Панядзелак, 11 Сакавік 2013 16:04

2013 г. – 140 гадоў з пачатку дзейнасці Заходняй экспедыцыі пад кіраўніцтвам генерала І. І. Жылінскага (1873) па асушэнню балот на Палессі

Спробы асушвання Палескіх балот прадпрымаліся яшчэ ў сярэднія вякі. На дзяржаўным узроўні гэтыя працы сістэматычна сталі весціся з 1873 года, калi для вывучэння прыродна-кліматычных умоў Палесся, правядзення пошукавых работ, праектавання асушальнай меліярацыі і арганізацыі гідрамеліярацыйнага будаўніцтва была створана Заходняя экспедыцыя па асушэнню балот.

{gcontent}Працамі кіраваў генерал І. І. Жылінскі (1834–1916). Іосіф Іпалітавіч з’яўляўся спецыялiстам высокай кваліфікацыі, скончыў Пецярбургскі інстытут корпуса інжынераў і геадэзічнае аддзяленне Акадэміі Генштаба (1854). У 1860 годзе камандзіраваны ў Мінскую і Магілёўскую губерніі. У 1864–1865 гадах працаваў у Германіі, Бельгіі і Англіі. Член Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Аўтар прац “Кароткі агляд Палесся і яго каналізацыі” (1892), “Нарыс работ Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот (1873–1898)” (1899), “Нарыс асушальных работ у Палессі да 1883 г.” (1909).

Засваенне Палескай нізіны пачалося толькі пасля дэталёвых тапаграфічных, гідралагічных, глебавых і іншых пошукаў. Атрымаўшы ў сваё распараджэнне грашовыя сродкі і стварыўшы адпаведны персанал, І. І. Жылінскі прыступіў да правядзення пошукавых прац на Палессі, у геаграфічнае паняцце якога ўключалася велізарная тэрыторыя (каля 8,7 млн. га), якая мае ўмоўна выгляд трыкутніка з вяршынямі ў гарадах: Брэст, Магілёў, Кіеў. У межах сучаснага Пінскага раёна меліярацыйныя працы праводзіліся на Моладзельчыцкай казённай дачы, па рацэ Стубла (прыток Стыры), поруч сёл Парэчча і Жолкіна.

Экспедыцыяй былі закладзены асновы двухбаковага рэгулявання глебавай вільготнасці, арганізаваны пункты назірання за гідралагічным рэжымам Палесся, у тым ліку метэастанцыя ў Пінску (1876).

На падставе праведзеных у 1873 годзе пошукаў І. І. Жылінскім быў распрацаваны генеральны план асушвання Палесся. Гэты буйны праект па асушванні зямель не меў аналагаў у свеце. Ён быў высока ацэнены ў Расіі і за мяжой (залаты медаль на сусветнай выстаўцы ў Парыжы ў 1878 г.).

Работы вяліся па тэхнічных праектах, распрацаваных згодна з генеральным планам. Каналы капаліся толькі ўручную, на выкідку. Расчысткі рэчышчаў рэк рабіліся з берага або плытоў пры дапамозе чарпакоў, а пры іх спрамленні – энергіяй воднага патоку. У месцах перасячэння каналаў з дарогамі будаваліся драўляныя бэлечныя масты, а са сцяжынкамі – перакладзіны з бярвённаў і поручняў на іх. На каналах акрамя мастоў будаваліся драўляныя шлюзы, якія рэгулявалі ўзровень вады. Акрамя пастаянных рэгулятараў практыкаваліся часовыя перамычкі з калкоў і дзярніны. У вусцях некаторых асушальных каналаў рабілі млынавыя плаціны, якія выконвалі ролю водападводных збудаванняў.

За 1874–1897 гады экспедыцыяй пабудавана 4367 вёрст асушальных каналаў, 549 мастоў і 30 шлюзаў, ачышчана 127 вёрст рэчышчаў рэк. Па даных І. І. Жылінскага, да 1897 года было каналізавана 450 тыс. дзесяцін балот.

Акрамя правядзення самых простых работ па паляпшэнні асушаных балот пад сенажаці экспедыцыя на невялікіх участках праводзіла доследы па вырошчванні на гэтых землях азімых і яравых зерневых культур, кармавых траў і агародніны. Вялікую цікавасць уяўляюць доследы экспедыцыі па пескаванні асушанага балота. Асушальныя работы на Палессі станоўча адбіліся на росце лясных насаджэнняў і лугавых угоддзяў. Кошт зямлі ўзрос у 7–10 разоў. Аздаравіўся клімат Палесся, хваробы перасталі насіць эпідэмічны характар, а спецыфічная палеская хвароба “каўтун” паступова знікала зусім. Рост насельніцтва на Палессі пачаў перавышаць звычайны працэнт гадавога прыросту ў еўрапейскай частцы Расіі. Асушэнне балот стварала магчымасці для пракладкі новых дарог, што таксама садзейнічала паляпшэнню жыцця палешукоў, пашырала іх сувязі паміж раз’яднанымі населенымі пунктамі і прамысловымі цэнтрамі.

