Серада, 27 Кастрычнік 2021 15:28

11 лістапада 2021 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Георгія Сцяпанавіча Мусевіча (1931–2014), заслужанага трэнера Беларусі, краязнаўца

Георгій Сцяпанавіч Мусевіч нарадзіўся 11 лістапада 1931 г. у в. Дзмітравічы Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). Бацька, Сцяпан Сцяпанавіч Мусевіч, паходзіў з сялян, скончыў настаўніцкую семінарыю ў Бялай Падлясцы. Маці, Алена Пятроўна Мусевіч (Елінецкая), займалася сям’ёй, была цудоўнай гаспадыняй.

 

Выхаваннем Георгія займалася бабуля, Марыя Палікарпаўна Елінецкая, якая паходзіла з даўняга шляхецкага ўкраінскага роду Лявіцкіх. У бабулі была асабістая бібліятэка ў 5 тыс. кніг. Георгій ужо ў чатыры гады навучыўся чытаць.

Перад пачаткам Другой сусветнай вайны ў 1939 г. Георгій Мусевіч скончыў першы клас Дзмітравіцкай польскай школы, потым — два класы Дзмітравіцкай рускай школы. У 1941 г. сям’я пераехала ў Камянец. У 1944 г. Георгій пайшоў у Камянецкую рускую школу ў чацвёрты клас, а праз месяц заняткаў пераведзены ў пяты. У школе праявіў сябе як актыўная, творчая асоба, быў намеснікам рэдактара школьнай газеты, удзельнічаў у драматычным і струнным гуртках.

У дзяцінстве Георгій часта хварэў, таму стаў рэгулярна займацца спортам, самастойна навучыўся плаваць, у 1946 г. стаў чэмпіёнам вобласці па плаванні, у 1947 г. — чэмпіёнам Беларусі. У 1948 г. са сваімі сябрамі арганізаваў першую раённую спартакіяду школьнікаў. Займаўся многімі відамі спорту, паступіў у Мінскі інстытут фізічнай культуры, які скончыў у 1954 г.

Пасля заканчэння інстытута Г. С. Мусевіч працаваў настаўнікам фізкультуры Высокаўскай сярэдняй школы (1954–1959). Падрыхтаваў чэмпіёнку БССР па лёгкай атлетыцы Галіну Мяшкову, другога прызёра Усесаюзнай спартакіяды навучэнцаў бар’ерыста Уладзіміра Дацэнку, чэмпіёна Усесаюзнай спартакіяды навучэнцаў кідальніка Георгія Галаха.

У 1959 г. Георгія Сцяпанавіча прызначылі дырэктарам Высокаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы «Пушча». Школа стала лепшай у Беларусі сярод раённых спартыўных школ. Высокаўская ДЮСШ пяць разоў станавілася пераможцай у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. У ёй падрыхтаваны дзясяткі чэмпіёнаў і прызёраў рэспублікі, чэмпіёнаў СССР, міжнародных спаборніцтваў. Выхаванец школы Павел Лыжын выступаў на Алімпійскіх гульнях у Грэцыі (2004), а ў Пекіне заняў пятае месца ў штурханні ядра (2008).

У 1960-я гг. Г. С. Мусевіч упершыню ў Савецкім Саюзе ўвёў «ступенчатую» сістэму дзіцячых спаборніцтваў. Ім распрацавана больш за пяцьдзясят метадычных дапаможнікаў па фізкультуры і спорце. Прымаў удзел у рабоце II з’езда настаўнікаў Беларусі (1960). Яго досвед працы ў ДЮСШ апублікаваны ў навукова-метадычным зборніку «Спорт, молодёжь, воспитание» (Мінск, 1985). З 1980 па 1993 г. працаваў дырэктарам Камянецкай раённай ДЮСШ «Пушча».

Георгій Сцяпанавіч актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, выконваў абавязкі пазаштатнага інспектара Камянецкага аддзела адукацыі, пятнаццаць гадоў з’яўляўся старшым трэнерам зборных каманд Брэсцкага абласнога аддзела адукацыі па кіданні. Суддзя рэспубліканскай (нацыянальнай) катэгорыі. Звыш 100 выхаванцаў Георгія Сцяпанавіча атрымалі прафесію настаўніка, трэнера.

