Панядзелак, 25 Ліпень 2022 08:59

12 лютага 2022 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Мітрафанавіча Бабко (1932–2021), перадавіка сельскагаспадарчай вытворчасці, Героя Сацыялістычнай Працы (1972)

Аляксандр Мітрафанавіч Бабко нарадзіўся 12 лютага 1932 г. у в. Дуброўна Сталовіцкай гміны Баранавіцкага повета Навагрудскага ваяводства (цяпер Крошынскага сельсавета Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. З дзяцінства Аляксандр далучыўся да цяжкай сялянскай працы, дапамагаў бацьку, Мітрафану Іосіфавічу Бабко, і маці, Марыі Аляксандраўне. Дзіцём перажыў нямецка-фашысцкую акупацыю (1941–1944). Пасля вызвалення Беларусі бацька быў прызваны ў Чырвоную армію, загінуў на фронце ля г. Беласток восенню 1944 г.

 

Аляксандру Бабко, як старэйшаму ў сям’і, давялося яшчэ болей дапамагаць маці па гаспадарцы, жылі, як усе, вельмі бедна, аднымі з першых уступілі ў калгас «Усход». Аляксандр Бабко змог атрымаць толькі няпоўную сярэднюю адукацыю ў мясцовай школе. З 1950 г. працаваў паляводам  калгасе, затым праходзіў службу ў Савецкай арміі (1951–1954). Пасля вяртання працаваў ва ўзбуйненым калгасе «Перамога» кладаўшчыком, сачыў за ўлікамі і захаваннем інвентару, інструменту і сабранага ўраджаю, адначасова дапамагаў паляводам. У 1956 г. назначаны брыгадзірам паляводчай брыгады калгаса.

Першы год брыгадзірства не парадаваў Аляксандра Бабко: атрымалі толькі 6 цэнтнераў збожжа з гектара. Зямля была малаўрадлівая, не давала магчымасці брыгадзе падаваць багатыя ўраджаі. Гэта прымусіла маладога і энергічнага брыгадзіра задумацца аб шляхах павышэння ўрадлівасці на сваім участку. Як і раілі болей вопытныя аднавяскоўцы, брыгадзір зрабіў стаўку на ўгнаенні.

А. М. Бабко ўступіў у КПСС (1960) і з яшчэ большым стараннем стаў клапаціцца аб грамадскай гаспадарцы. Ён быў аднолькава патрабавальным і да сябе, і да іншых. Не праходзіў міма недахопаў, настойліва і церпяліва патрабаваў выпраўлення нядбайнасці ў рабоце. Калгаснікі ўспрымалі гэтыя заўвагі з паразуменнем, слова аўтарытэтнага бырагадзіра мела вагу. Адначасова А. М. Бабко працягваў павышаць свой адукацыйны ўзровень: скончыў вячэрнюю сярэднюю школу, а затым Навагрудскі саўгас-тэхнікум (1984).

У 1965 г. дубровенцы святкавалі першую перамогу. 29 цэнтнераў збожжа, 380 цэнтнераў цукровых буракоў з гектара – такім быў вынік іх намаганняў. Па выніках сямігодкі (1959–1965) за поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак жыта, пшаніцы, грэчкі і іншых культур, А. М. Бабко быў узнагароджаны ордэнам Леніна (1966). За высокія паказчыкі ў сельскагаспадарчай вытворчасці калгас «Перамога» быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967).

У 1968 г. А. М. Бабко прыняў прапанову старшыні калгаса Абрама Аронавіча Мацкоўскага і ўзначаліў адстаючую брыгаду, якую неўзабаве вывеў у лік перадавых калектываў раёна і вобласці. Паспяхова арганізаваў высокапрадукцыйную работу тэхнікі на замацаваных за брыгадай участках. Ужо праз тры гады крошынская зямля дала рэкордны збор хлеба: 41 цэнтнер з гектара, а таксама 220 цэнтнераў бульбы, 426 цэнтнераў цукровых буракоў, 10 цэнтнераў ільновалакну.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 снежня 1972 г. за вялікія поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве зерня, цукровага бурака, іншых прадуктаў земляробства, і праяўленую працоўную доблесць на ўборцы ўраджаю А. М. Бабко прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп и Молот».

