Серада, 03 Жнівень 2022 16:11

2022 г. — 520 гадоў з часу першага ўзгадвання ў пісьмовых крыніцах в. Шпановічы (з 1929 г. у межах г. Брэста; 1502)

У 1502 г. вялікі князь літоўскі Аляксандр дазваляе нейкаму Федку Янушковічу памяняць свой фальварак на «зямлю Ушпаноўску», якая належала Мікалаеўскай царкве. Назва гэтага паселішча паходзіць, напэўна, ад імёнаў або прозвішчаў: Шпан, Шпанаў, Шпановіч ці падобных да іх.

 

Аб самім паселішчы Шпановічы (тады за 3 км ад г. Берасця) пісьмовыя крыніцы паведамляюць у ХVI ст. Вёска Шпановічы ўваходзіла ва ўладанні епіскапа Уладзімірскага і Берасцейскага, але на яе прэтэндавалі і свецкія феадалы. Асаблівай настойлівасцю і жорсткасцю выдзяляўся ўладальнік Бярозаўкі Іван Каліховіч. 24 красавіка 1589 г. давераная асоба епіскапа Феадосія скардзілася, што пан «Іван Бжозовскій... на властном кгрунте владыкі яго міласці Шпаноўскам ізбіл і аграбіл кретьян».

Нягледзячы на вырашэнне Брэсцкім судом спрэчак аб межах уладанняў епіскапа і Каліховіча, апошні не пакінуў нападкаў на Шпановічы. 22 ліпеня 1589 г. паступіла скарга аб тым, што «Пан Іван Каліховіч, сам особою своей, і с многімі подданымі своімі Бжозовского наехавші моцно, кгвалтом на властный кгрунт его мілості отца владыкі Шпановскій... тот пан Каліховіч сеножати кгвалтовне покосівші, і сено побрал возов на осьмь».

У канцы ХVІІІ ст. Шпановічы не абмінулі падзеі польскага паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі. Паўстанцы ў красавіку 1794 г. узялі ўладу ў Брэсце. У верасні 1794 г. паміж Трышынам і Шпановічамі спыніліся рускія войскі А. В. Суворава. 19 верасня яны фарсіравалі раку Мухавец і нанеслі паражэнне паўстанцам пад камандаваннем генерала Ю. Серакоўскага. У гонар А. В. Суворава на беразе ракі ў 1902 г. пастаўлены абеліск, у 1952 г. рэстаўраваны, у 1973 г. дэманціраваны, у 1996 г. пастаўлены новы.

Каля гэтага месца цераз Мухавец быў пабудаваны драўляны мост, які атрымаў назву Сувораўскага. У 1943 г. Сувораўскі мост двойчы ўзрывалі партызаны і падпольшчыкі. Адноўлены быў у 1952 г., а ў 1970 г. дэманціраваны.

У сувязі з будаўніцтвам крэпасці горад Брэст-Літоўск у 1833 г. быў перанесены на 2 км на ўсход, у бок Шпановічаў, што вызначыла далейшы лёс вёскі. Напачатку ХХ ст. горад шчыльна наблізіўся да Шпановічаў, вёска фактычна стала прадмесцем.

У 1873 г. цераз Шпановічы пралягла чыгунка Брэст — Ковель. З тых дамоў, што засталіся на ўсходзе ад чыгункі, была створана вуліца Палеская, якая ў 1974 г. перайменавана ў вуліцу Генерала Папова. У 1985 г. на доме № 16 устаноўлена мемарыяльная дошка генерал-палкоўніку Васілію Сцяпанавічу Папову, камандуючаму 70-й арміяй, якая вызваляла Брэст ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У час Першай сусветнай вайны, калі ў жніўні 1915 г. фронт наблізіўся да Брэст-Літоўска, жыхары Шпановічаў, як і горада і іншых вёсак павета, былі вымушаны падацца ў бежанцы. Нямецкая акупацыя працягнулася да канца 1918 г., а пасля немцаў прыйшлі палякі, адбылася Польска-савецкая вайна (1919–1920), якая завяршылася Рыжскім мірам (1921). Тады многія жыхары Шпановічаў змаглі вярнуцца на родныя сядзібы.

