Панядзелак, 25 Ліпень 2022 08:57

29 чэрвеня 2022 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Генрыха Міхайлавіча Траццяка (1937), кандыдата сельскагаспадарчых навук, Героя Сацыялістычнай Працы (1988)

Генрых Міхайлавіч Траццяк нарадзіўся 29 чэрвеня 1937 г. у в. Літва Дараўскай гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацька, Міхаіл Васільевіч Траццяк, і маці, Аляксандра Іванаўна, вельмі любілі зямлю, на якой жылі і лічылі, што менавіта яна дае чалавеку сілы.

 

Вельмі шмат з гісторыі роднага краю Генрых даведаўся ад бацькі, які скончыў гімназію ў Ляхавічах, быў тэлеграфістам, потым набыў кавалак зямлі, але яна ад беднасці не выратавала, у сям’і было шасцёра дзяцей. Людзі паважалі яго за адукаванасць і сціпласць, у 1928 г. ён быў выбраны войтам гміны. Міхаіл Васільевіч самастойна вывучаў народную медыцыну, лячыў травамі і гіпнозам. Калі яму было 58 гадоў, экстэрнам закончыў фельдшарска-акушэрскую школу ў Баранавічах і да 65 гадоў працаваў фельдшарам участковай бальніцы ў суседняй вёсцы Вошкаўцы (Ураджайная).

З 14 гадоў Генрых Траццяк працаваў у калгасе «Прагрэс», адначасова вучыўся ў вочна-завочнай школе рабочай моладзі. Служыў у Савецкай арміі (1956–1959). Затым працаваў шафёрам (1959–1961), быў прыняты на звыштэрміновую службу, служыў на ваенным аэрадроме г. Баранавічы (1961–1963). Пасля звальнення вырашыў працягваць сваю адукацыю, у 1963 г. паступіў у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, вучыўся на «выдатна», з’яўляўся ленінскім стыпендыятам. Пасля паспяховага заканчэння акадэміі ў 1968 г. па спецыяльнасці «аграхімія і глебазнаўства» быў пакінуты для навукова-выкладчыцкай работы.

У лютым 1969 г. Генрых Траццяк разам з жонкай, Ларысай Паўлаўнай, вярнуўся ў Ляхавіцкі раён, працаваў аграномам у калгасе імя М. В. Ламаносава. Сям’і была выдзелена невялікая кватэра ў в. Флер’янова, праз некаторы час сям’я Траццякоў пабудавала ў вёсцы сваё уласнае жыллё, нарадзіліся дзеткі. Калгас быў адстаючым, атрымлівалі ўсяго толькі 9 цэнтнераў збожжа з гектара, але з новым аграномам адразу паднялі збор удвая.

З лютага 1970 г. па лістапад 1997 г. Г. М. Траццяк кіраваў калгасам імя М. В. Ламаносава. Працуючы старшынёй калгаса, займаўся навукай, стварыў у гаспадарцы вопытнае поле. Усе тэхналагічныя працэсы ў земляробстве і жывёлагадоўлі былі пастаўлены на навуковую аснову. Абараніў у Маскве кандыдацкую дысертацыю па аграхіміі (1975).

Пад кіраўніцтвам Г. М. Траццяка ў калгасе былі дасягнуты высокія паказчыкі ў развіцці земляробства і жывёлагадоўлі. Два гады падрад калгас выходзіў пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва (1978, 1979). Тады у калгасе атрымлівалі ў сярэднім па 60–62 цэнтнеры збожжа з гектара, надоі малака дасягнулі па 4000 кг ад каровы. Вырас дабрабыт калгаснікаў.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 17 жніўня 1988 г. за выдатныя вынікі, дасягнутыя ў павялічэнні вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі на аснове засваення інтэнсіўных тэхналогій і перадавых метадаў арганізацыі працы Г. М. Траццяку прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. За сваю адданую працу быў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1982, 1988), ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1978), «Знак Почёта» (1973), медалямі «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина», «Серп и Молот» (1988), «65 лет освобождения Республики Беларусь», «65 лет Победы над Германией», залатой, сярэбранай і бронзавай медалямі ВДНГ СССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1987).

Пасля выхаду на пенсію ў 1997 г. Г. М. Траццяк заняўся фермерствам, вырошчваў збожжа і бульбу. Толькі ў 65-гадовым узросце пакінуў працу на зямлі. Генрых Міхайлавіч вёў вялікую грамадскую работу. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў, членам абласнога і раённага камітэта КПБ, членам бюро райкама КПБ. З 2006 г. з’яўляўся старшынёй раённай арганізацыі ветэранаў.

З маладосці Генрых Міхайлавіч вылучаўся мэтанакіраванасцю і схільнасцю да нестандартных рашэнняў. Дзякуючы гэтым рысам характару ўжо ў сталым узросце, у 2012 г., ён вырашыў самастойна ўзяцца за аднаўленне занядбанай сядзібы роду Бохвіцаў у Флер’янова, каб захаваць гістарычную і культурную спадчыну, ператварыць сядзібна-паркавы ансамбль у сваеасаблівы Дом адпачынку. Гэта імкненне аказалася даволі плённым. Генрых Міхайлавіч разам з Ларысай Паўлаўнай з задавальненнем прымаюць гасцей і турыстаў у старажытнай сядзібе. У чэрвені 2022 г. гаспадары гасцінна сустракалі гасцей IV літаратурнага фестывалю «Флер’яноўскія чытанні», які арганізуе Ляхавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Я. Купалы.

