Панядзелак, 04 Ліпень 2022 10:49

6 чэрвеня 2022 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Зоі Уладзіміраўны Дубінкі (1937), заслужанага работніка сельскай гаспадаркі БССР (1986)

Зоя Уладзіміраўна Дубінка нарадзілася 6 чэрвеня 1937 г. у в. Дзядзічы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласціў сялянскай сям’і. Калі была яшчэ зусім маленькай, бацька пайшоў на фронт. Не памятае, як пачалася вайна, затое добра памятае, як адступалі немцы,як у 1945-м прыйшла пахаванка на бацьку. Выхаванне двух сыноў і маленькай Зоі лягло на плечы маці.

 

І пасля вайны сям’я жыла вельмі бедна, але гэта не перашкаджала Зоі добра вучыцца, шмат чытаць. Марыла стаць урачом, аднак паступіць у медыцынскі інстытут не атрымалася, вярнулася дамоў. Працавала ў школе лабарантам. На наступны год зноў збіралася паступаць у медыцынскі, але па парадзе брата паступіла ў Гальшанскі заатэхнічны тэхнікум.

Жаданне быць карыснай свайму народу, быць прафесіяналам сваёй справы, заставіла яе, вясковую дзяўчыну, што вучылася чытаць і пісаць пры газавай лямпе, атрымаць добрую адукацыю – закончыць тэхнікум (1958), затым Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1967).

У калгас «Зара» Кобрынскага раёна (цяпер СВК «Узыходзячая зара») дваццацігадовая дзяўчына трапілапа размеркаванні пасля тэхнікума у разгар калгаснага і сацыялістычнага будаўніцтва. Незадоўга да яе прыезду тры суседнія дробныя гаспадаркі аб’ядналіся і рабілі першыя крокі на шляху станаўлення. Гаспадарка была шматпрофільнай, разводзілі птушку, коней, кароў, свіней. На малочна-таварнай ферме працавалі дзяўчаты, якім было толькі за шаснаццаць, даілі і кармілі кароў уручную. З 1958 г. па 1975 г. Зоя Дубінка працавала галоўным заатэхнікам калгаса. Штодня наведвала фермы ў вёсках Хідры, Гайкаўка, Каташы, Ізабелін. У канцы 1960-х гаспадарку ўзначаліў Анатоль Емельянавіч Гуцэў, які правёў рэарганізацыю зямель і вёсак.

Энергічную і ініцыятыўную маладую жанчыну заўважылі – абралі сакратаром партарганізацыі гаспадаркі. З 1975 г. па 1995 г. з’яўлялася намеснікам старшыні калгаса. З. У. Дубінка працавала з вялікай колькасцю людзей, была і псіхолагам, і дыпламатам, да кожнага знаходзіла падыход. Была упэўнена, што ў першую чаргу неабходна чалавека паважаць і разумець.

У гаспадарцы было шмат зроблена па яе тэхнічным забяспячэнні. Менавіта ў калгасе «Зара» аднымі з першых пачалі сур’ёзна займацца пытаннямі навуковай арганізацыі працы, паявіліся першыя калгасныя эканамісты, даяркі перайшлі на двухзменную работу i пяцідзённы тыдзень. З 1975 г. гаспадарку ўзначальваў выпускнік Ленінградскага інстытута сельскай гаспадаркі Іван Іванавіч Тарасюк (1941–2009), заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (1998).Старшыня дабіўся ўстойлівай дынамічнай працы, стварыў усе ўмовы для нармальнай работы і дабрабыту вяскоўцаў.

У калгасе «Зара» працавалі два Героі Сацыялістычнай Працы: Таццяна Антонаўна Сакалюк (званне прысвоена ў 1971 г.) і Міхаіл Калістратавіч Дубінка (званне прысвоена ў 1976 г.). Т. А. Сакалюк з 1963 г. працавала аператарам па адкорму жывёл на свінагадоўчым комплексе, вызначылася высокімі паказчыкамі. У 1970-я гг. яна вырошчвала штогод 960 свіней агульнай вагой 750 ц. І сёння СВК – адна з перадавых гаспадарак раёна. Працягваецца далейшая рэканструкцыя свінакомплексаў, будуюцца новыя памяшканні. На балансе гаспадаркі дзіцячы садок, басейн, баня, масажны і зубапратэзны кабінеты, пральня.

За дасягнутыя поспехі ў выкананні планаў вытворчасці і нарыхтовак прадуктаў жывёлагадоўлі З. У. Дубінка мае высокія ўзнагароды: ордэны «Знак пашаны» (1966), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1982), шэраг ганаровых грамат. У 1986 г. прысвоена званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларускай ССР».

