Чацвер, 19 Май 2022 11:51

2022 г. — 520 гадоў з часу першага згадвання ў пісьмовых крыніцах в. Навасёлкі (Кобрынскі р-н; 1502)

Навасёлкі (мясцовая назва Новосілкы) — аграгарадок, цэнтр Навасёлкаўскага сельсавета Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці і СПК «Навасёлкаўскі». Назва «Навасёлкі» (Новае сяло) вельмі распаўсюджаная на тэрыторыі Беларусі. Вёска некалі размяшчалася ў іншым месцы, а потым жыхары сталі перасяляцца на больш высокія землі. «Пайсці на выселкі» значыць пасяліцца на новых землях. Адсюль і назва Навасёлкі.

 

Вёска мае сваю даўнюю і цікавую гісторыю.Упершыню сяльцо Навасельчане (Навасёлкі) упамінаецца ў «Актах Літоўскай Метрыкі» ў 1502 г. як уладнне пана Льва Багавіцінавіча (т. 1, кн. 5, артыкул 619, с. 100–101 ад 29 чэрвеня 1502 г.). Раней лічылася, што першы ўспамін аб вёсцы адносіцца да 1563 г., але ў 2016 г. гісторык і краязнавец Ю. А. Барысюк знайшоў іншую інфармацыю ў польскім архіве ў «Актах Літоўскай Метрыкі». Таксама Юрый Антонавіч знайшоў інфармацыю пра герб вёскі і манету з гербам неразменны талер.

У 1563 г. вёска згадваецца ў «Рэвізіі Кобрынскай эканоміі», на 71-й старонцы якой упамінаюцца Навасельскія зямяне (баяры). Згадваецца вёска таксама ў царкоўных крыніцах у 1590 г. як «Навасёлкі на Боне» (маецца на ўвазе канал Бона, які працякае на ўсходзе вёскі).

У 1567 г. Навасёлкі ўБрэсцкім павеце ВКЛ, маёнтак, уладанне С. Стахорскага. У 1747 г. — маёнтак, уладанне Я. Стахорскага. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) – у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. — у Гродзенскай губерні. У 1886 г. Навасёлкі — сяло Верхалескай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні. 50 двароў, 495 жыхароў. Дзейнічалі валасное праўленне, праваслаўная Свята-Міхайлаўская царква, ветраны млын, піцейны дом. За тры вярсты ад сяла знаходзіўся шклозавод Паўлопаль. У 1889 г. у вёсцы 8 пасёлкаў, 8 маёнткаў. У 1905 г. Навасёлкі — сяло (820 жыхароў) і маёнтак (42 жыхары).

У час Савецка-польскай вайны ў Навасёлках на непрацяглы час устаноўлена савецкая ўлада; дзейнічаў Навасёлкаўскі валасны рэвалюцыйны камітэт. З 1921 г. вёска ў складзе Польшчы, цэнтр Навасёлкаўскай гміны Кобрынскага павета Палескага ваяводства. У 1930-я гг.уНавасёлках працавалі школа і вячэрнія курсы.

Асобная і незабыўная старонка гісторыі вёскі — Навасёлкаўскае ўзброеннае выступленне сялян (у гістарычнай літаратуры вядома як Кобрынскае ўзброенае выступленне сялян), што адбылося ў ноч з 3 на 4 жніўня 1933 г. У цэнтры падзей апынуліся вёскі Паўлопаль, Навасёлкі, Бельск і Дарапеевічы Навасёлкаўскай гміны. Сяляне Навасёлак і навакольных вёсак удзельнічалі ў масавым паходзе на маёнтак памешчыкаў Малачэўскіх (в. Булькава Жабінкаўскага раёна) з мэтай прымусіць іх выплаціць запазычанасць сезонным рабочым, забяспечыць хлебам галадаючыя сем'і. Па дарозе разграмілі некалькі сядзіб асаднікаў, атакавалі паліцэйскі ўчастак у Навасёлках.