Вёска Шпановічы разам з Граеўкай (Граеўская Слабодка) і Кіеўкай (Кіеўская Слабодка) у 1929 г. была ўключана ў межы Брэста-над-Бугам (з 1939 г. — г. Брэст). Галоўная вуліца прадмесця Шпановічы спачатку называлася Пугачоўская (па ёй ехалі ў накірунку вёскі Пугачова, што на тым баку Мухаўца, з 1979 г. у межах Брэста), з 1940 г. — Чырвонасцяжная. Працягласць 680 м — ад вуліцы Маскоўскай да вуліцы Шаўчэнкі.

Вуліца наўсцяж Мухаўца з 1930 г. пачала забудоўвацца ў заходні бок, атрымала назву Шпановіцкая. У 1940 г. перайменавана ў гонар украінскага паэта Тараса Шаўчэнкі. Цяпер яе працягласць 770 м — ад вуліцы Спакойнай (забудоўвана ў 1930-я гг.) да бульвара Шаўчэнкі (названы ў 1961 г.). Сядзібныя дамы на захадзе вуліцы Шаўчэнкі стаялі да канца 1960-х, калі пачалі будаваць мост цераз Мухавец.

Да Вялікай Айчыннай вайны жыхары прадмесця працавалі на тартаку (лесапілцы, на яе месцы пазней узнікла мэблевая фабрыка). Дамы былі невялікія, на 2–3 пакоі, з кухняй і прыбудаванай верандай. На вокнах аканіцы, у дварах клумбы з кветкамі. Пры кожным доме меўся вялікі прысядзібны ўчастак, дзе былі сады і агароды, трымалі курэй, свіней і кароў. Гародніну, садавіну, малако, смятану, масла, яйкі насілі прадаваць на горадскі базар. Перад самай вайной у Шпановічах жылі некалькі сямей камандзіраў з Брэсцкай крэпасці. У бараку жыла сям’я савецкага інжынера, будаўніка мастоў Барыса Рыгоравіча Андрэйчава, яго сын Уладзімір запісаў свае ўспаміны пра перадваенныя Шпановічы.

Паступова вясковы выгляд былой ускраіны Брэста мяняўся. У 1950–1952 гг. на базе дрэваапрацоўчай арцелі «Стаханавец», створанай у 1946 г., узняліся карпусы мэблевай фабрыкі. У 1977–1983 гг. праведзена маштабная рэканструкцыя фабрыкі, у 2014 г. яна была закрыта.

Старая аднапавярховая забудова Чырвонасцяжнай вуліцы ў канцы 1970-х гг. пачала забудоўвацца шматпавярховымі жылымі дамамі. Пабудаваны пажарная часць, аўтакамбінат № 1 аблспажыўсаюза, 9-павярховыя інтэрнаты (1977–1983). На вуліцы Генерала Папова знаходзяцца РУП «Брэстаблгаз», абласная арганізацыя ДТСААФ (будынак узведзены ў 1971 г.) і іншыя ўстановы. На Чырвонасцяжнай, 10 перад абласным упраўленнем МНС у 2000-я гг. з’явіўся арт-аб’ект — бетонная скульптура вогняборца.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Купцова, В. Р. Вёскі, якія ўвайшлі ў межы Брэста : Шпановічы // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 473–474.
  2. Краснознаменная улица // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 241.
  3. Шевченко улица // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 387.
  4. Улица Генерала Попова // Улицы Бреста рассказывают... / Л. Илларионова, Ю. Рубашевский, Н. Свинтилова, Т. Стасюк. Брест, 2007. С. 95–96.
  5. Мебельная фабрика // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 256–257.
  6. Суворову А. В. памятники // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 346.
  7. Рызо, А. Шпановичи : [стихи] / Аляксандр Рызо // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск : Кнігазбор, 2018. № 10. С. 16–17.
  8. Ярмош, Л. «Нас расстреляли в Жабинке...» : [о В. Б. Андрейчеве, пережившем Великую Отечественную войну в Беларуси] / Любовь Ярмош // Правда. 2021. 2–5 июля. С. 7.
  9. Андрейчев, В. БрестКубаньглавная дорога судьбы : [из воспоминаний Почетного строителя России В. Б. Андрейчева, встретившего Великую Отечественную войну в г. Бресте] / Владимир Андрейчев // Заря. 2018. 1 марта. С. 18–19.
  10. Шляжко, Н. Шпановичи: неутраченная книга жизни : [история микрорайона г. Бреста] / Наталья Шляжко // Брестский вестник. 2019. 13 июня (№ 24). С. 17.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 225 разоў