Неаднаразова выбіралася дэпутатам Саветаў працоўных на мясцовым узроўні, была дэпутам Вярхоўнага Савета БССР IX склікання (1975–1980), уваходзіла ў склад Камісіі па сацыяльным абслугоўванні і ахове здароўя.

Любоў да кніг засталася з Зояй Уладзіміраўнай на ўсё жыццё, сабрала вялікую дамашнюю бібліятэку. Чытала ўсё, што толькі ўдавалася дастаць у вёсцы: Ж. Верна, Л. Талстога, У. Караткевіча, І. Шамякіна. Вясковая інтэлігенцыя – настаўнікі – адразу ветліва прынялі да сябе ў кампанію начытаную і эрудыраваную дзяўчыну. Практычна з першага дня, як апынулася ў Хідрах, Зоя Уладзіміраўна спявала ў харавым калектыве, выступала з народным хорам «Спадчына».

У 1995 г. Зоя Уладзіміраўна пайшла на заслужаны адпачынак, але ад спраў не адышла. З’яўлялася членам праўлення СВК «Узыходзячая зара», прымала актыўны ўдзел у жыцці вёскі. Да 2020 г. ўзначальвала ветэранскую арганізацыю, у якой амаль 300 чалавек. Кожнага Зоя Уладзіміраўна ведала, перадавала вопыт, дапамагала вырашаць праблемы. І ў гэтай справе актыўная, поўная аптымізму жанчына дасягнула поспехаў. За сваю грамадскую дзейнасць была ўзнагароджана Граматай Кобрынскага райвыканкама, удастоена звання «Почётный ветеран» Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.

«“Зара” – мая Радзіма, маё жыццё, – гаворыць Зоя Уладзіміраўна Дубінка. – Нягледзячы на ўсе жыццёвыя складанасці я лічу, што прыехала сюды недарэмна».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Заслужаныя работнікі Беларусі : Дубінка Зоя Уладзіміраўна // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 429.
  2. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь : Дубінка Зоя Уладзіміраўна // Па працы – пашана : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 129–130. (Серыя «Імёны на карце Кобрыншчыны»).
  3. Заслуженные работники Беларуси : Дубинка Зоя Владимировна // Хидры первый агрогородок на Кобринщине : информационно-аналитический очерк / Кобринская центральная районная библиотека, отдел обслуживания и информации ; сост. С. Курачук. Кобрин, 2007. С. 40.
  4. Дубінка, З. Кобрыншчына ў маім жыцці : [да 80-годдзя Кобрынскага раёна] / Зоя Дубінка // Кобрынскі веснік. 2020. 15 студзеня. С. 4.
  5. Елизарова, Ж. Эра открытий, достижений, развития : [о трудовой деятельности З. В. Дубинки в колхозе «Заря» (ныне СПК «Восходящая заря»] / Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2018. 12 снежня. С. 6.
  6. Пашковіч, Л. У вачах ― свет, а ў душы ― аптымізм : [жыхарка в. Хідры, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі З. У. Дубінка адзначыла 80-гадовы юбілей] / Людміла Пашковіч // Кобрынскі веснік. 2017. 17 чэрвеня. С. 4.
  7. Лесік, І. Узыходзячая зорка Кобрыншчыны : [заслужаны работнік сельскай гаспадаркі З. У. Дубінка працуе ў СВК «Узыходзячая зара»] / Ірына Лесік // Кобрынскi веснiк. 2014. 3 снежня. С. 1.
  8. Мельнік, Р. Зоя Дубинка: «Ушаноўваць традыцыі – справа гонару» / Раман Мельнік // Кобрынскі веснік. 2010. 6 лістапада. С. 2.
  9. Владимиров, Д. Главная награда – уважение людей : [З. В. Дубинка прошла долгий трудовой путь – от рядового до главного зоотехника, заместителя председателя колхоза и секретаря парторганизации] / Дмитрий Владимиров // Кобрынскі веснік. 2008. 7 сакавіка. С. 2.
  10. О награждении орденами и медалями СССР передовиков сельского хозяйства Белорусской ССР : Указ Президиума Верховного Совета СССР, 26 марта 1982 г. : [заместитель председателя колхоза «Заря» Кобринского района З. В. Дубинка награждена орденом Трудового Красного Знамени] // Заря. 1982. 7 апреля.
  11. Дабрагост, І. Узнагароды – перадавікам : [сакратар парткама калгаса «Зара» З. У. Дубінка ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга] / І. Дабрагост // Камуністычная праца. Кобрын, 1982. 17 красавіка.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 295 разоў