Серада, 20 Люты 2013 15:28

27 лютага 2013 г. – 115 гадоў з дня нараджэння Захара Філімонавіча Паплаўскага (1898–1965), дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі

Захар Філімонавіч Паплаўскі – адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў Брэсцкай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

{gcontent}Нарадзіўся З. Ф. Паплаўскі 12 сакавіка 1898 года у беднай сялянскай сям’i ў вёсцы Буякі Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласцi. Падлеткам працаваў у маёнтку ў заможнага аднавяскоўца. У 1915 годзе ў сувязi з наблiжэннем фронту Першай сусветнай вайны сям’я выехала ў Самарскую губерню Расii. Пэўны час працаваў на суконнай фабрыцы ў Самары. У 1917 годзе прызваны ў царскую армiю, ваяваў на Заходнім фронце, там уключыўся ў рэвалюцыйную барацьбу, прымаў удзел у салдацкiх выступленнях. З 1918 года служыў у Чырвонай Арміі, у 5-м Вiленскiм стралковым палку, 7-й стралковай дывiзii, ваяваў супраць войск Дзянікіна, польскіх інтэрвентаў. У 1919 годзе ў адным з баёў трапiў у палон да палякаў, але змог уцячы.

У 1921 годзе З. Ф. Паплаўскi вярнуўся на радзiму, у Брэст. Працаваў грузчыкам на лесапiльным заводзе Квартоўскага. Стаў актыўным удзельнікам рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, у 1922 годзе быў прыняты ў КПЗБ. Быў адным з арганiзатараў акцый пратэсту працоўных горада. У 1925 годзе З. Ф. Паплаўскi арыштаваны і зняволены на 5 гадоў. Вызвалiўся ў 1930 годзе, але ўжо ў 1931 годзе арыштаваны, прыгавораны да 8-мі гадоў турэмнага зняволення. У Брэсцкай i Бяла-Падляскай турмах кiраваў галадоўкамi зняволеных. Вызвалены па амныстыi ў 1936 годзе. У хуткiм часе З. Ф. Паплаўскі зацверджаны сакратаром Брэсцкага акруговага камітэта КПЗБ. У 1937 годзе зноў арыштаваны і прыгавораны да 10-ці гадоў турэмнага зняволення. У засценках у агульнай складанасцi правёў 13 гадоў. Яго жонка Вера Данiлаўна за падпольную дзейнасць таксама была асуджана на 4 гады, згiнула ў Польшчы, не ўдалося знайсцi вестак пра яе i пасля Другой сусветнай вайны. Але застаўся сын Георгiй.

Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939 годзе З. Ф. Паплаўскі знаходзіўся на гаспадарчай рабоце: працаваў дырэктарам шавецка-валяльнай фабрыкi.

Калi пачалася Вялiкая Айчынная вайна, З. Ф. Паплаўскi накiраваўся на ўсход. У Маскве ў 1942 годзе ён быў накiраваны ў спецшколу. З сакавіка 1943 года Захар Філімонавіч знаходзiцца ў тыле ворага, з’яўляецца ўпаўнаважаным Брэсцкага абкома КП(б)Б у паўднёвай зоне вобласці па кіраўніцтве падполлем i партызанскім рухам.

Пасля вызвалення Беларусi З. Ф. Паплаўскага назначылi старшынёй Гайнаўскага райвыканкама (цяпер – тэрыторыя Польшчы). У 1945 годзе быў паранены польскiмi бандытамi, пасля выздараўлення пераведзены ў Брэст, назначаны намеснiкам старшынi гарвыканкама. З 1946 года З. Ф. Паплаўскі працаваў інструктарам Брэсцкага абкома КПБ. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ст., польскiм сярэбраным крыжом ордэна Вiртуцi Мiлiтары i медалямi.

Захар Філімонавіч Паплаўскі памёр 11 чэрвеня 1965 года, пахаваны на Гарнiзонных могiлках. Яго iмянем названа вулiца ў Брэсце.

 

Матэрыял падрыхтавана ў 2013 г. Брэсцкай цэнтральнай

раённай бiблiятэкай. Таццяна Іванаўна Васілюк, бібліёграф

{/gcontent}

  1. Поплавский Захар Филимонович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск : БелЭН, 2008. Т. 6. С. 201.
  2. Паплаўскi Захар Фiлiмонавiч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск : БелЭн, 2001. Т. 12. С. 66.
  3. Паплаўскі, З. Ф. В суровой борьбе / З. Ф. Поплавский // Буг в огне. Изд. 2, доп. и пер. Минск : Беларусь, 1970. С. 298–302.
  4. Паплаўскі, З. Ф. Забастоўкi ў Брэсце / З. Ф. Паплаўскi // У суровыя гады падполля : успамiны былых членаў КПЗБ – актыўных удзельнiкаў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусi. Мінск, 1958. С. 31–34.
  5. Томаш, М. Змагары за незалежнасць : [пра З. Ф. Паплаўскага] / Мiкалай Томаш // Заря над Бугом (Брест). 2009. 26 авг.
  6. Гребенкина, А. А. Брест непокоренный : антифашистское подполье г. Бреста и Брестского района в годы Великой Отечественной войны (1941–1944) / А. А. Гребенкина. Минск, 2005. Из содерж.: [З. Ф. Поплавский]. – С. 76–78.
  7. Левичев, И. Улица его отца : [об инженере Георгии Захаровиче Поплавском и его отце Захаре Филимоновиче Поплавском] / И. Левичев // Беларуская думка. 1992. № 5. С. 60–61.
  8. Купцова, В. Улица Поплавского // Купцова, В. Я иду по городу, по знакомой улице… : путешествия по улицам довоенного и современного Бреста / Валентина Купцова. Брест : Альтернатива, 2007. С. 171–172.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1981 разоў Апошняя змена Серада, 25 Сакавік 2020 09:47