Панядзелак, 04 Ліпень 2022 11:04

2022 г. — 145 гадоў з дня нараджэння Дзмітрыя Аляксеевіча Румака (1877–1953), матроса, удзельніка Руска-японскай вайны (1904–1905)

Дзмітрый Аляксеевіч Румак нарадзіўся ў 1877 г. у в. Заазер'е Асаўніцкай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1902 г. быў прызваны на вайсковую службу, накіраваны на флот.

 

На пачатак Руска-японскай вайны 1904–1905 гг. Дзмітрый Румак служыў на мінаносцы «Скорый», які ўваходзіў у склад 2-га атрада мінаносцаў 1-й Ціхаакіянскай эскадры. Пабудаваны «Скорый» на Неўскім заводзе ў Санкт-Пецябругу, дастаўлены па частках у Порт-Артур і там сабраны, спушчаны на ваду ў маі 1903 г. Даўжыня карабля 58 м, шырыня — 5,5 м. У задачы мінаносца ўваходзіла: дазорная і разведвальная служба, траленне і пастаноўка міны ля ўзбярэжжа Порт-Артура.

Пад камандай лейтэнанта Паўла Міхайлавіча Плена мінаносец «Скорый» вызначыўся падчас мінных пастановак. У жніўні і пачатку верасня 1904 г. зрабіў чатыры выхаду на мінныя пастаноўкі, маючы па борце па 14–16 мін. першая і другая пастаноўкі выкананы ля вострава Кэп, трэцяя – у Секау, чацвёртая ў пачатку верасня ля вострава Апроп.

З 10 верасня 1904 г. мінаносцам камандаваў лейтэнант Уладзімір Дзмітрыевіч Тыркоў. 25 верасня ў мінаносец «Скорый» трапіў варожы снарад, які прабіў у носе надводны борт. Падчас гэтага траплення матрос Дзмітрый Румак быў паранены, атрымаў удары і аглушэння.

Да Знаку адрознення ваеннага ордэна 3-й ступені Дзмітрый Румак быў прадстаўлены і ўзнагароджаны «за мужнасць, веданне справы і распарадчасць праяўленых у справах супраць непрыяцеля і падчас пастановак мінных загарод з мінаносца».

Пасля Дзмітрый Румак ваяваў у складзе марскога дэсанту падчас сухапутнай абароны крэпасці Порт-Артур. На працягу больш за 7 месяцаў рускія салдаты і матросы, адорваныя ад Радзімы, без дапамогі, гераічна адбівалі атакі японцаў.

Ім на дапамогу паспрабавала прарвацца эскадра адмірала Раждзественскага. У час такого прарыву мінаносец «Скорый» быў узяты ў палон. Усю каманду японцы знялі з карабля, але Дзмітрый Румак і яшчэ адзін матрос у палон не здаліся, схаваліся ў катле паравой машыны. Ноччу яны распалілі кацёл, запусцілі рухавік і пад прыкрыццем туману паімчаліся да родных берагоў. Такім чынам быў выратаваны патрэбны для абаронцаў Порт-Артура мінаносец і яго баявы сцяг.

За праяўленыя ў годы Руска-японскай вайны гераізм, мужнасць і здзейсненыя подвігі Дзмітрый Румак быў узнагароджаны трыма Георгіеўскімі крыжамі. Таксама ўзнагароджаны юбілейнымі медалямі «В память Японской войны 1904–1905» (1906), «В память 300-летия царствования дома Романовых» (1913). Атрымаў права нашэння «Креста защитников Порт-Артура» (1916).

19 снежня 1904 г., напярэдадні здачы Порт-Артура, «Скорый» пад камандаваннем лейтэнанта У. Д. Тыркова паспяхова прарваў блакаду і прыбыў са сцягамі і сакрэтнымі дакументамі крэпасці ў Чыфу (цяпер Яньтай правінцыі  Шаньдун, КНР), дзе быў інтэрнаваны. Сярод прарваўшыхся і інтэрнаваных у Чыфу быў і матрос 1-й артыкула Дзмітрый Румак. Так як ён быў параненым у баях, то па заключэнні лекараў і са згоды кітайскіх уладаў у ліпені 1095 г. быў адпраўлены ў г. Севастопаль у марскі шпіталь на лячэнне.