У 1976 г. паляводы брыгады А. М. Бабко дабіліся яшчэ большага ўраджаю: 51,2 цэнтнера збожжа з гектара, 262 — бульбы, 12,9 — ільновалакну. Некалькі разоў А. М. Бабко быў удзельнікам ВДНГ СССР, яму было прысвоена званне «Ударнік камуністычнай працы». За выкананне планаў у 1978 г. прэміраваны аўтамашынай «Масквіч-412». Нязменна дабіваючыся поспехаў у працы, ён працаваў у калгасе да выхаду на заслужаны адпачынак у 1992 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (23.06.1966; 13.12.1972), медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (11.02.1982), Ганаровай граматай Брэсцкага абкама КПБ і Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў, Ганаровай граматай Баранавіцкага райкама КПБ.

Аляксандр Мітрафанавіч прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Неаднаразова выбіраўся членам бюро Баранавіцкага райкама КПБ, дэпутатам Брэсцкага абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў працоўных (з 1977 г. — народных дэпутатаў). На працягу больш за 30 гадоў з’яўляўся дэпутатам Крошынскага сельскага Савета народных дэпутатаў. Быў актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці: з’яўляўся салістам Крошынскага Дома культуры, іграў у тэатралізаваных пастаноўках, а па выхадзе на пенсію быў удзельнікам гарадскога і раённага хору ветэранаў. Па меры сіл працягваў удзельнічаць у рабоце па ваенна-патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі.

А. М. Бабко памёр 8 красавіка 2021 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Чачота. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф

 

  1. Бабко Александр Митрофанович // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник. Минск, 2014. С. 38.
  2. Бабко Аляксандр Мітрафанавіч // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 594.
  3. Бабко Александр Митрофанович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 36.
  4. Бабко Аляксандр Мітрафанавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 47.
  5. Бабко Аляксандр Мітрафанавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 589.
  6. Бутько, И. Родное поле : [о Герое Социалистического Труда А. М. Бабко] / И. Бутько // Земные звезды : [очерки / составители: П. П. Сутько, В. И. Хомич, Е. В. Шимова]. Минск, 1978. С. 11–17.
  7. Воіны-землякі, якія загінулі ці прапалі без вестак на франтах Вялікай Айчыннай вайны : Бабко Мітрафан Іосіфавіч // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 456.
  8. Бабко Александр Митрофанович : [некролог] / Брестский областной исполнительный комитет, Брестский областной Совет депутатов // Заря. 2021. 10 апреля. С. 9.
  9. Соснина, И. В ладу с собой, с любовью к людям и земле : [об участнике ветеранского хора «Беспокойные сердца» А. М. Бабко] / Ирина Соснина // Наш край. Барановичи, 2012. 11 февраля. С. 2.
  10. Яцура, Н. Песня брыгадзіра : [пра А. М. Бабко] / Н. Яцура // Народная трыбуна. 2011. 19 лістапада (№ 47). С. 3.
  11. Юркевич, Е. Звездная дорога Александра Бабко / Е. Юркевич // Заря. 2009. 21 ноября. С. 4.
  12. Гиль, С. Земное счастье героя труда : [о Герое Социалистического Труда А. М. Бабко] / Светлана Гиль ; фото М. Кашко // Наш край. Барановичи, 2006. 29 апреля. С. 4.
  13. Петрушкевич, А. Медовый месяц Александра Бабко : [об увлечении пчеловодством А. М. Бабко] / А. Петрушкевич // Наш край. Барановичи, 2003. 18 октября. С. 3.
  14. Бабко, А. М. Порядок в нашем общем доме : [бригадир колхоза «Победа» Барановичского района рассуждает о дисциплине труда] / А. М. Бабко // Заря. 1985. 14 июня.
  15. Федоров, И. Ф. Всякое поле хозяином славится : [о бригадире колхоза «Победа» Барановичского района А. М. Бабко] / И. Ф. Федоров // Сельское хозяйство Белоруссии. 1982. № 8. С. 22–24.
  16. Бутько, И. Родное поле : [о А. М. Бабко] / И. Бутько // Знамя коммунизма. Барановичи, 1978. 5 июля.
  17. Бабко, А. За высотою высота : [бригадир полеводческой бригады колхоза «Победа» рассказывает о работе коллектива] / А. Бабко // Знамя коммунизма. Барановичи, 1977. 16 июля.
  18. Бабко, А. В своем круге : [бригадир полеводческой бригады колхоза «Победа» Барановичского района рассказывает о своей депутатской работе] / А. Бабко // Заря. 1976. 26 марта.
  19. Мицкевич, И. Право героем зваться : [о Герое Социалистического Труда А. М. Бабко] / Инна Мицкевич // Сельская газета. 1973. 18 марта.
  20. Бутько, И. Родное поле : [о А. М. Бабко] / И. Бутько // Заря. 1972. 21 декабря.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 213 разоў