Панядзелак, 11 Ліпень 2022 14:30

2022 г. — 280 гадоў з часу пабудовы Свята-Пакроўскай царквы ў в. Малыя Шчытнікі (Брэсцкі р-н; 1742), помніка архітэктуры з рысамі барока

У вёсцы Малыя Шчытнікі Берасцейскага павета (цяпер Брэсцкага раёна) паводле архіваў у 1602 г. была праваслаўная драўляная царква. У 1742 г. быў пабудаваны касцёл з цэглы. Па гістарычных звестках касцёл пабудаваў князь Міхал Фрэдэрык Чартарыйскі (1696–1775), які ў 1738 г. набыў маёнтак Воўчын (цяпер у Камянецкім раёне) разам з фальваркам Шчытнікі.

 

Храм невялікі прамавугольны (7,6х8,8 м), выцягнуты па прадольнай восі, накрыты двускатным дахам. Фасады насычаны архітэктурный крапоўкай – лапаткамі паміж высока ўзнятымі лучковымі невысокімі вокнамі бакавых фасадаў (па 4 акна). Галоўны фасад завершаны трохвугольным з «заломам» франтонам з лучковым акном і круглай люкарнай па восі, невысокімі слупамі па баках. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе прамавугольнага ў плане тамбура з лучковым праёмам.

Зала перакрыта драўляным корабавым скляпеннем. Над уваходам размешчаны хары на двух драўляных слупах. Інтэр’ер не мае пластычнага дэкору, за выключэннем дзвюх пілястр з абодвух бакоў ад уваходу і дзвюх лучковых ніш на алтарнай сцяне.

Па іншых звестках напачатку гэта быў уніяцкі храм у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Да 1772 г. адміністрацыйна належаў Уладзімірскай грэка-каталіцкай дыяцэзіі. У час паўстання Т. Касцюшкі (1794) святыня была моцна пашкоджана, некаторы час знаходзілася ў занядбанні. У 1821 г. адноўлена пры ўдзеле святара Антонія Будзіловіча. У 1837 г. падпарадкавана Брэсцкаму дэканату Гродзенскай губерні. Пасля ліквідацыі уніі (1839) царква стала каталіцкім храмам.

Пасля польскага паўстання (1863–1864) храм перадзены праваслаўным, асвечаны ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы. У 1885–1894 гг. настаяцелем служыў свяшчэннік Леў Сямёнавіч Паеўскі (1850–1919), які займаўся гісторыяй, археалогіяй, этнаграфіяй, апісаннем страчаных храмаў Брэст-Літоўска. У 1894–1905 гг. служыў у Камянецкай Свята-Сiмяонаўскай царкве.

У 1918 г., калі на Брэстчыне пасля Першай сусветнай вайны фактычна ўсталявалася польская ўлада, храм у Малых Шчытніках вернуты каталікам як прыхадскі касцёл Сэрца Ісуса. У 1933 г. у парафіі налічвалася каля 1200 вернікаў. Расказваюць, што меўся арган, сцены малітоўнай залы былі распісаны. У 1940 г. храм перадалі праваслаўным. У час Вялікай Айчыннай вайны не дзейнічаў. У 1955 г. царкву закрылі, у 1960 г. прыход знялі з рэгістрацыі. Будынак нейкі час выкарыстоўваўся калгасам як склад сельскагаспадарчай прадукцыі, а потым пуставаў.

У канцы 1980-х гг. мясцовымі ўладамі меркавалася стварыць у будынку царквы музей гісторыі культуры і асветніцтва імя Казіміра Лышчынскага, але ў час перабудовы храмы пачалі вяртаць вернікам. У 1990 г. храм у Малых Шчытніках перадалі праваслаўным. Будынак быў адрамантаваны. У 2000-я гг. над галоўным фасадам былі пастаўлены тры цыбулепадобныя макаўкі на невысокіх гранёных барабанах, што ўнесла відавочную недарэчнасць, неўласцівую стылю правінцыйнага барока. Непадалёк з’явілася невысокая (2-ярусная) квадратная ў плане званіца пад шатровым дахам.

