Чацвер, 21 Красавік 2022 15:58

2022 г. — 120 гадоў з часу пабудовы Свята-Прачысценскай царквы ў аг. Дзівін (Кобрынскі р-н; 1902), помніка драўлянага дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю

Свята-Прачысценская царква знаходзіцца ў цэнтры аг. Дзівін Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Гэта другі дзеючы праваслаўны храм Дзівіна пасля храма святой Параскевы Пятніцы (1740).

 

Першае згадванне пра царкву ў Дзівіне датуецца 1580 г. З цягам часу пабудова састарэла, прыйшла ў заняпад, і ў канцы XIX ст. было прынята рашэнне будаваць новы храм з той жа назвай і на тым жа месцы. Хадайніцтва аб будаўніцтве новай царквы на месцы струхлелай старой было пададзена прыхаджанамі ў 1879 г. З-за рознага роду цяжкасцяў царква здабыла новае жыццё толькі праз 23 гады, у 1902 г.

Гэты храм цалкам выкананы з дрэва, дошкі ашалёўкі размешчаны гарызантальна, што і надае святыні адчуванне нейкай «цацачнасці». Царква здаецца паветранай, амаль незямной. Тып храма з трохчасткавай аб’ёмнай кампазіцыяй традыцыйны для драўлянага культавага дойлідства Беларусі.

Над асноўным кубавідным аб’ёмам, які мае нізкія бакавыя прыдзелы, чатырохсхільны дах з васьмігранным барабанам і макаўкай на нізкім чатырохгранным пастаменце. Да асноўнага аб’ёму далучана пяцігранная апсіда. Над прытворам трох’ярусная званіца (васьмірык над кубавіднай часткай) з шатровым дахам і макаўкай. Уваход арганізаваны праз нізкі прытвор пад двухсхільным дашкам. Незвычайную пышнасць будынку надаюць разныя фрэзы і падзоры, якімі ўпрыгожаны храм.

У інтэр’еры драўляны іканастас. Мастацкую каштоўнасць маюць абразы XVIIIXIX стст.: «Прападобны Ануфрый», «Божая Маці Адзігітрыя», «Святыя Варвара і Андрэй», «Святыя Мікола і Мітрафаній», «Мікола Цудатворац», «Дабравешчанне», «Узнясенне Хрыстова», «Нараджэнне Божай Маці», «Спас Пантакратар».

Святы пасад асвячоны Архірэйскім чынам. Асвячона царква ў гонар Ражства Прасвятой Багародзіцы. Дакладная дата асвячэння не ўстаноўлена. Прастольнае свята – 21 верасня. Хрэсныя ходы з адной царквы да другой — мясцовая традыцыя.

Свята-Прачысценская царква перажыла ўсе войны і ліхалецці. Храм не закранула ні адна вайна, ні адна міжусобіца, якая прыходзіла на тэрыторыю Беларусі. Паводле гістарычных звестак, храм ніколі не зачыняўся, не быў абрабаваны. У 1927 г. і ў 2007 г у царкве быў праведзены капітальны рамонт, а касметычныя рамонты праходзяць часта. У розныя гады царкву фарбавалі ў розныя колеры, сёння яе можна бачыць далікатна-блакітнай.

З верасня 2000 г. пры храме пачала дзейнічаць Нядзельная школа. Яе вучнямі сталі 30 дзяцей з чацвёртага па дзевяты класы ўключна. Пад кіраўніцтвам настаяцеля царквы з 1970 г. протаіерэя Алексiя Цярэнцьевіча Алесіюка і іерэя Міхаіла Радзіонавіча Юшчука (1941–2020; у Дзівіне служыў у 2000–2004 гг.) дзеці вывучаюць Закон Божы, Біблію, малітвы, а разам з вялікім аматарам спеваў В. М. Гапановіч — царкоўныя спевы, культуру паводзін.

З 1997 г. айцец Алексiй Алесіюк супрацоўнічаў з беларускім Чырвоным Крыжам, у фонд якога пералічваў асабістыя грошы; шмат гадоў дапамагаў Савецкаму фонду міру, за што неаднаразова адзначаўся падзякамі і граматамі.

Ва ўсе часы храм быў і застаецца духоўным цэнтрам у вёсцы. Царква Ражства Прасвятой Багародзіцы ў Дзівіне лічыцца адным з самых прыгожых храмаў Кобрыншчыны, валодае нейкай асаблівай аўрай: ад яе так і зыходзіць цяпло, святло і супакаенне. На сённяшні час настаяцелем царквы з’яўляецца іерэй Валерый Ягоравіч Барадзін.