За сваю працу ўзнагароджаны медалямі «За трудовую доблесть» (1960), «Ветеран труда» (1986), нагруднымі знакамі «Выдатнік народнай асветы БССР» (1968), «Отличник просвещения СССР» (1984), 35 ганаровымі граматамі раённага і абласнога аддзелаў народнай адукацыі, Міністэрства адукацыі. Прысвоена званне «Заслужаны трэнер Беларусі» (1991).

З 1990 г. Георгій Сцяпанавіч ушчыльную заняўся вывучэннем гісторыі роднага краю. У сваіх артыкулах ён закранаў розныя пытанні і тэмы: духоўна-асветніцкае жыццё краю, малавядомыя людзі Камянецкай зямлі, гісторыя вёсак, фізкультуры і спорту. Пісаў краязнавец на рускай, украінскай, польскай, беларускай мовах. Друкаваліся артыкулы ў раённым і рэспубліканскім друку, а таксама ў Польшчы, Украіне, Англіі.

Апублікаваў звыш 200 гісторыка-краязнаўчых артыкулаў, выдаў кнігі «Мой горад» (1996), «Народ, который жил среди нас» (2009), «ThePeopleWhoLivedAmongUs» (ЗША, 2014), падрыхтаваў рукапісы «Жыцце і смерць апошняга польскага караля» (2005), «Слоўнік літаратурнай Камянеччыны» (2010), «Хрысціянства. Святыні Камянеччыны» і інш.

Георгій Сцяпанавіч прымаў актыўны ўдзел у грамадскім і духоўным жыцці Камянца. Да яго звярталіся з пытаннямі па гісторыі Камянеччыны навучэнцы школ, студэнты, святары, дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі «Халакост», «Мемарыял», «Кліч». Цесна супрацоўнічаў з Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага, перадаў у бібліятэку шэраг сваіх гісторыка-краязнаўчых рукапісаў.

Падтрымліваў кантакты з цікавымі неардынарнымі людзьмі з Беларусі, Украіны, Польшчы, Канады, ЗША, Аргенціны, Англіі. У 2006 г. прымаў удзел у праекце «Забытых таямніцаў чар», арганізаваным аб’яднаннем «Музей і цэнтр беларускай культуры» ў Гайнаўцы пад патранажам Еўрарэгіёна «Белавежская пушча». Вынікам праекта стала кніга «Забытых таямніцаў чар» (Гайнаўка, 2006) на беларускай і польскай мовах. У кнізе змешчаны легенды, сабраныя Г. С. Мусевічам на Камянеччыне.

Георгій Сцяпанавіч быў актыўным прыхаджанінам Свята-Сімяонаўскага храма ў Камянцы, некаторы час выконваў у прыходзе абавязкі старшыні рэвізійнай камісіі. Узнагароджаны медалём свяціцеля Кірылы Тураўскага Беларускай праваслаўнай царквы (2013).

Г. С. Мусевіч памёр 6 лютага 2014 г., пахаваны ў Камянцы. Застаўся ў памяці чалавекам з невычэрпнай крыніцай жыццёвай мудрасці і скарбніцай ведаў, закаханым у свой край — зямлю Камянецкую.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Творы і артыкулы Г. С. Мусевіча

