Аўторак, 02 Лістапад 2021 08:47

1861 г. — 160 гадоў з дня нараджэння Францішка Бруздовіча (1861–1912), беларускага мастака ў галіне манументальна-дэкаратыўнага і станковага жывапісу

Францішак Бруздовіч нарадзіўся ў 1861 г. у вёсцы Бродніца Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці). Вучыўся ў Варшаве (1880–1883), у Кракаўскай школе мастацтваў у Яна Матэйкі (1883–1887). Пасля атрымання адукацыі працаваў у Польшчы.

 

Аўтар манументальных і станковых твораў. У 1898 г. удзельнічаў у размалёўцы касцёла ў Кельцах (Польшча). Пераможца конкурсу на праект размалёўкі кафедральнага сабора ў Полоцку (1900). У 1901 г. Ф. Бруздовіч стаў ініцыятарам стварэння і актыўным членам Таварыства польскага прыкладнога мастацтва.

У пачатку ХХ ст. мастак вярнуўся на радзіму. Беларуская народная творчасць аказала моцны ўплыў на творачасць Францішка Бруздовіча: падчас выканання насценных размалёвак у касцёлах Нясвіжа і Цімкавіч (цяпер аграгарадок у Капыльскім раёне Мінскай вобласці) мастак выкарыстоўваў народныя матывы ўзорыстага ткацтва, вышыўкі, мастацкай размалёўкі сялянскай мэблі.

У 1906 г. магнатамі Вайніловічамі, у значнай ступені на грошы якіх перад тым быў адрамантаваны драўляны касцёл святога Міхаіла ў Цімкавічах, Францішак Бруздовіч быў запрошаны распісаць інтэр’ер касцёла. Работу завяршылі ў 1908 г. Галоўным матывам дэкору храма быў раслінны арнамент, які складаўся са шматлікіх кветак мясцовай флоры, пераплеценых з галінкамі і лісцем. Геаметрычны арнамент, аснова якога — ромб і яго варыянты, мастак выкарыстаў пры размалёўцы бэлек, нефавых слупоў, вушакоў дзвярэй. Мастацтвазнаўцамі яго жывапіс да гэтага часу ацэньваецца як адзін з лепшых узораў народнай традыцыі ў манументальна-дэкаратыўным мастацтве Беларусі.

Францішак Бруздовіч працаваў у жанры пейзажа, партрэта, сюжэтна-тэматычнай карціны. Сярод жывапісных работ мастака сем сюжэтных кампазіцый на біблейскія тэмы (знаходзіліся ў касцёле Міхаіла Архангела ў Цімкавічах, не захаваліся), «Касцёл у Карнкове», «Копія партрэта мужчыны» (1883), «Інтэр’ер вясковага касцёла» (захоўваюцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве). Работы Ф. Бруздовіча дэманстраваліся на мастацкіх выставах у Мінску (1898, 1911), Львове (1894, 1902), Варшаве (1899), Кракаве (1896–1901), Дзюсельдорфе (1911).

Пазней тыя ж Вайніловічы запрасілі мастака аздобіць узведзены імі ў Мінску касцёл святых Сымона і Алены. Да 1911 г. Ф. Бруздовіч зрабіў эскізы вітражоў і роспісаў, але сам рэалізаваць задумку ў матэрыяле паспеў толькі часткова. Францішак Бруздовіч заўчасна памёр у 1912 г.

20–27 жніўня 2018 г. у г. Іванаве праходзіў XV абласны пленэр разьбяроў манументальнай скульптуры, прысвечаны знакамітым пісьменнікам і мастакам, чый лёс меў дачыненне да іванаўскай зямлі. Па выніках пленэру 1 верасня 2018 г. падчас Дня беларускага пісьменства ў гарадскім парку была ўрачыста адкрыта «Алея знакамітых землякоў». Вобраз мастака Францішка Бруздовіча ажыў у дрэве, дзякуючы народнаму майстру Беларусі Анатолю Савельевічу Туркову (Камянец), члену Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, старшыні грамадскага аб’яднання аматараў мастацтваў «Тур».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Бруздовіч Францішак / М. Ф. Раманюк, М. М. Яніцкая // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 265.
  2. Бруздовіч Францішак // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2011. Т. 2. С. 46.
  3. Бруздович Францишек // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 214.
  4. Бруздович Францишек / М. М. Яницкая // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 2. С. 538.
  5. Францішак Бруздовіч // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 97.
  6. Бруздовіч Францішак / М. Ф. Раманюк, М. М. Яніцкая // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 472–473.
  7. Францишек Бруздович // О подвигах, о доблести, о славе… / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; [сост. М. П. Горупа]. Иваново, 2015. С. 27.
  8. Мінскі касцёл Сымона і Алены // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2014. Т. 5. С. 552–553.
  9. Цімкавіцкі касцёл / Ю. А. Якімовіч, В. В. Церашчатава // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 475.
  10. Страчаная спадчына / Т. Габрусь [і інш.]. – Мінск : Полымя, 1998. – 350 с. – Францішак Бруздовіч. С. 153–156.
  11. Церашчатава, В. Цімкавіцкі роспіс / В. Церашчатава // Помнікі мастацкай культуры Беларусі: новыя даследаванні : зборнік артыкулаў / АН БССР, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Мінск, 1989. С. 21–24.
  12. Гісторыя беларускага мастацтва. У 6 т. Т. 3. Канец XVIII – пачатак ХХ стагоддзя. – Мінск : Навука і тэхніка, 1989. – 448 с.
  13. NaszeKoscioły: DiecezjaMinska/ оprac.: LidiaPaluszkiewicz-Horubala. Warszawa, 2001. T. 1, сz. 2. S. 329.
  14. Вішнеўскі, А. Стаяў Храм-сад... / Алесь Вішнеўскі // Літаратура і мастацтва. 2021. 3 верасня (№ 36). С. 14.
  15. Цалюк, А. Алея знакамітых землякоў з’явілася ў грамадскім парку : [згадваецца Ф. Бруздовіч] / А. Цалюк // Янаўскі край. Іванава, 2018. 7 верасня. С. 10.
  16. Аскера, В. Вандроўка па Янаўскім краі : мясціны і асобы / Вікторыя Аскера // Літаратура і мастацтва. 2018. 31 жніўня (№ 34). С. 4–5.
  17. Цалюк, А. Пачаўся пленэр разьбяроў : [згадваецца Ф. Бруздовіч] / А. Цалюк // Янаўскі край. Іванава, 2018. 24 жніўня. С. 10.
  18. Раманюк, М. Кветкі зямлі капыльскай / Міхась Раманюк // Мастацтва Беларусі. 1986. № 12. С. 67.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 453 разоў