Панядзелак, 11 Сакавік 2013 16:08

13 сакавіка 2013 г. – 160 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Васільевіча Качаноўскага (1853–1901), вучонага-славіста, гісторыка

Качаноўскі Уладзімір Васільевіч нарадзіўся 13 сакавіка 1853 года ў сям’i свяшчэннiка ў вёсцы Вялікі Лес Гродзенскай губернii (цяпер Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці).

{gcontent}Скончыў Варшаўскі ўніверсітэт у 1876 годзе, быў астаўлены для падрыхтоўкi да прафесарскага звання. Студэнцкае сачыненне “Падение Сербии” (1876) было ўдастоена залатога медаля.

Славяназнаўствам Уладзiмiр Качаноўскi пачаў займацца пад кiраўнiцтвам прафесара В. В. Макушава (1867, Брэст-Лiтоўск–1883). Працаваў у пецярбургскiх i маскоўскiх архiвах (1878–1879).

Падарожнічаў у навуковых мэтах па землях Румынii, Грэцыі, Італіі, Турцыi, паўднёвай Францыі (1879–1881) i Балгарыi (1883). Пасля вяртання з падарожжа абараніў магістарскую дысертацыю “Неизданный дубровницкий поэт А. М. Глегевич” (Санкт-Пецярбург, 1882), у якой паказаў яго значэнне ў развіцці драматургіі ў славян. За час свайго падарожжа па Балгарыі склаў вялікі зборнік песень “Памятники болгарского народного творчества” (Санкт-Пецярбург, 1882), дзе змясціў таксама кароткія нататкі пра асаблівасці народнай мовы, апісанні звычаяў, узоры балгарскай мовы XVII–XVIII стст., збор прымавак i кароткі слоўнік. Гэта выданне лiчаць галоўнай заслугай вучонага.

У 1886–1888 гадах У. В. Качаноўскі з’яўляецца прыват-дацэнтам Казанскага ўніверсітэта, у 1889–1901 гадах – прафесарам Нежынскага гістарычна-філалагічнага інстытута, дзе чытаў курс лекцый на кафедры царкоўнаславянской мовы, гiсторыi рускай мовы i славянскiх нарэчый. У 1888 годзе распачаў выданне перыядычнага зборніка “Вестник славянства” (1888–1896).

Уладзiмiр Качаноўскі даследаваў сербскія, харвацкія, візантыйскія і іншыя помнікі як гістарычныя крыніцы, на базе якіх стварыў шмат прац па літаратуразнаўстве, лінгвістыцы, палеагеаграфіі, гісторыі славянскіх моў: “Суждения преосвященного Порфирия о кирилице и глаголице” (1877), “Заметки о словенском языке XV–XVI веков” (1878), “Хорвацкие летописи ХV–XVI веков” (1881), “К вопросу о литературной деятельности болгарского патриарха Евфимия” (“Христианские чтения”. 1882. № 7–8; 1888. № 3–4), “Рассмотрение диссертации П. В. Владимирова «Доктор Францыск Скорина, его переводы, печатные издания и язык»” (1888), “Об истории изучения русского языка” (Казань, 1886), “А. С. Пушкин как воспитатель русского общества” (1888), “История Сербии с половины ХIV до конца ХV века” (Т. 1. Кiеў, 1899) i інш.

Памёр Уладзімір Васільевіч Качаноўскі 24 красавіка 1901 года ў Нежыне Чарнiгаўскай губернii.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Драгічынскай раённай цэнтральнай бібліятэкай. Трыфанава Наталля Іванаўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

{/gcontent}

  1. Качановский Владимир Васильевич // Большая энциклопедия : в 62 т. Москва : Терра, 2006. С. 82.
  2. Качаноўскі Уладзімір Васілевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 195.
  3. Качановский Владимир Васильевич // Славяноведение в дореволюционной России : биобиблиографический словарь. Москва : Наука, 1979. С. 179–180.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1651 разоў Апошняя змена Аўторак, 20 Красавік 2021 10:13