На дапамогу паліцэйскім з Брэста прыбылі салдаты і атрады паліцыі. У вёсках лютавалі карнікі, праводзіліся масавыя арышты. Выступленне было падаўлена. Сялянскі бунт і судовы працэс над паўстанцамі атрымалі шырокі грамадскі рэзананс і ўвайшлі ў гісторыю як адзін з найбольш вядомых эпізодаў барацьбы працоўных сялян Заходняй Беларусі за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне. На ўшанаванне памяці паўстанцаў у в. Навасёлкі пастаўлены помнік (1967), на будынку школы — барэльеф (1983). Матэрыялы пра паўстанне зберагаюцца ў гісторыка-краязнаўчым музеі Навасёлкаўскай сярэдняй школы, якім загадвае настаўнік, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, краязнаўцаА. В. Дронец.

З 1939 г. вёска Навасёлкі сярод вызваленых раёнаў Заходняй Беларусі, якія далучыліся да Беларускай ССР. З 15 студзеня 1940 г. вёска ў Дзівінскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12 кастрычніка 1940 г. – цэнтр Навасёлкаўскага сельсавета.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Навасёлкі акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі з чэрвеня 1941 г. па ліпень 1944 г. У баях з ворагам загінулі два воіны-сапёры Савецкай арміі (пахаваны на могілках, у 1969 г. устаноўлены абеліск) і 22 вяскоўцы (помнік устаноўлены ў 1965 г. у цэнтры вёскі).

У пасляваенны перыяд мірнае жыццё паступова наладжвалася. У 1948 г. у Навасёлках пачалося будаўніцтва клуба, быў арганізаваны калгас імя Леніна (аб’ядноўваў 14 гаспадарак, старшыня І. А. Ніканчук), які стаў першым калгасам у Дзівінскім раёне. У лістападзе 1949 г. у калгас уступілі 125 гаспадарак.

З 8 жніўня 1959 г. — у Кобрынскім раёне. Працавалі няпоўная сярэдняя школа, сельпо з гандлёвай кропкай, аддзяленне сувязі, медпункт, сельсавет (тэлефанізаваны), ветэрынарны пункт і інш. У 1959 г. паводле перапісу Навасёлкі налічвалі 1194 жыхары, у 1970 г. — 1156 жыхароў. У 1999 г. — 926 жыхароў, 400 гаспадарак, цэнтр калгаса «Сцяг Леніна». У 2009 г. паводле перапісу ў вёсцы 759 жыхароў.На 1 студзеня 2022 г. колькасць насельніцтва склала 560 жыхароў, 258 двароў.

У 2003 г. калгас «Сцяг Леніна» рэарганізаваны ў СВК «Навасёлкаўскі». У 2009 г. вёска Навасёлкі набыла статус аграгарадка. Працуюць бальніца, аптэка, дом культуры, бібліятэка, сярэдняя школа (у школе дзейнічае гісторыка-краязнаўчы музей), дзіцячы сад, фельчарска-акушэрскі пункт, ветэрынарны ўчастак, аддзяленне сувязі, тры крамы.

