Панядзелак, 24 Кастрычнік 2022 09:10

15 кастрычніка 2022 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Пігулеўскага (1897–1967), опернага спевака, музычнага дзеяча, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі

Мікалай Мікалаевіч Пігулеўскі нарадзіўся 15 кастрычніка 1897 г. у вёсцы Вялікае Падлессе Ляхавіцкай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). У 1919 г. быў членам Ляхавіцкага валаснога рэўкома.

У 1925 г. Мікалай Пігулеўскі скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, у 1928 г. — Беларускі музычны тэхнікум, у 1933 г. — Беларускую студыю оперы і балета. З 1920 па 1924 гг. — артыст Беларускага дзяржаўнага тэатра, у 1933–1935 гг. працуе салістам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР.

 Мікалай Пігулеўскі — артыст лірыка-драматычнага плана, меў выдатны барытон, выконваў галоўныя партыі ў операх рускіх і замежных класікаў: Анегін («Евгений Онегин»), Ялецкі («Пиковая дама»), Гразной («Царская невеста»), Валянцін («Фауст») і інш.

Некаторы час настаўнічаў у роднай вёсцы Вялікае Падлессе. Ён стаў першым арганізатарам харавых гурткоў пры школе, куды ўваходзіла і вясковая моладзь. З гэтага часу фактычна і пачынаецца росквіт самадзейнага хору беларускай народнай песні Вялікага Падлесся. Мікалай Пігулеўскі ўмацаваў думку ў самадзейных артыстаў, што вясковыя песні неабходна заспяваць у горадзе дзеля таго, каб іх перадалі па радыё і іх песні выйшлі ў людзі.

З гэтай думкай і звярнуліся вясковыя спевакі ў абласны Баранавіцкі радыёкамітэт. Там яны спаткаліся з маладым этнографам Генадзям Іванавічам Цітовічам, які працаваў у музычным аддзеле радыёкамітэта вобласці. Падлескі хор знайшоў моцную падтрымку з боку знакамітага этнографа. Генадзь Цітовіч пачынае працаваць з самадзейным хорам. Удзел у дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве даў сапраўдны штуршок для станаўлення знакамітага калектыву.

У час Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Пігулеўскі з сям’ёй апынуўся ў г. Арджанікідзэ на Каўказе, дзе ўдзельнічаў у музычнай групе. У 1942–1944 гадах — саліст Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Выступаў на Паўночна-Заходнім фронце ў складзе франтавых брыгад з Л. Александроўскай, І. Жыновічам і інш.

Жонка, Аляксандра Уладзіміраўна, закончыла філалагічны факультэт БДУ, перад вайной была ўключана ў склад камісіі па змяненні беларускай граматыкі, рэцэнзіравала творы Якуба Коласа.

Сын, Уладзімір Пігулеўскі, у час Вялікай Айчыннай вайны стаў шафёрам, удзельнічаў у перагонцы аўтамабіляў, што пастаўлялі амерыканцы праз Іран; быў паранены пры авіаналёце, лячыўся ў Ташкенце, дзе пасябраваў з Якубам Коласам. Ваяваў на Украінскім фронце, прайшоў з баямі ад Роўна да Вены, узнагароджаны ордэнамі і  медалямі . З 1950 года жыў у Пінску, працаваў у будаўнічых арганізацыях.

М. М. Пігулеўскі актыўна гастраляваў па Беларусі ў складзе Першага беларускага вакальнага квартэта, што існаваў у 1927–1965 гг. Выконваў і папулярызаваў камерныя творы беларускіх кампазітараў (М. Анцава, М. Аладава, М. Чуркіна і інш). Зрабіў шмат фондавых запісаў на радыё, выступаў у адкрытых канцэртах.

Працаваў на Беларускім радыё: у 1948–1953 гг. адказны рэдактар музычнага вяшчання. У 1953–1959 гг. адказны сакратар праўлення Саюза кампазітараў БССР. Актыўна прапагандаваў беларускую вакальную музыку. У 1957 г. удастоены звання Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР.

М. М. Пігулеўскі памёр 16 сакавіка 1967 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 годзе Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, заг. сектара аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў

 

 

  1. Пігулеўскі Мікалай Мікалаевіч / Г. П. Пашкоў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 12. С. 349.
  2. Пигулевский Николай Николаевич / С. В. Русецкий // Большая энциклопедия Большого театра Беларуси. Минск, 2014. С. 461–462.
  3. Пігулеўскі Мікалай Мікалаевіч / С. У. Русецкі // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2015. Т. 6. С. 170.
  4. Пигулевский Николай Николаевич // Регионы Беларуси: энциклопедия: в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 203.
  5. Пигулевский Николай Николаевич // Республика Беларусь: энциклопедия в 7 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 5657.
  6. Пігулеўскі Мікалай Мікалаевіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2003. Т. 2. С. 255.
  7. Мікалай Мікалаевіч Пігулеўскі // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск. 1989. С. 424.
  8. Пігулеўскі Мікалай Мікалаевіч / Дз. М. Жураўлёў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 4. С. 278.
  9. Беларускі вакальны квартэт // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т. Мінск. 1984. Т. 1. С. 377.
  10. Падлескі народны хор / Н. Л. Мяцеж // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т. Мінск. 1986. Т. 4. С. 136.
  11. Куницкий, П. «Якуб Колас всегда говорил со мной прибаутками» : [о Владимире Николаевиче Пигулевском, сыне Н. Н. Пигулевского] / Павел Куницкий // Вечерний Брест. 2012. 26–28 декабря. С. 6.

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 188 разоў Апошняя змена Панядзелак, 24 Кастрычнік 2022 09:14