Панядзелак, 11 Сакавік 2013 16:01

1 сакавіка 2013 г. – 75 гадоў з дня нараджэння Юрыя Пятровіча Сергіенкі (1938), мастака

Юрый Пятровіч Сергіенка нарадзіўся 1 сакавіка 1938 года ў вёсцы Новы Радзін Камарынскага раёна Гомельскай вобласці. У 1947 годзе бацькi пераехалi на сталае жыхарства ў г. Столін.

{gcontent}З дзяцiнства Юрый Сергiенка захапляўся маляваннем. Ужо ў 11-гадовым узросце прайшла яго першая персанальная выстава ў г. Мінску. Займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва ў выдатнага педагога Юстафа Высоцкага. У 1966–1967 гадах Юрый Пятровіч вучыўся ў Народным універсітэце мастацтваў імя Н. Крупскай у г.Маскве.

Ю. Сергіенка кіраваў мастацкай студыяй у Доме піянераў i школьнiкаў г. Століна (1961–1968), працаваў мастаком у Столінскім Доме культуры (1968–1991). Другое захапленне мастака – драўляная скульптура. Ён аўтар больш за 30 кампазіцый, якія ўпрыгожылі ўезды ў населеныя пункты Століншчыны.

У прафесійнае мастацтва Юрый Пятровіч прыйшоў з самадзейнай творчасці. З 1975 года з’яўляецца ўдзельнікам абласных і рэспубліканскіх прафесійных і самадзейных мастацкіх выставак. Яго палотны былi ў лiку твораў беларускiх мастакоў на выставах у Балгарыi, Польшчы, Германii. У 1988 і 1992 гадах праходзілі персанальныя выстаўкі мастака ў г. Брэсце, у 1983 годзе – персанальная выстаўка ў г. Мінску.

Член Беларускага саюза мастакоў з 1994 года.

Юрый Пятровіч працуе ў станковым жывапісе ў жанры пейзажа, часам даводзіцца працаваць і над партрэтамі, нацюрмортамі. З гадамі выпрацаваў свой асабісты стыль жывапісу – малы мазок, дэтальная прапрацоўка натуры. Яго Палессе прываблівае гледача радасным хараством жыцця. Асноўныя творы: “Столінская царква”, “Палескі край”, “Тройца”, “Свята на Івана Купалу”, “Старая кузня”, “Успаміны”, “Пакінутая хата”, “Перад навальніцай”, “Вясновыя воды”, “Возера Тыльчына”. Па назвах яго карцiн, такiх, як, напрыклад, “Салаўіны куток”, “Грыбная пара”, “Рэчка Льва”, можна судзіць аб радасці сустрэч мастака з цікавымі і ўжо, на жаль, у выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека з кожным годам меньш і меньш прывабнымі і даступнымі людзям месцамі прыроды.

Творы мастака знаходзяцца ў Столiнскiм раённым краязнаўчым музеi, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, прыватных калекцыях.

Юрый Пятровіч жыве ў г. Століне.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Літвінчук В. Л., гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

{/gcontent}

  1. Юрый Сергіенка // Мастакі Брэстчыны = Artists of the Brest region : альбом-каталог / аўт.-склад. М. П. Кузьміч. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2010. С. 114–115.
  2. Сергiенка Юрый Пятровiч // Беларускi саюз мастакоў. 1938–1998 / аўт.-склад. Б. А. Крэпак i iнш. Мiнск, 1998. С. 496.
  3. Юрий Сергиенко // Художники Брестчины : альбом-каталог : на рус. и англ. языках / Белорусский Союз художников ; авт.-сост.: Б. Крепак, А. Грищук, М. Коньков. Минск : Хелмон, 1997. С. 84–85.
  4. Валасюк, Л. Палеская палітра Юрыя Сергіенкі : [да 70-годдзя мастака] / Леанiд Валасюк // Народная трыбуна. 2008. 1 сак. С. 12.
  5. Вярэніч, А. “У пейзажы – душы маёй адпачынак…” / Аляксей Вярэніч // Навіны Палесся (Столiн). 2008. 29 лют. С. 4.
  6. Гашчук, Г. На вернісажы Сергіенкі / Галiна Гашчук // Навіны Палесся (Столiн). 2008. 14 сак. С. 2.
  7. Казюля, Я. Хатняя галерэя / Я. Казюля // Голас Радзiмы. 2001. 6 чэрв. С. 4.
  8. Жылевіч, Ул. Знак адраджэння / Ул. Жылевіч // Навіны Палесся (Столiн). 1997. 22 кастр.
  9. Мірановіч, В. Знак адраджэння / В. Мірановіч // Навіны Палесся (Столiн). 1997. 8 лют.
  10. Квир, А. Резец и кисть : [о художнике Ю. Сергиенко из Столина] / А. Квир // Советская Белоруссия. 1991. 9 авг. С. 2.
  11. Кучук, М. Бесприютные таланты / М. Кучук // Заря. 1980. 29 мая.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2359 разоў Апошняя змена Чацвер, 28 Май 2020 10:46