Славутасці: помнік архітэктуры — Свята-Міхайлаўская царква (1881), пабудавана з дрэва па праекце архітэктара Ф. Афанасьева, уключана ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Вядомыя ўраджэнцы: Аляксандр Кірылавіч Букраба — удзельнік Навасёлкаўскага ўзброеннага выступлення сялян 1933 г., узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам ПНР «Залаты Крыж»; Васілій Сцяпанавіч Пятручык – удзельнік партызанскага руху, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Навасёлкі, вёска ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 11. С. 102.
  2. Навасёлкі // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. C. 170–172.
  3. Новоселки, деревня в Кобринском районе // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 144145.
  4. Князева, В. М. Навасёлкі, вёска ў Навасёлкаўскім сельсавеце / В. М. Князева // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 596. (З гісторыі населеных пунктаў).
  5. Навасёлкі, вёска ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 7. С. 356.
  6. Агрогородок «Новосёлковский» // Агрогородки Брестчины / гл. ред. Владимир Шпарло. Брест, 2010. С. 161.
  7. Барысюк, Ю. Навасёлкаўскае ўзброеннае выступленне сялян 1933 года / Юрый Барысюк // Загароддзе : матэрыялы навукова-краязнаўчай канферэнцыі «Палессе ў XX ст.», 1–4 чэрвеня 2000 г., Беласток – Мінск, 2001. С. 165–168.
  8. Воткович, Г. Б. Кобринский район д. Новоселки – памятник революционным крестьянам / Г. Б. Воткович, В. Б. Короткевич // Пусть помнят все: памятники и памятные места революционной и национально-освободительной борьбы трудящихся Западной Белоруссии / Г. Б. Воткович, В. Б. Короткевич. Минск, 1979. С. 26–28.
  9. Дронец, А. В. Навасёлкаўскае ўзброеннае выступленне сялян 1933 года / А. В. Дронец // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 109–113.
  10. Кобринское выступление крестьян 1933 года // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2007. Т. 4. С. 103.
  11. Мароз, В. В. XVII стагоддзе. Навасёлкі / В. В. Мароз // Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. Мінск, 2018. С. 196.
  12. Новоселки, центр сельсавета : Братская могила советских воинов ; Михайловская церковь ; Памятник землякам ; Памятник Ленину ; Памятник участникам революционного выступления крестьян // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 259.
  13. Навасёлкі, цэнтр сельсавета : Брацкая магіла савецкіх воінаў ; Міхайлаўская царква ; Помнік землякам ; Помнік удзельнікам рэвалюцыйнага выступлення сялян // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 235.
  14. Помнікі архітэктуры. Міхайлаўская царква ; Помнікі гісторыі часоў уваходжвання Заходняй Беларусі ў склад Польшчы. Помнік удзельнікам рэвалюцыйнага выступлення сялян ; Помнікі Вялікай Айчыннай вайны. Брацкая магіла савецкіх воінаў ; Помнік землякам ; Помнікі знакамітым землякам і дзяржаўным дзеячам. Помнік У. І. Леніну // Гісторыка-культурная спадчына Кобрыншчыны / аддзел культуры Кобрынскага райвыканкама ; склад. Ю. А. Барысюк. Баранавічы, 2001. С. 11–12, 16, 24, 29.
  15. Архітэктурная спадчына Кобрыншчыны: Свята-Міхайлаўская царква ў в. Навасёлкі // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 465.
  16. Юбілейныя даты населеных пунктаў Кобрынскага раёна. Навасёлкі – 520 гадоў з часу першага ўпамінання (1502) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 41.
  17. Навасёлкі : Свята-Міхайлаўская царква ; Помнік удзельнікам рэвалюцыйнага выступлення сялян 1933 г. ; Брацкая магіла савецкіх воінаў ; Помнік землякам // Захавальнікі гісторыі роднага краю : турыстычна-бібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2016. С. 13, 54–55, 93–94, 119.
  18. Ярмошук, Н. Выстрелы в панов : [о вооруженном восстании в д. Новоселки Кобринского уезда в 1933 г.] / Николай Ярмошук ; фото Павла Богуша // СБ. Беларусь сегодня. 2021. 8 октября. С. 10.
