Серада, 14 Верасень 2022 14:38

17 верасня 2022 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Андрэевіча Калесніка (1922–1994), літаратуразнаўца, педагога, лаўрэата Дзяржаўнай літаратурнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1980)

Уладзімір Андрэевіч Калеснік нарадзіўся 17 верасня 1922 г. у в. Сіняўская Слабада Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацька, Андрэй Паўлавіч, быў майстрам на ўсе рукі, ад яго Валодзя пераняў спрыт да сякеры ды іншага інструменту, любіў майстраваць.

 

Уладзімір Калеснік закончыў сямігадовую школу ў Ярэмічах, у 1936 г. паступіў у Навагрудскую гімназію імя А. Міцкевіча. Тут юнак захапіўся маляваннем, самастойна вывучаў тэорыю выяўленчага мастацтва, марыў стаць крытыкам жывапісу. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР вучыўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы.

У час Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Калеснік прымаў удзел у стварэнні падпольных антыфашысцкіх арганізацый і баявых дружын у Мірскім раёне Баранавіцкай вобласці. Летам 1942 г. у складзе адной з баявых дружын уступіў у партызанскі атрад імя Чапаева, быў кулямётчыкам, падрыўніком. Восенню 1942 г. яго абралі камандзірам узвода ў атрадзе «Камсамольскі», з лета 1943 г. — начальнік штаба атрада «2-гі Камсамольскі» брыгады «Камсамолец» Баранавіцкага злучэння. Быў двойчы паранены.

Пасля вызвалення ад акупацыі ў ліпені 1944 г. Уладзімір Калеснік накіраваны на работу ў Мірскі райваенкамат, настаўнічаў у Луцкай школе для ваеннаабавязаных. У 1945–1949 гг. — студэнт Мінскага педагагічнага інстытута. У 1952 г. закончыў аспірантуру.

У 1952–1954 гг. У. А. Калеснік — загадчык кафедры літаратуры Бабруйскага настаўніцкага інстытута. У 1956–1988 гг. — загадчык кафедры беларускай літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Кандыдат філалагічных навук (1958), прафесар (1983). Уладзімір Андрэевіч любіў выкладчыцкую работу, глыбока паважаў і цаніў працу настаўніка, выхавальніка ў школе і вучыў гэтаму іншых. Быў цудоўным прапагандыстам беларускай літаратуры, культуры.

Уладзімір Андрэевіч з’яўляўся духоўным бацькам многіх знакамітых выпускнікоў філалагічнага факультэта – Міхаіла Рудкоўскага, Васіля Жуковіча, Алеся Разанава, Мікалая Купрэева, Юрыя Паталкова, Кастуся Жмінько, Мікалая Пракаповіча, Алеся Каско, Мікалая Аляхновіча... Услед за М. Засімам быў заснавальнікам брэсцкага абласнога літаратурнага аб’яднання «Берасцейскае вогнішча».

Літаратурную працу У. А. Калеснік пачаў з рэцэнзій на кнігі беларускіх пісьменнікаў і артыкулаў. Кола творчых інтарэсаў — літаратура і фальклор, бягучае літаратурнае жыццё, грамадска-палітычыя і нацыянальна-класавыя ўзаемаадносіны ў былой Заходняй Беларусі, нацыянальны вызваленчы рух і інш. Даследаваў беларускую літаратуру ад старажытнасці да нашых дзён, ролю мастацкай літаратуры ў станаўленні нацыянальнай свядомасці беларусаў і ідэалогіі нацыянальнага адраджэння ў ХІХ–ХХ стст.

Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964), «Истории советской многонациональной литературы» (1971), «Истории белорусской советской литературы» (1977), а таксама шматлікіх вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў для вышэйшай школы. Аўтар дакументальных аповесцей «Аповесць пра Таўлая» (1964), «Пасланец Праметэя» (1979), кнігі «Паэзія змагання» (1959), кніг літаратурных партрэтаў і нарысаў «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Тварэнне легенды» (1987), нарысаў «Ветразі Адысея» (1977), «Максім Танк» (1981), «Янка Брыль» (1990). Складальнік зборнікаў паэзіі Заходняй Беларусі «Сцягі і паходні» (1965), «Ростані волі» (1990).

Сумесна з Алесем Адамовічам і Янкам Брылём напісаў дакументальную кнігу «Я з вогненнай вёскі…» (1975), якая стала літаратурнай і грамадскай падзеяй, бо ўпершыню ў савецкай гісторыі так праўдзіва, яскрава, балюча было расказана пра жахі Другой сусветнай вайны, пра здзекі фашыстаў над мірным насельніцтвам.

