Чацвер, 13 Кастрычнік 2022 09:05

2022 г. — 530 гадоў з часу першага пісьмовага ўзгадвання г. Ляхавічы (1492)

Горад Ляхавічы Брэсцкай вобласці размешчаны на рацэ Ведзьма, прытоку ракі Шчара. Упершыню ў дакументах упамінаецца ў 1492 г. Чытаем, што кароль польскі і вялікі князь літоўскі Казімір дае дазвол пану Гаштольду (тагачаснаму ўладальніку Ляхавіч) на правядзенне тут кірмашоў і трыманне корчмаў. Мяркуючы па ўсім, мястэчка з назвай Ляхавічы ўзнікла значна раней.

 

У 1533 г. — горад і замак, цэнтр воласці, уладанне А. М. Гаштольда, які ў 1535 г. заснаваў тут касцёл. З 1551 г. Ляхавічамі валодаў кароль і вялікі князь Жыгімонт II Аўгуст. У 1572 г. пасяленне перайшло да Я. Е. Хадкевіча і яго нашчадкаў, якія з канца ХVI ст. пачалі называцца «графы на Ляхавічах».

Мястэчка расло, развівалася, пераходзіла ад аднаго гаспадара да другога, некаму даставалася ў спадчыну, некаму ў пасаг, яго абменьвалі і прадавалі. Барбара Радзівіл, Жыгімонт Аўгуст, Хадкевічы, Ян Геронім, а затым яго сын Ян Кароль. У 1635 г. праз дынастычны шлюб Ляхавічы перайшлі да Сапегаў, у 1760 г. мястэчка перайшло ва ўладанне Масальскіх. Гэта пералік далёка не поўны і не самы падрабязны ўладальнікаў Ляхавіч у розныя часы.

Ляхавіцкая зямля стала радзімай грамадскага дзеяча Фёдара Еўлашоўскага (1546–1616), чыім дзённым запісам наканавана было стать самым раннім помнікам мемуарнага жанру беларускай літаратуры. Імем іх аўтара названы завулак у райцэнтры.

Бастыённы замак замест старога драўлянага быў пабудаваны пры гетмане вялікім літоўскім Яну Каролю Хадкевічу ў ХVI ст., вядомы пад назвай Ляхавіцкая фартэцыя. Крэпасць мела прамавугольную планіроўку з далёка выступаючымі вуглавымі бастыёнамі, па перыметру — водны роў шырынёй 20 м. Уезд у замак быў цераз пад’ёмны мост і браму з вежай. У цэнтры замка стаяў двухпавярховы каменны палац. Замак вытрымаў 8 аблог і быў адным з самых магутных умацаванняў у Рэчы Паспалітай.

Найбольшыя выпрабаванні на долю Ляхавіч выпалі ў час Руска-польскай вайны (1654–1667). Горад чатыры разы гарэў, быў ператвораны ў руіны. Вайна і шматмесячная аблога прывялі да таго, што тут засталіся цэлымі 17 з 300 дамоў, а большасць гараджан і жыхароў наваколля загінула. Тым не менш, Ляхавічы былі адзіным горадам, які царскія войскі не змаглі заняць. У 1706 г., у час Паўночнай вайны (1700–1721), калі ў абаронцаў закончыліся вада і порах, шведы разбурылі здадзены замак.

Пасля другога раздзелу Рэчы Паспалітай Ляхавічы адышлі да Расійскай імперыі. З 1797 г. — цэнтр Ляхавіцкай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні. Прыватнаўласніцкае мястэчка было перададзена вялікаму гетману літоўскаму С. Касакоўскаму. У ХIХ ст. заставалася ва ўладанні Касакоўскіх. Штуршок эканамічнаму развіццю горада дало будаўніцтва Палесскай чыгункі. У 1884 г. праз мястэчка быў пракладзены ўчастак чыгункі Баранавічы — Лунінец. Паводле перапісу ў 1897 г. у Ляхавічах налічвалася 50 двароў, 5016 жыхароў. Былі школа, бальніца, ганчарныя майстэрні, 30 невялікіх крам, вінакурны завод, дзейнічалі царква, сінагога, мячэць. І ўжо праз тры гады тут працавала 91 дробнае прамысловае прадпрыемства, у 1900 г. з’явілася пошта.

У Першую сусветную вайну Ляхавічы апынуліся ў прыфрантавой паласе з расійскага боку. У лютым — снежні 1918 г. былі акупіраваны германскімі войскамі. 17 красавіка 1919 г. Ляхавічы захапілі польскія войскі. У ліпені 1920 г. мястэчка было вызвалена Чырвонай арміяй. Згодна з Рыжскай мірнай дамовай (1921) Ляхавічы апынуліся ў складзе Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства. На 1921 г. у Ляхавічах было 2819 жыхароў.

21 чэрвеня, 1931 г. мястэчка Ляхавічы зноў атрымала статус горада, адначасова да яго далучылі пункты з аднайменнай гміны: вёску Малая Лотва і чыгуначную станцыю. Быў створаны гарадскі магістрат, бюджэт быў нязначным. У сярэдзіне 1930-х гг. гарадскія органы ў Заходняй Беларусі былі пазбаўлены самастойнасці, пераўтварыліся ў выканаўчы орган дзяржаўнай адміністрацыі, функцыянавалі незалежна ад большасці жыхароў горада. З дапамогай адміністрацыйнага нажыму і фальсіфікацыі ўлады забяспечылі палякам дамінуючыя пазіцыі ў гарадскім самакіраванні.

