Пятніца, 06 Жнівень 2021 09:59

13 жніўня 2021 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Іванавіча Лышчыка (1951–2011), скульптара

Аляксандр Іванавіч Лышчык нарадзіўся 13 жніўня 1951 г. у г. Камянцы Брэсцкай вобласці. Бацька, Іван Сямёнавіч Лышчык, працаваў у перасоўнай механізаванай калоне № 14; маці, Клаўдзія Арцёмаўна, — медсястрой у раённай бальніцы. З дзяцінства Саша захапляўся лепкай, яго лепшым сябрам быў пластылін. Ствараў звычайна салдацікаў — цэлыя арміі, што зусім і не дзіўна для хлапчука пасляваеннага пакалення. Так дзіцячая гульня, прыродная цяга да творчасці перараслі ў моцнае патрабаванне займацца творчасцю прафесійна.

 

Аляксандр скончыў Камянецкую СШ № 1 (1968) і паступіў у Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, але правучыўшыся год, вырашыў, што архітэктура — не яго прызванне, і без ваганняў пакінуў вучобу. З 1971 г. працаваў у Камянцы мастаком-афарміцелем і загадчыкам мастацкай майстэрні пры аддзеле культуры. Займаўся вырабам помнікаў, інкрустацыяй, чаканкай па метале, разьбой па дрэве. Менавіта тут сфарміравалася канчатковае жаданне стаць скульптарам.

У 1973 г. Аляксандр Лышчык пазнаёміўся з будучай жонкай, Зояй Савельеўнай Раманчук, якая на той час працавала метадыстам у гарадскім Доме культуры. У шлюбе яны маюць дачку Ірыну і сына Вячаслава, падрастаюць чацвёра ўнукаў. Аляксандр Іванавіч быў добрым і чулым сем’янінам, уважліва ставіўся да ўнукаў, знаёміў са сваёй творчасцю, стараўся прывіць ім пачуццё прыгожага.

Толькі ў 1977 г., пасля некалькіх спроб, паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на скульптурнае аддзяленне. Вучыўся ў выдатных педагогаў: Генадзя Мурамцава, Анатоля Анікейчыка, Міхаіла Шкробата. Скончыў інстытут у 1983 г. з дыпломнай работай «Помнік градарубу Алексе» для роднага горада (устаноўлены ў 1988 г.). Аляксандр Іванавіч хацеў і планаваў зрабіць для Камянца больш. Дарэчы, помнік на брацкай магіле ў Прускаўскім лесе (1984) таксама яго студэнцкая работа.

З 1985 па 1991 г. А. І. Лышчык займаўся выкладчыцкай дзейнасцю на кафедры скульптуры Акадэміі мастацтваў. У 1983 г. заснаваў у Мінску сваю творчую майстэрню. У Беларускім саюзе мастакоў з 1996 г. Працаваў у галіне манументальнай і станковай скульптуры.

Скульптура мае многа напрамкаў і не толькі мастацкіх. Майстар выбірае матэрыял, а потым, у адпаведнасці з выбарам, асвойвае тэхналогію апрацоўкі. Аляксандр Лышчык спыніўся на бронзе, бо «на душу легла». Бронза вельмі працаёмкі ў тэхнічным плане матэрыял, які асвоены майстрамі XVIIIXIX стст., і малады беларускі скульптар стаў знаўцам усіх тонкасцей ліцця, ведаў, як зрабіць сплаў, каб атрымалася якасная работа, асабліва скульптура з дробнай пластыкай.

У мастака сфарміравалася дакладная творчая манера, выпрацаваўся свой непаўторны мастацкі стыль. У пошуках мастацкіх формаў звяртаўся да гістарычных персанажаў. Перш, чым прыступіць да новай работы, шмат чытаў, вывучаў гісторыю быту, касцюма, працаваў з архіўнымі матэрыяламі.

Аўтар шэрага твораў малых архітэктурных форм, якія сталі знакавымі. У г. Бабруйску Магілёўскай вобласці ўстаноўлена фігура «Бабёр» (2006), якую майстар адліў з бронзы па малюнку мастака Уладзіміра Мікалаевіча Гаўрыленкі. Бабёр-франт, які прыносіць поспех, пераўтварыўся ў візітную картку горада. У г. Оршы Віцебскай вобласці з’явілася скульптурная група — крэсла-трон і побач чаравічак (2008), якая нагадвае пра казку Шарля Перо «Папялушка». Кампазіцыю скульптар прысвяціў сваёй унучцы Вікторыі, аб чым сведчыць надпіс на асобнай шыльдачцы.