У 1993 г. царква асвячона епіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Канстанцінам (Хомічам). Прастольнае свята – 14 кастрычніка. Настаяцель — протаіерэй Георгій Паўлавіч Бараноўскі. Да прыходу адносяцца вёскі Вялікія Шчытнікі, Кустын, Новыя Лышчыцы, Пагубяцічы, Сегенеўшчына. У прыходзе створана сястрычаства ў гонар князей Барыса і Глеба, дзейнічае Нядзельная школа, маецца прыходская бібліятэка.

Свята-Пакроўская царква ў Малых Шчытніках — помнік архітэктуры з рысамі барока ХVIII ст., занесена ў Дзяржаўны спіс гістрыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

У 1989 г. па iнiцыятыве абласнога аддзялення Беларускага фонду культурыпобач з царквой быў устаноўлены камень-валун, на якім высечаны словы беларускага мысліцеля, асветніка Казіміра Лышчынскага (1634–1689): «О падарожны! Не міні гэтых камянёў. Ты на іх не спатыкнешся, калі не спатыкнешся на ісціне. Усвядоміш ісціну ля камянёў, бо нават тыя людзі, якія ведаюць, што гэта праўда, вучаць, што гэта мана. Вучэнне мудрацоў – свядомы падман».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Малощитниковская Покровская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 77–78.
  2. Малощитниковская Свято-Покровская церковь // Туристские регионы Беларуси : [справочное издание]. Минск, 2008. С. 80.
  3. Царква ў гонар Пакрова Праваслаўнай Багародзіцы : [в. Малыя Шчытнікі] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 252.
  4. Малощитниковская Свято-Покровская церковь // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 312.
  5. Свята-Пакроўская царква : [в. Малыя Шчытнікі] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 125.
  6. Кулагін, А. М. Помнікі архітэктуры : Пакроўская царква ў в. Малыя Шчытнікі / А. М. Кулагін // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 518.
  7. Самбук, С. Ф. Покровская церковь : [д. Щитники Малые] / С. Ф. Самбук // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 150.
  8. Самбук, С. Ф. Пакроўская царква : [в. Малыя Шчытнікі] / С. Ф. Самбук // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 104.
  9. Мароз, В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / Валерый Мароз. – Мінск, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Шчытнікі (Малыя Шчытнікі). С. 153–154.
  10. Малыя Шытнікі // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 124.
  11. Казімір Лышчынскі // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 533–534.
  12. Православное Прибужье : в память о святых князьях Борисе и Глебе : [в. д. Малые Щитники в канун дня памяти было совершено всенощное бдение] // Заря над Бугом. Брест, 2019. 15 августа (№ 33). С. 7.
  13. Самосевич, М. Малые Щитники: дыханье старины глубокой : [история деревни] / Марина Самосевич // Заря над Бугом. Брест, 2019. 4 июня (№ 23). С. 8; 11 июня (№ 24). С. 8, 15.
  14. Цвірка, У. Малыя Шчытнікі / Уладзімір Цвірка // Літаратура і мастацтва. 2018. 21 снежня (№ 50). С. 16.
  15. Павловский, Б. Под сенью «чёрных орлов» : [о князе Михаиле Чарторыйском и его имении в местечке Волчин] / Борис Павловский // Вечерний Брест. 2015. 17 июля. С. 7.
  16. Ролич, О. Церковь в Щитниках / Ольга Ролич // Заря. 2014. 9 октября. С. 17.
  17. Рубашевский, Ю. «Обет свой исполнил» : [биография священника Льва Семеновича Паевского (1850–1919)] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2013. 6 марта. С. 11.
  18. Глазов, В. Лев Паевский, священник и историк / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2010. 25 ноября (№ 48). С. 21.
  19. Козлович, В. Камень – памятник в честь богоотступника установлен рядом с храмом : [о памятнике в честь Казимира Лыщинского (1634–1689) в д. Малые Щитники Брестского района] / Валентина Козлович // Брестский курьер. 2000. № 50. С. 11.
Чытаць 330 разоў