Аўторак, 19 Люты 2013 10:24

2013 г. – 90 гадоў з часу стварэння (1923) Мікашэвіцкага леспрамгаса

Уладальнiк многiх лясоў Мазырскага павета Д. С. Агаркаў пабудаваў у 1898 годзе ў мястэчку Мікашэвічы лесапільна-фанерны завод, які выпускаў дошкі, фанеру, гонку, сталярныя і будаўнічыя матэрыялы, скрынкі для кандытарскіх вырабаў, тытуню і папяросных гільзаў.

У 1898 годзе завод меў паравую машыну (60 к.с.), у 1910 – 3 паравыя рухавікі (200 к.с.). У 1898 годзе на заводзе працавалi 23 чалавекi, а гадавая вытворчасць склала 241 975 руб. У 1913 годзе на прадпрыемстве было задзейнічана ўжо 250 чалавек. Завод меў склады прадукцыі ў Маскве, Харкаве, Адэсе, Лондане і Парыжы.

У 1921 годзе, калі Мікашэвічы адышлі да Польшчы, зноў з’явіўся Агаркаў. На гэты раз, каб прадаць прадпрыемства франка-бельгійскай кампаніі “Агахель” і “Ольза”. У 1923 годзе дрэваапрацоўчае прадпрыемства стала ўласнасцю замежных фірм, завод стаў самым буйным ва Усходняй Еўропе. Каб лягчэй было падвозіць лес, да завода была пракладзена вузкакалейка. Уручную пракапалі цэлую сістэму адводных каналаў, таму што мясцовасць вакол Мікашэвіч была забалочана. Па каналах лес дастаўляўся сплавам ад ракі Случ. Былі выкапаны вадасховішчы, куды сплаўляўся лес, і дзе марыўся сам па сабе дуб. Галоўным напрамкам дзейнасці фірмы “Ольза” ў гэты час з’яўляўся выпуск фанеры для авіябудаўніцтва.

У час Вялікай Айчынай вайны завод быў разбураны. Невялікую колькасць абсталявання вывезлі на Урал, а пасля вайны прывезлі назад. Вузкакалейкі былі разбураны, і таму да 1968 года лес пераплаўлялі сплавам.

Да 1952 года лесазавод называўся Мікашэвіцкі фанерны завод, дырэктарам быў Краўцоў. З 1957 года – дырэктар Філіпчык Леанід Фёдаравіч, які працаваў да 1980 года, пакуль не ўтварыўся леспрамгас. З гэтага часу дырэктарам з’яўляўся Плотніцкі Іван Міхайлавіч. З лістапада 2009 года ў леспрамгасе быў дырэктар Балашоў Канстанцін Канстанцінавіч, але праз пэўны час гэтую пасаду займае Канонка Мікалай Паўлавіч.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Лунiнецкай цэнтральнай раённай бiблiятэкай.
Бабута Алена Уладзiмiраўна, гал. бiблiёграф аддзела абслугоўвання i iнфармацыi

  1. Мікашэвіцкі лесапільна-фанерны завод // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск : БелЭн, 1999. Т. 10. С. 353.
  2. Мікашэвічы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць. Мiнск : БелЭн, 2007. С. 234.
  3. Мікашэвіцкі лесапільна-фанерны завод // Памысловыя прадпыемствы дарэвалюцыйнай Беларусі / аўт.-скл. М. Ф. Болбас. Мiнск : БелСЭ, 1988. С. 103.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2178 разоў Апошняя змена Пятніца, 20 Сакавік 2020 12:10