Серада, 12 Кастрычнік 2022 12:22

2 лістапада 2022 г. — 180 гадоў з дня нараджэння Фелікса Паўлавіча Зянковіча (1842–1910), навукоўца-прыродазнаўца, пісьменніка, мастака

Фелікс Паўлавіч Зянковіч нарадзіўся 2 лістапада 1842 г. у дваранскай сям’і ў радавым маёнтку Мокрае Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер в. Мокрае Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці). Першапачатковую адукацыю атрымаў у Пружанскай і Беластоцкай школах.

 

У 1859–1861 гг. Фелікс Зянковіч вывучаў прыродазнаўчыя навукі ў Пецярбургскім універсітэце, удзельнічаў у студэнцкім руху. Са жніўня 1862 г. жыў за мяжой. У Парыжскім універсітэце вывучаў біялогію і медыцыну, там і зблізіўся з дзеячамі польскай рэвалюцыйнай і расійскай дэмакратычнай эміграцыі — А. І. Герцэнам і М. П. Агаровым.

 

З пачатку польскага паўстання 1863 г. Фелікс Зянковіч прымаў у ім актыўны ўдзел, займаючыся, у прыватнасці, падрыхтоўкай адмысловай экспедыцыі з мэтай перавозу марскім шляхам з Англіі ў Літву ваеннага кантынгенту і зброі. На англійскім судне «Word-Jackson» дастаўляў узбраенне для паўстанцаў К. Каліноўскага. Паралельна выконваў абавязкі сакратара камісара паўстанцкага нацыянальнага ўрада. Яму давялося неаднаразова прадстаўляць польскі бок і ў вельмі высокіх сферах на палітычных прыёмах у Швецыі, дзе, між іншым, ён сутыкаўся з элітай расійскай палітычнай эміграцыі.

 

Потым Ф. П. Зянковіч адправіўся ў Літву, дзе да лета 1863 г. склалася найболей спрыяльная сітуацыя ў развіцці паўстання. Ён быў прызначаны сакратаром Літоўскага правінцыйнага камітэта. Выехаўшы з Варшавы пад выдуманым нямецкім імем, ён неўзабаве быў арыштаваны і выкрыты пад час следства.

 

За падтрымку паўстання ваенна-палявым судом Ф. П. Зянковічу быў вынесены смяротны прысуд. Потым яго замянілі дванаццаццю гадамі катаргі ў руднях з наступным пасяленнем у Сібіры пры адначасовым пазбаўленні ўсіх правоў і канфіскацыі маёмасці. Перыяд сібірскай ссылкі Фелікса Зянковіча характарызуецца вялікай грамадскай і прафесійнай актыўнасцю. Праводзіў прыродазнаўчыя даследаванні (найперш біялагічныя), а таксама ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання ссыльных.

 

У 1865–1868 гг. адбываў пакаранне ва Усоллі (Цяпер Усолле-Сібірскае, раённы цэнтр Іркуцкай вобласці) на саляварным заводе. Саляварня была свайго роду цэнтрам размяшчэння той часткіпаўстанцаў-катаржнікаў, якія належалі да вышэйшай польскай арыстакратыі і інтэлігенцыі і апынуліся ў ссылцы з сем'ямі, да таго ж, выявілі сябе добрымі адмыслоўцамі ў якой-небудзь з дэфіцытных у тую пару ў сібірскім краі сфер прафесійнай дзейнасці. Менавіта ў асяроддзі сваіх калегаў па ссылцы Фелікс Зянковіч упершыню выявіў свае педагагічныя здольнасці, у прыватнасці, як настаўніка.

 

Перабраўшыся ў Іркуцк улетку 1868 г., Фелікс Зянковіч пражыў тут трынаццаць гадоў. Выкладчыцкая дзейнасць ператварылася ў асноўны занятак, які даваў яму сродкі для існавання. Ён паспяхова выкладаў лацінскую, грэцкую, нямецкую, французскую і англійскую мовы, геаграфію, гісторыю, матэматыку і іншыя дысцыпліны. Навучаў дзяцей у шматлікіх вядомых сямействах іркуцян.

 

У Іркуцку ў Фелікса Паўлавіча праявіўся талент да малявання. Разам з больш вядомым дагэтуль ссыльным паўстанцам-мастаком Станіславам Вронскім ён выконваў малюнкі для навукова-даследчых працаў сваіх суайчыннікаў, таварышаў па ссылцы Бенядзікта Дыбоўскага і Яна Чэрскага.