Напамінам аб гістарычным мінулым г. Кобрына Брэсцкай вобласці стала кампазіцыя «Заснавальнікі горада. Князь Уладзімір Васількавіч і княгіня Вольга» (2009). Таксама ў Кобрыне ўстаноўлены кампазіцыі «Купалле» (2009), «Боцман» (2009).

Сваіх персанажаў мастак надзяляў асаблівым пачуццём, вытанчанасцю, грацыёзнасцю, дасканалымі прапорцыямі і пластыкай. Аўтар шматлікіх помнікаў воінам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі. У творчым актыве мастака шырокі спектр прызоў і сувенірных кампазіцый, створаных для міжнародных мерапрыемстваў і чэмпіянатаў, работ бытавога прызначэння.

Работы майстра знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Арабскіх Эміратаў, Англіі, Бельгіі, Італіі, Кітая, ЗША, Швецыі.

А. І. Лышчык вельмі хацеў стварыць Цэнтр беларускай скульптуры. Таму што, на вялікі жаль, творы нашых таленавітых скульптараў у большасці сваёй сёння сыходзяць у замежжа, дзе цэніцца аўтарская ручная работа, і яны запатрабаваны. З аднаго боку, майстры становяцца сусветна вядомымі, з другога — Беларусь губляе частку культурнай спадчыны.

Аляксандр Іванавіч меў вялікі творчы патэнцыял і жаданне працаваць, але цяжкая хвароба не дала ажыццявіць усе задумы, 24 мая 2011 г. яго не стала. Пахаваны на Паўночных могілках г. Мінска. Сын Вячаслаў, якога Аляксандр Іванавіч шмат чаму навучыў, завяршыў незакончаныя работы бацькі, у верасні 2017 г. арганізаваў выставу «Застылая мелодыя душы» ў галерэі «Акадэмія».

29 ліпеня 2021 г. у Палацы мастацтваў у Мінску была адкрыта аўтарская выстава «Аляксандр Лышчык. Скульптура», прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння скульптара. Экспазіцыя сабрала творчыя праекты, эскізы і ўвасобленыя ў жыццё работы скульптара.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Лыщик Александр Иванович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 48.
  2. Лышчык Аляксандр Іванавіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 510.
  3. Лыщик Александр Иванович // Кто есть кто в Республике Беларусь. 2009. Минск, 2009. С. 141–142.
  4. Лышчык Аляксандр Іванавіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 328.
  5. Янкина, А. Руками сына продолжается дело отца : [о скульпторе А. И. Лыщике и его сыне Вячеславе] / Анастасия Янкина // Навіны Камянеччыны. 2021. 31 ліпеня (№ 31). С. 16–17.
  6. Осташеня, А. Открываем Каменец заново. Скульптурная композиция «Памятник градорубу Алексе» / Андрей Осташеня // Навіны Камянеччыны. 2019. 16 марта (№ 11). С. 18–19.
  7. Леонович, Ю. Сын за отца : [о выставке скульптур А. Лыщика, организованной его сыном Вячеславом] / Юлиана Леонович // Советская Белоруссия. 2017. 27 сентября. С. 13.
  8. Завадская, И. Посвящается счастью : [воспоминания вдовы и сына скульптора АЛыщика] / Ирина Завадская // Советская Белоруссия. 2016. 12 ноября. С. 16.
  9. Совпель, А. Вечер-портрет : [в Каменецкой центральной районной библиотеке к 65-летию скульптора А. Лыщика] / Анна Совпель // Навіны Камянеччыны. 2016. 5 лістапада (№ 45). С. 23.
  10. Табольчык, Л. Яму было што сказаць… : [пра скульптара А. Лышчыка] / Ларыса Табольчык // Навіны Камянеччыны. 2016. 13 жніўня (№ 33). С. 3.
  11. Потоня, В. Три девушки и боцман с попугаем : [о новых скульптурных композициях в Кобрине] / В. Потоня // Рэспублiка. 2009. 28 лiстапада. С. 5.
  12. Шевченко, А. Бронзовые скульптуры — украшение к празднику : малые архитектурные формы, вернувшие в последние годы себе былую популярность, украсили Кобрин / Алла Шевченко // Кобрин-информ. 2009. 17 сентября. С. 1.
  13. Лыщик, А. «Главное не споткнуться» / А. Лыщик ; беседовала Т. Черная // Минский курьер. 2003. 14 марта.
  14. Падаляк, Т. Жураўлі Аляксандра Лышчыка / Таццяна Падаляк // Звязда. 2001. 24 сакавіка. С. 2.
  15. Украсит Каменец // Советская Белоруссия. 1989. 2 февраля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 553 разоў