З 1960 г. У. А. Калеснік — член Саюза пісьменнікаў СССР. У 1956–1970 гг. узначальваў абласное літаратурнае аб’яднанне, у 1981–1983 гг. — сакратар абласнога аддзялення, з 1991 г. — член Рады СПБ. Быў укладальнікам і пісаў прадмовы да зборнікаў Міколы Засіма, Міхася Рудкоўскага, Ніны Мацяш, блаславіў у свет вершы Алеся Каско, Міколы Пракаповіча, Зінаіды Дудзюк, Васіля Жуковіча, Алеся Разанава.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, «Знак Пашаны», Дружбы народаў, медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Заслужаны работнік вышэйшай школы БССР (1979), лаўрэат Дзяржаўнай літаратурнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) і Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (1994).

Па жыцці яго суправаджала жонка — Зося Міхайлаўна Калеснік (1927–2015; пажаніліся ў верасні 1958 г.), якая была і лепшым сябрам, і першым дарадцам. Уладзімір Андрэевіч захапляўся хараством прыроды, быў заядлым рыбаком, па-майстэрску фатаграфаваў, пісаў пейзажы акварэльнымi i алейнымі фарбамі, займаўся разьбою па дрэву. Для мясцовай інтэлігенцыі Уладзімір Андрэевіч стаў неаспрэчным аўтарытэтам, такім жа кумірам у літаратурна-культурным асяродку. У канцы 1980-х падтрымаў грамадскія ініцыятывы ў дэмакратычных пераўтварэннях краіны.

У. А. Калеснік памёр 15 снежня 1994 г., пахаваны на гарадскiх могілках «Плоска» (участак 26).

На доме, дзе жыў літаратуразнаўца (вул. Чапаева, 10), 1 верасня 1996 г. адкрыта мемарыяльная дошка. У мікрараёне Паўднёва-Захад яго імем названа вуліца. 27 ліпеня 2007 г. аблвыканкам заснаваў літаратурную прэмію імя У. А. Калесніка, якая прысуджаецца па трох намінацыях: проза, паэзія, дзіцячая літаратура (штогод, з 2017 г. — раз у два гады). У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна з 1997 г. працуе адукацыйна-асветніцкі цэнтр імя У. А. Калесніка, заснавана стыпендыя яго імя, праводзяцца канферэнцыі «Калеснікаўскія чытанні». У АБ iмя М. Горкага сумесна з БрДУ iмя А. С. Пушкіна да 100-годдзя з дня нараджэння створаны электронны рэсурс «Уладзімір Калеснік: чалавек Адраджэння».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

Працы У. А. Калесніка

  1. Доўг памяцi / Уладзiмiр Калеснiк ; прадмова Янкi Брыля. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2005. – 547 с.: [10] л. іл.
  2. Янка Брыль : нарыс жыцця і творчасці : для сярэд. і ст. шк. узросту / Уладзiмiр Калеснік. – Мінск : Народная асвета, 1990. – 254 с. – (Народныя пiсьменнiкi БССР).
  3. Ростані волі : з заходнебеларускай паэзіі / [укл. і аўтар прадмовы У. А. Калеснік]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. – 415 с.
  4. Адамовіч, А. Я з вогненнай вескі... / Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1989. – 437 с. : [16] л. фот.
  5. Тварэнне легенды : літаратурныя партрэты і нарысы / Уладзiмiр Калеснік. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1987. – 411 с.
  6. Пасланец Праметэя : дакументальная аповесць : [пра А. Альшэўскага] / Уладзімір Калеснік. Мінск : Юнацтва, 1984. 150 с.
  7. Лёсам пазнанае : выбраныя літаратурныя партрэты і нарысы / Уладзімір Калеснік. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1982. – 557 с., [8] л. іл.
  8. Максiм Танк : нарыс жыцця і творчасці / Уладзiмiр Калеснік. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1981. – 189 с., [4] л. іл.
  9. Ветразi Адысея : Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі / Уладзiмiр Калеснік. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1977. – 327 с.
  10. Зорны спеў : літаратурныя партрэты, нарысы, эцюды / Уладзiмiр Калеснік. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1975. – 400 с.
  11. Час і песні : літаратурныя нарысы і партрэты / Уладзiмiр Калеснік. – Мінск : Дзярж. выд-ва БССР. Рэдакцыя мастацкай лiтаратуры, 1962. – 239 с.
  12. Паэзія змагання : Максім Танк і заходнебеларуская літаратура / Уладзiмiр Калеснік. – Мінск : Дзярж. выд-ва БССР. Рэдакцыя мастацкай лiтаратуры, 1959. – 252 с.

