Серада, 01 Чэрвень 2022 16:37

7 ліпеня 2022 г. — 140 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы (сапр. Іван Дамінікавіч Луцэвіч; 1882–1942), Народнага паэта БССР (1925)

Багатую спадчыну пакінуў нам Янка Купала — паэт, драматург, публіцыст. У перыяд росквіту яго дзейнасці жыхары Заходняй Беларусі, якая тады знаходзілася пад польскай аккупацыяй, не мелі легальнай магчымасці чытаць яго творы. Вершы і паэмы Янкі Купалы траплялі сюды нелегальна, распаўсюджваліся, бывала, у рукапісных сшытках. Сябры Таварыства беларускай школы, якое ў 1936 г. было забаронена польскай уладай, стваралі бібліятэкі, дзе меліся кнігі Янкі Купалы і іншых беларускіх савецкіх паэтаў.

 

Творы Янкі Купалы абуджалі нацыянальную свядомасць, успрымаліся як заклік да нацыянальнага вызвалення. Адзін з кіраўнікоў ТБШ, беларускі фалькларыст і харавы дырыжор Рыгор Раманавіч Шырма (1892–1978), ураджэнец Пружаншчыны, паэзію Янкі Купалы разглядаў як сімвал нацыянальнага адраджэння, выкарыстоўваў купалаўскія радкі ў якасці загалоўкаў і эпіграфаў сваіх публіцыстычных артыкулаў, цытаваў у іх творы паэта.

Янка Купала падтрымліваў нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі. Вестку аб уз’яднанні Заходняй Беларусі ў адзінай БССР сустрэў прыхільна. Прыняў удзел у гістарычным Народным сходзе Заходняй Беларусі ў Беластоку (28–30 касрычніка 1939 г.), на якім выступіў 29 кастрычніка.

Творчасць Янкі Купалы даследаваў кандыдат філалагічных навук, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна Уладзімір Андрэевіч Калеснік (1922–1994). У нарысе «Купалы сны нязводныя» (1987) раскрыта жыццёвае і творчае прызванне Янкі Купалы: «адраджаць бясцэнны скарб, памнажаць яго, праслаўляць па ўсім свеце». Адзначаны найбольш адметныя рысы рамантызму паэта: «прынцыпы праўды сэрца, шчырасці, свабодалюбства і дзейнасці слова, народнасці ў яе спецыфічным праяўленні як дзіўнай любові да мужыка, прасталюдзіна і паняволенай краіны». Шэраг артыкулаў У. А. Калесніка змешчаны ў энцыклапедычным даведніку «Янка Купала» (1986).

Ураджэнец Камянецкага раёна, доктар філалагічных навук, прафесар Уладзімір Васільевіч Гніламёдаў – аўтар артыкулаў да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы «Ты вечна будзеш сярод нас...», «Думка народная, думка вечная», «Я буду жыць... », «Сын народа, пясняр народа», «Удзячны народу», у якіх раскрыў значэнне творчасці паэта для развіцця беларускай і ўсёй савецкай літаратуры. Выдаў кнігі «Янка Купала: новы погляд» (1995), за якую ўдастоены прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі імя У. А. Калесніка (1996), і «Янка Купала: жыццё і творчасць» (2002).

Дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Генадзь Мікалаевіч Праневіч (1950–2017) новы погляд на творчасць Янкі Купалы як самабытнага прадстаўніка рамантычнага кірунку, асаблівасці паэтыкі яго твораў асэнсаваў у кандыдацкай дысертацыі «Літаратура класічнай мастацкай традыцыі ў паэзіі Янкі Купалы» (1990), у шэрагу артыкулаў.

Лаўрэаты Дзяржаўнай літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы 3 паэтэса Яўгенія Янішчыц, ураджэнка Пінскага раёна, за кнігу «лірыкі Пара любові і жалю» (1986), паэт Алесь Разанаў, ураджэнец Бярозаўскага раёна, за кнігу паэзіі «Вастрыё стралы» (1990).

Мастакі з Брэстчыны звярталіся да вобразаў Янкі Купалы. Ураджэнец Столінскага раёна, мастак-жывапісец Уладзімір Васільевіч Уродніч стварыў серыю краявідаў купалаўскіх мясцін: «Вербы» (1982), «Пачатак вясны ў Вязынцы» (1985), «Красавіцкі рытм. Вязынка» (2011). Паводле верша Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык» напісаў карціну «Насустрач мары» (2005).

