Панядзелак, 04 Ліпень 2022 11:29

3 лістапада 2022 г. — 80 гадоў з дня трагедыі ў в. Застружжа (Іванаўскі р-н; 1942), расстрэлу нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўдзельнікаў вяселля

У вёсцы Застружжа Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці 2 лістапада 1942 г. спраўлялі вяселле. Селянін Максім Іванавіч Парыпа, чалавек не сказаць што багаты, выдаваў любімую дачку Ксенію за Рыгора Сахарчука.

 

У жаніха не было, як кажуць, ні кала, ні двара, таму і не вельмі ахвотна бацькі нявесты ўспрынялі яе выбар. Аднак два важкіх аргументы ўсё ж гаварылі на карысць шлюбу. Па-першае, пры вывазе маладых людзей у Германію фашысты бралі толькі халасцякоў, вось і стараліся дзяўчаты ды хлопцы хутчэй стаць сямейнымі. I па-другое, у маладых чатыры месяцы таму нарадзілася дачушка. Апошняе і прымусіла бацькоў усё ж даць доўгачаканую згоду. На сваю бяду. I не толькі на сваю.

Вяселле было ціхім, па-ваеннаму маркотным, як і надвор’е ў той асенні дзень, але даволі шматлюдным. Каля сотні аднавяскоўцаў, старых і маладых, прыйшлі сагрэцца каля маленькага агеньчыка людскога шчасця, забыўшыся, што яно нярэдка блукае побач з горам.

Не паспелі яшчэ як след выпіць за здароўе маладых, як у хату ўваліліся тры нямецкія салдаты у суправаджэнні войта (старасты). Немцы з гарнізону, што стаяў у Дастоева, паводзілі сябе даволі мірна, пілі нямнога, танчылі з моладдзю. Было добра бачна, што яны не збіраюцца кагосьці крыўдзіць, тым больш забіваць.

У гэты час цераз вёску праходзілі партызаны з баявым заданнем, заглянулі ў вакно хаты, убачылі немцаў. У самы разгар гулянкі грымнулі два стрэлы, пасыпаліся рэшткі шкла, патухла лямпа. Увесь пакой акутаўся дымам, людзі падумалі, што гарыць хата — гэта выклікала паніку. Калі дым пачаў развейвацца, ўбачылі, што абодва немцы (трэці быў у другой хаце) ляжаць непрытомныя. Адзін з іх быў адразу забіты, другі — смяротна паранены, праз паўгадзіны сканаў.

Вяселле на гэтым скончылася. А трэцяй гадзіне ночы ў вёску прыехалі каля 60 карнікаў. Раніцы з трывогай чакалі ўсе жыхары, некаторыя паспелі ўцячы з вёскі. Бо за аднаго забітага немца па акупацыйных законах павінна было быць расстраляна 100 мірных жыхароў.

Раніцай усіх жыхароў сагналі ў цэнтр вёскі, дзе стаяў вялізны пяцімятровы крыж. Немец, які застаўся ў жывых, імкнуўся пазнаць тых, хто быў на вяселлі. Па загаду ваеннага каменданта, менавіта іх патрэбна было забіць у адказ на смерць двух фашыстаў.

Будучых ахвяр загналі ў хлеў. Астатнім загадалі сабрацца на вясковы сход на агародзе Рыгора Бандарука. Перад імі выступіў нямецкі афіцэр, які абвінаваціў застружцаў у сувязях з партызанамі і зачытаў рашэнне каменданта — расстраляць усіх удзельнікаў вяселля.

Людзей распранулі да ніжняй бялізны, паставілі на калені, загадалі маліцца. Потым сталі выклікаць па спісе цэлымі сем’ямі. Выводзілі да рова, клалі тварам уніз і расстрэльвалі. Першымі ахвярамі сталі маладыя і іх немаўля. Потым сталі расстрэльваць усіх астатніх. Крыкі, плач, маленні аб літасьці...

І на гэтым трагедыя не скончылася. На другі дзень гітлераўцы расправіліся яшчэ з пятнаццаццю жыхарамі. Сярод іх быў бухгалтар калгаса Іван Паляшчук, у якога ў час вобыску знайшлі радыёпрыёмнік. Яго не проста застрэлілі, а жорстка катавалі, абклалі саломай і падпалілі.

Усяго ж за гэтыя дні ў вёсцы былі забітыя 96 чалавек. Хаты і маёмасць ахвяр немцы і паліцаі разрабавалі. За час вайны акупанты спалілі ў Застружжы 15 дамоў і 30 гаспадарчых пабудоў. Да вайны ў Застружжы было 455 жыхароў, а пасля вызвалення ў ліпені 1944 г. — 103.

Памяць пра трагічны лёс землякоў в. Застружье была ўвекавечана ў 1968 г. У 1995 г. помнік быў абноўлены. Доўгая цёмная мармуровая пліта з пяці частак з прозвішчамі расстраляных, на сярэдняй частцы – фатаграфія маладых, над якой замацаваны праваслаўны крыж. Стала добрай традыцыяй, што ўсе вясельныя абрады ў Застружжы пачынаюцца менавіта тут, з ускладання вянкоў і кветак. Успаміны сведкаў трагедыі захоўваюцца ў гісторыка-краязнаўчым музеі Дастоеўскай сярэдняй школы імя Ф. М. Дастаеўскага.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Трагедия в Застружье // Памятники Ивановщины рассказывают… / сост.: И. С. Шпак, Л. А. Добродей. Иваново, 2018. С. 195–199.
  2. Место расстрела жертв фашизма : [д. Застружье] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 193.
  3. Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др. ; под общей редакцией А. А. Горбацкого] ; Ивановский районный исполнительный комитет. Брест : Брестская типография, 2017. 839 с., [24] л. ил.
  4. О подвигах, о доблести, о славе... / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; сост. М. П. Горупа. – Иваново : Ивановская районная типография, 2015. – 349 с.
  5. Туркевіч, В. М. Акупацыйны рэжым / В. М. Туркевіч // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мiнск, 2000. С. 159–163.
  6. Валах, М. «Гитлеровцы расстреливали семьи с детьми – по 5–7 человек» / Марина Валах // 7 дней. 2022. 23–29 июня мая (№ 25). С. 24–25.
  7. Соломка, И. Эта память – наша совесть / Ирина Соломка // Янаўскі край. Іванава. 2022. 13 мая (№ 19). С. 8.
  8. Пуцыкович, В. Разоренное гнездо / Валентина Пуцыкович // Янаўскі край. Іванава, 2018. 20 сакавіка. С. 5.
  9. Котковец, А. Печальная свадьба в деревне Застружье / Алла Котковец // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 24 красавіка. С. 6.
  10. Митюков, А. Расстрелянная свадьба / Александр Митюков // Советская Белоруссия. 2014. 10 июля.
  11. Строцкая, Г. Расстрелянная свадьба / Галина Строцкая // Беларускі час. 2012. 22 июня. С. 7.
  12. Марковіч, М. Назаўсёды ў памяці людской / М. Марковіч // Чырвоная звязда. Іванава, 2009. 29 мая. С. 4.
  13. Крэйдзіч, М. Растрэлянае вяселле / Марыя Крэйдзіч // Народная трыбуна. 2007. 3 лістапада. С. 2.
  14. 65 лет спустя удалось восстановить правду о трагедии в деревне Застружье // Чырвоная звязда. Іванава, 2007. 6 ліпеня. С. 2.
  15. Паўлоўскі, Б. Расстралянае вяселле / Барыс Паўлоўскі // Чырвоная звязда. Іванава, 2001. 15 чэрвеня. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 360 разоў