Серада, 20 Люты 2013 15:31

15 студзеня 2013 г. – 55 гадоў з дня нараджэння Юрыя Мiкалаевiча Чарванёва (1958), спартсмена, майстра спорту СССР міжнароднага класа

Юрый Мікалаевіч Чарванёў – выдатны беларускі спартсмен па лёгкай атлетыцы (бар’ерны бег). Вучань заслужанага трэнера і настаўніка Беларусі Уладзіміра Радчанкі.

{gcontent}Юрый Чарванёў нарадзiўся 15 студзеня 1958 года ў горадзе Баранавiчы Брэсцкай вобласцi. Скончыў сярэднюю школу (цяпер – гімназія № 4 г. Баранавічы) i паступiў у Беларускi iнстытут фiзiчнай культуры. Пасля атрымання дыплома ў 1979 годзе працаваў інструктарам Мінскага абласнога савета фізкультурна-спартыўнага аб’яднання “Дынама”.

У 1980 годзе Юрый Чарванёў стаў чэмпіёнам Еўропы ў закрытых памяшканнях (г. Зіндэльфінген, Германія). Двойчы (1980, 1981) быў чэмпіёнам СССР па бегу на 60 і 110 метраў з бар’ерамі. З’яўляецца рэкардсменам Еўропы i свету (1977, 1980). Свой лепшы вынік Юрый Чарванёў паказаў у 1980 годзе – 7,54 секунды. На Алімпіядзе ў маскоўскіх Лужніках з-за застарэлай траўмы заняў толькі 8-е месца.

Пасля траўмы i працяглага лячэння давялося пакiнуць лёгкую атлетыку. Зацiкавiўся бiльярдным спортам, пачаў арганiзоўваць чэмпiянаты па бiльярдзе. У 1984–1996 гадах – трэнер каманды спартыўнага таварыства “Дынама”. З 2001 года – старшыня судзейскай калегіі міжнароднага камітэта па “Пірамідзе” (більярдны спорт). Юрый Чарванёў з’яўляецца арбітрам міжнароднай катэгорыі па більярднаму спорту, неаднаразова прызначаўся галоўным суддзёй сусветных і кантынентальных форумаў па гэтым віду спорту.

Сёння Юрый Мікалаевіч узначальвае адзін з більярдных клубаў Мінска. У iнтэрв’ю казаў: “Хацелася б, каб мы ўсе дачакалiся таго моманту, калi бiльярд стане алiмпiйскiм вiдам спорту. Хацелася б, каб было больш харошых, моцных iгракоў, прыгожых матчаў, на якiя гледачы будуць хадзiць з задавальненнем”.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя В. П. Таўлая. Старук Алена Валер’еўна, бібліятэкар І кат. аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы

{/gcontent}

  1. Черванёв Юрий Николаевич // Спортивная энциклопедия Беларуси. Минск, 2005. С. 470.
  2. Чарванёў Юрый Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 224.
  3. Черванёв, Ю. У меня все игроки – любимые / Юрий Черванёв ; беседовала Ирина Полевая // Бильярдный мир. 2009. № 1 (21), 3 нояб.
  4. Колосова, Е. Барановичи – малая родина больших людей / Елена Колосава // Шаг (Барановичи). 2007. № 17. С. 7.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2000 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Красавік 2020 12:56