Пятніца, 21 Кастрычнік 2022 10:51

2022 г. — 35 гадоў народнаму хору ветэранаў працы Маларыцкага гарадскога Дома культуры (1987), лаўрэата абласных і рэспубліканскіх фестываляў

Пры Маларыцкім Доме культуры ў 1987 г. быў створаны хор ветэранаў вайны і працы. Творчы калектыў актыўна ўдзельнічае ў канцэртах і мерапрыемствах, якія праводзяцца ў горадзе і раёне. Асноўная мэта хору — прапаганда патрыятычнай песні.

 

 

 

Ідэя стварэння хору належыла раённаму Савету ветэранаў, які тады ўзначальвала Тамара Мікалаеўна Феафілава. Яе падтрымалі сакратар райкама КПБ Галіна Лаўрэнцьеўна Украінец, загадчык аддзела культуры райвыканкама Васіль Сяргеевіч Тарасюк, актывістка мастацкай самадзейнасці Галіна Рыгораўна Андрыішына. Кіраваць хорам было прапанавана Галіне Паўлаўне Бягезе.

Былі разасланы паштоўкі, якія запрашалі ветэранаў на першую рэпетыцыю. На яе прыйшло 17 мужчын і 25 жанчын. Усе — удзельнікі вайны: хто партызаніў, хто ваяваў на франтах, хто быў вязнем фашысцкай Германіі. Першае выступленне новага мастацкага калектыву адбылося ў лістападзе 1987 г. і было прысвечана 70-й гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі. Хор не раз выклікалі на «біс». Удалы дэбют надаў сілы, натхнення, стаў штуршком для далейшай працы і творчых пошукаў.

У 1997 г. Маларыцкаму хору ветэранаў вайны і працы было прысвоена ганаровае найменне «Народны калектыў». За час свайго існавання народны хор ветэранаў ужо дванаццацьразоў пацвердзіў высокае званне.

У хоры на сённяшні дзень спявае дваццаць чалавек, якім па 6075 гадоў. Некаторыя пакідаюць калектыў па стане здароўя. На змену ім прыходзяць іншыя, не менш таленавітыя і галасістыя жанчыны і мужчыны. За час існавання народны хор ветэранаў цалкам абнавіўся ўжо пяць разоў, па-ранейшаму радуе гледачоў сваёй творчасцю, нязменна дэманструе высокае выканальніцкае майстэрства і заваёўвае ўзнагароды.

У ліку дасягненняў — дыплом лаўрэата ХІV Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны», дыплом І ступені і граматы на абласным туры гэтага ж творчага спаборніцтва, дыпломы ІХ–ХІІ абласных фестываляў творчасці ветэранаў «Неспакойныя сэрцы». Калектыў таксама стаў пераможцам занальнага агляду-конкурсу «Ляці, наша песня», абласнога свята «Табе мае песні, Белая Русь» і інш.

Калектыў у складзе Людмілы Чуль, Віктара Чуля, Валянціны Віслаус, Лідзіі Шыян, Валянціны Шэхтман, Алены Сцепанюк, Вольгі Макарук, Евы Дамарацкай, Веры Кормчык, Ганны Самасюк, Марыі Дземянюк, Алены Зайцавай, Любові Дацык, Валянціны Калаціла, Анатоля Дамарацкага і акампаніятараў Віктара Галаўя і Вольгі Струнец прадэманстраваў высокае выканальніцкае майстэрства і па выніках творчага спаборніцтва быў адзначаны дыпломам лаўрэата ХІV Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны».

Кожны з удзельнікаў хору, былых і цяперашніх, заслугоўвае добрых слоў. Сапраўдныя энтузіясты, для якіх галоўнае — несці радасць людзям: Лілія Мурзіна, Марыя Дземянюк, Ганна Сцепанюк, Вера Стырнік, Валянціна Бярнацкая, Віктар і Людміла Чуль, Любоў і Аляксей Дацыкі, Анатоль Жулін. Словы падзякі Марыі Ківачук, Марыі Сцепанюк, Ганне Ламаносавай, Генадзю Антонаву, Галіне Андрыішынай, Надзеі Букач, Вользе Амяльян, Івану Радыванюку.

Добрых слоў удзячнасці заслугоўваюць удзельнікі інструментальнай групы — Сяргей Крэнь (кантрабас), Ірына Горнік (скрыпка), Наталля Лошак (домра). Нельга не ўспомніць былых музыкантаў — Людмілу Сарачук, Паўла Куоецкага і іх кіраўніка Ганну Кот. Акампаніятарам быў сапраўдны віртуоз музыкі Мікалай Уланаў. На працягу многіх гадоў забяспечваў музычнае суправаджэнне Мікалай Лапцеў. Заўжды ўнікальна гучыць баян у руках Валерыя Сіпчука. Далучыліся маладыя спецыялісты — баяніст Сяргей Швайко і акардэаністка Вольга Струнец.

29 верасня 2022 г., напярэдадні Дня пажылых людзей, Маларыцкі народны хор ветэранаў, нязменным кіраўніком якога з’яўляецца Г. П. Бягеза, адзначыў свой 35-гадовы юбілей.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Кучына Галіна Уладзіміраўна, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

  1. Народный фотоальбом. Малорита : книга с фотографиями о Малорите и ее жителях : 1566 – 2019 / [автор текста, составитель В. А. Савастиенок]. Минск : Брестская типография, 2019. С. 216–217.
  2. Удастоены звання народных : хор ветэранаў вайны і працы гарадскога Дома культуры // Памяць. Маларыцкі раён: гіст.-дакум. хроніка. Мінск : Ураджай, 1998. С. 460–461.
  3. Навумчык, М. Не старэюць душой ветэраны / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2022. 14 мая. С. 10.
  4. Бягеза, Г. Голас хору загучаў над сталіцай Беларусі / Галіна Бягеза // Голас часу. Маларыта, 2018. 6 чэрвеня. С. 8.
  5. Бягеза, Г.«Не старэюць душой ветэраны» / Галіна Бягеза // Голас часу. Маларыта, 2018. 17 лютага. С. 4.
  6. Бягеза, Г.«Нас песня ўсіх абяднала» / Галіна Бягеза // Голас часу. Маларыта, 2017. 18 кастрычніка.С. 6.
  7. Максімук, С. Маладыя душой / Святлана Максімук // Голас часу. Маларыта, 2017. 11 сакавіка. С. 1,3.
  8. Максімук, С.«І мы яшчэ спяем...» / Святлана Максімук // Голас часу. Маларыта, 2015. 15 красавіка. С. 4.
  9. Максімук, С. Лепшы лекар для душы песня / Святлана Максімук // Голас часу. Маларыта, 2014. 9 ліпеня. С. 4.
  10. Максімук, С. Творчасць – спадарожніца па жыцці / Святлана Максімук // Голас часу. Маларыта, 2014. 23 красавіка. С. 5.
  11. Навумчык, М. Іграй, Пятровіч! : да Дня работнікаў культуры / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2013. 12 кастрычніка. C.3.
  12. Бягеза, Г. Не пакідай натхненне / Галіна Бягеза // Голас часу. Маларыта, 2012. 14 сакавіка.С. 8.
  13. Бягеза, Г. Наша песня — добрым людзям / Галіна Бягеза // Голас часу. Маларыта, 2012. 29 лютага. С. 4.
  14. Бягеза, Г. Хорам я жыву / Галіна Бягеза // Голас часу. Маларыта, 1991. 7 сакавіка.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 215 разоў Апошняя змена Панядзелак, 17 Ліпень 2023 09:19