Дзівінская Свята-Прачысценская царква — помніка драўлянага дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю, уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф

аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Дзівінская царква Раства Багародзіцы // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2013. Т. 3. С. 395.
  2. Дивинская церковь Рождества Богородицы // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 324.
  3. Гапанович, А. Н. Памятники архитектуры. Свято-Пречистенская церковь / Афанасий Гапанович // Дивин – древний и молодой / Афанасий Гапанович. Брест, 2017. С. 37.
  4. Кулагін, А. М.Царква ў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы : [в. Дзівін] / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 144.
  5. Кулагін, А. М. Драўлянае царкоўнае дойлідства :Свята-Прачысценская царква ў в. Дзівін / А. М. Кулагін // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 467.
  6. Кулагін, А. М.Свята-Прачысценская царква : [в. Дзівін] / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 72.
  7. Кулагін, А. М. Неарускі стыль. Прачысценская царква ў в. Дзівін / А. М. Кулагін // Эклектыка. Архітэктура Беларусі другой паловы XIX– пачатку XX ст. / А. М. Кулагін. Мінск, 2000. С. 85.
  8. Пречистенская церковь : [д. Дивин] // Свод памятниковистории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 255.
  9. Прычысценская царква : [в. Дзівін] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 231.
  10. Мароз, В. В. Двухвежавыя аднанефавыя храмы. 1740, Дзівін / В. В. Мароз // Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. Мінск, 2018. С. 332.
  11. Культавае дойлідства : Дзівін. Свята-Прачысценская царква // Захавальнікі гісторыі роднага краю : турыстычна-бібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2016. С. 49–50.
  12. Юбілейныя даты рэлігійных устаноў : Свята-Прачысценскай царкве ў в. Дзівін (1902) – 120 гадоў // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 62.
  13. Свята-Прачысценская царква // Дзівінскі шлях: гісторыя і дзень сённяшні : гісторыка-краязнаўчы нарыс да 550-годдзя з часу першага ўпамінання в. Дзівін Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2016. С. 16–17.
  14. Старонка мая – непаўторны куток : буклет да 550-годдзя з часу першага ўпамінання в. Дзівін / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук, камп. афармл. П. С. Грыневіч. – Кобрын, 2016.
  15. Елизарова, Ж. Дивин древний, Дивин юный. Таямніцы зямлі кобрынскай : [в разделе «Под покровом веры православной» – о Свято-Пречистенской церкви] / подготовила Жанна Елизарова ; по матералам интернет-порталов «Познай Кобрин», «RETRO-КОБРИН-CITY», библиотеки УК «Кобринский военно-исторический музей им. А. В. Суворова», Дивинского филиала ГУК «Кобринская ЦБС», ГУК «Дивинский центр культуры и досуга», Дивинского Дома ремесел// Кобрынскі веснік. 2022. 23 сакавіка (№ 21). С. 4–5.
  16. [На 79-м году жизни отошел ко Господу заштатный клирик Брестской епархии протоиерей Михаил Радионович Ющук] // Брестские епархиальные ведомости. 2020. № 2. С. 43 :
  17. Отборочный тур Афанасьевского турнира в Кобринском благочинии : [команду Кобринского благочиния на епархиальном уровне представят представители воскресной школы храма Рождества Пресвятой Богородицы в аг. Дивин] // Кобрин-информ. 2019. 31 октября (№ 44). С. 24.
  18. Пасхальная седмица – время дел милосердия : [дела милосердия совершали сестры милосердия сестричества во имя прав. Анны при храме Рождества Богородицы аг. Дивин] // Кобрин-информ. 2018. 26 апреля. С. 12.
  19. Пашковіч, Л. Для вернікаў духоўны карабель : [прыхаджане в. Дзівін адзначылі 115-годдзе з дня асвячэння царквы Нараджэння Багародзіцы] / Людзміла Пашковіч // Кобрынскі веснік. 2017. 23 жніўня. С. 4.
  20. 115-летие Рождественско-Богородичная церковь д. Дивин Кобринского района : юбилеи // Духовный вестник. 2017. № 9 (сентябрь). С. 1.
  21. Марчук, Н. Православные храмы Дивина / Нина Марчук // Кобрин-информ. 2014. 16 октября. С. 11.
  22. Harnatski, A. Исторические памятники православной культуры Кобринского района Брестской области / AndrejHarnatski // Edukacjamidzykulturowa. 2014. № 3. S. 103–118.
  23. Свет веры : [105 гадоў Прачысценскай царкве ў Дзівіне] / фота Анатолія Шугая // Кобрынскі веснік. 2007. 15 жніўня. С. 2.
  24. Петровская, М. Пастырский визит : [в День всех святых и предверии Петровского поста епископ Брестский и Кобринский Иоанн совершил пастырский визит в Дивин и провел богослужение в Пречистенской церкве] / Мария Петровская // Кобрынскі веснік. 2005. 29 чэрвеня.
  25. Хільчук, М. Уклад святароў : [шмат гадоў дапамагаў Савецкаму фонду міру протаіерэй Дзівінскай Свята-Ражства прасвятой Багародзіцы царквы айцец Аляксей] / Марыя Хільчук // Кобрынскі веснік. 2003. 26 лістапада. С. 2.
  26. [З верасня 2000 года ў с. Дзівін пры Свята-Ражства-Багародзічнай царкве пачала дзейнічаць нядзельная школа] / фота Маргарыты Лаўрынюк // Кобрынскі веснік. 2001. 20 студзеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 319 разоў