Панядзелак, 11 Сакавік 2013 16:00

27 лютага 2013 г. – 110 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Васільевіча Хоцімскага (1903–1986), ваеннага дзеяча, удзельніка вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Героя Савецкага Саюза

Міхаіл Васільевіч Хоцімскінарадзіўся 27 лютага 1903 года ў сям’i рабочага ў мястэчку Шарашова Пружанскага павета (цяпер г. п. Шарашова Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці). Закончыў тры класы вучылiшча ў Пружанах. З 1914 года жыў у г.Маскве, працаваў слесарам на чыгунцы.

{gcontent}Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя застала М. В. Хоцімскага ў г.Маскве. У 1921 годзе прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Яму даверылі пост № 27, які ахоўваў кватэру і рабочы кабінет У. І. Леніна. Міхаілу Васільевічу давялося часта бачыць Уладзiмiра Ільіча і нават гутарыць з ім. Удзельнiчаў у лiквiдацыi банд атамана Сапажкова на Тамбоўшчыне. Затым перабазiраваны ў Забайкалле, дзе ўдзельнiчаў у знiшчэннi банды атамана Сямёнава. Пазней на Паўночным Каўказе служыў на гранiцы.

У 1925 годзе ўступiў у ВКП(б). Скончыў Аб’яднаную ваенную школу імя ВЦВК (1925), бранятанкавыя курсы ўдасканалення камсаставу (1932), Ваенную акадэмію механізацыі і матарызацыі РСЧА (1937).

Вялiкая Айчынная вайна застала М. В. Хоцiмскага на пасадзе камандзiра вучэбнага батальёна Ваеннай акадэмii механiзацыi i матарызацыi. На фронце М. В. Хоцімскі знаходзіўся з лістапада 1941 года, камандаваў танкавай брыгадай, якая прайшла з баямі ад берагоў Волгі да Берліна. Удзельнічаў у абароне г. Масквы, баях пад гарадамi Варонеж, Сталінград, у вызваленні Украіны, Беларусі. Яго механізаваная брыгада вызваляла беларускія гарады Слуцк, Баранавічы, Слонім. Міхаілу Васільевічу давялося вызваляць ад фашыстаў мясціны, дзе прайшло яго дзяцінства. 16 ліпеня 1944 года танкавая частка М. В. Хоцімскага разам з іншымі часцямі Савецкай Арміі ўдзельнічала ў вызваленні Пружаншчыны, а затым з баямі праз Польшчу дайшла да г. Берліна.

За баявыя дзеянні брыгады ў Карсунь-Шаўчэнкаўскай аперацыі, ваеннае майстэрства і гераізм, праяўленыя яе камандзірам палкоўнікам М. В. Хоцімскім, 6 красавіка 1945 года яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Да 1952 года палкоўнiк М. В. Хоцімскі служыў у арміі: камандзiр 37-й Слуцка-Памеранскай механiзаванай брыгады 1-га Чырвонаградскага механiзаванага корпуса 2-й гвардзейскай танкавай армii 1-га Беларускага фронта. Пасля выхаду ў запас жыў у г.Маскве. Ён быў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Суворава II ступені, двума ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, многімі медалямі.

29 мая 1974 года М. В. Хоцімскаму было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін г. Пружаны”.

Памёр Міхаіл Васільевіч Хоцімскі 25 лістапада 1986 года. Пахаваны на Кунцаўскiх могiлках г. Масквы. На доме ў акрузе Ляфортава г. Масквы, дзе ён жыў пасля вайны, устаноўлена мемарыяльная дошка. Яго iмянем названа судна Мiнiстэрства рачнога флота – буксiр Чарнiгаўскага рачнога порта “Герой Хотимский” (спушчаны на воду ў 1991 г.).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна , бібліёграф ДБС

{/gcontent}

  1. Хоцімскі Міхаіл Васільевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 53.
  2. Хотимский Михаил Васильевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1 : Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 445.
  3. Хотимский Михаил Васильевич // Долготович, Б. Д. Почетные граждане белорусских городов : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск : Беларусь, 2008. С. 48–49.
  4. Міхаіл Васілевіч Хацімскі // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пружанскага раёна. Мiнск, 1992. С. 216.
  5. Далгатовіч, Б. Родам з Шарашова / Б. Далгатовiч // Раённыя будні (Пружаны). 1994. 7 мая. С. 3.
  6. Іасялевіч, А. Украіна шануе імя героя-беларуса : [Герой Савецкага Саюза М. В. Хацімскі] // Раённыя будні (Пружаны). 1992. 28 жн.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1931 разоў Апошняя змена Пятніца, 20 Сакавік 2020 16:45