ширко. – Минск : Парадокс, 2017. 191 с. : ил.
  18. Бялоў, Д. Вячаслаў Сашко: «Жыццё навучыла верыць людзям» : [былы дырэктар унітарнага прадпрыемства В. Сашко прымаў актыўны ўдзел у жыцці аг. Павіцце] / Дзмітрый Бялоў // Кобрынскі веснік. 2020. 29 лютага. С. 3.
  19. Яскевіч, С. Гаспадарскі падыход : [пра жыццё Павіццеўскага сельсавета] / Святлана Яскевіч // Звязда. 2020. 17 студзеня. С. 15.
  20. Яскевіч, С. Капялюш з пяром : [пра захаванне традыцыйнага касцюма ў в. Павіцце Кобрынскага раёна] / Святлана Яскевіч // Звязда. 2019. 28 снежня. С. 1, 3.
  21. Павіццеўскі куточак : [тэматычная старонка] // Кобрынскі веснік. 2019. 7 жніўня. С. 4.
  22. Бакун, А. Служыць зямлі і людзям : [старшыня Павіццеўскага сельвыканкама М. Сухарэвіч аддаў працы на роднай зямлі і служэнню сваім землякам 37 гадоў] / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. 2018. 14 сакавіка. С. 5.
  23. Цвирко, В. 150 золотых маршрутов моей Беларуси : Повитье : [о памятниках архитектуры юга Кобринского и Малоритского районов] / Владимир Цвирко ; материал подготовила Юлия Лабецкая // 7 дней. 2018. 22 февраля. С. 2425.
  24. Пашкович, Л. Из механизаторов в научные сотрудники : [в 2016 г. И. Н. Тетерук стал почётным гражданином аг. Повитье] / Людмила Пашкович // Кобрынскі веснік. 2017. 22 красавіка. С. 4.
  25. Пашковіч, Л. Мастак па жыцці : [пра мастака, ганаровага грамадзяніна аг. Павіцце М. Р. Брышцена] / Людміла Пашковіч // Кобрынскі веснік. 2017. 22 красавіка. С. 6.
  26. Марчук, Н. Село Повить: расцвет и трагедия / Нина Марчук // Кобрин-информ. 2016. 7 января. С. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 621 разоў