Серада, 25 Май 2022 16:41

26 студзеня 2022 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Яфрэма Аўрамавіча Александрава (1907–1987), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровага грамадзяніна г. Іванава (1974)

Яфрэм Аўрамавіч Аляксандраў нарадзіўся 26 студзеня 1907 г. у вёсцы Гіжэнка Слаўгародскага раёна Магілёўскай вобласці у сялянскай сям’і. З дзяцінства працаваў на сельскай гаспадарцы бацькоў, вучыўся ў школе. З красавіка 1926 г. па ліпень 1927 г. — загадчык паштовага агенцтва ў в. Гіжэнка. Са жніўня 1927 г. па верасень 1929 г. працаваў кацельшчыкам-зборшчыкам на металургічным заводзе імя Дзяржынскага ў г. Днепрадзяржынск Днепрапятроўскай вобласці.

 

У кастрычніку 1929 г. Яфрэм Аляксандраў быў прызваны ў Чырвоную армію. Накіраваны ў палкавую школу, пасля яе заканчэння служыў камандзірам аддзялення палкавай школы 97-га стралковага палка па лістапад 1931 г. Член партыі з лютага 1931 г.

Пасля дэмабілізацыі са снежня 1931 г. па студзень 1934 г. працаваў загадчыкам Тэлешэўскай хатай-чытальней у Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці. Са студзеня 1934 г. па чэрвень 1935 г. — старшыня калгаса імя 9-га з’езда ВЛКСМ у в. Бярозаўка Слаўгарадскага раёна. З ліпеня 1935 г. па жнівень 1936 г. — старшыня Каменскага сельскага савета ў в. Каменка Слаўгарадскага раёна. У верасні 1936 г. быў абраны старшынёй калгаса «Новы шлях» в. Бязуевічы Слаўгарадскага раёна.

У верасні 1939 г. Яфрэм Аляксандраў быў прызваны ў Чырвоную армію, накіраваны ў 97-ы стралковы полк. Пасля вызвалення заходніх абласцей БССР у кастрычніку 1939 г. быў звольнены з арміі і накіраваны ў распараджэнне ЦК КПБ(б). Атрымаў накіраванне на працу ў Шчучынскі раён Баранавіцкай (цяпер Гродзенскай) вобласці. З кастрычніка 1939 г. па красавік 1940 г. — інструктар райкама КПБ(б). З мая 1940 г. па чэрвень 1941 г. працаваў загадчыкам раённага зямельнага аддзела і па сумяшчальніцтве — намеснікам старшыні райвыканкама, дзе яго застала Вялікая Айчынная вайна.

28 чэрвеня 1941 г. Я. А. Аляксандраў прызваны ў Чырвоную армію і накіраваны ў 7-ы стралковы полк Заходняга фронту. Служыў на пасадах: палітрук роты, намеснік камандзіра роты па палітчастцы 7-га, 18-га стралковага палка, намеснік камандзіра роты па палітчастцы батальёна абслугоўвання тылу 3-й арміі Бранскага фронту, намеснік камандзіра па палітчастцы мінамётнай роты 116-й марской брыгады Бранскага фронту.

Пры вызваленні ад нямецкіх акупантаў вёскі Краснае-Сяргееўскае Арлоўскай вобласці ў баі 8 сакавіка 1943 г. быў цяжка паранены. У шпіталі знаходзіўся па 22 студзеня 1944 г. Пасля выпіскі ваенна-ўрачэбнай камісіяй Уральскай ваеннай акругі быў прызнаны абмежавана прыдатным да нясення ваеннай службы і накіраваны ў распараджэнне Беларускай ваеннай акругі, дзе прызначэнны на працу ў Драгічынскі райваенкамат Брэсцкай вобласці.

З ліпеня 1944 г. па жнівень 1949 г. Я. А. Аляксандраў працаваў начальнікам другой часткі Драгічынскага райваенкамата. З мая 1950 г. па лістапад 1955 г. — начальнік першай часткі Іванаўскага райваенкамата Брэсцкай вобласці. З арміі звольнены ў лістападзе 1955 г. Са студзеня 1956 г. па ліпень 1957 г. працаваў дырэктарам Іванаўскага харчкамбіната.