 

Матэрыял падрыхтаваны  ў 2022 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, загадчык сектара аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў

 

  1. Третьяк Генрих Михайлович // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник. Мінск, 2014. С. 220.
  2. Третьяк Генрих Михайлович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 411.
  3. Драздоў, В. Ідэі Траццяка / Валерый Драздоў // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 384–385.
  4. Третьяк, Г. М. Система ведения хозяйства в колхозе им. Ломоносова Ляховичского района / Г. М. Третьяк [и др.]. Минск : Ураджай, 1989. – 117, [2] с.
  5. Третьяк, Г. М. Интенсификация кормопроизводства : опыт работы колхоза им. Ломоносова Ляховичского района Брестской области / Г. М. Третьяк ; М-во сел. хоз-ва БССР. – Минск : Ураджай, 1985. – 13 с.
  6. Третьяк, Г. М. Эффективность применения минеральных удобрений под ячмень в зависимости от сорта на дерново-подзолистых легкосуглинистых почвах юго-запада Белоруссии : автореферат диссертации ... кандидата сельскохозяйственных наук : 06.01.04 / Третьяк Генрих Михайлович. Горки, 1975. 18 [1] с.
  7. Перапечка, Н. Дзякуючы працы пашана / Н. Перапечка // Ляхавіцкі веснік. 2022. 2 ліпеня. С. 4.
  8. Поплавский, Г. «Беру ответственность на себя!» / Геннадий Поплавский // Сельская газета. 2022. 30 июня. С. 13.
  9. Перапечка, Н. Энергія Героя / Н. Перапечка // Ляхавіцкі веснік. 2022. 29 чэрвеня. С. 3.
  10. Перапечка, Н. Знак пашаны и гонару / Н. Перапечка // Ляхавіцкі веснік. 2022. 14 мая. С. 2.
  11. Перапечка, Н. Чалавеку працы – гонар і павага / Н. Перапечка // Ляхавіцкі веснік. 2022. 7 мая. С. 10.
  12. Паплаўскі, Г. Флер’янова нанова / Генадзь Паплаўскі // Народная газета. 2021. 3 верасня (№ 35). С. 42.
  13. Курец, А. Стать успешным и похожим на Генриха Третьяка / Александр Курец // Сельская газета. 2021. 26 июня. С. 25.
  14. Третьяк, Л. П. Этой усадьбе самой надо поставить памятник – она столько спасла людей / Лариса Павловна Третьяк, Генрих Михайлович Третьяк // Belavia On Air. 2019. № 9. С. 284–291.
  15. Поплавский, Г. Возрождение усадьбы Бохвицей / Геннадий Поплавский // Заря. 2018. 26 апреля. С. 1, 4.
  16. Лосіч, П. Дом, які ратуе Генрых : закінутая некалі сядзіба ўжо прымае турыстаў / Павел Лосіч // Народная газета. 2018. 16 сакавіка. С. 14.
  17. Лосич, П. Фольварок в подарок : [Г. М. Третьяк занимается восстановлением панской усадьбы в д. Флерьяново Ляховичского района] / Павел Лосич // Рэспубліка. 2017. 30 снежня. С. 20.
  18. Яско, А. Третьяк и его команда / Алена Яско // Сельская газета. 2017. 22 июня С. 13.
  19. Яскевіч, С. «Я ратую яе, а яна мяне» : былы старшыня калгаса, Герой Сацыялістычнай Працы адзін узнаўляе колішнюю панскую сядзібу / Святлана Яскевіч // Звязда. 2015. 27 кастрычніка. С. 12.
  20. Крылова, Е. Генрих Третьяк: идём на рекорд / Е. Крылова // Минский курьер. 2012. 9 ноября. С. 23.
  21. Зарэчная, Г. У цэнтры ўвагі / Г. Зарэчная // Ляхавіцкі веснік. 2012. 27 чэрвеня. С. 3.
  22. Юркевич, Е. История и наука, или Второе рождение старой усадьбы / Е. Юркевич // Заря. 2012. 9 февраля. С. 6.
  23. Строцкая, Г. Поле Третьяка / Галина Строцкая // Беларускі час. 2011. 25 ноября (№ 47). С. 28.
  24. Яцура, Н. Звезда Генриха Третьяка. Она указывает бывшему председателю ляховичского колхоза имени Ломоносова, Герою Социалистического Труда, новый путь / Надежда Яцура // Белорусская нива. 2011. 28 октября. С. 6.
  25. Яцура, Н. Навука і практыка старшыні / Надзея Яцура // Народная трыбуна. 2011. 8 жніўня. С. 3.
  26. Лапіч, А. Зоркі запальваюцца на зямлі / А. Лапіч // Ляхавіцкі веснік. 2011. 2 ліпеня.
  27. Сутько, П.Земные звезды Генриха Третьяка, знаменитого председателя колхоза и председателя Ляховичской районной ветеранской организации / Петр Сутько // Рэспубліка. 2010. 13 мая. С. 7.
  28. Екель, Л. Четвертая высота Генриха Третьяка / Л. Екель // Советская Белоруссия. 2008. 9 декабря. С. 6.
  29. Юркевич, Е. Назад... в будущее : [чем сегодня живет Герой Социалистического Труда Г. М. Третьяк] / Е. Юркевич // Заря. 2005. 31 декабря. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 293 разоў