Панядзелак, 11 Сакавік 2013 15:59

2013 г. – 590 гадоў з часу першага ўпамінання (1423) г. Іванава ў пісьмовых крыніцах

Горад Іванава – цэнтр Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, размешчаны на рацэ Самароўка, за 132 км на ўсход ад Брэста, 2 км ад чыгуначнай станцыі Янаў-Палескі.

{gcontent}Першае ўзгадванне адносіцца да ХIV ст., згадваецца як вёска Порхава. У 1423 годзе князь Вітаўт, якому належыла вёска, падараваў яе Луцкаму федэральнаму касцёлу. У 1465 годзе луцкі епіскап Ян Ласовіч перайменаваў вёску Порхава ў горад і назваў яго ў свой гонар – Янавам. У 1497 годзе князь Аляксандр Ягелончык дазволіў янаўцам праводзіць па тры кірмашы ў год. Луцкія епіскапы ператварылі Янава ў сваю другую рэзідэнцыю.

Горад памятае два страшэнныя пажары. Першы з іх – у 1525 годзе, прычыніў Янаву значную шкоду, а другі – у 1575 годзе, поўнасцю знішчыў драўляны гарадок.

У адзін з перыядаў абвастрэння канфесійных супярэчнасцей у Янаве быў забіты езуіт Андрэй Баболя (1591–1657). Здарылася гэта ў выніку антыкаталіцкага выступлення праваслаўнага насельніцтва 19 мая 1657 года. Амаль праз два стагоддзі Андрэя Баболю далучылі да ліку святых каталіцкай царквы.

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Янава ўвайшло ў склад Расійскай імперыі як мястэчка Кобрынскага павета.

Асаблівасць сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця Янава у ХVIII – пачатку ХХ стст. была звязана з распаўсюджаннем сярод мясцовых жыхароў рэдкага занятку, у пэўным сэнсе промыслу. Ён заключаўся ў збіранні ахвяраванняў на царкву. Янаўцы, якія гэтым займаліся, называліся “лабарамі”. Амаль ўсе мужчыны-хрысціяне былі ўцягнуты ў дадзены промысел. Работнікі Іванаўскай раеннай бібліятэкі імя Ф. Панферава сабралi словы, якія на працягу доўгага часу ўжывалі мясцовыя жыхары – лабары, выдалi дыялектычны слоўнік лабарскай гаворкі “Мова прадзедаў, мова дзядоў” (2006).

Да канца ХIХ ст. Янава амаль не расло. У 1897 годзе тут налічваўся 3041 жыхар. У 1914 г. ў Янаве дзейнічалi 11 дробных прадпрыемстваў. Насельніцтва займалася ў асноўным земляробствам, дробным гандлем.

У I Сусветную вайну ў 1915–1918 гадах Янава было акупіравана германскімі войскамі, а ў 1919–1920 гадах яго занялі польскія войскі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Янава ў складзе Пінскага павета Палескага ваяводства адышло да Польшчы.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР з 15 студзеня 1940 года Янава стала гарадскім пасёлкам, цэнтрам Іванаўскага раёна.

26 чэрвеня 1941 года нямецка-фашысцкiя захопнікі акупіравалі Іванава. Пачаўся жорсткі рэжым насілля і тэрору. Значная частка насельнiцтва горада была знiшчана ў 1942 годзе. 16 ліпеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі горад.

У пасляваенныя гады Іванава развівалася марудна. У 1956 годзе тут пражывала ўсяго 3 тыс. чалавек. У 1962–1965 гадах Іванава ўваходзіла ў Драгічынскі раён. 11 сакавіка 1971 года яму нададзены статус горада, а колькасць насельнiцтва дасягнула 7,1 тыс. чалавек. Выраслі заводы жалезабетонных вырабаў, сухога малака, кансервавы, рамонтна-механічная майстэрня, міжрайсельгазтэхніка.

У 1968 годзе сваю першую прадукцыю атрымаў кансервавы завод. У 1966 годзе адкрылася дзіцячая музычная школа, быў пабудаваны кінатэатр “Спутнік”, для маленькіх чытачоў гасцінна расчыніла дзверы дзіцячая бібліятэка. У канцы 1980-х гадоў пачаў дзейнічаць саладавенны завод – зараз ААТ “Белсолад”. ААТ “Мекасан” – вядучае прадпрыемства ў рэспубліцы па вытворчасці апрысквальнікаў і пратраўнікаў сямян. ААТ “Еўракамень” – вядомы ў Беларусі вытворца помнікаў і гранітных пліт. ААТ “Будаўнічая кампанія Піянер” займаецца выпускам будаўнічых сумесяў і бетонных блокаў.

На сённяшні дзень у горадзе існуюць тры агульнаадукацыйныя сярэднія школы і гімназія. Арганізацыяй вольнага часу насельніцтва, развіццём мастацкай самадзейнасці займаецца Цэнтр культуры і народных традыцый. Васьмі творчым калектывам прысвоена званне “народны”: ансамбль народнай музыкі і песні “Палешукі” i iнш. У 2000 годзе была адкрыта школа бандарства – адзіная у нашай краіне. Іванаўскія бондары – нязменныя ўдзельнікі выстаў вырабаў народнай творчасці.

