Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 08 Верасень 2021 09:20

27 верасня 2021 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Яўгеніі Аляксандраўны Уласюк (1946–2017), грамадскага дзеяча

Яўгенія Аляксандраўна Уласюк (Власюк) нарадзілася 27 верасня 1946 г. у вёсцы Вялікая Курніца Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці. Бацька працаваў рабочым на чыгунцы. Закончыла Чарнаўчыцкую сярэднюю школу (1964). Працавала старшай піянерважатай у Церабуньскай васьмігодцы (1964–1966), метадыстам Брэсцкага раённага Дома піянераў і школьнікаў (1966–1967).

 

Яўгенія Уласюк адрознівалася актыўнай жыццёвай пазіцыяй, мела арганізатарскія здольнасці. З верасня 1967 г. перайшла на камсамольскую работу. Назначана загадчыкам аддзела школ Брэсцкага райкама ЛКСМБ. Адначасова з’яўлялася інструктарам, затым намеснікам загадчыка аддзела студэнцкай моладзі і піянераў Брэсцкага абкама ЛКСМБ.

У 1971 г. завочна закончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага У маі 1971 г. назначана загадчыкам аддзела студэнцкай, навучэнцкай моладзі і піянераў Брэсцкага абкама ЛКСМБ. 25 студзеня 1974 г. абрана сакратаром Брэсцкага абкама ЛКСМБ.

З верасня 1977 г. па красавік 1978 г. — слухач Мінскай вышэйшай партыйнай школы. У сувязі са стварэннем у г. Брэсце Ленінскага і Маскоўскага раёнаў была адазвана з партшколы, 28 красавіка 1978 г. абрана сакратаром Ленінскага райкама КПБ па ідэалогіі. У 1981 г. закончыла Мінскую вышэйшую партыйную школу. З 11 лістапада 1983 г. — сакратар Брэсцкага гаркама КПБ па ідэалогіі.

Яўгенія Аляксандраўна выйшла замуж за Міхаіла Андрэевіча Дабрыніна
(1930–2011), дацэнта Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. У 1987 г. нарадзіла сына Яўгенія.

23 лістапада 1988 г. Я. А. Уласюк была абрана старшынёй Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў культуры. На гэтай пасадзе праявіла сябе актыўным дзеячам за правы людзей, вырашала шматлікія праблемы. У гэты час у СССР ішла перабудова, пачаліся ідэалагічныя змены і эканамічныя цяжкасці. Яўгенія Аляксандраўна не пакінула камуністычных перакананняў, не губляла асноўнага стрыжня — штодня клапаціцца аб людзях, забываючы пра сябе.

У 1990-я гг. прафсаюзы аказаліся ледзь не адзінай сілай, якая змагалася за правы працоўных у час балючага пераходу да рыначных адносін. Абкам прафсаюза работнікаў культуры імкнуўся вырашаць праблемы своечасовай выплаты зарплаты, уладкавання маладых спецыялістаў, размеркавання санаторных пуцёвак, выдзялення жылля (права ўступіць у будаўнічы кааператыў), скарачэння штатаў культасветустаноў, пераатэстацыі супрацоўнікаў. Яўгенія Аляксандраўна некага ўладкоўвала ў бальніцу, камусьці «выбівала» грашовую дапамогу, увесь час у яе былі справы.

Шмат клопату патрабаваў піянерскі лагер «Зорка» ў прыгожым месцы на беразе Мухаўца (Жабінкаўскі раён). Трэба было своечасова рабіць рамонт, добраўпарадкаваць тэрыторыі, сабраць штат работнiкаў i педагогаў, а галоўнае — добра накарміць дзяцей, калі ў магазінах прадукты былі па талонах. Напрыканцы летняга перыяду на базе «Зоркі» наладзілі адпачынак бацькоў з дзецьмі. Для Яўгеніі Аляксандраўны гэты лагер стаў практычна справай жыцця, захоўвала і развівала яго, калі іншыя прафсаюзныя лагеры ўжо прыватызавалі.

