Аўторак, 19 Люты 2013 10:23

2013 г. – 35 гадоў з часу заснавання (1978) біялагічнага заказніка рэспубліканскага значэння “Радастаўскі” (Драгiчынскi р-н)

Радастаўскі рэспубліканскі ландшафтны заказнік ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці абвешчаны пастановамі Савета Міністраў БССР ад 22 жнiўня 1978 г. № 252 і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2007 г. № 1833. Заказнiк створаны ў мэтах захавання ўнікальных лесабалотных экалагічных сістэм, раслін і дзікіх жывёл, якія адносяцца да відаў уключаных ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, а таксама месцаў іх распаўсюджвання.

Створаны ў 1978 годзе з мэтай аховы прыродных запасаў лекавых раслін і арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі лекавай сыравіны. Агульная плошча заказніка – 6857 га.

Знаходзiцца на поўдзень ад вёскi Радастава, на паўднёвым захадзе Драгiчынскага раёна. Паўднёвая мяжа заказнiка супадае з дзяржаўнай мяжой Беларусi i Украiны, заходняя – з адмiнiстрацыйнай мяжой Драгiчынскага i Кобрынскага раёнаў. Тэрыторыя прадстаўляе сабой азёрна-алювіальную раўніну, якая на поўдні зліваецца з першай надпойменай тэрасай ракі Прыпяць. Астатковыя азёры Белае, Валянскае, Арэхава і іншыя ўтварыліся на месцы старажытнага крупнага вадаёма. Рэльеф плоскi, слаба вогнуты, пераважаюць абсалютныя адзнакi меней 150 м. Максiмальная адзнака – Крывая Гара (155 м).

Рачная сетка адсутнiчае. Адносна буйное возера на паўднёвым усходзе заказнiка – Белае – мае плошчу 5,2 кв. км, максiмальную глыбiню 11, 6 м.

Большая частка заказніка – забалочаны лясны масіў; уздоўж возера Белае – пясчаныя і супясчаныя бугры і грады. Лясы займаюць 82% (пераважаюць хвойнікі). Хваёвыя бары на вяршынях бугроў, па схілах – з дамешкамі асіны, дуба, вольхі. Бярэзнікі (24%) і чорна-алешнікі (19%) з дамешкамі асіны, дуба, граба, ясеня. Дубровы (1,4%) з відамі раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублiкi Беларусь: венерын чаравічак сапраўдны, смярдзюх звычайны, зубніца клубняносная, касач сібірскі, лілея кучаравая, пылкагалоўнік чырвоны. 3 лекавых раслін распаўсюджаны буквіца, валяр'ян, жывакост і купена лекавыя, багун, лотаць, шабельнік і ўвярэднік балотныя, святаяннікі плямісты і прадзіраўлены, ландыш майскі, талакнянка, крушына ломкая і іншыя; чарнічнікі займаюць 19% тэрыторыі, журавіннікі – 3%. На тэрыторыi заказнiка ляснiцтвам дазволены збор i нарыхтоўка лекавага сыр’я, у тым лiку зверабоя, багульнiка, чарнiцаў, журавiн, чабраца, падарожнiка, бяссмертнiка i iншых раслiн.

Жывёльны свет заказніка багаты па відавому складу: лось, дзік, казуля, лісіца, янотавідны сабака, лясная куніца, амерыканская норка і iншыя; з арнітафауны – фіфі, бекас, балотны і лугавы луні, клінтух, вяхір, рабчык і iншыя. У ліку рэдкіх відаў, занесеных у Чырвоную кнігу, сустракаюцца барсук, рысь, чорны бусел, палявы лунь, карасцель, шэры журавель, філін, таксама земнаводныя – грабенчаты трытон і балотная чарапаха.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Драгiчынскай цэнтральнай раённай бiблiятэкай.
Трыфанава Наталля Iванаўна, гал. бiблiёграф

  1. Радостовский // Заповедные территории Беларуси / сост. П. И. Лобанок. Минск : БелЭн, 2008. С. 324–327.
  2. Радостовский // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. : Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 298.
  3. Радостовский // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 366.
  4. Радастаўскi // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск : БелЭн, 2001. Т. 13. С. 206.
  5. Биологический заказник республиканского значения «Радостовский» // Особо охраняемые природные территории Брестской области. Брест : Облтипография, 1997. С. 69–70.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2181 разоў Апошняя змена Аўторак, 20 Красавік 2021 10:12