Пятніца, 19 Жнівень 2022 09:30

15 жніўня 2022 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Мікалая Іванавіча Таранды (1947), мастака-жывапісца, графіка

Мікалай Іванавіч Таранда нарадзіўся 15 жніўня 1947 г. у в. Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У вялікай сялянскай сям’і Івана Максімавіча і Фядоры Кляменцяўны Таранда Мікалай быў трынаццатым дзіцём. Мікалай з дзяцінства шмат працаваў, работы не баяўся і браўся за любую, але заўважаў колеры наваколля: якое неба незвычайнае, як шэпча трава, як адлюстроўваюцца ў вадзе праплываючыя аблокі.

 

Пасля васьмігодкі паступіў і закончыў Баранавіцкае ГПТВ № 61 (1964), адначасова скончыў сярэднюю школу працоўнай моладзі № 2. У 1965–1970 гг. навучаўся на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута.

Сапраўднай крыніцай натхнення для маладога мастака стала прырода, навакольны свет. Шчырая ўлюблённасць мастака ў прыроду, да якой Мікалай Таранда дакранаецца як да вялікай таямніцы і сёння застаецца надзейнай глебай  развіцця яго творчай індывідуальнасці. У яго палотнах безліч ландшафтаў беларускай зямлі з узгоркамі і раўнінамі, старажытнымі храмамі і вясковымі хатамі. Асабліва папулярныя ў творчасці мастака матывы з возерам ці ракой і адлюстраваннем у іх.

М. І. Таранда працаваў начальнікам бюро прамысловай эстэтыкі завода «Чырвоны Кастрычнік» у г. Орша (1970–1994), адначасова ў 1970–1991 гг. кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва Палаца культуры завода. У 1984–1985 гг. разам з А. Сапіным удзельнічаў у распрацоўцы і стварэнні помніка жыхарам г. Барані, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны.

І падчас вучобы ў інстытуце, і пасля яго заканчэння Мікалай Таранда шмат часу надаваў самаадукацыі, працы ў майстэрні і на пленэры. У творчых паездках (у тым ліку з настаўнікам Алегам Арловым) у Літву, па Купалаўскіх месцах, у Крым, Уладзімір і Суздаль мастак удасканальваў уласны стыль у жывапісе. Паездкі ў Дом творчасці «Сенеж» (1977, 1983) дапамаглі рэалізаваць талент графіка, асвоіць новыя тэхнікі.

Першая персанальная выстава Мікалая Таранды адбылася ў 1973 г. у Оршы. Прыняты ў Саюз мастакоў СССР у 1989 г. Працуе ў графіцы, скульптуры, станковым жывапісе. З 1994 г. цалкам прысвячае сябе творчасці. Персанальныя і калектыўныя выставы праходзяць у Палацы мастацтваў, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, касцёле св. Сімяона і Алены (Мінск), у выставачных залах Віцебска, Полацка, Оршы, а таксама ў Вязьме і Смаленску. Удзел у міжнародных пленэрах жывапісу ў г. Пернікаў (Балгарыя; 1999, 2004) натхніла мастака на стварэнне серый фармальных работ.

Мікалай Таранда — пастаянны ўдзельнік рэспубліканскіх і міжнародных пленэраў і майстар-класаў, суарганізатар міжнароднага арт-праекта «Калегіум» у Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі. З 2010 г. на пастаяннай аснове супрацоўнічае з творчым аб’яднаннем «Традыцыя» Беларускага саюза мастакоў. Жыве і працуе ў г. Барань Аршанскага раёна.

Стварыў графічныя серыі «Аршаншчына» (1973), «Вільня» (1976), «Мантажнікі» (1977), «Сенежскае возера» (1977–1979), «Сёстры» (1983), «Крым» (1987–1989); скульптурныя партрэты А. Папкова (1973), Аксаны (1974),  бацькі (1975). Жывапісным работам уласцівы дынамізм, колерная экспрэсія, маляўнічасць вобразнага ладу: «Вёска Барань» (1985), «Кветкі Беларусі» (1986), «Ружы» (1987), «Суздаль» (1994), «Чэрвеньская рапсодыя» (1994), «Памяці Сезана» (1995), «Абуджэнне» (1996), «Лілеі» (1996), «Памяці А. Арлова» (1996), серыі «Балгарыя», «Віцебшчына» (1997–2002).

