Пятніца, 08 Кастрычнік 2021 09:18

10 кастрычніка 2021 г. — 50 гадоў з дня нараджэння Вячаслава Віктаравіча Калацэя (1971), беларускага культуролага, фалькларыста, этнографа

Вячаслаў Віктаравіч Калацэй нарадзіўся 10 кастрычніка 1971 г. у г. Камянцы Брэсцкай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Бацька, Віктар Іванавіч Калацэй, — настаўнік матэматыкі, дырэктар Камянецкай СШ № 1 (1975–1996); маці, Лізавета Цярэнцьеўна, працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры. У 1988 г. Вячаслаў скончыў Камянецкую сярэднюю школу з сярэбраным медалём.

 

З 1988 г. быў навучэнцам Брэсцкага музычнага вучылішча, займаўся па класе альта ў педагога В. Супроненка. У 1990 г. паступіў у Мінскі дзяржаўны інстытут культуры, які скончыў у 1996 г. з адзнакай. Атрымаў спецыяльнасць «Арганізацыя народнай творчасці», кваліфікацыю кіраўніка народнага хору, ансамбля, выкладчыка харавых дысцыплін. У гэтым жа годзе паступіў у аспірантуру Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Тэорыя і гісторыя культуры».

У 1997 г. Вячаслаў Калацэй назначаны загадчыкам аддзела народных мастацкіх рамёстваў і фальклору Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі. У 2000 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Традыцыйная культура беларуска-літоўскага сумежжа: структура мыслення і паводзін» з прысуджэннем яму навуковай ступені кандыдата культуралогіі.

Па запрашэнні рэктара БДУКМ Ядзвігі Грыгаровіч у 2003 г. Вячаслаў Віктаравіч стаў першым дэканам факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва.Выкладаў дысцыпліны «Этнаграфія, міфалогія і фальклор беларусаў», «Гісторыя фалькларыстыкі», «Клас фальклорнага выканальніцкага майстэрства».

У 2007 г. В. В. Калацэй атрымаў другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне сацыяльнай сферай» у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З 2009 г. з’яўляецца загадчыкам кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ. Навукова-педагагічная дзейнасць культуролага ўвесь час звязана з універсітэтам. У 2010 г. Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспублікі Беларусь яму было прысвоена вучонае званне дацэнта па спецыяльнасці «Культуралогія».

Даследуе традыцыйную культуру Еўропы, структуру мыслення і паводзін яе носьбітаў, тэорыю і практыку аховы гісторыка-культурнай спадчыны чалавецтва, займаецца аўдыявізуальнай антрапалогіяй. Шэраг прац Вячаслава Калацэя прысвечаны выяўленню вытокаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Еўразіі ад неалітычных часоў да зацвярджэння ў ёй сусветных рэлігій, адлюстраваных у міфах, занатаваных у тэкстах яе архаічных і руральных (вясковых) суполак.

У манаграфіі «Параўнальная міфалогія» (2009) даследчык прыходзіць да высновы, што міфалогія, рэпрэзентаваная ў этыялагічных тэкстах руральных асяродкаў, генетычна звязана хутчэй са стараеўрапейскімі, чым з індаеўрапейскімі міфалагічнымі сістэмамі.

Аўтар больш за 200 публікацый па пытаннях традыцыйнай культуры. Асобныя пытанні этыялагічнага дыскурсу разглядаюцца Вячаславам Калацэем у артыкулах «Раннетрадыцыйная класіка песень Беларускага Паазер’я і Паўднёвай Аўкштайтыі» (1997), «Ля вытокаў культуры. Міфалогія Беларусі: досвед структурнага аналізу» (2001), «Метад „уключанага назірання“ ў дыдактыцы творчых ВНУ» (2011). Удзельнік калектыўных манаграфій «Культурная спадчына: сацыялагічна-культуралагічныя даследаванні» (2001), «Штудыі Рэспубліканскай сезоннай фальклорнай школы» (2007), «У тэзаўрусе Беларусі» (2011).

Аўтар сцэнарыяў антрапалагічных фільмаў «Адраджэнне абрада Ваджэнне і пахаванне Стралы ў вёсках Стаўбун і Неглюбка» (2011), «Сонца — на лета, зіма — на мароз!» (2010).

Арганізатар першых Рэспубліканскіх змен этнакультурнага выхавання ў летніку «Зубраня» (2000); першых дударскіх этна-дыскатэк Беларусі (2001–2005); лідар-заснавальнік гурта дударскай музыкі і этнаспеваў «Vietakh» («Ветах») (1997) — дыпламанта фестываляў Еўрапейскага вяшчальнага саюза(«радыйнага» аналага «Еўрабачання») «EBU contemporary folk» у Харватыі, Германіі і Швецыі (2010–2014). Пад яго кіраўніцтвам «Ветах» прадстаўляў фальклор Беларусі ў Палацы Нацый(Жэнева), штаб-кватэры ААН (2017).

В. В. Калацэй узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Беларусі (2017), Ганаровай граматай БДУКМ (2005).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Калацэй, В. В. Параўнальная міфалогія : манаграфія / Вячаслаў Калацэй. – Мінск : Зорны верасень ; Паркус плюс, 2009. – 115 с. : іл.
  2. Калацэй, В. В. Традыцыйная культура беларуска-літоўскага сумежжа: структура пазнання і паводзін : аўтарэферат дысертацыі ... кандыдата культуралогіі : 24.00.01 / Калацэй Вячаслаў Віктаравіч. – Мінск, 2000. – 24 с.
  3. Калацей, В. В. Модель обучения творческому искусству устной традиции в ВУЗе (опыт кафедры этнологии и фольклора БГУКИ) / В. В. Калацей // Тэорыя фальклору : вучэб.-метад. дапаможнік / Э. Дарашэвіч. Мінск, 2016. С. 38–40.
  4. Калацэй, В. Рыгор Шырма — збіральнік фальклору, тэарэтык і метадолаг палявых даследаванняў / Вячаслаў Калацэй // Фалькларыстычныя даследаванні: кантэкст, тыпалогія, сувязі : зб. навук. арт. Мінск, 2011. Вып. 8. С. 21–24.
  5. Калацэй, В. Дзейнасць па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў (БДУКМ) / Вячаслаў Калацэй // Фалькларыстычныя даследаванні: кантэкст, тыпалогія, сувязі : зб. навук. арт. Мінск, 2010. Вып. 7. С. 283–287.
  6. Калацэй, В. Археаэтымалагічны метад і вывучэнне традыцыйнай культуры Цыркумбалтыйскага рэгіёна / Вячаслаў Калацэй // Роднае слова. 2015. № 10.
    С. 82–84.
  7. Калацей, В. В. Белорусская дуда в кинохронике 1030-х годов / В. В. Калацей, К. Ремишевский // Обсерватория культуры. 2013. № 3. С. 7174.
  8. Калацэй, В. В. Да пытання месца метаду «ўключанага назірання» ў дыдактыцы творчых ВНУ / В. В. Калацэй // Искусство и культура. Витебск, 2011. № 4.
    С. 133–137.
  9. Смолік, А. І. [Калацэй Вячаслаў Віктаравіч] / А. І. Смолік // Беларуская культуралогія: гісторыя і сучаснасць / А. І. Смолік. Мінск, 2014. С. 221.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 588 разоў