  1. Народ, который жил среди нас : многострадальному еврейскому народу посвящается / Г. С. Мусевич. Брест : [б. и.], 2009. 96 с.
  2. Мой город / Г. С. Мусевич. Каменец : Г. Мусевич, 1996. 25 с.
  3. Жыццё і смерць апошняга польскага караля / Г. С. Мусевіч. – Каменец : [б. и.], 2005. – 71 с.
  4. Библиотеки на Каменетчине / Мусевич Г. С. // Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання : матэрыялы і даклады II Міжнароднай навукова-практычнай канферэцыі, Брэст, 31 мая – 3 чэрвеня 2012 г. Брэст, 2013. С. 308–317.
  5. Мой горад : урывак / Георгій Мусевіч // Песні Белавежы. Камянеччына літаратурная : проза, паэзія, публіцыстыка / уклад. З. Дудзюк. Мінск, 2005.
    С. 258–262.
  6. Стоит на высоком месте храм-красавец : [о церковной жизни г. Каменца с древности до наших дней] / Георгий Мусевич // Брестские епархиальные ведомости. 2013. № 3. С. 71–74 ; № 4. С. 66–68.
  7. На мяжы Белавежскай і Камянецкай пушчы : [пра в. Дзмітравічы] / Георгій Мусевіч // Бельскі гостінэць. 2013. № 2. С. 113–134.
  8. Алімпізм і каменчукі : аб земляках — удзельніках Алімпійскіх гульняў / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2012. 28 ліпеня. С. 14.
  9. Не на пустым месцы : [пра спартсменку І. Кулешу] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2012. 11 жніўня. С. 19.
  10. Лейкаўшчына : [пра паходжанне назвы мясціны на Камянеччыне] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2011. 10 верасня. С. 4.
  11. Малебен на месцы разбуранай царквы : [аб Крынецкай Свята-Мікалаеўскай царкве] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2011. 11 чэрвеня.
  12. Каменецкие паломники в гостях / Георгий Мусевич // Брестские епархиальные ведомости. 2011. № 4. С. 75–76.
  13. Сяло, падзеленае граніцай : [гісторыя в. Такары] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2011. 12 лютага. С. 4–5.
  14. Последний храм Каменца / Георгий Мусевич // Брестские епархиальные ведомости. 2011. № 2. С. 55–57.
  15. Трагедыя высокаўскай яўрэйскай абшчыны / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2010. 4 жніўня. С. 2.
  16. Бой не мясцовага значэння : да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2010. 26 чэрвеня. С. 4.
  17. Невядомы пісьменнік : [пра Ехешкеля Коціка] / Георгій Мусевіч // Літаратура і мастацтва. 2009. 6 лютага. С. 6.
  18. Зацікавіла невядомае імя : [пра назву вул. Піўненка ў г. Камянцы] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2008. 4 кастрычніка.
  19. Пра мінулае Камянецкага стаўпа / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2007. 21 ліпеня. С. 3.
  20. Высокаўскі Шагал : [пра мастака Юзэфа Харытона] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2007. 6 чэрвеня. С. 3.
  21. Горад учора і сёння / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2006. 22 ліпеня. С. 7.
  22. Свяшчэннік, пісьменнік з Вайской : [пра Плакіда Янкоўскага] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2009. 12 студзеня.
  23. Народ, які жыў сярод нас : [аб жыцці яўрэяў] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2004. 13 кастрычніка.
  24. Зубачы «адрэзала» граніца / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2004. 17 красавіка. С. 6.
  25. Найстарэйшая царква — у Вайской / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2004. 3 красавіка.
  26. Мандаліна нагадала: землякі : [пра аўтабіяграфічную аповесць Васіля Жуковіча «Як адна вясна»] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2004. 18 лютага.
  27. Царкоўнікі, царква… / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2004. 10 студзеня.
  28. На высоком холме стоит храм-красавец : [о Свято-Симеоновском храме г. Каменца] / Георгій Мусевич // Царкоўнае слова. 2003. № 15. С. 11.
  29. Што ведаем пра колішняга ўладара Вярховічаў? / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2002. 23 кастрычніка.
  30. Да напісання абраза благавернага князя Валынскага Уладзіміра-Іаана — заснавальніка Камянца / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2002. 20 ліпеня.
  31. Вытокі нашых прозвішчаў / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2002. 13 лютага.
  32. Нашаму роду няма пераводу : [пра выдатных спартсменаў Камянеччыны] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2001. 27 чэрвеня.
  33. Камянецкая ікона Багародзіцы : [гістарычныя сведчанні пра ікону] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2001. 10 сакавіка.
  34. Іх сілкавала зямля Камянецкая : [пра знакамітых людзей] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2001. 14 лютага.
  35. Храм у Амельянцы / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2000. 21 кастрычніка.
  36. Хлеб-соль : [адкуль вазілі соль у Камянец] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2000. 2 жніўня.
  37. Расна — сяло старажытнае / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 1999. 11 жніўня.
  38. Шыбеніца, або Легендарная горка ля Каменца / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 1998. 17 кастрычніка.
  39. Камянецкая Магдэбургія / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 1998. 2 верасня.
  40. Рукатворны помнік : [Белая вежа] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 1998. 4 сакавіка.
  41. Недальнабачнасць : [пра лёс былой яўрэйскай сінагогі ў Камянцы] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 1998. 4 лютага.
  42. Даследчык з Пелішчаў : [пра настаўніка, краязнаўца і даследчыка Я. Пярдэню] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 1998. 6 студзеня.
  43. 500 гадоў таму назад у Камянцы была перапісана рэдкая кніга : [Чэцья Мінея Камянецкая] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 1997. 18 кастрычніка.
  44. Ці будзе адзначаны юбілей? : [да 300-годдзя Камянецкай пошты] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 1996. 28 снежня.
  45. Легенда становіцца быллю : [пра прападобнамучаніка Макарыя, чыё імя цесна звязана з Камянецкім манастыром] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 1996. 2 кастрычніка. С. 2, 4.
  46. Землі новыя — назвы старыя : [аб назвах сёл Камянеччыны, раўназначным назвам сёл на польскай Беласточчыне] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 1995. 13 снежня. С. 4.