Работы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (Мінск), Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Мастацкай галерэі Палаца мастацтваў г. Пернікаў (Балгарыя), Смаленскім дзяржаўным інстытуце мастацтваў (Расія), Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі, Аршанскім музеі гісторыі і культуры горада, Мастацкай галерэі Полацка, у прыватных калекцыях у Беларусі, Балгарыі, Германіі, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, ЗША.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, загадчык сектара аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў

 

  1. Таранда Мікалай Іванавіч / Г. А. Фатыхава // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 434.
  2. Таранда Николай Иванович / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2011. Т. 2, кн. 2. С. 504.
  3. Таранда Мікалай Іванавіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыклапедыяны даведнік. Мінск, 1998. С. 535.
  4. Таранда Мікалай Іванавіч // Сучасныя мастакі Віцебшчыны : біябібліяграфічны слоўнік / ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна», Аддзел літаратуры па мастацтве ; склад. В. І. Аліева. Віцебск, 1994. С. 107–108.
  5. Мікалай Таранда. Экспрэсія : [мастацкі альбом / уступны артыкул М. Цыбульскага : фотарэпрадукцыі А. Кушнера]. – Мінск : Аверсэв. 2021. – 155. [4] с. : каляр. іл., партр.
  6. Николай Таранда. Живопись. Графика = Мікалай Таранда. Жывапіс. Графіка = Nikolay Taranda. Painting. Graphic / Белорусский союз художников ; [предисловие М. Цыбульского]. Минск : Аверсэв, 2017. 143 с. : ил.
  7. Николай Таранда. Живопись. Графика : [альбом / ответств. за вып. Д. Л. Дембовский]. – Минск : Аверсэв, 2014. – 143 с. : ил.
  8. Таранда, М. Крыніца натхнення : жывапіс / Мікалай Таранда. – Мінск : Аверсэв, 2012. – 59 с. : іл.
  9. Мiкалай Таранда. Жывапіс. Край мой родны / уступ. арт. М. Цыбульскага. Мінск : Аверсэв, 2007. 112 с. : іл.
  10. Крепак, Б. Николай Таранда: живопись, графика : [альбом] / Борис Крепак. – Каунас, 1997. – 215 с. : ил.
  11. Аскеро, В. Палитра доброты в философии творчества Николая Таранды / Виктория Аскеро // Нёман. 2019. № 10. С. 2-я обложки.
  12. Хриптулов, И. В. Николай Таранда: слово о Мастере / Хриптулов И. В. // Искусство и культура. 2019. 3. С. 5458.
  13. Каржанеўскі, Г. Стыхія сапраўднасці Мікалая Таранды / Георгій Каржанеўскі // Культура. 2018. 2 чэрвеня (№ 22). С. 89.
  14. Цыбульскі, М. Інспірацыі ды інтэрпрэтацыі : каларыстычная прастора Мікалая Таранды / Міхась Цыбульскі // Мастацтва. 2017. № 11. С. 1416.
  15. Кацяловіч, І. Мікалай Таранда: «Калі аўтар працуе шчыра, ён аддае сваю энергетыку» / Мікалай Таранда ; [гутарыла] Ірэна Кацяловіч // Звязда. 2015. 25 ліпеня. С. 5.
  16. Фатыхава, Г. ...І мільён пунцовых ружаў / Галіна Фатыхава // Літаратура і мастацтва. 2013. 6 верасня (№ 35). С. 13.
  17. Крэпак, Б. Энергія лірыкі : [пра творчасць жывапісца М. Таранды] / Барыс Крэпак // Культура. 2011. 7–13 мая (№ 19). С 9.
  18. Фёдараў, В. Тры запаветныя ключы Мікалая Таранды / В. Фёдараў // Рэспубліка. 2002. 12 снежня. С. 8.
  19. Северинец, К. Деревья держат небо / К. Северинец // Советская Белоруссия. 2002. 22 ноября. С. 7.
  20. Максимов, В. «Возвышенная мелодия» / В. Максимов // Белоруская думка. 2007. № 5. С. 162–165.
  21. Коктыш, Л. «Художник – это состояние внутренней свободы» / Л. Коктыш // Беларусь. 1999. № 4.
  22. Кирилюк, Л. В искусстве лгать нельзя //Советская Белоруссия. 1998. 17–20 апреля.
  23. Севярынец, К. Каб сябраваць з нябёсамі, трэба не цурацца зямнога / К. Севярынец // Рэспубліка. 1997. 9 снежня. С. 3.
  24. Северинец, К. Притяжение земное / К. Северинец // Советская Белоруссия. 1997. 3 декабря. С. 6.
  25. Крэпак, Б. Знайсці сябе / Барыс Крэпак // Культура. 1997. 12–19 снежня (№ 49). С. 8.
  26. Северинец, К. Я памятник воздвиг / К. Северинец // Народная газета. 1991. 10 кастрычніка. С. 4.
  27. Сторожил, С. Памятник воздвиг / С. Старожил // Народная газета. 1991. 10 апреля.
  28. Чарнова, Т. Паэзія фарбаў / Т. Чарнова // Літаратура і мастацтва. 1986. 21 сакавіка.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 411 разоў