Аўторак, 14 Чэрвень 2022 16:01

2022 г. — 150 гадоў з часу пабудовы царквы Праабражэння Гасподняга ў в. Трасцяніца (Камянецкі р-н; 1872), помніка народнага драўлянага дойлідства

Праваслаўная царква ў вёсцы Трасцяніца Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці існавала ўжо ў 1541 г., калі ўладальнік мясцовых зямель Аляксандр Хадкевіч дараваў ёй фундуш. У 1685 г. канюшы ВКЛ Стэфан Францыск Сапега, знаходзячыся ў сваім спадчынным маёнтку Трасцяніца дараваў права на прыход святару Яну Духноўскаму, пры гэтым быў пацверджаны ранейшы дзедаўскі фундуш. З гэтага вынікае, што царква існавала не менш як 30–40 гадоў да 1685 г., але звестак пра гэты старажытны помнік не захавалася.

 

У 1740 г. Трасцяніца належала надворнаму літоўскаму падскарбію Сапегу, у 1862 г. — Марэнгеймам. У 1837 г. тут адзначана ўніяцкая царква Перамянення Гасподняга, якая ўваходзіла ў Камянецкі ўніяцкі дэканат.

8 сакавіка 1872 г. прыхаджане в. Трасцяніца на сабраныя імі сродкі купілі ў Высока-Літоўску драўляную царкву, дзе на месцы старога храма сабраліся пабудаваць новы. Царква была перанесена ў Трасцяніцу і 24 чэрвеня 1873 г. асвячона Камянецкім благачынным, свяшчэннікам Калістам Будзіловічам у гонар Праабражэння Гасподняга. Новы храм у Трасцяніцы паставілі на іншым, больш зручным месцы, а невялікую каплічку Святога Дзімітрыя, пабудаваную ў XVIII ст., перанеслі ў 1877 г. на могілкі.

Трасцяніцкая царква ўяўляе сабою трохзрубны храм. Да асноўнага выцягнутага прамавугольнага аб’ёму далучаны пяцігранная апсіда з невялікай бакавой рызніцай і прытвор з шатровай званіцай (васьмерык), завершанай макаўкай. Асноўны аб’ём накрыты двухсхільным дахам з вальмамі над апсідай і ўвенчаны невялікай цыбулепадобнай галоўкай на гранёным барабане. Вокны прамавугольныя з простымі ліштвамі. Вылучаны цокаль, які вертыкальна ашаляваны дошкамі. Сцены вертыкальна раздзелены на палосы, у якіх чаргуюцца касая і «ў ёлачку» шалёўка, што надае храму мастацкую выразнасць.

Іканастас двух’ярусны, драўляны, царскія вароты дэкараваны скразной разьбою ў выглядзе пляцення вінаграднай лазы. Інтэр’ер храма насычаны высокамастацкімі творамі жывапісу XVIII–XIX стст., у тым ліку вялікай колькасцю абразоў з характэрнымі драўлянымі імітацыйнымі шатамі: «Ісус Хрыстос», «Маці Божая», «Раство Прасвятой Багародзіцы», «Архістраціг Міхаіл», «Архідыякан Стэфан», на верхнім ярусе – «Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы», «Галава Іаана Прадцечы», «Хрышчэнне Гасподняе» і інш.

У храме ёсць неабходнае начынне: два панікадзілы, галгофа, металічныя харугвы, харугвы с тканіны, падсвечнікі, іконы, чатыры званы.

Значнай падзеяй у гісторыі храма стала наведванне 31 жніўня 1886 г. імператарам Аляксандрам III з жонкай Марыяй Фёдараўнай і наследнікам Мікалаем, вялікімі князямі Георгіем Аляксандравічам і Уладзімірам Аляксандравічам. Пра гэта вядома з арыгінальнай памятнай граматы, якая захоўваецца ў царкве. Тады ў царкве прайшла служба з удзелам царскай сям’і, а пасля набажэнства на краі вёскі была арганізавана трапеза на валунах. Урочышча з таго часу так і называецца – «Столы».

Летам 1915 г., калі падышоў фронт Першай сусветнай вайны, жыхары Трасцяніцкага прыхода падаліся ў вымушанае бежанства ў Расію. Амаль уся царкоўная маёмасць была адпраўлена ў Маскву і не вярнулася назад. Пасля вяртання з бежанства ў 1919 г. свяшчэннік Георгій Раінскі ўсё неабходнае прывёз з Варшавы. З тых часоў набажэнствы ў храме Праабражэння Гасподняга не спыняліся.