У верасні 1939 г. Чырвоная армія ўвайшла ў Ляхавічы, 18 верасня была ўстаноўлена Савецкая ўлада. 15 студеня 1940 г. горад Ляхавічы стаў цэнтрам Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай вобласці, з 8 студзеня 1954 г. — Брэсцкай вобласці. За час нямецка-фашысцкай акупацыі (1941–1944) гітлераўскія карнікі знішчылі ў горадзе 4983 чалавекі, але не адчувалі сябе ў бяспецы. На Ляхавіччыне шырыўся партызанскі рух, партызаны практыкавалі засады, раптоўныя напады на нямецкія абозы, паліцэйскія ўчасткі і інш.

Рашэннем Ляхавіцкага раённага Савета народных дэпутатаў ад 26 снежня 1994 г. зацверджаны герб горада Ляхавічы: у чырвоным полі варажскага шчыта сярэбраны план замка, узяты з гравюры 1660 г.

У 1999 г. на замчышчы ўстаноўлены памятны знак «Ляхавіцкая фартэцыя», у цэнтры горада — мемарыяльная капліца ў гонар заснавання горада. У 2022 г. у горадзе 11079 жыхароў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, заг. сектара аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў

  

  1. Ляхавічы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 250–255.

  2. Ляхавічы // Рэспубліка Беларусь : вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2004. С. 53–54.

  3. Ляхавіцкі замак / Міхась Ткачоў. Ляхавічы // С. Ф. Самбук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 427–430.

  4. Ляхавіцкі замак / М. А. Ткачоў. Ляхавічы / С. Ф. Самбук // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 331–332.

  5. Ляховичи // Туристские регионы Беларуси / сост. Л.В. Ловчая. Минск, 2008. С. 78.

  6. Ляховичи // Адамушко, В. И. Гербы и флаги Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. Минск, 2006. С. 4243.

  7. Еўлашоўскі (Еўлашэўскі) Фёдар Міхайлавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2012. Т. 3. С. 595.

  8. Ляховичи. Из прошлого в будущее / [автор концепции и текста А. М. Суворов ; фото: В. В. Байковский и др.]. – Брест : Полиграфика, 2013. – 175 с. : фот.

  9. Памяць : гіст.-дакум. хроніка Ляхавіцкага раёна / рэд.-склад. В. У. Скалабан. – Мінск : БелСЭ, 1989. – 439 с., [8] л. іл.

  10. Ляхавічы і ваколіцы :[гісторыя і сучаснасць горада] / гал. рэд. У. Шпарло. – Брэст : Вячэрні Брэст, 2010. – 95 с. : іл.

  11. Ляхавіцкі раён. Сцежкамі роднага краю : турыст. даведнік : [памятныя мясціны і помнікі гісторыі, культуры, архітэктуры] / тэкст: Г. В. Беразоўскі ; маст. афармленне, фота С. В. Чарановіча. – Мінск : Рыфтур, 2009. – 38 с. : іл.

  12. Ляхавіцкі край вачамі патэнцыяльнага турыста : [буклет-даведнік] / складзены і падрыхтаваны да друку ўстановай «Рэдакцыя раённай газеты «Ляхавіцкі веснік»; фота Сяргея Варановіча ; тэкст Святланы Стыкуць. – Брэст : [б. в.], 2007. – 20 с. : іл.

  13. Невядомае аб вядомым : цікавыя факты аб Ляхавіччыне / Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. – Ляхавічы : [б. в.], 2019. – 72 с.

  14. Татаринов, Ю. Города Беларуси. Брестчина: в некоторых интересных исторических сведениях : [г. Ляховичи] / Юрий Татаринов. – Смэлток, 2010. – 17 с. – (Беларусь историческая).

  15. Вабішчэвіч , А. Паміж паланізацыяй і асіміляцыяй. Этнакультурная сітуацыя ў Заходняй Беларусі / Аляксандр Вабішчэвіч // Беларуская думка. 2009. № 7.

  16. Сэрца там, дзе Радзіма // Ляхавіцкі веснік. 2022. 2 ліпеня. С. 1–2.

  17. Любім свой горад, сваю Беларусь! // Ляхавіцкі веснік. 2022. 2 ліпеня. С. 7.

  18. Канько, Галіна. Прыгожых спраў майстры // Ляхавіцкі веснік. 2022. 2 ліпеня. С. 8.

  19. Вашчук, А. Вытворчыя падарункі ад завадчан / Аляксандр Вашчук // Ляхавіцкі веснік. 2022. 2 ліпеня. С. 9.

  20. Сляшчынскі, В. Нацыянальная палітыка польскіх улад на землях Усходняй Літвы і Заходняй Беларусі / В. Сляшчынскі ; пер. с пол. Э. Ярмусіка // Беларускі гістарычны часопіс. 2006. № 9. С. 10.

  21. Мілеўскі, Я. Е. Нацыянальная структурагарадскіх рад у перыяд з 1919 па 1939 год у Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах. / Я. Е. Мілеўскі // Беларускі гістарычны часопіс. 2000. № 1. С. 22–23.

     

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 266 разоў Апошняя змена Чацвер, 13 Кастрычнік 2022 09:18