З сакавіка 1960 г. па снежань 1962 г. Я. А. Аляксандраў працаваў інструктарам па кадрах Іванаўскага райспажыўсаюза. У студзені 1963 г. у сувязі з скасаваннем Іванаўскага раёна пераведзены на пасаду інструктара па кадрах Драгічынскага райспажыўсаюза, дзе працаваў па снежань 1964 г. У студзені 1965 г. пераведзены на пасаду інструктара па кадрах зноў арганізаванага Іванаўскага райспажыўсаюза. На гэтай пасадзе працаваў па снежань 1965 г., а са студзеня 1966 г. па сакавік 1969 г. — намеснікам старшыні па кадрах райспажыўсаюза.

Яфрэм Аўрамавіч заўсёды вёў вялікую грамадскую работу. На працягу амаль 25 гадоў быў сакратаром першаснай партарганізацыі, а таксама абіраўся ў склад рэвізійнай камісіі раённай партарганізацыі, тры гады з’яўляўся старшынёй рэвізійнай камісіі раённай партарганізацыі. І на заслужаным адпачынку не ўяўляў свайго жыцця без грамадскай работы. Быў засядацелем народнага суда. Шмат гадоў запар узначальваў групу Народнага кантролю Іванаўскага райспажыўсаюза, з’яўляўся членам Іванаўскага райкама Народнага кантролю.

Я. А. Аляксандраў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі «За боевые заслуги», «Ветеран труда» (1980), 7 юбілейнымі медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1968), значком «Выдатнік савецкай спажывецкай кааперацыі» (1967) і інш.

За актыўны ўдзел у першых савецкіх пяцігодках, у Вялікай Айчыннай вайне і пасляваенным камуністычным будаўніцтве, за плённую і грамадскую дзейнасць у Іванаўскім раёне і ў сувязі з 30-годдзем вызвалення Беларускай ССР ад фашысцкіх захопнікаў 25 чэрвеня 1974 г. Я. А. Аляксандраў удастоены звання «Ганаровы грамадзянін горада Іванава Брэсцкай вобласці».

Я. А. Аляксандраў памёр 13 лістапада 1987 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Александров Ефрем Аврамович // Время и судьбы / Ивановский районный совет ветеранов ; автор идеи и составитель Л. А. Добродей. Брест : Ивановская районная типография, 2022. С. 55–62.
  2. Почетные граждане. Александров Ефрем Аврамович // Ивановский район. Будущее создается сегодня / [А. М. Суворов, Ю. В. Мулявко, Н. В. Раевская и др.]. Брест : Полиграфика, 2019. С. 14–15.
  3. Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др. ; под общей редакцией А. А. Горбацкого] ; Ивановский районный исполнительный комитет. Брест : Брестская типография, 2017. 839 с., [24] л. ил.
  4. Ефрем Аврамович Александров // О подвигах, о доблести, о славе... : 75-летию образования Ивановского района и 70-летию Победы советского народа в Великой Отечественной войне посвящается / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; сост. М. П. Горупа. Иваново : Ивановская районная типография, 2015. С. 226.
  5. Александров Ефрем Аврамович // Долготович, Б. Д. Почетные граждане белорусских городов : биогр. справочник / Б. Д. Долготович. Минск : Беларусь, 2008. С. 27.
  6. Соломка, И. Их судьбы историей стали : [в районной библиотеке им. Ф. И. Панферова состоялся вечер памяти, на котором участники познакомились с жизнью и деятельностью почетных граждан г. Иванова и Ивановского района: Трофима Андреевича Стельмашука, Ефрема Аврамовича Александрова, Алексея Трофимовича Кавко, Сергея Александровича Рожковца, Сергея Николаевича Маркевича.] / Ирина Соломка ; фото Валерия Михальчука // Янаўскі край. Іванава, 2019. 24 мая. С. 14.
  7. Жушма, В. Па-чалавечы сумленна : [80 гадоў споўнілася Я. А. Аляксандраву] / Васіль Жушма // Чырвоная звязда. Іванава, 1987. 27 студзеня. С. 3.
  8. Заўседы ў страі : [сустрэча ў райкоме КПБ з ветэранамі партыі, вайны і працы] // Чырвоная звязда. Іванава, 1986. 11 кастрычніка. С. 2.
  9. Аліева, А. Партыі радавы : [аб жыцці і дзейнасці Я. А. Яляксандрава] / А. Аліева // Чырвоная звязда. Іванава, 1986. 28 студзеня. С. 2.
  10. Ганаровы грамадзянін Іванава : [Я. А. Аляксандраў] // Чырвоная звзда. Іванава, 1974. 29 чэрвеня. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 267 разоў