Серада, 10 Жнівень 2022 12:19

5 жніўня 2022 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Віталя Уладзіміравіча Скалабана (1947–2011), вучонага-гісторыка, літаратуразнаўцы, архівіста

Віталь Уладзіміравіч Скалабан нарадзіўся 5 жніўня 1947 г. у в. Шылавічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Бацька, Уладзімір Рыгоравіч Скалабан, — настаўнік гісторыі, краязнаўца. Маці, Вольга Іванаўна, была жанчына ціхая, спакойная, заўсёды сур’ёзная, працавала эканамістам-статыстыкам у райсельгасхарчы.

 

У 1951 г. сям’я пераехала ў г. Ляхавічы Баранавіцкай (з 1954 г. Брэсцкай) вобласці. Вольга Іванаўна была пераведзена ў райсельгасупраўленне, Уладзімір Рыгоравіч доўгі час працаваў дырэктарам беларускай няпоўнай сярэдняй школы. Настаўнік, франтавік, апантанны краязнавец, стварыў у сваёй школе даволі прыстойны на той час музей гісторыі Ляхавіцкага раёна.

У 1954 г. Віталь Скалабан пайшоў у першы клас. Сярэднюю школу скончыў у 1965 г. на выдатна. Паступіў на гістарычны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Змястоўныя лекцыі, цікавыя выкладчыкі, гарачыя дыскусіі, вечары, праведзеныя ў багатых архівах, бібліятэках, музеях — усё гэта давала імпульс для творчага пошуку. У студэнцкія гады пачаў спрабаваць свае сілы ў журналістыцы. Складаныя і цікавыя лёсы вядомых людзей вельмі цікавілі маладога гісторыка. Станаўленне беларускай дзяржаўнасці на пачатку ХХ ст. — тэма не толькі яго дыпломнай, але і многіх іншых навуковых прац. Універсітэт закончыў у 1970 г., быў прызваны ў Савецкую армію.

Працаваў рэдактарам (1972–1992), загадчыкам рэдакцыі гісторыі Беларусі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» (1992–1995), намеснікам дырэктара (1995–1997), саветнікам і вядучым навуковым супрацоўнікам БелНДІДАС (1997–2000), намеснікам дырэктара Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны (2000–2002). З 2002 г. загадваў аддзелам публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. У 1987 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Белорусский национальный комиссариат (январь 1918 — март 1919 гг.)».

В. У. Скалабан унёс важкі ўклад у айчынную гістарычную навуку. Дзякуючы яго намаганням у айчынны гістарычны кантэкст вернуты імёны С. Скандракова, Ф. Кудрынскага, У. Фальскага, М. Мялешкі, А. Гзаўскага і іншых знакамітых беларусаў. Вядомасць Віталю Уладзіміравічу прынесла адкрыццё імя першага біёграфа У. І. Леніна — загадчыка выдавецкага пададдзела Петраградскага аддзялення Белнацкама Івана Баранкевіча.

Супрацоўнічаў з многімі выданнямі, але асабліва плённа з газетай «Советская Белоруссия». У сваіх змястоўных і цікавых нарысах распавядаў пра невядомыя факты з жыцця і творчасці Я. Коласа, Я. Купалы, М. Танка і інш. Па яго ініцыятыве ўзнікла сумесная акцыя Нацыянальнага архіва і рэдакцыі газеты «Народны архіў». Віталь Уладзіміравіч быў любімым і жаданым госцем на ўсіх навуковых канферэнцыях — у літаратуразгаўцаў і гісторыкаў, архівістаў і кнігазнаўцаў.

Рэдактар-складальнік кнігі «Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна» (1989), якая стала ўзорам, эталонам выданняў іншых хронік гэтай серыі. Пра Ляхавіччыну, яе гістарычныя мясціны Віталь Уладзіміравіч ведаў вельмі шмат. Да апошніх дзён жыцця заставаўся руплівым і ўважлівым у дачыненні да гістарычнай памяці дарагіх сэрцу мясцін.

Вялікай заслугай перад навукай з’яўляюцца распрацаваныя ім бібліяграфіі: каталог публікацый газеты «Вольная Беларусь» за 1917 г.; імянная навукова-дапаможная картатэка з біяграфічнымі, бібліяграфічнымі запісамі і спісамі архіўных крыніц; тэматычная навукова-дапаможная картатэка па тэмах: «Маскоўскае зямляцтва», «Гістарыяграфія», «Сцяг, гімн» і інш.; картатэка поўных архіўных крыніц да зборніка «Купала і Колас, вы нас гадавалі».

Сумесна з Л. Рублеўскай напісаў гістарычную драму «Людвіка і Фабіян», якая была пастаўлена аматарскім тэатрам. Быў сааўтарам літаратурных сцэнарыяў дакументальных фільмаў «Тайны Грушаўскага палаца», «Імша па Купалу», «Справа Ігнатоўскага» і інш.