 

Аб жыцці і дзейнасці У. А. Калесніка

  1. Калеснік Уладзімір Андрэевіч / М. А. Тычына // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 462.
  2. Колесник Владимир Андреевич / В. А. Сеньковец // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 412.
  3. Калеснік Уладзімір Андрэевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2013. Т. 4. С. 275.
  4. Калеснік Уладзімір Андрэевіч / І. М. Ішчанка // Максім Багдановіч : энцыклапедыя. Мінск, 2011. С. 264.
  5. Калеснік Уладзімір Андрэевіч / М. А. Тычына // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 614–615.
  6. Калеснік Уладзімір / Л. С. Славік ; [бібліяграфія: В. І. Козіч] // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 3. С. 105–109.
  7. Пасланец Праметэя : кніга пра Уладзіміра Калесніка : [успаміны, эсэ, артыкулы, нататкі, мініяцюры, вершы] / Брэсц. дзярж. ун-т імя А. С. Пушкіна, Навук.-асвет. цэнтр імя У. Калесніка ;рэдкал.: Г. М. Праневіч (гал. рэд.), З. М. Калеснік, С. А. Варонік, М. І. Новік, З. П. Мельнікава, У. А. Сенькавец ; уклад.: З. М. Калеснік, М. І. Новік, Г. М. Праневіч. – Брэст : БрДУ, 2007. – 387 с. : [24] л. iл.
  8. Гетман, І. У. Уладзімір Калеснік – гісторык літаратуры : аўтарэферат дысертацыi ... кандыдата філалагiчных навук / Гетман Ігар Уладзіміравіч. – Брэст, 2001. – 20 с.
  9. 17 верасня – 90 гадоў з дня нараджэння У. А. Калесніка (1922–1994), крытыка, літаратуразнаўца, празаіка / склад.: Г. В. Брага, Т. І. Лагош, Н. А. Шашэнька ; рэд. К. Д. Варанько // Новыя кнігі : па старонках беларускага друку. 2012. № 7. С. 11–13. Дадатак.
  10. Рамановіч, П. С. Вялікая Айчынная вайна ў лёсе У. А. Калесніка / П. С. Рамановіч // Личность в истории: героическое и трагическое : сборник материалов Пятой международной научно-практической конференции, посвященной 20-летию исторического факультета / УО «БрГУ имени А. С. Пушкина». Брест, 2014. С. 184–187.
  11. Праневіч, Г. М. Уладзімір Калеснік і гуманітарная навука: вопыт і перспектывы / Г. М. Праневіч // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 3, Філалогія. Педагогіка. Псіхалогія. 2012. № 2. С. 176–178.
  12. Валасюк, Л. Слова пра Уладзіміра Калесніка / Лявон Валасюк // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2012. С. 158–159.
  13. Майсейчык, А. А. Аб метадалогіі навуковых прац Уладзіміра Калесніка / А. А. Майсейчык // Узыходжанне : кніга пра Аляксея Антонавіча Майсейчыка / УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна». Брэст, 2011. С. 180–184.
  14. Новік, М. І. Уладзімір Калеснік у святле перыфразы / М. I. Новiк // Славянские языки: системно-описательный и социо-культурный аспекты исследования : материалы ІІІ междунар. науч.-методич. конф. Брест, 22–23 ноября 2007 г. Брест, 2008. C. 191–193.
  15. Чыквін, Ян. Перадуманае, перажытае, запісанае : [аб кнізе У. Калесніка «Доўг памяці»] / Ян Чыквін // Тэрмапілы. Беласток, 2005. № 9. С. 245–248.
  16. Праневіч, Г. Уладзімір Калеснік: жыццё пасля жыцця / Генадзь Праневіч // Новы Час. 2015. 30 студзеня (№ 4). С. 11. (дадатак: Літаратурная Беларусь ; вып. 1).
  17. Бурдыка, В. Настаўнік творцаў : [біяграфія і творчая дзейнасць пісьменіка, літаратуразнаўцы, выкладчыка У. А. Калесніка] / Вячаслаў Бурдыка // Народная трыбуна. 2014. 21 лістапада (№ 47). С. 4.
  18. Паўлюкавец, А. Асоба з дабрынёй у сэрцы : Уладзімір Калеснік на сайце яго памяці / Аліна Паўлюкавец // Брестский курьер. 2014. 27 февраля (№ 9). С. 32.
Чытаць 399 разоў