Тэатральныя калектывы Брэстчыны звярталіся да творчасці народнага паэта. Народны тэатр «Эксперымент» Баранавіцкага ГДК паставіў п’есу Янкі Купалы «Прымакі». У Пінскім абласным драматычным тэатры пастаўлены «Паўлінка» (1952) і пастаноўка «Машэка» (1952) паводле паэмы «Магіла льва». Народны тэатр Пінскага ГДК паказаў п’есы «Прымакі» і «Паўлінка». Пінскі гарадскі тэатр «Дыяген» — «Паўлінка» (1992). Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя ЛКСМБ — «Раскіданае гняздо» (1982), «Прымакі» (2007).

Імем Янкі Купалы названы вуліцы ў Баранавічах, Брэсце, Бярозе, Ганцавічах, Давыд-Гарадку, Іванаве, Івацэвічах, Кобрыне, Лунінцы, Ляхавічах, Століне, у г. п. Ружаны Пружанскага раёна, у вёсках Будча Ганцавіцкага, Мельнікі Маларыцкага, Аранчыцы Пружанскага, Хорск і Рубель Столінскага раёнаў.

У Брэсце вуліца Завадская была перайменавана ў вуліцу імя Янкі Купалы ў 1972 г., калі інтэнсіўна забудоўвалася, цяпер яе працягласць каля 4 км. Тут знаходзяцца карпусы дывановага і панчошнага камбінатаў, фабрыка сувеніраў, вытворчае аб’яднанне «Рамбыттэхніка», база «Бакалея», «Брэстгаз», малочны комплекс «Савушкин продукт» і інш. прадпрыемствы. Узведзены пяці- і дзевяціпавярховыя жылыя дамы. З 1967 г. працавала кафэ «Паўлінка», назва якога адсылае да аднайменнай камедыі Янкі Купалы. У маі 2016 г. на сцяне аднаго з будынкаў мастачка Ганна Яцкевіч намалявала графіці з партрэтам Янкі Купалы.

Імем Янкі Купалы названа гарадская бібліятэка — філіял № 3 Брэсцкай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. З 1947 г. Ляхавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка носіць імя Янкі Купалы. У бібліятэках захоўваецца факсімільнае выданне першай кнігі песняра «Жалейка» (1908), якое выпусцілі ў 1982 г. У аддзеле рэдкай кнігі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага ёсць прыжыццёвыя выданнi — «Адвечная песня» (1910), «Раскіданае гняздо» (1919), «Песня будаўніцтву» (1936), «Беларусі ардэнаноснай» (1937), «Ад сэрца» (1940).