 

Застаючыся натуралістам-аматарам. Ф. П. Зянковіч тым не менш пакінуў характэрны след у прыродазнаўчым вывучэнні Прыангар’я: удзельнічаў у сістэматызацыі натуралістычных калекцыяў Музея Усходне-Сібірскага аддзела Рускага геаграфічнага таварыства ў Іркуцку, у складанні знакамітага гербарыя ссыльнага лекара Юзафа Лагоўскага, з гэтай мэтай у жніўні 1869 г. ён прыняў удзел у забайкальскай экспедыцыі да горнага хрыбта Хамар-Дабан, сам сабраў каштоўную энтамалагічную калекцыю для Заалагічнага кабінета ў Варшаве.

 

Усе гэтыя гады ён рэгулярна вёў перапіску з домам, дзе засталіся яго старэйшая сястра Паўля (у замужжы Пуслоўская) і яе сям'я. У 1881 г. Фелікс Зянковіч атрымаў дазвол пасяліцца ў Ноўгарадзе, але вырашыў вярнуцца на Радзіму. Першапачаткова арандаваў маёнтак дзесь на Палессі, потым, у 1890–1902 гг., быў маёмасным адміністратарам у Польшчы. Апошнія восем гадоў жыў у Варшаве, напісаў успаміны пра марскую экспедыцыю паўстанцаў і само паўстанне, пра абшары і прыгажосць Забайкалля, пра Іркуцк канца 1860-х – пачатку 1880-х гг.

 

 

Ф. П. Зянковіч памёр 7 красавіка 1910 г., пахаваны на могілках Павонзкі (Варшава, Польшча).

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф ААІ

 

 

  1. Зянковіч Фелікс Паўлавіч / Г. В. Кісялёў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 133.

     

  2. Зянковіч Фелікс Паўлавіч / Генадзь Кісялёў//Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 461.

     

  3. Зянковіч Фелікс (Зенкович Феликс) // Матвейчык, Д. Ч. Удзельнікі паўстання 1863–1864 гадоў : біяграфічны слоўнік / Дзмітрый Матвейчык. Мінск : Беларусь, 2016. С. 244.

     

  4. Зенкович Феликс Павлович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7т.Минск, 2009. Т. 1, кн. 1.С. 405.

     

  5. Фелікс Зянковіч // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пружанскага раёна. Мінск : БелЭн, 1992. С. 28–29.

     

  6. Зенкович Феликс Павлович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 244.

     

  7. Зянковіч Фелікс Паўлавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 248.

     

  8. Фелікс Зянковіч з двара Макраны Пружанскага павету // Калубовіч, А. Крокі гісторыі : даследаванні, артыкулы, успаміны / А. Калубовіч. Мінск, 1993. С. 22–23.

     

  9. Фелікс Зянковіч // Кісялёў, Г. В. Радаводнае дрэва : Каліноўскі – эпоха – наступнікі / Генадзь Кісялеў. Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. С. 34–36.

     

  10. Ермоленко, В. А. [Феликс Павлович Зенкович, естествоиспытатель и художник] / В. А. Ермоленко, В. Н. Черепица // 400 имен : жизнеописания видных деятелей истории и культуры Гродненщины (с древнейших времен до начала ХХ века) / В. А. Ермоленко, В. Н. Черепица. Гродно, 2014. С. 370.

     

  11. Зянковіч Фелікс Паўлавіч // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794–1991. : энцыклапедычны даведнік : у 10 т. Мінск, 2003. Т. 1.

     

  12. Зялевіч, А. Сын Пружанскага краю : [пра Ф. П. Зянковіча – навукоўца і пісьменніка, удзельніка паўстання К. Каліноўскага] / Алена Зялевіч // Краязнаўчая газета. 2011. 17 студзеня. С. 4.

     

  13. Зялевіч, А. Сібірыяда мокраўскага шляхціца : [Зянковіч Фелікс Паўлавіч (1842–1910), удзельнік паўстання 1863 г.] / Алена Зялевіч // Раённыя буднi. Пружаны, 2011. 6 студзеня. С. 9. 

     

     

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 240 разоў Апошняя змена Чацвер, 13 Кастрычнік 2022 08:39