Панядзелак, 17 Кастрычнік 2022 15:44

25 сакавіка 2022 г. — 175 гадоў з дня нараджэння Ехезкеля Коціка (1847–1921), пісьменніка-мемуарыста, аднаго з заснавальнікаў сучаснай мастацкай літаратуры на ідышы

Ехезкель (Ехезкел, Ехешкель) Коцік нарадзіўся 25 сакавіка 1847 г. у мястэчку Камянец-Літоўск Гродзенскай губерні (цяпер г. Камянец Брэсцкай вобласці) у паважанай сям’і заможнага яўрэя-хасіда Мойшэ. Як і большасць яўрэйскіх дзяцей, навучаўся ў школе, засвойваў асаблівасці адносін унутры кагала, жыццё і побыт неяўрэйскага насельніцтва Камянца. Усялякім прамудрасцям яго навучалі дзед рэб Арон-Лейзер і бабуля Бейле-Рашэ.

 

Адмена прыгоннага права ў 1861 г., а таксама польскае паўстанне 1863 г. прывялі сям’ю Коцікаў да банкруцтва. Як пісаў сам Е. Коцік: «Маё юнацтва прайшло ў тыповым маленькім мястэчку, дзе яўрэі жылі бедна, але «спакойна» і — калі можна так выказацца — з густам...». Ехезкель Коцік ажаніўся з сіратой з Пінска і без асаблівага поспеху займаўся гандлем у краме.

Канфлікт з бацькам, разрыў з хасідызмам, прага навучання і ўтрыманне сям'і прымусілі прадпрымальнага Ехезкеля Коціка зняцца з наседжанага месца. У пачатку 1870-х з жонкай і маленькім сынам пераехаў у невялікую вёску недалёка ад горада Крынкі (Падляскае ваяводства, Польшча). Тут ён стварыў невялікую малочную ферму і шынок, дамогся поспеху ў фінансавым плане, што дазволіла яму накупляць шмат кніг і праводзіць час за іх чытаннем. Дом Коцікаў стаў месцам прыцягнення мясцовых яўрэяў, а яго сынок — клубам па інтарэсах.

У гэтыя гады ў сям’і Е. Коціка нараджаецца дачка, і ў той жа час, яго жонка захварэла на сухоты. У пошуках сродкаў для лячэння і аплаты паслуг лекараў ён вымушаны быў пераехаць на новае месца паміж Кобрынам і Пружанамі. Там ад сыпнога тыфу памерла яго дачка.

У 1877 г. Ехезкель Коцік прадаў маёнтак і пераехаў з сям’ёй у Кіеў. Ён хапаўся за любую магчымасць зарабіць грошай. На некаторы час адправіўся на падпрацоўку да багатага сваяка ў Харкаў, але апынуўся зусім прафнепрыдатным. Вярнуўшыся праз колькі месяцаў у Кіеў, узяўся за выраб віна і разынак, што пачало прыносіць яму першы стабільны даход.

У 1881 г. яго сям’я становіцца сведкам маштабнага яўрэйскага пагрому, што вымусіла Е. Коціка зноў падацца ў дарогу. Спыніўся ён ў Варшаве, на вуліцы Налеўкі, дзе адкрыў першую кавярню з тэлефонам. Аўтар кнігі «Еврейские души» А. Ліцвін вельмі маляўніча апісаў гэтую ўстанову: «На Налеўках, спынімся сёння каля брамы пад нумарам 31. Тут, за варотамі, знаходзіцца кавярня. Наведванне гэтай кавярні – наша сённяшняя мэта. Гэтая кавярня – самая цікавая яўрэйская кавярня ў свеце. А яе гаспадар, Коцік, — адзін з самых арыгінальных яўрэйскіх тыпаў. Коціка і яго кавярню ведае ўся Варшава… Якую выдатную ролю яны абодва — Коцік і яго кавярня — сыгралі ў культурным жыцці яўрэйскага насельніцтва Варшавы».

Антысеміцкая палітыка, якая суправаджалася масавымі пагромамі (асабліва ў Маларосіі і на Поўдні Расіі), выклікалі некалькі хваляў яўрэйскай эміграцыі. Яўрэйскім эмігрантам з усходу даводзілася трымацца разам. У існуючых умовах кавярня Е. Коціка стала месцам сустрэч і цэнтрам грамадска-культурнага жыцця маладых інтэлектуалаў, пачынаючых пісьменнікаў і актывістаў рабочага руху, якім быў яго сын Аўраам.

У 1912 г., паддаўшыся на ўгаворы свайго сына, Е. Коцік пачаў пісаць свае ўспаміны. Першы том быў выдадзены праз чатыры месяцы і атрымаў імгненны поспех і цёплыя водгукі крытыкаў. Другі том мемуараў («Скитаясь и странствуя») пабачыў свет у Варшаве ў канцы 1913 г., перад чытачом адкрылася захапляльная карціна жыцця, сцэнай для якой былі вёскі, мястэчкі і гарады (Беласток, Гродна, Брэст, Харкаў і інш.), шматлюдныя сталіцы (Варшава, Кіеў, Масква).

