Серада, 03 Жнівень 2022 16:02

2 мая 2022 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Рыгора Мікалаевіча Мігая (1927–2007), спецыяліста рачнога транспарту, Героя Сацыялістычнай Працы (1966)

Рыгор Мікалаевіч Мігай нарадзіўся 2 мая 1927 г. у в. Глухавічы Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў мясцовай школе, дапамагаў бацькам па гаспадарцы. У галодны час нямецка-фашысцкай акупацыі дапамагаў сям’і выжыць, падлеткам выконваў цяжкую фізічную работу. У 1944 г. застаўся сіратой. Па накіраванні камсамола паступіў на вучобу ў школу фабрычна-завадскога навучання пры Чарнобыльскім суднарамонтным заводзе (Украінская ССР).

 

Пасля заканчэння вучобы (1945) працаваў на Чарнобыльскім суднарамонтным заводзе, качагарам на розных суднах. У 1947 г. вярнуўся ў Беларусь, працаваў у Днепра-Двінскім (з 1952 г. Верхнядняпроўскае) рачным параходстве. Качагарам хадзіў на параходах «Орёл» і «Нева». Без адрыву ад вытворчасці скончыў курсы механікаў, Маскоўскі завочны тэхнікум рачнога транспарту (1955).

У 1955–1962 гг. Рыгор Мігай працаваў механікам на Пінскім суднабудаўніча-суднарамонтным заводзе (да 1961 г. — рамонтна-эксплуатацыйная база). У 1962–1967 гг. — у Верхнедняпроўскім рачным параходстве. У 1967 г. вярнуўся ў Пінск на суднабудаўнічы-суднарамонтны завод, працаваў старшым механікам, капітанам-механікам.

Пінскі суднабудаўнічы-суднарамонтны завод дзейнічаў як прамыслова-транспартнае прадпрыемства, якое адначасова выпускала прадукцыю і ажыццяўляла перавозкі народнагаспадарчых грузаў. Калектыў завода неаднаразова выходзіў пераможцам у спаборніцтве сярод падобных прадпрыемстваў рэспублікі, быў занесены на Усесаюзную Дошку гонару на ВДНГ СССР. Многія работнікі завода атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды.

Рыгор Міхай удзельнічаў у работах па мадэрнізацыі параходаў і цеплаходаў, пераводзе суднаў з цвёрдага да вадкае паліва. З сярэдзіны 1950-х гг. пачаў выходзіць у рэйсы механікам рачных буксіраў. Паспяхова здаў экзамены на права ваджэння суднаў і з 1962 г. працягваў працаваць капітанам-механікам буксірнага цеплахода.

Каманда судна пад кіраўніцтвам Р. М. Мігая забяспечыла ўзорнае ўтрыманне машын і механізмаў БТ-0203, затым БТ-0242, працавала без аварый, выконвала зімовы рамонт судна датэрмінова. Р. М. Мігай адным з першых пачаў укараненне новага спосабу ваджэння барж па рацэ. Цяпер баржу мацавалі перад буксірам, які штурхаў яе перад сабой. Паляпшалася манеўраванне, скарачаўся колькасны склад каманды, што паляпшала эканамічныя паказчыкі выкарыстання цеплахода. Пачын даў беларускім рачнікам мільёны рублёў эканоміі.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 14 верасня 1966 г. за поспехі ў працы, унясенне вялікага ўкладу ў асваенне новага метаду перавозкі грузаў з дапамогай буксірных цеплаходаў Р. М. Мігаю прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля«Серп и Молот».

У 1968 г. імя Р. М. Мігаябыло занесена ў Кнігу народнай славы г. Пінска. Рыгор Мікалаевіч праводзіў вялікую грамадскую працу. Абіраўся дэпутатам Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных (1967), уваходзіў у склад Пінскага гаркама КПБ (1968–1985), партбюро завода. Некаторы час быў сакратаром партарганізацыі Пінскага суднабудаўніча-суднарамонтнага завода.

Р. М. Мігай памёр 6 чэрвеня 2007 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Пінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкай. Гарачова, А. Н., гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Мигай Григорий Николаевич // Твои герои, Беларусь! : Герои Социалистического Труда : биографический справочник. Минск, 2014. С. 154–155.
  2. Мігай Рыгор Мікалаевіч // Памяць. Брагінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 644.
  3. Мигай Григорий Николаевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 422.
  4. Мігай Рыгор Мікалаевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 420.
  5. Мігай Рыгор Мікалаевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 7. С. 169.
  6. Шапіра, С. Зорка Героя : [пра Р. М. Мігая] / С. Шапіра // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 478.
  7. Писарев, Н. Глубокий фарватер / Н. Писарев // Земные звезды : [очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области]. Минск : Беларусь, 1978. С. 217–222.
  8. Бельчанка, В. Водныя шляхі Рыгора Мігая / Валянціна Бельчанка // Маяк Палесся. Брагін, 2021. 29 кастрычніка (№ 44). С. 7.
  9. [Мигай Григорий Николаевич : некролог] // Пінскі веснік. 2007. 8 чэрвеня. С. 3.
  10. Куницкий, П. Юбилей речника : 80 лет исполняется единственному в Пинске Герою Социалистического Труда Григорию Николаевичу Мигаю / Павел Куницкий // Вечерний Брест. 2007. 4 мая. С. 3.
  11. Никитина, Т. Полвека на службе флоту : [о Г. Н. Мигае] / Татьяна Никитина // Пінскі веснік. 2007. 4 мая. С. 12.
  12. Мигай, Г. От человека к человеку / Г. Мигай // Заря. 1979. 1 января.
  13. Писарев, Н. Глубокий фарватер : [о Г. Н. Мигае] / Н. Писарев // Полесская правда. Пинск, 1978. 18 ноября.
  14. Новікаў, Р. Піна – працаўніца : [пра старшага групавога механіка Р. М. Мігая, Пінскі рачны порт] / Р. Новікаў // Звязда. 1970. 9 жніўня.
  15. Пакушко, О. Плещет речная волна : [о Герое Социалистического Труда Г. Н. Мигае] / О. Пакушко // Заря. 1967. 5 апреля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 279 разоў Апошняя змена Чацвер, 13 Ліпень 2023 16:26