Панядзелак, 24 Кастрычнік 2022 09:04

29 верасня 2022 г. — 30 гадоў з часу стварэння прадпрыемства «Дзіона» грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» (1992)

Спецыялізаванае прадпрыемства «Вясёлка»Беларускага таварыства інвалідаў (такую назву мела тады «Дзіона») зарэгістравана 29 верасня 1992 г. Было створана для працаўладкавання інвалідаў і тых, хто стаіць на ўліку ў аддзеле занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Маларыцкага райвыканкама. Першым дырэктарам назначаны Уладзімір Андрэевіч Бойка.

 

 

 

 

Даць інвалідам магчымасць працаваць, зарабляць і прыносіць карысць — важная сацыяльная задача. У Маларыцкім раёне на 2021 г. пражывала 1266 інвалідаў. Першую групу інваліднасці мелі 254, другую — 441, трэцюю — 480 чалавек. Вялікую падтрымку інвалідам і сем’ям, у якіх яны жывуць, аказвае тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

На новым прадпрыемстве ў трох цэхах — швейным, трыкатажным і дрэваапрацоўчым — было створана 50 працоўных месцаў. За тры дзесяцігоддзі калектыў «Дзіоны» значна павялічыўся. У 2010 г. прадпрыемства змяніла адрас: з вуліцы Леніна, дзе цяпер пабудавана гасцініца «Юбілейная», пераехала на вуліцу Маякоўскага, 24.

Асноўным напрамкам у дзейнасці ўнітарнага вытворчага  прадпрыемства «Дзіона» ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» з’яўляецца сацыяльная адаптацыя людзей з абмежаванымі магчымасцямі: з 125 працуюцчых на прадпрыемстве, 64 інваліда. За час існавання прадпрыемства дзясяткам людзей была аказана дапамога ў засваенні новага роду заняткаў, развіцця навыкаў і майстэрства працы на сучасным абсталяванні. Работнікі прадпрыемства адказныя і мэтанакіраваныя людзі, прафесіяналы з шматгадовым стажам.

Далёка не ўсе людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць працаваць непасрэдна на вытворчасці, у цэхах. Таму на прадпрыемстве шмат ўвагі надаецца арганізацыі надомнай працы. У гэтым падраздзяленні занята 20 чалавек. Яны на даму шыюць рукавіцы, пасцельную бялізну. Выконваючы работу па сваіх магчымасцях, кожны адчувае сваю сувязь з прадпрыемствам.

Асноўным відам дзейнасці прадпрыемства з’яўляецца выпуск гатовых швейных і трыкатажных вырабаў, у тым ліку форменнай і спецыяльнага адзення, дзіцячых трыкатажных вырабаў, пасцельных прыналежнасцяў. За шматгадовую працу прадпрыемствам у дасканаласці засвоена тэхналогія вырабу адзення форменнага прызначэння, што дало магчымасць надоўга замацаваць дзелавыя і партнёрскія адносіны з шматлікімі ведамаснымі структурамі і камітэтамі. Амаль 70 працэнтаў выпускаемай прадукцыі — заказы Міністэрства абароны,  Дэпартамента аховы МУС і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Пастаянна развіваючыся ў накірунку лёгкай прамысловасці, прадпрыемства адчувае сябе прафесіяналам. Актыўна супрацоўнічае з арганізацыямі раёна, наладзіўшы выпуск летняга і зімовага спецадзення. Прадукцыя «Дзіоны» ёсць на паліцах буйных гандлёвых цэнтраў Брэста, Мінска, Гомеля, Магілёва, Гродна.

Праблем са збытам прадпрыемства не адчувае. З-за вялікага заказу на форменнае адзенне сёлета нават давялося скараціць выраб дзіцячага трыкатажу. На прадпрыемстве распрацавана больш за 100 мадэляў дзіцячага трыкатажнага адзення. Жакеты, балеро, джэмперы, камізэлькі, сукенкі, касцюмы, штаны, шапкі і шарфы не затрымліваюцца ў магазінах. «Дзіона» плануе сфарміраваць сваю гандлёвую марку ў вытворчасці дзіцячага адзення.

Дырэктар Артур Эдвінавіч Ярмоліч на пачатку пандэміі covid-19 ужо з 9 красавіка 2020 г. арганізаваў выпуск масак шматразовага выкарыстання. За працоўны дзень швейны цэх вырабляў амаль 7 тысяч масак. Тавар меў сертыфікат Еўразійскага эканамічнага саюза. Па выніках 2020 г., вядомага сваёй складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, УПП «Дзіона» спрацавала з прыбыткам, які склаў 20 тысяч рублёў.

Маларыцкае прадпрыемства «Дзіона» ў пошуку новых партнёраў, асваенні новых відаў прадукцыі, удасканаленні тэхналогіі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Кучына Галіна Уладзіміраўна, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

  1. Грушевич, А. Экономика и социальные вопросы / Алексей Грушевич // Голас часу. Маларыта, 2021. 30 чэрвеня. С. 2.
  2. Ярмоліч, А. Э. Вытворчасць масак у Маларыце / [Артур Ярмоліч ; падрыхтаваў] Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2020. 18 красавіка. С. 2.
  3. Максімук, С. Сем разоў адмер... / Святлана Максімук // Голас часу. Маларыта, 2017. 20 верасня. С. 6.
  4. Максімук, С. З гарантыяй адказнасці : [пра швачку прадпрыемства «Дзіона» Валянціну Леўшакову] / Святлана Максімук // Голас часу. Маларыта, 2016. 11 чэрвеня. С. 1.
  5. Пад крылом «Дзіоны» // Голас часу. Маларыта, 2015. 2 снежня. C. 2.
  6. Таварны знак «Дзіона» // Голас часу. Маларыта, 2015. 21 студзеня. C. 2.
  7. Строцкая, Г. Работаю на «Дионе» и этим горжусь! / Галина Строцкая // Беларускі час. 2013. 26 апреля. C. 19.
  8. Максімук, С. Пад апекай багіні гандлю / Святлана Максімук // Голас часу. Маларыта, 2012. 26 верасня. С. 5.
  9. Касцевіч, І. Зроблена ў «Дзіоне» / Ірына Касцевіч // Голас часу. Маларыта, 2011. 26 кастрычніка. С. 1.
  10. Зроблена ў «Дзіоне» / Ірына Касцевіч // Голас часу. Маларыта, 2011. 26 кастрычніка. С. 1.
  11. Максімук, С. ...І свой фірменны магазін / Святлана Максімук // Голас часу. Маларыта, 2011. 9 лютага. С. 3.
  12. Максімук, С. З Фларэнцыі ў Маларыту : у госці да Дзіоны / Святлана Максімук // Голас часу. Маларыта, 2009. 17 кастрычніка. С. 2.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 205 разоў Апошняя змена Панядзелак, 24 Кастрычнік 2022 09:09