  19. Елизарова, Ж. «Почта-маркет»: новый взгляд на привычный сервис :[в аг. Новоселки Кобринского района открылось отделение почтовой связи с новыми современными формами обслуживания] / Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2020. 4 сакавіка. С. 4.
  20. Козлович, В. Полосатый урожай новоселковской бахчи : [житель д. Новоселки Петр Гурич успешно выращивает бахчевые культуры на приусадебном участке] / Валентина Козлович ; фото Александра Кулевского // Советская Белоруссия. 2020. 19 февраля. С. 9.
  21. [Некролог] : [умер клирк Брестской епархии протоиерей Николай Давидюк, служивший в храме святого Архистратига Божия Михаила в д. Новоселки Кобринского района] // Духовный вестник. 2019. № 6 (июнь). С. 7.
  22. Пашковіч, Л. Калі паклікала родная школа … : [Навасёлкаўская сярэдняя школа адзначыла юбілей] / Людміла Пашковіч // Кобрынскі веснік. 2018. 24 кастрычніка. С. 4.
  23. Пашковіч, Л. У старасты ўсе ў згодзе : [пра маладога старасту аг. Наваселкі І. Камарчука] / Людміла Пашковіч // Кобрынскі веснік. 2017. 11 кастрычніка. С. 4.
  24. Ад добрых слоў да смачных караваяў : [у рамках месячніка папулярызацыі нацыянальнай мастацкай літаратуры Навасёлкаўская публічная бібліятэка сумесна з Домам культуры правялі літаратурна-этнаграфічнае свята «Свая хатка, як родная матка»] // Кобрынскі веснік. 2016. 30 лістапада. С. 3.
  25. Белов, Д. Доброму пастырю – многая лета! : [храм Архистратига Михаила д. Новоселки отметил 135-летие со дня основания] / Дмитрий Белов // Кобрынскі веснік. 2016. 16 ліпеня. С. 12.
  26. Изменились пределы пограничной полосы! : [в Кобринском районе с 7 апреля 2016 г. из пограничной зоны вышли населенные пункты Новосёлки и Бельск] // Кобрынскі веснік. 2016. 18 мая. С. 6.
  27. Белов, Д. И благодать касается души : [жизненный путь митрофорного протоиерея Николая Давидюка, настоятеля храма Архангела Михаила д. Новосёлки, награждённого орденами Даниила Московского и Кирилла Туровского] / Дмитрий Белов // Кобрынскі веснік. 2016. 12 сакавіка. С. 17.
  28. Благодарим за многолетние труды : [о священнослужителе Николае Давидюке в храме д. Новоселки Кобринского района] // Царкоўнае слова. 2016. 11 сакавіка (№ 11). С. 15.
  29. Белов, Д. В лучах солдатской славы : [о кавалерах ордена Славы, участниках Великой отечественной войны из д. Новосёлки] / подготовил Дмитрий Белов // Кобрынскі веснік. 2015. 13 мая. С. 5.
  30. Бялоў, Д. Памяць павінна жыць і працаваць : [аб краязнаўчым музеі Навасёлкаўскай СШ пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Аляксандра Дронца] / Дзмітрый Бялоў // Кобрынскі веснік. 2015. 14 студзеня. С. 6.
  31. Казакова, А. В Новоселках – праздник деревни / Анна Казакова // Кобрин-информ. 2015. 2 июля. С. 5.
  32. Ярмошук, Н. В арбузной столице : в Кобринском районе успешно выращивают бахчевые культуры : [в д. Новоселки на приусадебном участке Петр Гурич выращивает арбузы] / Николай Ярмошук // Заря. 2014. 11 сентября. С. 3.
  33. Бялоў, Д. З сiвою даўнiною – сам-насам : [пра музей гісторыі ў Навасёлкаўскай СШ] / Дзмiтрый Бялоў // Кобрынскi веснiк. 2010. 20 лютага. С. 8.
  34. Бялоў, Д. Сялянскі бунт : Навасёлкаўскае паўстанне на Кобрыншчыне 1933 г. / Дзмітрый Бялоў / Народная трыбуна. 2009. 12 верасня. С. 10.
  35. Сiнкевiч, В. На скрыжалях дарог гiсторыi : [пра гісторыка-краязнаўчы музей Навасёлкаўскай СШ] / Вiкторыя Сiнкевiч // Кобрынскi веснiк. 2008. 12 лiстапада. С. 4.
  36. Силюк, Н. Историко-краеведческий музей в Новоселках / Наталья Силюк // Кобрин-информ. 2007. 6 декабря. С. 8.
  37. Грышкевiч, С. Старонка гісторыі вёскі Навасёлкі : [аб краязнаўчай рабоце ў Навасёлкаўскай СШ Кобрынскага раёна] / Сяргей Грышкевіч // Настаўнiцкая газета. 2007. 4 кастрычніка. C. 3.
  38. Силюк, Н. Год рождения 1881-й : [история Свято-Николаевской церкви в д. Новосёлки Кобринского района] / Наталья Силюк // Кобрынскi веснiк. 2007. 26 верасня. С. 3.
  39. Васюк, Н. День рождения деревни : [о праздновании 440-летия д. Новоселки] / Н. Васюк // Кобрин-информ. 2003. 27 ноября. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 354 разоў