Серада, 20 Люты 2013 15:20

3 сакавiка 2013 г. – 95 гадоў з часу падпiсання Брэсцкага мiра (Брэст-Лiтоўск; 1918), мiрнага дагавора Савецкай Расii з Германiяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй, Турцыяй

Брэсцкi (Брэст-Лiтоўскi) мiрны дагавор падпiсаны 3 сакавiка 1918 года прадстаўнiкамi Савецкай Расii з аднаго боку i прадстаўнiкамi краiн Чацвярнога саюза (Германii, Аўстра-Венгрыi, Балгарыi i Турцыi) – з другога. Ратыфiкаваны 4-м Надзвычайным Усерасiйскiм з’ездам Саветаў 15 сакавiка 1918 года i германскiм iмператарам Вiльгельмам II 26 сакавiка 1918 года.

{gcontent}У вынiку перагавораў у Брэст-Лiтоўску, якiя праходзiлi з 20 лiстапада (3 снеж.) па 2 (15) снежня 1917 года, было заключана пагадненне аб перамiр’i паміж Савецкай Расіяй і Чацвярным саюзам да 1 (14) лютага 1918 года. Мірныя перагаворы пачаліся 9(22) снежня 1917 года i праходзiлi ў абставiнах вострай палiтычнай барацьбы ў бальшавiцкiм кiраўнiцтве памiж У. І. Леніным і яго прыхільнікамі з аднаго боку, Л. Д. Троцкім і “левымі камуністамі” на чале з М. І. Бухарынм – з другога.

Геапалiтычным фонам Брэсцкай мірнай канферэнцыі былі падзеі на Украіне – бальшавіцкае паўстанне супраць Украінскай народнай рэспублікі (УНР), абвяшчэнне УССР. У выніку гэтых падзей германскі блок прызнаў УНР і 27 студзеня (9 лют) 1918 года падпісаў з яе прадстаўнікамі асобны дагавор, паводле якога Україна падлягала акупацыі аўстра-германскімі войскамі.

Пасля зрыву мірных перагавораў дэлегацыяй Савецкай Расіі на чале з Троцкім 18 лютага 1918 года аўстра-германскія войскі пачалі наступленне па ўсім фронце і занялі большую частку тэрыторыі Беларусі (да Дняпра, Сожа і Заходняй Дзвіны). Неакупіраванымі засталіся толькі 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Паколькі Савецкая Расія была няздольная працягваць ваенныя дзеянні, яе прадстаўнікі падпісалі мір, прыняўшы германскія ультыматыўныя патрабаванні.

Дагавор складаўся з 14 артыкулаў і розных дадаткаў. Нямецкай акупацыі падлягалі Курляндыя, Ліфляндыя, Эстляндыя і частка Беларусі. На Каўказе да Турцыі адыходзілі правінцыі Усходняй Анатоліі і акругі Карс, Ардаган і Батум. Украiна і Фінляндыя прызнаваліся самастойнымі дзяржавмі. Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 млн. кв. км з насельніцтвам больш за 50 млн. чалавек. Дагавор абавязваў Савецкую Расію правесці поўную дэмабілізацыю арміі і флоту, прызнаць дагавор Цэнтральнай украінскай рады з Германіяй і яе саюзнікамі, заключыць мірны дагавор з УНР і вызначыць мяжу паміж Росіяй і Украінай. Савецкая Расія абавязвалася аднавіць гандлёва-эканамічныя льготы і прывілеі для Германіі, у тым ліку мытны тарыф 1904 года на яе карысць. Заключэнне Брэсцкага міру дазволіла савецкаму ўраду атрымаць неабходную яму мірную перадышку.

Беларускае пытанне на перагаворах самастойнага значэння не мела, нягледзячы на тое, што паняцце “самавызначэнне нацый” стаяла ў цэнтры дыскусій. Беларуская дэлегацыя, сфарміраваная Усебеларускім з’ездам 1917 года (С. А. Рак-Міхалоўскі, І. М. Серада, А. І. Цвікевіч), прысутнічала на канферэнцыі толькі як дарадца дэлегацыі УНР і актыўнага ўдзелу ў перагаворах не прымала. Паводле ўмоў Брэсцкага міру тэрыторыя Беларусі падзялалася па лініі Дзвінск – Свянцяны – Ліда – Пружаны – Брэст. Немцы арыентаваліся на стварэнне “малой Літвы” з далучэннем беларускіх зямель, у тым ліку Віленшчыны і Гродзеншчыны, да этнічнай Літвы. Астатняя тэрыторыя Беларусі разглядалася як прэрагатыва Савецкай Расіі. Землі на поўдзень ад Палескай чыгункі па дамоўленасці з Цэнтральнай украінскай радай перадаваліся УНР. Устанаўлівался, што для тэрыторый, якія знаходзяцца на захад ад устаноўленай лініі і раней належалі Расіі, не будзе вынікаць ніякіх абавязкаў у адносінах да Расіі. Апошняя адмаўлялася ад усякага ўмяшання ва ўнутраныя справы гэтых абласцей. Германія і Аўстра-Венгрыя збіраліся вызначыць іх будучы лёс праз рэферэндум.

Брэсцкі мір – першы ў ХХ ст. падзел беларускіх зямель паміж пяцью дзяржавамі: Германіяй, Савецкай Расіяй, Украінай, Літвой і Латвіяй. Беларусь не атрымлівала кампенсацый на аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, паколькі Германія і Расія ўзаемна адмовіліся ад пагашэння ваенных страт.