В. У. Скалабан заўчасна памёр 20 жніўня 2011 г., пахаваны ў Мінску. У 2013 г. выйшла кніга «Ісці на святло лабірынтамі даўніх падзей», прысвечаная памяці гісторыка і архівіста.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай  бібліятэкай імя Я. Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, загадчык сектара аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў

 

Працы В. У. Скалабана

  1. Пантелеймон Пономаренко : личный архив и книжное собрание / [сост.: В. В. Скалабан (руковод.) и др.]. Минск : Звязда, 2013. 255 с.
  2. Купала і Колас, вы нас гадавалі : дакументы і матэрыялы / укладальнікі: В. Дз. Селяменеў, В. У. Скалабан : Кн. 2, ч. 2. Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2012. 333, [2] с.
  3. Купала і Колас, вы нас гадавалі : дакументы і матэрыялы / укладальнікі: В. Дз. Селяменеў, В. У. Скалабан : Кн. 2, ч. 1. Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2011. 381, [2] с.
  4. Академик В. М. Игнатовский : документы и материалы / НАН Беларуси, Ин-т истории ; сост.: В. В. Скалабан, Н. В. Токарев ; редкол.: А. А. Коваленя (предс.) и др. Минск : Беларуская навука, 2010. – 277 с. – (Люди белорусской науки).
  5. Купала і Колас, вы нас гадавалі : дакументы і матэрыялы / укладальнікі: В. Дз. Селяменеў, В. У. Скалабан : Кн. 1. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. – 317, [2] c.
  6. Рублевская, Л. И. Время и бремя архивов и имен : очерки, эссе, пьеса / Людмила Рублевская, Виталий Скалабан. Минск : Лiтаратура i Мастацтва, 2009. – 189 с. – (Беларусь вчера и сегодня).
  7. Мікалай Мікалаевіч Улашчык : біябібліяграфічны паказальнік / Нац. б-ка Беларусі [і інш.] ; склад.: В. У. Скалабан (кіраўн.) [і інш.]. 2-е выд., перапрац. і дап. Мінск : НАРБ, 2006. 92, [3] с.
  8. Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі : бібліяграфічны паказальнік / Нац. кн. палата Беларусі ; скл. В. Скалабан. – Мінск, 2003. – 316 с.
  9. Газеты Беларусі, 1776–1975 : рэтраспектыўны бібліяграфічны паказальнік / Нац. кн. палата Беларусі ; [склад. Л. М. Няхайчык і інш. ; навук. рэд. В. У. Скалабан]. – Мінск, 2003. – 316 с.
  10. Напалеон Чарноцкі : (1866–1937) / Віталь Скалабан // Славутыя імёны Бацькаўшчыны : зборнік. Мінск, 2003. Вып. 2. С. 277–294.
  11. Улашчык, М. Выбранае / Мікалай Улашчык ; [укладанне Аляксея Каўкі і Аляксандра Улашчыка ; навуковыя рэдактары: Генадзь Кісялёў і Віталь Скалабан ; прадмова і каментарый Аляксея Каўкі]. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 2001. – 604 с.
  12. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавiцкага раёна / Беларуская савецкая энцыклапедыя ; [рэдактар-складальнік В. У. Скалабан]. – Мінск : БелСЭ, 1989. – 438, [2] с. : іл.
  13. Архіўныя дакументы аб незвычайнай біяграфіі прафесара медыцыны Фёдара Яхімовіча / Віталь Скалабан, Наталля Калеснік // Архівы і справаводства. 2011. № 2. С. 101–108.
  14. «Для адстойвання інтарэсаў Айчыны...» : [невядомы дакумент 1918 г. па гісторыі беларускай дзяржаўнасці] / Віталь Скалабан // Беларуская думка. 2010. № 12. С. 7075.
  15. Извилистая фортуна Пономаренко : архивный след вождя советских партизан / Виталий Скалабан // Родина. 2010. № 5. С. 44–46.
  16. Беларусь абуджаная : [грамадзянскія арганізацыі 1917–1920 гг.] / Віталь Скалабан // Літаратура і мастацтва. 2010. 19 сакавіка (№ 11). С. 12, 14.
  17. Яўсей Канчар палітык, гісторык, мемуарыст / Віталь Скалабан //  Беларуская думка. 2010. № 1. С. 8891.
  18. «Получил ваше письмо…» / Віталь Скалабан // Ляхавіцкі веснік. 2008. № 72. С. 4.
  19. Рублевская, Л. О Буре, Граните и Танке / Людмила Рублевская, Виталий Скалабан // Советская Белоруссия. 2007. 8 декабря. С. 16–17.
  20. Рублевская, Л. Одиссея рукописей Купалы / Л. Рублеўская, В. Скалабан // Советская Белоруссия. 2008. 29 мая. С. 9.
  21. Як ствараўся Дзяржаўны гімн БССР / Віталь Скалабан // Полымя. 2008. № 1. С. 168182;  3. С. 179188;  4. С. 177190.
  22. «Шчырая Шчара мая...» : [успаміны пра сустрэчы з М. Купрэевым у Ляхавіцкім раёне] / Віталь Скалабан // Лiтаратура і мастацтва. 2007. 19 кастрычніка. С. 12.
  23. Невядомыя лісты Якуба Коласа 1941 г. / Віталь Скалабан // Полымя. 2006. № 11. С. 160164.
  24. «Партызаны, партызаны…»: [гісторыя аднаго класічнага твора] / Віталь Скалабан // Советская Белоруссия. 2006. 18 августа. С. 1819.
  25. Дакументальная спадчына Усебеларускага з’езда 1917 г.: праблемы збору, захавання і выдання / В. У. Скалабан // Архівы і справаводства. 2000. № 1.