Грамадскасць Брэстчыны актыўна адзначае юбілейныя даты песняра. У бібліятэках і навучальных установах арганізуюцца тэматычныя вечары, конкурсы чытальнікаў, тэатралізаваныя пастаноўкі. Многія вакальныя калектывы выконваюць песню «Спадчына» на верш Янкі Купалы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Купала Янка / А. Н. Вабищевич // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 63.
  2. Купала Янка / Т. Я. Гаробчанка // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2002. Т. 1. С. 554–558.
  3. Купала Янка // Их именами названы... : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 338–340.
  4. Купала Янка // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 244.
  5. Улица Янки Купалы // Улицы Бреста рассказывают... / [авторы статей: Л. Илларионова и др.]. Брест : Вечерний Брест, 2007. С. 58–59.
  6. Янки Купалы улица // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 394–395.
  7. «Паўлінка» // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 297.
  8. Гніламёдаў, У. В. Янка Купала : жыццё і творчасць / Уладзімір Гніламёдаў ; ДНУ «Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы». – Мінск : Беларуская навука, 2002. – 238 с.
  9. Гніламёдаў, У. В. Янка Купала : новы погляд / Уладзімір Гніламёдаў. Мінск : Народная асвета, 1995. 176 с.
  10. Калеснік, У. Купалы сны нязводныя / Уладзімір Калеснік // Тварэнне легенды : літаратурныя партрэты і нарысы / Уладзімір Калеснік. Мінск : Мастацкая літаратура, 1987. С. 294–430.
  11. Калеснік, У. Вобраз у творах Янкі Купалы / У. А. Калеснік // Янка Купала : энцыкл. даведнік. Мінск, 1986. С. 116–119.
  12. Калеснік, У. Вобраз Беларусі ў творчасці Янкі Купалы / У. А. Калеснік // Янка Купала : энцыкл. даведнік. Мінск, 1986. С. 119–125.
  13. Калеснік, У. Ідэал паэта ў творчасці Янкі Купалы / У. А. Калеснік // Янка Купала : энцыкл. даведнік. Мінск, 1986. С. 258–262.
  14. Калеснік, У. Мужык у творчасці Янкі Купалы / У. А. Калеснік // Янка Купала : энцыкл. даведнік. Мінск, 1986. С. 408–410.
  15. Калеснік, У. Філасофскія погляды Янкі Купалы / У. А. Калеснік // Янка Купала : энцыкл. даведнік. Мінск, 1986. С. 622–629.
  16. Калеснік, У. Эстэтычныя погляды Янкі Купалы / У. А. Калеснік // Янка Купала : энцыкл. даведнік. Мінск, 1986. С. 678–687.
  17. Мітрафанава, Г. В. Нарыс гісторыі Ляхавіцкай цэнтральнай бібліятэкі імя Я. Купалы / Г. Мітрафанава // Очерки истории библиотек Брестской области / Брест. обл. биб-ка им. М. Горького. Брест, 1996. С. 45–47.
  18. Канько, Г. Імя класіка ў сэрцы адгукнецца : [75 гадоў з часу надання Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы] / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2022. 16 лютага. С. 6
  19. Дзямід, А. «Паўлінка» па-нямецку : [тэкст пастаноўкі на нямецкай мове паводле п’есы Янкі Купалы «Паўлінка» для тэатральнага гуртка ў Малагарадзішчанскай СШ Ляхавіцкага раёна] / Алена Дзямід // Настаўніцкая газета. 2020. 12 верасня. С. 6.
  20. Данилова, Е. Камера. Мотор. Купала : [о съёмках в г. Бресте художественного фильма, посвящённого жизни Янки Купалы] / Елена Данилова ; фото Марины Лешкевич // Заря. 2019. 17 апреля. С. 6.
  21. Куратнік, Н. Сюжет паэмы «Магіла льва» Янкі Купалы : урок беларускай літаратуры (VIII клас) : [аўтар – настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 г. Пінска] / Наталля Куратнік // Роднае слова. 2019. № 12. С. 59–61.
  22. Маляўка, Т. Прарасце ў мове роднай талент : [аб мерапрыемстве ў Ганцавіцкай раённай бібліятэцы імя В. Праскурава, прысвечаным 125-годдзю Янкі Купалы] / Таццяна Маляўка // Краязнаўчая газета. 2017. № 9 (сакавік). С. 7.
  23. Павлова, Л. Старая шутка на новый лад : [о спектакле «Прымакi» по пьесе Янкі Купалы в Брестском театре драмы и музыки] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2007. 12 июля (№ 28). С. 9.
  24. Бунеева, Л. «Хата чужая, баба чужая...»: [о спектакле «Прымакi» по пьесе Янки Купалы областного театра драмы и музыки] / Людмiла Бунеева // Вечерний Брест. 2007. 11 июля. С. 32.
  25. Бельмач, С. 60-годдзе з iмем Купалы : [пра Ляхавіцкую раённую бібліятэку імя Янкі Купалы] / Святлана Бельмач // Ляхавiцкi веснiк. 2007. 7 лiпеня. С. 7.
  26. Мощик, С. Город славил Песняров : [о празднике ул. Янки Купалы в г. Бресте] / Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2007. 6 июля. С. 4.
  27. Капачова, А. Па веды да купалаўцаў : [пра работу Ляховiцкай цэнтральнай раённай бiблiятэкi iмя Янкі Купалы] / Алена Капачова // Народная трыбуна. 2005. 12 сакавіка. С. 6.
  28. Сухапар, У. Iх абяднаў Купала : [пра маладзёжную студыю Iвацэвiцкага народнага тэатра i спектакль «Адплата кахання» паводле паэмы Янкі Купалы] / Уладзiмiр Сухапар // Заря. 2002. 23 ноября. С. 3.
  29. Сiдарэнка, А. Не згасае зорка Купалы : [пра вечарыну да 120-годдзя Янкі Купалы ў Пружанскiм ГДК] / Алег Сiдарэнка // Раённыя буднi. Пружаны, 2002. 13 лiпеня.
  30. Бензярук, А. У сяброўстве з народным паэтам : [Я. І. Хлябцэвіч, даследчык творчасці і блізкі сябар Янкі Купалы, бібліятэказнаўца, які пісаў пра адкрыццё ў в. Хмелева Паўленкаўскай бібліятэкі] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабiнка, 2002. 26 чэрвеня.
  31. Стэмп, Ю. Купалаўская спадчына : [пра спектакль «Прымакi» па песе Янкі Купалы народнага тэатра Целяханскага ДК] / Ю. Стэмп // Газета для вас. Iвацэвiчы, 2002. 713 чэрвеня. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 378 разоў Апошняя змена Серада, 01 Чэрвень 2022 16:43