Пасля вайны Дзмітрый Румак вярнуўся на малую радзіму. Падчас сталыпінскай аграрнай рэформы з-за беззямелля перасяліўся з сям’ёй у Заходнюю Сібір. Аселі Румакі ў Цюменскай вобласці. Там Дзмітрый спачатку працаваў ў паліцыі, а потым перайшоў на завод «Уралмаш». У гады Грамадзянскай вайны ў партызанскім атрадзе змагаўся з калчакаўцамі.

Д. А. Румак быў жанаты, меў 8 дзяцей. Два яго сыны загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Памёр у 1953 г., пахаваны ў в. Аглухіна Круцінскага раёна Омскай вобласці.

У Руска-японскай вайне ўдзельнічалі больш за 100 ураджэнцаў Брэстчыны, 55 з іх загінулі. Маракі Ціхаакеанскага флота — ураджэнцы Брэстчыны і ветэраны Руска-японскай вайны ахвяравалі сродкі на будаўніцтва Свята-Мікалаеўскай царквы ў г. Брэст-Літоўску (Брэст). Свята-Мікалаеўскі брацкі храм быў асвечаны 19 снежня 1906 г. У прытворы храма ўстаноўлены дзве дошкі з прозвішчамі больш за 30 загінуўшых на Руска-японскай вайне маракоў — ураджэнцаў Брэстчыны.

Па ініцыятыве ветэранаў ВМФ СССР да 100-годдзя Цусімскага сражэння 28 мая 2005 г. ля Свята-Мікалаеўскай брацкай царквы (вул. Савецкая, 10) урачыста адкрыты помнік у гонар маракоў — удзельнікаў Руска-японскай вайны і іх сем’яў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Румак Дмитрий Алексеевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 322.
  2. Румак Дмитрий Алексеевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2005. Т. 6. С. 528.
  3. Румак Дзмітрый Аляксеевіч / Л. Павяльчук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 132.
  4. Знак отличия Военного ордена Св. Георгия. Списки пожалованным за русско-японскую войну 1904–1905 гг. / сост. Игорь Вячеславович Маркин,  Дмитрий Николаевич Бутрым. – Москва, 2006. – 1492 с.
  5. Герой Руска-японскай вайны Дз. А. Румак / Л. А. Павяльчук // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 98–99.
  6. Гайдукоў, К. Георгіеўскія кавалеры Заходняй Беларусі: біяграфічны спіс : [Брэсцкая вобласць: Кот Васілій Піліпавіч (Драгічынскі раён), Мелях Мацвей Іусцінавіч (Бярозаўскі раён), Паўлюкавец Ісідар Іванавіч (Іванаўскі раён), Петручук Георгій Іванавіч, Румак Дзмітрый Аляксеевіч (Іванаўскі раён, Галавейка Гаўрыла Вікенцьевіч (Жабінкаўскі раён), Міхнюк Андрэй Сямёнавіч (Івацэвіцкі раён)] / К. Гайдукоў, Б. Мацвееў // Краязнаўчая газета. 2017. 1 снежня. С. 6.
  7. Павлович, Р. К. Выходцы из белорусских губерний в годы русско-японской войны (1904–1905) / Р. К. Павлович. – Минск : В. Хурсик, 2011. – 169 с., [7] л. ил.
  8. Павлович, Р. К. Русско-японская война 1904–1905 годов и Беларусь / Р. К. Павлович. – Минск : Смэлток, 2009. – 74 с.
  9. Каткавец, А. Багатыр зямлі мотальскай / Ала Каткавец // Заря. 2010. 5 августа. С. 20.
  10. Каткавец, А. Багатыр зямлі мотальскай / Ала Каткавец // Чырвоная звязда. Іванава, 2010. 18 чэрвеня. С. 5.
  11. Волкович, А. Сынам Отечества посвящен памятный знак у Братской церкви : [об открытии памятного знака морякам – участникам Русско-японской войны] / Александр Волкович // Брестский курьер. 2005. 2 июня (№ 23). С. 10.
  12. Литвинович, Е. Памятный знак и море цветов : [об открытии памятного знака в честь моряков – участников Русско-японской войны 1904–1905 гг. и 100-летия со дня Цусимского сражения] / Евгений Литвинович // Заря. 2005. 31 мая.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 180 разоў