Серада, 20 Люты 2013 15:30

9 студзеня 2013 г. – 60 гадоў з дня нараджэння Уладзiмiра Яўгенавiча Солтана (1953–1997), кампазітара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі

Нарадзіўся Уладзімір Яугенавіч Солтан 9 студзеня 1953 года ў г. Баранавічы Брэсцкай вобласці. У 1974 годзе закончыў Брэсцкае музычнае вучылiшча. У 1979 годзе – Беларускую кансерваторыю (клас К. Багатырова). Член Саюза кампазiтараў Беларусi з 1980 года.

{gcontent}3 1983 года з’яўляўся выкладчыкам Беларускай акадэміі музыкі. Працаваў на кафедры iнструментоўкi, аранжыроўкi i чытання партытур, якую ўзначальваў Уладзiмiр Дарохiн. Педагагiчная праца прыносiла вялiкую карысць i творчае задавальненне.

У пачатку творчага шляху кампазітар захапляўся вакальнымі жанрамі, але яго цікавілі і аркестравая, і камерна-інструментальная музыка. З ліку найбольш вядомых твораў гэтага часу – сюіта для камернага аркестра “Думкі і настроі”, якая кранае шчырасцю, эмацыянальнасцю, меладыйнай выразнасцю.

Наступным творчым крокам Уладзіміра Солтана сталі дзве сімфоніі. Адначасова з сімфоніяй № 2 кампазітар стварыў Канцэрт для аркестра, шмат мініяцюр для розных інструментаў.

У 1987 годзе ён напісаў Канцэрт для віяланчэлі з аркестрам – твор маштабны, экспрэсіўны, з пераканаўчай музычнай драматургіяй.

У канцы 1980-ых гадоў Уладзімір Яўгенавіч закончыў працу над операй “Дзікае паляванне караля Стаха” па матывах аднайменнага рамана Уладзiмiра Караткевіча (лiбрэта Святланы Клiмковiч). Яе асноўны канцэптуальны сэнс і пафас сканцэнтраваны на паказе трагічнай барацьбы супраць цемры і зла, увасабляемых праз “дзікае паляванне”. У 1989 годзе 10 прэм’ерных спектакляў шлi ў аншлагах. Таленавiтасць музыкi, пастановачнага вырашэння, усяго ансамбля выканаўцаў нiбыта памнажалася на сугучнасць адраджэнскiм настроям, што панавалi ў грамадстве. Гэта адна з лепшых айчынных опер, за яе ў 1990 годзе Уладзіміру Солтану прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР.

Шырокае прызнанне атрымалi оперы “Пані Ядвіга” (паводле аповесці Кастуся Тарасава “Чорны шлях”; лiбрэта Святланы Клiмковiч), “Mілавіца”, вакальныя цыклы на вершы М. Багдановіча, А. Таркоўскага, хары на вершы Я. Купалы, Ф. Цютчава, пecні і музыка да кінафільмаў “Жил-был Пётр” (1983), “Юрка – сын командира” (1984), тэлесерыяла “Проклятый уютный дом” (1998; 34 серыi).

Разнастайная i багатая ў жанравых адносiнах спадчына кампазiтара сведчыць аб высокiм прафесiяналiзме майстра, а з музычнага боку вызначаецца вобразнай канкрэтнасцю, iнтанацыйнай выразнасцю i нацыянальнай адметнасцю.

Памёр Уладзімір Яўгенавіч у вынiку трагiчнага выпадку на дарозе 1 чэрвеня 1997 года.

Уладзiмiр Солтан – быў адным з лепшых прадстаўнiкоў сучаснай айчыннай культуры. Высокi патрыятызм, любоў да Радзiмы, разам з тым пастаянны пошук, патрабавальнасць да сябе спалучалiся з духоўнасцю i ўнутранай прыгажосцю яго багата адоранай, творчай натуры.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя В. П. Таўлая. Серафімовіч Ірына Сяргееўна, гал. бібліёграф аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы

{/gcontent}

  1. Солтан, У. Дзiкае паляванне караля Стаха : опера ў 2 дзеях : лiбрэта / Уладзiмiр Солтан ; Акадэмiчны Вялiкi тэатр оперы i балета БССР ; лiбрэта Святлана Клiмковiч. Мiнск, 1989. 60 с.
  2. Солтан Уладзімір Яўгенавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. Мінск, 2002. Т. 15. С. 80.
  3. Солтан Владимир Евгеньевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. Минск, 2008. Т. 7. С. 35.
  4. Солтан Владимир Евгеньевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 361.
  5. Солтан Владимир Евгеньевич // Большой белорусский энциклопедический словарь / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. Минск, 2011. С. 336.
  6. Солтан Уладзімір Яўгенавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. Мінск, 2000. С. 616–617.
  7. Солтан Уладзімір Яўгенавіч // Мдзівані, Т. Г. Кампазітары Беларусі / Т. Г. Мдзівані, Р. І. Сергіенка. Мінск, 1997. С. 267–270. Бiблiягр.: 16 назв.
  8. Скарабагатаў, В. "Дзікае паляванне..." на опернай сцэне //  Роднае слова. 2006. № 6. С. 86–89.
  9. Корсаков, А. Если музыка звучит, живет Владимир Солтан : [о вечере-концерте памяти композитора В. Е. Солтана в Брестском театре драмы и музыки] / Андрей Корсаков // Брестский курьер. 2004. № 27. С. 27.
  10. Уладзiмiр Солтан : [некралог] // ЛiМ. 1997. 6 чэрв. (№ 23). С. 4.
  11. Песнякевiч, Т. Калi ты шчыры ў творчасцi : гутарка з кампазiтарам Уладзiмiрам Солтанам / Таццяна Песнякевiч // ЛiМ. 1989. 10 лiстап. (№ 45). С. 10–11.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2199 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Сакавік 2020 12:13