У пачатку 1990-х назіраўся бум росту дачнікаў, якія хацелі атрымаць зямлю для агародаў і садоў, абкам заняўся распрацоўкай выдзеленага для работнікаў культуры ўчастка ля в. Струга. Абкам клапаціўся пра традыцыйныя навагоднія падарункі дзецям, а каб набыць цукеркі болей танна, заключалі дагаворы з фабрыкай напрамую.

Яўгенія Аляксандраўна ўнікала ў кожную праблему чалавека, з якой той звяртаўся. Шмат людзей удзячны ёй за клопат і дапамогу. Яна любіла павіншаваць з юбілеем актывістаў прафкамаў шчыра ад душы, прыходзіла з букетам. Сямнаццаць гадоў, якія былі вельмі складанымі для станаўлення Беларусі як незалежнай краіны, Я. А. Уласюк была на чале буйной абласной арганізацыі. З 10 чэрвеня 2005 г. — загадчык сацыяльна-эканамічнага аддзела абкама прафсаюза работнікаў культуры. Заставалася ў радах Камуністычнай партыі Беларусі.

У апошнія месяцы жыцця Яўгенія Аляксандраўна цяжка хварэла. З мая 2017 г. знаходзілася ў Кобрынскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Аб яе стане непакоілася старшыня абкама прафсаюзаў работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Галіна Уладзіміраўна Крынец. Я. А. Уласюк памерла 17 кастрычніка 2017 г., пахавана на гарадскіх могілках «Плоска новая» (сектар 57А).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. [Власюк Евгения Александровна : информация о смерти] // Заря. 2017. 19 октября. С. 17.
  2. Курэц, А. За ведамi — у «Зорку» : [пра семiнар-вучобу старшынь прафсаюзных арганiзацый абкама прафсаюза работнiкаў культуры на базе дзiцячага лагера «Зорка»] / Аляксандр Курэц // Народная трыбуна. 2005. 20 жніўня. С. 3.
  3. Гашчук, Г. Семiнар актыву : [пра абласны семiнар прафсаюзнага актыву работнiкаў культуры на базе лагера «Зорка» (Жабінкаўскі раён)] / Галiна Гашчук // Навiны Палесся. Столiн, 2004. 27 жніўня.
  4. Охремук, Л. И зазвенят на зорьке детства голоса... : [о детском оздоровительном лагере «Зорька» обкома профсоюза работников культуры] / Лариса Охремук // Заря. 2004. 12 июня.
  5. Олешко, Т. О профсоюзных взносах не жалеем : [об оздоровительном лагере «Зорька»обкома профсоюза работников культуры] / Т. Олешко // Вечерний Брест. 2001. 21 сентября. С. 8.
  6. Власюк, Я. Многае можа прафкам : [пра аздараўленне дзяцей работнікаў культуры ў летнім лагеры «Зорка»] / Я. Власюк // Народная трыбуна. 1997. 14 чэрвеня.
  7. Ахрэмук, Л. Культура на задворках : [пра ХVIII абласную справаздачна-выбарчую канферэнцыю прафсаюза работнікаў культуры] / Л. Ахрэмук // Народная тырбуна. 1995. 7 кастрычніка.
  8. Хто абароніць культуру? : [пра VIII пленум абкама прафсаюза работнікаў культуры] // Народная трыбуна. 1995. 25 лютага.
  9. Вышынскі, А. «Зорка» падарыла радасць : [пра піянерскі лагер «Зорка» абкама прафсаюза работнікаў культуры] / А. Вышынскі // Народная трыбуна. 1991.
    8–14 ліпеня. С. 2.
  10. Опасно как в шахте : [о пленуме обкома профсоюза работников культуры по вопросам охраны труда] // Заря. 1991. 30 июля. С. 4.
  11. Муха, Ф. На разных языках : [о ХVII областной конференции профсоюза работников культуры] / Ф. Муха // Заря. 1989. 13 декабря.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 553 разоў