Брэсцкі мір узмацніў незалежніцкія настроі ў беларускім нацыянальна-вызваленчым руху і садзейнічаў абвяшчэнню незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).

Да пачатку лістапада 1918 года быў вызвалены шэраг валасцей Аршанскага, Лепельскага, Магілёўскага, Полацкага і Сенненскага паветаў.

Калі ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі ў 1918 годзе ў Германіі была скінута кайзераўская манархія, Германія 11 лістапада 1918 года падпісаннем Камп’енскага перамір’я адмовілася ад Брэсцкага міра. Канчаткова Брэсцкі мір скасаваны паводле Версальскіх мірных пагадненняў 1919 года з пераможанай Германіяй.

Значэнне Брэсцкага мiра вывучаецца i асэнсоўваецца i цяпер. У мастацкай лiтаратуры Брэсцкаму мiру прысвечаны гiстарычны раман Iвана Шамякiна “Петраград – Брэст” (1983), п’еса Мiхаiла Шатрова “Брестский мир” (пастаўлена ў 1987). Падзеi перыяду падпiсання Брэсцкага мiра адлюстраваны ў экспазiцыях Музея абароны Брэсцкай крэпасцi, Брэсцкага абласнога краязнаўчана музея. У гiсторыка-мемарыяльным музеi “Сядзiба Нямцэвiчаў” (в. Скокi Брэсцкага раёна) 15 снежня 2012 года была арганiзавана I Мiжнародная ваенна-гiстарычная рэканструкцыя падзей канца 1917 – пачатку 1918 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

{/gcontent}

  1. Брестский мир 1918 // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск, 2006. Т. 2. С. 520–521.
  2. Брэсцкi мiр 1918 // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 1996. Т. 3. С. 296–297.
  3. Брэсцкi мiр 1918 // Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi : у 6 т. Мiнск, 1994. Т. 2. С. 102–105.
  4. Ксенофонтов, И. Н. Мир, которого хотели и который ненавидели : документальный репортаж [о заключении Брестского мирного договора] / Игорь Николаевич Ксенофонтов. Москва : Политиздат, 1991. 414 с.
  5. Трацюк, С. А. Брэсцкi мiр 1918 года ў гiсторыi Беларусi / С. А. Трацюк // Брестчина: история и современность : сборник материалов Республиканской научно-практической конференции; Брест, 29–30 июня 2012 г. Брест : БрГТУ, 2012. С. 129–137.
  6. Макаренко, П. В. Большевики и Брестский мир // Вопросы истории. 2010. № 3. С. 3–21. Библиогр.: с. 18–21.
  7. Мазец, В. Г. Брэсцкi мiр i абвяшчэнне БНР : нарыс гiсторыi беларускай дзяржаўнасцi. ХХ стагоддзе / В. Г. Мазец. Мiнск, 2008. С. 88–106.
  8. Бощукова, Е. Д. Брестский мир и формирование нового мировоззрения в российском обществе в 1918 году / Елена Дмитриевна Борщукова // Известия РГПУ им. А. И. Герцена. История. Исторические науки. 2009. Вып. 115. С. 16–22. Библиогр.: 22 назв.
  9. Уилер-Беннет, Дж. Брестский мир. Победы и поражения совестской дипломатии / Джон Уилер-Беннет. Москва : Центрполиграф, 2009. 416 с.
  10. Стралец, М. Чорная дата ў айчыннай гiсторыi / М. Стралец // Брестский курьер. 2008. 6 марта. С. 11.
  11. Бутаков, Я. Брестский мир. Ловушка Ленина для кайзеровской Германии / Я. А. Бутаков. Москва : Вече, 2012. 448 с. (Военный архив).
  12. Михутина, И. В. Украинский Брестский мир / И. В. Михутина. Москва : Европа, 2007. 288 с.
  13. Курков, И. Н. Творцы Брестского мира : [1918 г.] // Курков, И. Н. Брестчина: легенды, события, люди / И. Н. Курков. Минск, 2005. С. 187–194.
  14. Нольде, Б. Э. Итоги 1917 года. Брестские переговоры и Брестский мир / Б. Э. Нольде // Вестник Европы. 2002. Т. 2. С. 152–160.
  15. Фокке, Д. Г. На сцене и за кулисами Брестской трагикомедии : (мемуары участников Брест-Литовских мирных переговоров) / Джон Гугович Фокке. Москва, 1992. Т. 2; Архив русской революции. Москва, 1993. Т. 20.
  16. Фельштинский, Ю. Г. Крушение мировой революции. Брестский мир: октябрь 1917 – ноябрь 1918 / Ю. Г. Фельштинский. Москва : ТЕРРА, 1992. 656 с.
  17. На крутых паваротах гiсторыi : [Брэсцкi мiр] // Памяць : гiсторыка-дакументальная хронiка Брэста : у 2 кн. Мiнск : БЕЛТА, 1997. Кн. 1. С. 221–224.
  18. Самосевич, М. Судьба первой мировой вершилась в Скоках : [о международном военно-историческом фестивале в музее “Усадьба Немцевичей”] / Марина Самосевич // Заря над Бугом (Брест). 2012. 20 дек. С. 1–2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2855 разоў Апошняя змена Чацвер, 22 Красавік 2021 09:41