Цікавая гісторыя аднаго з званоў храма, якога называюць Салаўём. Ён заўсёды асабліва вылучаецца сярод гучнага шматгалосся званоў. Звон ахвяравала храму ў 1933 г. мясцовая жыхарка Яўфімія Салавей у памяць аб сваім сыне Іване, загінуўшым у Першую сусветную вайну. Іван быў застрахаваны, маці частку атрыманай страхоўкі ахвяравала на ўвекавечанне памяці сына, замовіўшы ў ліцейне Фельчынскага ў Калушы звон у Трасцяніцкую царкву, у якой быў ахрышчаны яе сын. На звоне, самым вялікім у званіцы, выгравіраваны надпіс: «Сей колоколъ весом 323 кило пожертвованъ прихожанкой Тросцяницкой церкви Евфимией Соловей въ 1933 году въ память ея сына Іоанна Філиппова убитого во время великой войны на французском фронте 16 сентября 1918 года».

Вяскоўцы ўпэўненыя: звон захоўвае вышэйшая сіла. Распавядаюць, што падчас Вялікай Айчыннай вайны немцы ўжо знялі звон і павезлі на пункт збору ў суседнюю вёску. Але ў апошні момант хтосьці з афіцэраў прачытаў надпіс і дазволіў вярнуць звон у храм. У 1960-я гг. мясцовыя ўлады мелі намер вывезці звон у Брэст, але на яго абарону ўсталі яшчэ жыўшыя тады браты Івана. Звон так і застаўся ў царкве ў Трасцяніцы. І вось ужо шмат гадоў, пачуўшы гучны яго голас, прыхаджане паўтараюць: «Салавей кліча».

Інфармацыйнае агенцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы зняла дакументальны фільм «По ком звонит колокол» (2015), у аснову якога лягла гісторыя Яўфіміі Салавей.

Свяшчэннікамі ў храме служылі: Барыс Грацкевіч (узнагароджаны камандуючым Паўночнага фронту ордэнам Святой Ганны ІІІ ступені як свяшчэннік ваеннага шпіталя), Мікалай Саўчук (узнагароджаны ордэнам Сергія Раданежскага ІІ ступені), Уладзімір Філосафаў – паэт, член павятовага місіянерскага камітэта. Цяпер настаяцелем храма з’яўляецца протаіерэй Міхаіл Рыгоравіч Калеснік.

На мяжы ХІХ–ХХ стст. прыход налічваў 2227 чалавек. У склад прыхода ўваходзяць вёскі: Трасцяніца, Ратайчыцы, Кусцічы, Рудавец, Цупрыкі, Алешкавічы, Млыны, Бранявічы, Кругель, калонія Кругель, Бучамля I, Бучамля II, Выгнанка, Зінькі, Бабічы. Прастольнае свята – 19 жніўня.

Храм Праабражэння Гасподняга ў в. Трасцяніца – помнік народнага драўлянага дойлідства з рысамі рэтраспектыўна-рускага стылю, унесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, 

бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.Тростяницкая Спасо-Преображенская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 412.

2.Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга : [в. Трасцяніца] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 395–396.

3.Спаса-Праабражэнская царква : [в. Трасцяніца] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 194.

4.Царква Праабражэння Гасподняга, в. Трасцяніца // Праваслаўныя храмы Камянеччыны. РИА «Вечерний Брест», 2013. С. 104–107.

5.Чарняўская, Т. Помнікі драўлянага дойлідства : Спаса-Праабражэнская царква. (в. Трасцяніца) / Т. Чарняўская // Памяць: Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 72–73.

6.Преображенская церковь : [д. Тростяница] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 240.

7.Спаса-Праабражэнская царква : [в. Трасцяніца] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 215–216.

8.Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: [Трасцяніца]. С. 109–110.

9.Шатько, Е. Г. Колокольный звон Белой Руси: тысячелетие традиции / Е. Г. Шатько. – Минск : Братство в честь Святого Архистратига Михаила : Медиал, 2015. – 608 с. – Из содерж.: [История колокола храма д. Тростяница]. С. 121.

10.Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарнчяўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск : БЕЛТА, 2009. – 684 с.: іл.

11.Маслякова, Г. Музыка нябёсаў : дзіўныя гісторыі пра царкоўныя званы на Беларусі / Ганна Маслякова ; фота з архіва Алены Шацько // Беларуская думка. 2022. № 3. С. 34–41.

12.Романюк, П. Д. Исчезнувшие сокровища : [Свято-Преображенская церковь в д. Тростяница] / Пётр Данилович Романюк ; [записала] Елена Трибулёва // Навіны Камянеччыны. 2019. 13 апреля (№ 15). С. 15.

13.Трибулева, Е. «Соловей зовет!» / Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2018. 7–9 марта (№ 10). С. 5.

Чытаць 276 разоў