У пачатку 1900-х гадоў у сувязі са скарачэннем асігнаванняў работы па асушэнню балот Палесся значна скараціліся, экспедыцыя была ліквідавана. Яе функцыі перададзены мясцовым зямельным органам. На нарадзе па абмеркаванню вынікаў работы Заходняй экспедыцыі (1911, Мінск) была абгрунтавана неабходнасць далейшага асушэння балот Палесся. У 1913 годзе створана вышукальна-будаўнічая палеская партыя, якая фактычна стала пераемнікам Заходняй экспедыцыі. 3 пачаткам I Сусветнай вайны дзейнасць партыі спынена.

Падводзячы вынікі дзейнасці экспедыцыі на Палессі, якая цягнулася 30 гадоў, І. І. Жылінскі пісаў: “Зробленыя да гэтага часу каналізацыйныя работы на Палессі ... можна лічыць дастатковымі толькі пры цяперашніх эканамічных умовах краіны; па меры ж змянення гэтых умоў з часам, гэта значыць па меры павелічэння насельніцтва і ўздыму культуры краіны, будзе з’яўляцца непазбежная неабходнасць у паступовым пашырэнні і дапаўненні існуючай сеткі каналаў”.

Шмат цікавай і карыснай інфармацыі пра меліярацыю Палесся і ў тым ліку аб Заходняй экспедыцыі І. І. Жылінскага знаходзіцца ў Музеі гісторыі меліярацыі зямель Брэсцкай вобласці, заснаваным ў Пінскім прадпрыемстве меліяратыўных сістэм (ППМС).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Казлова Людміла Яўгенаўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

{/gcontent}

  1. Жилинский, И. И. Очерк работ Западной экспедиции по осушению болот (1873–1898) / И. И. Жилинский. Спб.,1899.
  2. Жилинский Иосиф Ипполитович // Республика Беларусь : энциклопедия : у 6 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 541.
  3. Жылінскі Іосіф Іпалітавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 380.
  4. Заходняя экспедыцыя па асушэнню балот Палесся 1873–98 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 426.
  5. Жылінскі Іосіф Іпалітавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 464.
  6. Заходняя экспедыцыя па асушэнню балот // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 25.
  7. Лукашик, П. И. Мелиоративные работы, выполненные экспедицией И. И. Жилинского // Лукашик, П. И. История мелиорации земель Брестчины / П. И. Лукашик. Брест, 1998. С. 25–36.
  8. Лебедзь, У. ІосіфІпалітавіч Жылінскі / У. Лебедзь, П. Лукашык // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пінскага раёна. Мінск, 2003. С. 110–112.
  9. Ильенков, В. Мелиорацию начинали во благо… : [экспедиция И. И. Жилинского] / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 1998. 4 снеж.
  10. Лебедь, В. Так возрождалось Полесье : [Западная экспедиция И. И. Жилинского] / Владимир Лебедь, Петр Лукашик // Заря. 1999. 21 сент.
  11. Абухоўскі, Ю. Палессе на картах мінулага : [работы экспедыцыі І. І. Жылінскага] / Юрый Абухоўскі // Родная прырода. 2000. № 6.
  12. Куницкий, П. В гости к королеве Боне : Экскурс в историю мелиорации приглашает совершить музей Пинского ПМС / Павел Куницкий // Живая вода. 2012. 17 нояб.
  13. Яскевіч, С. Водна-паветраны рэжым – клопатамі меліяратараў: [Заходняя экспедыцыя пад кіраўніцтвам генерала Жылінскага] / Святлана Яскевіч, Алена Даўжанок, Надзея Бужан // Звязда. 2012. 29 ліст.
  14. Жилинский, Иосиф Ипполитович, русский геодезист, генерал от инфантерии // http://ru.wikipedia.org/wiki/
  15. Западная экспедиция по осушению болот Полесья (1873–1898) и Экспедиция по орошению на юге России (1880–1891), известные в литературе под названием экспедиций И. И. Жилинского] // http://www.astronet.ru/msg/1192178/
  16. Основные этапы изучения природы Беларуси : [огромную работу по изучению белорусских болот выполнила  Западная экспедиция (1873–1898) под руководством И. И. Жилинского] // http://www.zarubejye.com

 17. Республиканский Гидрометеорологический центр / WWW.HMC.BY // http://hmc.by/history/

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2426 разоў Апошняя змена Чацвер, 28 Студзень 2021 11:52