«Мои воспоминания» — сапраўдная энцыклапедыя пра жыццё мястэчка Камянец-Літоўск у ХІХ ст., напісаная на ідышы. Кніга мемуараў выклікала вялікі інтарэс з боку яўрэйскай грамадскасці, але фактычна не трапіла ў навуковы зварот у Расіі. Яўрэйскi пiсьменнiк Шолам-Алейхем быў у захапленні ад кнігі, напiсаў аўтару ліст: «Што мяне зачаравала ў Вашай кнізе, гэта святая, голая праўда, немудрагелістая прастата».

Аб жыцці Е. Коціка пасля 1914 г. вядома вельмі мала. Ад працяглай хваробы ён памёр 13 жніўня 1921 г. у Варшаве, пахаваны на яўрэйскіх могілках.

У 1998 г. Цэнтр па гісторыі польскага яўрэйства пры Тэль-Авіўскім універсітэце выдаў кнігу Е. Коціка на іўрыце (другі том выдадзены ў 2005 г.). У 2002 г. твор выйшаў у перакладзе на англійскую мову. Намаганнямі Маі Уланоўскай гэтая «надоўга забытая жамчужына яўрэйскай літаратуры» была нарэшце перакладзена на рускую мову (2009).

Кніга «Мои воспоминания» пачынаецца словамі: «Я рассказываю о том, что я видел». Гэты мемуарны твор — анталогія жыцця яўрэйскага мястэчка: мяшчане, памешчыкі, яўрэі-меламеды, гандляры, спраўнікі ўсе са сваімі характарамі, звычкамі, учынкамі. Усё гэта пададзена з тонкім яўрэйскім гумарам. Само апавяданне вядзецца з прымяненнем самых цікавых славесных абаротаў, параўнанняў, прыказак. Паказ местачковага жыцця знутры з яго пазітыўнымі і негатыўнымі праявамі, без пафасу, зрабілі твор «скарбам» яўрэйскай і сусветнай літаратуры.

Пакінуўшы мястэчка, у якім стала цесна духу і нязручна целу, і ніколі туды не вярнуўшыся, Ехезкель Коцік — не замоўчваючы ні пра што — знайшоў для свайго Камянца словы глыбокай любові. У Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя У. Ігнатоўскага 20 верасня 2019 г. адбылася прэзентацыя кнігі Е. Коціка «Мои воспоминания».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Котик, Е. Мои воспоминания / Ехезкел Котик ; перевод Майи Улановской ; под редакцией Р. Торпусман. 2-е изд. Иерусалим : Rachel Torpusman, 2019. 489 с.
  2. Котик, Е. Мои воспоминания : скитаясь и странствуя/ Ехезкел Котик ; [перевод М. А. Улановской ; редактор Абрам Торпусман].Москва ; Иерусалим: Мосты культуры; Гешарим, 2012. Т. 2. 304 с. – (Прошлый век).
  3. Котик, Е. Мои воспоминания / Ехезкел Котик ; [перевод М. А. Улановской ; редактор Валерий Дымшиц]. СПб.; Москва ; Иерусалим: Изд-во Европейского ун-та; Мосты культуры; Гешарим, 2009. Т. 1. 367 с. – (Прошлый век).
  4. Мусевич, Г. С. Народ, который жил среди нас : многострадальному еврейскому народу посвящается / Георгий Степанович Мусевич. – Брест, 2009. – 96 с.
  5. Гриб, В. Проза и поэзия еврейской жизни : [о мероприятии в Каменейкой районной библиотеке им. В. Игнатовского, посвященном памяти еврейской общины, где состоялась презентация книги Ехезкеля Котика «Мои воспоминания»] / Варвара Гриб // Навіны Камянеччыны. 2019. 28 верасня. С. 16.
  6. Ковпанько, Н. В Каменец из Израиля : [книгу Ехезкеля Котика «Мои воспоминания» в дар Каменецкой центральной районной библиотеке им В. Игнатовского прислала Рахель Торпусман] / Наталия Ковпанько ; фото Виктора Дулевича // Навіны Камянеччыны. 2019. 17 жніўня (№ 33). С. 10.
  7. Осташеня, А. Открываем Каменец заново. Котик наш! : [о еврейском писателе-мемуаристе Ехезкеле Котике, уроженце Каменец-Литовска] / Андрей Осташеня // Навіны Камянеччыны. 2019. 15 июня (№ 24). С. 1819.
  8. Мусевіч, Г. Невядомы пісьменнік : [Ехельшкель Коцік] / Георгій Мусевіч // Літаратура і мастацтва. 2009. 6 лютага. С. 6.
  9. Мусевич, Г. Пісьменнік, які нарадзіўся ў Камянцы-Літоўску : [Ехельшкель Коцік] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2000. 2 снежня.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 208 разоў