Пятніца, 29 Красавік 2022 13:52

17 красавіка 2022 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Вячаслава Пятровіча Вайшэвіча (1942), педагога, паэта

Вячаслаў Пятровіч Вайшэвіч нарадзіўся 17 красавіка 1942 г. у вёсцы Ліпск Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай (цяпер Брэсцкай) вобласці ў сям’і селяніна. Бацька памёр у 1944 г. Маці пасля вайны працавала ў калгасе. У 1960 г. Вячаслаў закончыў дзесяць класаў Крывошынскай сярэдняй школы, у 1966 г. — філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя У. І. Леніна.

 

Працоўную дзейнасць Вячаслаў Вайшэвіч пачаў пасля заканчэння школы ў калгасе «Шлях Ільіча», з лістапада па люты 1961 г. працаваў кіраўніком Ліпскага аддзялення сувязі. З жніўня 1962 г. па кастрычнік 1966 г. — настаўнік беларускай мовы і літаратуры Малагарадзішчынскай базавай школы. Работу маладога, руплівага спецыяліста хутка заўважылі ў раённым аддзеле адукацыі, назначылі дырэктарам школы, якім ён з’яўляўся дзесяць гадоў — па верасень 1976 г. У 1976 г. Малагарадзішчанская школа стала сярэдняй.

Затым В. П. Вайшэвіч займаў розныя пасады: кіраўнік групы гаспадарчага абслугоўвання школ раёна (1976–1977, старшыня Ляхавіцкага гарадскога Савета народных дэпутатаў (1977–1978), намеснік загадчыка ідэалагічным аддзелам Ляхавіцкага райкама КПБ (1978–1990), старшыня праўлення Ляхавіцкага гарадскога спажывецкага таварыства (1990–1995), дырэктар Тальмінавіцкай сярэдняй школы (1995–1997), спецыяліст па сацыяльнай абароне дзяцінства Ляхавіцкага аддзела адукацыі (1997–2007).

За гады добрасумленнай працы В. П. Вайшэвіч быў узнагароджаны залатым медалём Савецкага Фонду міру «За укрепление мира» (1989), медалём «Ветеран труда» (1990), знакамі «Победитель соцсоревнования» (1973, 1975), граматай Міністэрства асветы БССР (1969), граматай Вярхоўнага Савета БССР (1986), Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2002), Падзячнай граматай Ляхавіцкага райвыканкама (2002), Ганаровай граматай праўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама (2003), Падзякай Прэзідэнцкай бібліятэкі (2018) і інш.

Вячаслаў Вайшэвіч — асоба сярод ляхавіцкіх паэтаў яшчэ маладая, бо асобныя зборнікі яго вершаў з’явіліся параўнальна нядаўна. Яго першая кніга «Заўсёды побач» убачыла свет у 2013 г. Назва кнігі выбрана не выпадкова: аўтар піша пра людзей, якія ішлі поруч з ім па жыцці. Светлы, адкрыты, шчыры, ён з вялікай павагай адносіцца да жанчыны. Ён добры клапатлівы бацька, верны, адданы муж, радуецца поспехам сваіх любімых унукаў.

Праз некалькі гадоў выйшла другая кніга паэта «Помніце… Не забывайце» (2017), а затым і трэццяя – «Радзімы куток, Любімы край» (2019).

Вячаслаў Вайшэвіч з’яўляецца яшчэ і паэтам-песеннікам. Яго творы часта гучаць на сцэне Ляхавіцкага ГДК у выкананні самадзейных артыстаў: «Ляхавіцкі марш», «Ляхавіцкі вальс», «Беларускі вальс», «Когда ты смотришь на меня». Музыку напісалі Аляксандр Барташэвіч і Іван Банецкі.

У сталым узросце Вячаслаў Пятровіч пераехаў у Мінск, але піша, марыць, кахае, не губляе той нітачкі, якая звязвае яго з роднай ляхавіцкай зямлёю. Бо тут засталіся яго родныя людзі, сябры, чытачы, якія паважаюць творчасць аўтара і заўжды рады сустрэчы з ім.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, загадчык сектара аўтаматызацыі электронных працэсаў

 

Творы В. П. Вайшэвіча

  1. Радзімы куток, Любімы край / Вячаслаў Вайшэвіч. – Мінск, 2019. – 150 с. : іл.
  2. Помніце… Не забывайце… : [вершы] / Вячаслаў Вайшэвіч. – Мінск, 2017. – 163 с.
  3. Заўсёды побач : вершы / Вячаслаў Вайшэвіч. – Мінск, 2013. – 107 с.
  4. Ты вярнуўся дадому, салдат : памяці Свянтэцкага Я. К. : [верш] / В. Вайшэвіч // Героическая Брестчина / сост. С. Ф. Омелисюк. – Брест : ОАО «Брестская типография», 2015. С. 290–291.
  5. Ляхавічы : [верш] / Вячаслаў Вайшэвіч // Ляхавіцкі веснік. 2005. 3 снежня. С. 8.

 

Аб жыцці і творчасці В. П. Вайшэвіча

  1. Дземід, Ю. Г. «Убачыць сонца прамень упершыню...» : [літаратурная крытыка – паэзія паэтаў Ляхавіцкага раёна, у т. л. В. П. Вайшэвіч] / Ю. Г. Дземід // Веснік адукацыі. 2019. № 12. С. 29–33.
  2. Прытульчык, Р. У. Сустрэча, што грэе сэрца : [аб прэзентацыі кнігі вершаў Вячаслава Вайшэвіча «Заўсёды побач» у раённай бібліятэцы] / Рыма Прытульчык // Ляхавіцкі веснік. 2013. 30 лістапада. С. 9.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 454 разоў