У Іванаве ёсць могілкі ваеннапалонных, партызан і ахвяр фашызму, брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. Захаваўся помнік архітэктуры ХIХ – Пакроўская царква.

Сёння Іванава – утульны гарадок, дзе жыве больш за 16 тыс. чалавек.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Філіпава Галіна Іванаўна, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі

{/gcontent}

  1. Іванава // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя : Т. З, кн. 1 : Брэсцкая вобласць. Мінск : БелЭн, 2006. Кн. 1, С. 360–364.
  2. Иваново // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т.1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2010. Кн.1. С. 407–411.
  3. Пазднякоў, В. Янаў // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 3 т. Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2005. Т. 2. С. 781–782.
  4. Памяць : гіст.-дакум. хроніка Іванаўскага раёна. Мінск : Белта, 2000. 592 с.: іл.
  5. Іванава // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 147.
  6. Іванава // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны давед. / аўт.-склад. Л. В. Календа. Мінск : БелЭн, 2004. С. 36–37.
  7. Іванава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мiнск : БелЭн, 1996. Т. 3. С. 464.
  8. Іванава : набор паштовак : на беларускай, англійскай і рускай мовах. : [Б.м.] : ООО “Тэра-Брэнд”, 2010. 17 паштовак.
  9. Иваново = Ivanovo // Путеводитель по городам и районным центрам Республики Беларусь : путеводитель : [на рус. и англ. языках] / сост. А. В. Варивончик и др. Минск : ООО «Харвест», 2004. С. 156–157.
  10. Иваново // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 695–697.
  11. Иваново = Ivanovo : [рекламное издание : на рус. и англ. языках] / фото Г. Лихторович. Минск : Арт дизайн, 2008. 56 с. : ил.
  12. Иваново // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск : Беларуская Энцыклапедыя, 2007. С. 220–221.
  13. Березовский, Г. Жильё предков : Янов знакомый и незнакомый : [авторский проект] / Г. Березовский // Чырвоная звязда (Іванава). 2009. 30 крас. С. 8.
  14. Гурин, А. В поисках утраченного : [ из истории г. Иваново] / А. Гурин // Советская Белоруссия. 2006. 22 апр. С. 27.
  15. Жушма, В. “Іванава – мая Айчына”: [выстаўка фотамастака Генадзя Ліхтаровіча] / В. Жушма // Чырвоная звязда (Іванава). 2009. 30 крас. С. 3.
  16. Карлюкевич, А. В поисках утраченного : [Иваново, фото старого города] / А. Карлюкевич // Советская Белоруссия. 2009. 17 апр. С. 16.
  17. Карлюкевіч, А. Краскі Радзімы : Янаў-Палескі / А. Карлюкевіч // Полымя. 2008. № 10. С. 149–168.
  18. Карлюкевіч, А. Краскі Радзімы // Радзімазнаўства : Мясціны. Асобы : краязнаўчыя нарысы / Алесь Карлюкевіч. Мінск : Літаратура і мастацтва, 2010. С. 167–206.
  19. Кязева, В. Іванава // Князева, В. М. Падарожжа па Беларусі : гарады і гарадскія пасёлкі / Вольга Князева. Мінск : Беларусь, 2005. С. 28.
  20. Крэйдзіч, А. 585 – для горада не ўзрост : [юбілей г. Іванава] / А. Крэйдзіч // Заря. 2008. 22 июля. С. 1, 4.
  21. Курков, И. Тяжкий лаборский ставер // Брестчина : легенды , события, люди / И. Курков. Минск : Медиафакт,2005. С. 61–64.
  22. Луцэвіч, Т. М. Янаўскія лабары : гісторыка – этнаграфічны нарыс / Т. М. Луцэвiч // Чырвоная звязда (Іванава). 1994. 22 лют. С. 3.
  23. Мова прадзедаў, мова дзядоў : дыялектычны слоўнік лабарскай гаворкі Іванава, 2006. 16 с.
  24. Панасюк, М. Суквецце музыкі і песні : [585-годдзе г. Іванава] / М. Панасюк // Белорусская нива. 2008. 23 июля. С. 4.
  25. Іванава // Брэстчына : назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. Мінск : Беларусь,1995. С. 162–168.
  26. Рогалеў А. Ф. Назвы Бацькаўшчыны (тапанімія Беларусі) / А. Ф. Рогалеў. 2 выд. Гомель : Барк, 2011. С. 78–79.
  27. Цiтоў, А. Янаў : Герб (1868) // Цітоў, А. Геральдыка беларускіх местаў (ХVI – пачатак ХХ ст.) / А. Цiтоў. Мiнск : Полымя, 1998. С. 258.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2997 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Сакавік 2020 09:54