 

Аб жыцці і дзейнасці В. У. Скалабана

  1. Скалабан Віталь Уладзіміравіч / І. У. Саламевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 432–433.
  2. Скалабан Виталий Владимирович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2015. Т. 4, кн. 2. С. 342.
  3. Скалабан Віталь Уладзіміравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 307.
  4. Ісці на святло лабірынтамі даўніх падзей : зборнік памяці Віталя Скалабана / уклад. А. Сідарэвіч, А. Фядута, М. Шумейка. – Мінск : Лімарыус, 2013. – 500 с.
  5. 5 жніўня – 75 гадоў з дня нараджэння В. У. Скалабана (1947–2011), вучонага-гісторыка, літаратуразнаўца, архівіста / складальнікі: В. Я. Асаёнак, Г. В. Брага, К. С. Быстрова ; рэдактар К. Д. Варанько // Новыя кнігі : па старонках беларускага друку. 2022. № 3. С. 13–15 (дадатак: Даты беларускага календара).
  6. Запартыка, Г. Талент раскрываць таямніцы : [да 70-годдзя з дня нараджэння гісторыка-архівіста Віталя Скалабана] / Ганна Запартыка // Літаратура і мастацтва. 2017. № 32. С. 5.
  7. Рублевская, Л. Бомбы для коллекционера : [из архива Виталия Скалабана] / Людмила Рублевская // СБ. Беларусь сегодня. 2017. № 192. С. 11.
  8. Рублевская, Л. Герой архивных лабиринтов / Людмила Рублевская //. СБ. Беларусь сегодня. 2017. № 149. С. 14.
  9. Карлюкевіч, А. Шукальні беларускага жыцця : [дзеля памяці Віталя Скалабана] / Алесь Карлюкевіч // Звязда. 2017. № 148. С. 13.
  10. Пучынскі, У. Архівіст з краязнаўчым ухілам / У. Пучынскі // Краязнаўчая газета. 2017. № 30. С. 2.
  11. Рублевская, Л. Странники и изгнанники : [из архива Виталия Скалабана] / Людмила Рублевская // СБ. Беларусь сегодня. 2017. № 198. С. 14.
  12. Рублевская, Л. Певица и денщик : [из архива Виталия Скалабана] / Людмила Рублевская // СБ. Беларусь сегодня. 2017. № 157. С. 1213.
  13. Скамарошчанка, М. Ён быў шматгранным чалавекам... : да 70-годдзя з дня нараджэння В. У. Скалабана / Міхаіл Скамарошчанка // Архівы і справаводства. 2017. № 4. С. 139–142.
  14. Корбут, В, Особая папка Скалабана : [из архива Виталия Скалабана] / Виктор Корбут, Вячеслав Селеменев // СБ. Беларусь сегодня. 2014. № 20. С. 1011.
  15. Карлюкевіч, А. Аўтографы Віталя Скалабана : [пра зборнік памяці вядомага архівіста] / Алесь Карлюкевіч // Краязнаўчая газета. 2014. № 3. С. 5.
  16. Іофе, Э. Р. Першая кніга пра архіў і бібліятэку кіраўніка рэспублікі : [рецензия на: Пантелеймон Пономаренко. Личный архив и книжное cобрание : сводный каталог / сост. В. Скалабан. Минск, 2013] / Эмануіл Іофе // Полымя. 2013. № 10. С. 187191.
  17. Бутэвіч, А. ГісторыяАдкрывальнік : [слова пра краязнаўца] / Анатоль Бутэвіч // Звязда. 2012. 25 ліпеня. С. 4.
  18. Бацкалевіч, У. Шчырая Шчара мая / У. Бацкалевіч // Літаратура і мастацтва. 2011. 30 верасня. С. 6.
  19. Бацкалевіч, У. Шчырая Шчара мая : [нарыс аб жыцці і дзейнасці беларускага гісторыка Віталя Скалабана] / Уладзімір Бацкалевіч // Ляхавіцкі веснік. 2011. 28 верасня. С. 3.
  20. Церашонак, В. Хатынь. Трагедыя і памяць / В. Церашонак // Настаўніцкая газета. 2009. 16 красавіка. С. 4.
  21. Кіштымаў, А. Дзядзька Скалабан / А. Кіштымаў // Літаратура і мастацтва. 2007. № 31. С. 15.
  22. Шалькевіч, В. «Жніва многа, а работнікаў мала…» : [да 60-годдзя Віталя Скалабана] / Вячаслаў Шалькевіч // Краязнаўчая газета. 2007. № 29. С. 3.
  23. Чэмер, М. Пошукі і адкрыцці / М. Чэмер // Настаўніцкая газета. 2007. 7 ліпеня. С. 6–7.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 366 разоў