 

Аб жыцці і дзейнасці Г. С. Мусевіча

  1. Мусевич Георгий Степанович // Кто есть кто в Республике Беларусь. 2005. Минск, 2005. Т. 2. С. 242.
  2. Мусевич Георгий Степанович // Кто есть кто в Республике Беларусь. Люди дела. Минск, 1999. С. 224.
  3. Заслужаны трэнер : Мусевіч Георгій Сцяпанавіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 493.
  4. Мусевич, Г. О себе. Такая жизнь [Рукопись] / Георгий Мусевич. – Каменец, 2005. – 4 с.
  5. [Мусевич Георгий Степанович] : автобиография // Нашы славутыя землякі : [папка] / Каменецкая ЦРБ им. В. М. Игнатовского. – 31 л.
  6. Мусевич, Г. Мой Родовод / Георгий Мусевич // Бельскі гостінэць. 2008. № 11. С. 32.
  7. Новік, Г. Кніга імя Мусевіча : [у ЗША выйшла кніга Г. Мусевіча «Народ, который жил среди нас»] / Галіна Новік // Навіны Камянеччыны. 2015. 11 красавіка. С. 5.
  8. Лаўранчук, Т. Слова пра Настаўніка / Т. Лаўранчук // Навіны Камянеччыны. 2015. 1 красавіка. С. 5.
  9. Павлова, Л. Вся жизнь краеведа Мусевича прошла в поиске и открытии малоизвестных страниц истории / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2014. 13 февраля (№ 7). С. 32.
  10. Мусевіч Георгій Сцяпанавіч : [некралог] // Навіны Камянеччыны. 2014. 8 лютага. С. 17.
  11. Награды : [о вручении краеведу Г. С. Мусевичу медали святителя Кирилла Туровского Белорусской православной церкви] // Навіны Камянеччыны. 2013. 15 чэрвеня. С. 17.
  12. Демянко, Д. В дар библиотеке : [о передаче документов из личного архива краеведа Г. С. Мусевича в Каменецкую ЦРБ им. В. М. Игнатовского] / Дарья Демянко // Навіны Камянеччыны. 2013. 1 чэрвеня. С. 16.
  13. Данилова, Е. С книгой по жизни : [о библиотеке краеведа Г. Мусевича] / Елена Данилова // Заря. 2012. 18 августа. С. 8.
  14. Татаринов, Ю. С юбилеем, Георгий Степанович Мусевич : [тренер, краевед, журналист отметил свой 80-летний юбилей] / Ю. Татаринов // Брестские епархиальные ведомости. 2011. № 4. С. 57.
  15. Аляшчэня, С. Свой погляд на жыццё : [пра першага дырэктара СДЮШАР «Пушча» Г. С. Мусевіча] / Сяргей Аляшчэня // Навіны Камянеччыны. 2011. 10 верасня. С. 12.
  16. Павлова, Л. Поиск истины : восьмой десяток лет ведет Георгий Мусевич / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2011. 2 июня. С. 21.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 558 разоў